Піліп Ліпень Рабаваньне па-беларуску
Частка 3. Вандраваньне

9. Як Рыгор істраціў надзею

Рыгор выпаўз на бераг непадалёк ад Статуі свабоды і застаўся ляжаць на пяску, ледзь дыхаючы і стогнучы. Столькі плаваць яму не даводзілася ніколі. Сэрца тахкала знутры так моцна, што каўнер мокрае суколцы ўздрыгваў, і пры кожным уздрозе зь ягонага кутка зрывалася кропля. Зьверху кружылі чайкі, крычалі, пікіравалі. Рыгор моршчыўся. Адляжаўшыся, ён устаў і рушыў да гораду, на хаду сьцягнуўшы торбу з плячэй і памацаўшы ўнутры. Усё размокла спрэс. Францускі багет ператварыўся ў агідную цюру, пачак цыгарэтаў – у ліпкую аладку, пакункі даляраў – у сьлізкія камякі. Ён сеў ля набярэжнага парапэту і пачаў акуратна расслойваць банкноты, раскладваючы іх вакол сябе канцэнтрычнымі коламі. Рыгор ведаў – чуў ад некага – што ў Амэрыцы бяз грошай рабіць няма чаго. Дык хай сонейка іх высушыць.

* * *

Перш за ўсё Рыгор наведаў псыхааналітыка. Місіс Сара выглядала вельмі свабодна і сучасна, яна правяла яго ў кабінэт, між іншым згадаўшы пра памер ганарару і пра сваё шматгадовае і шчаснае замужжа. Жадаеце кавы? Ці можа кукурузавы хлеб? яна пасадзіла яго на канапку, а сама ўладкавалася ў плеценым фатэле за нізкім столікам. Непрыгожы, але ветлівы твар, кароткія валасы, пафарбаваныя ў белы, худыя плечы, схованыя ў мяккі дэмакратычны пінжачок. Рыгор, умінаючы хлеб, расказаў ёй, што жыцьцё бадзягі зь некаторых часоў зрабілася яму не да спадобы, што ён хоча пасталець і завесьці сям'ю, але нічога не выходзіць. Як слушна пачаць? Сара горача падтрымала яго:

– Вельмі разумнае жаданьне, Рыгору! Ты ўжо зрабіў першы крок на шляху да самарэалізацыі, душэўнае раўнавагі і шчасьця. Раскажы мне пра сваё жыцьцё крыху падрабязьней, і мы разам знойдзем найэфэктыўнейшы шлях да посьпеху.

Рыгор раскрыў рот, але закашляўся. У грудзёх балюча хрыпела. Сара нахмурылася і пацікавілася пра мэдстрахоўку. Рыгор казаў, што кашляе зь дзяцінства, і гэта для яго не хвароба, што ён толькі-толькі прыбыў у Амэрыку, і страхоўкі ў яго пакуль няма. І што ён ужо не аднойчы спрабаваў наладзіць сур'ёзныя зносіны з жанчынамі, але яны нязьменна адпрэчвалі яго. Можа быць, у вашай краіне ў мяне ўсё атрымаецца? Сара запэўніла яго ў безумоўна-пазытыўным выніку і параіла распачаць новае жыцьцё з уладкаваньня на працу.

– Навошта? У мяне і бяз працы шмат грошай! – Рыгор выцягнуў з торбы кучу бугрыстых, няроўна высахлых купюраў, патрымаў у руцэ, аддзяліў колькі на ганарар, а астатнія сунуў назад.

– Не-не, Рыгор, гэта не падыходзіць. Зараз ты падобны да крымінальніка, які абрабаваў бэнзакалёнку. Гэта можа спадабацца толькі бяздомнай хіпоўцы. А сур’ёзным жанчынам патрэбная ўстойлівасьць і ўпэўненасьць у заўтрашнім дні. Ты ўмееш штосьці рабіць?

* * *

З наступнага дня абнадзеены Рыгор уладкаваўся працаваць у аўтасэрвіс. У аранжавым камбінэзоне і фірмовай бэйсболцы ён праходжваўся па стаянцы, напяваючы ціхія песьні, і чакаў кліентаў. Яны не зьяўляліся падоўгу. Ён пасьпяваў выкурыць паўпачку цыгарэт, падрабязьнейшым парадкам разгледзець свае новыя красоўкі, выпіць пару бляшанак піва ўпотай у прыбіральні. Ён забаўляўся тым, што раскладваў на стале шматлікія адвёрткі – спачатку па велічыні, потым па колеру дзяржальняў, потым дадаваў у гульню пасатыжы, абцугі, кусачкі і будаваў зь іх геамэтрычныя фігуры. Час цягнуўся, бавіўся, і Рыгор парою губляў адчуваньне рэальнасьці – яму раптам здавалася, што сьцены аўтасэрвісу вагаюцца, і празь іх праступаюць абрысы ягоных родных менскіх гаражоў.

Але нарэшце які адзінотны аўтамабіль збочваў з трасы і няўпэўнена спыняўся на ўезьдзе. Рыгор сьпяшаўся да шлягбаўма, падымаў яго і бег перад аўтамабілем, запрашальна паварочваючыся. Звычайна патрабавалася выправіць нейкую дробязь: замяніць перагарэлую лямпачку ў паказальніку павароту, умацаваць разгойданы нумаровы знак або вызваліць захраснуты паплавок у бачку абмывацеля. Уладальніцы аўто паводзілі сябе па-рознаму. Далікатныя брунэткі з чубкамі спалохана глядзелі вялізнымі вачыма праз ішкло, наадрэз адмаўляючыся выходзіць з машыны, мажныя фэрмэрыхі грузна выбіраліся зь пікапаў і па-гаспадарску соўгаліся па надворку, мурынкі ў спартовых гарнітурах абапіраліся падцягнутымі задкамі на бампэр і насьцярожана запальвалі цыгарылы. Сара раіла Рыгору паводзіць сябе на працы ветліва, але вытрымана, і ён, цалкам даверыўшыся ёй, маўчаў, усьміхаўся і спрытна круціў дамкрат.

На перапынку ён ішоў у бістро і заказваў абед: набор шчодра загорнутых у фольгу гамбургераў і чызбургераў, кардонавае вядзерца з бульбай-фры, круглыя курыныя кумпячкі ў карычневай крупцы і два вялікіх піва. Потым ён браў кексы ды яшчэ адно піва. Сара казала, што на абедзе ён можа паводзіць сябе вольна і нават улучацца ў нескладаныя вэрбальныя камунікацыі, калі ёсьць жаданьне. Аднак партнэраў камунікаваць не знаходзілася – бістро пуставала. Толькі зрэдку забягалі за марозівам школьніцы з шалёнымі вачыма, а па цотных чыслах у куце зьбіралася на каву зь бісквітамі кампанія немаладых палісмэнак. Рыгор пасылаў ім пяшчотныя ўсьмешкі і стараўся есьці кекс элегантава, не крышыць, але палісмэнкі так і не падаравалі яму аніводнага позірку.

Па абедзе час ішоў хутчэй. Па абедзе статут кампаніі дазваляў уключаць радыё, па якім безупынна круцілі блюзавыя рымэйкі Шубэрта, Шумана і Шастаковіча. Рыгор сядаў у аўтакрэсла, прытупваў ступакамі і з задавальненьнем падпяваў. Пад канец працоўнага дня спускаўся ў мыйку і абліваў сябе ледзяной вадою са шлянга. Потым курыў дрыготкай рукою, пакідаючы на цыгарэце шэрыя плямкі вільгаці. Ён пакуль што не рызыкаваў казаць Сары пра празарэньні, з боязі страціць ейны давер. «Трапіцца добры выпадак – скажу».

У час наступнага візыту Сара заўважыла, што Рыгору трэба купіць сабе аўтамабіль. «У крэдыт?» – спытаў ён, перачуты пра гэтую амэрыканскую традыцыю. Але на ягонае зьдзіўленьне, Сара параіла набыць ужываную машыну – бо аўтамэханік мусіць мець асаблівае аўто! Якая-небудзь старая, але адмысловая мадэль, незвычайна размаляваная. Рыгор пайшоў у задуменнасьці і колькі вечароў апасьля гэтае размовы правёў на абочыне фэдэральнае магістралі, разглядаючы машыны, якія праносіліся міма, і гартаючы глянцавыя каталёгі. Ён натхняўся абрысамі Доджаў, Плімутаў, Крайсьлераў, Шэўрале, Джэнерал Мотарсаў і з апэтытам закусваў уражаньні тоўстымі хот-догамі. Ён зьвяртаў увагу толькі на аўто мінулага стагодзьдзя, але мадэлі 90-х здаваліся яму несамавітымі, 80-х – нязграбнымі, 70-х – прыкра прастакутнымі. Больш за ўсё Рыгора натхнялі футурыстычныя 60-е, і ён, здалёк убачыўшы знаёмыя абрысы, падымаўся з травы, прыкладваў далоню брылём да лба і пільна паварочваўся ўсьлед аўто. І аднойчы, заўважыўшы ягоную цікавасьць, крэмавы зь нікелем Лінкальн Кантынэнтал замарудзіў ход і спыніўся побач з Рыгорам – велічны, як параход. Карычнева загарэлая – ці такая нарадзілася? – карэянка нахіліла гладкую галаву, зазіраючы Рыгору ў твар, і прапанавала падвезьці. Пакінуты на траве пакунак з хот-догамі прымусіў яго засумнявацца і праглынуць, але ён наважыўся. Пацягнуў лякавыя дзьверы, сеў на рыпнуўшую пад джынсамі скуру сядзеньня. І адразу зразумеў, што пошукі скончаныя.

– Прадай цялежку, сястрычка?

– Вось адразу і прадала! – яна засьмяялася, паправіла пальцам акуляры, зрушыла рычаг. Лінкальн паплыў, павольна набіраючы ход. – Гэта майго мужа лайнер, калі што. Ён даўніну любіць, надакучыў страшэнна! Вось вазьму і прадам. Якога трасца, сапраўды, га? Калі мне падабаюцца спартовыя Хонды, дык чаму я павінная сабе адмаўляць? Вось ён хіба сабе адмовіў дзеля мяне? Хоць разу, га? У цябе ў самога жонка ё? Няма? Ну і добра, гэта хоць сумленна! Хочаш жыць у сваё задавальненьне – дык жыві, хто супраць. Але іншых у гэтую справу не цягні! Вось паслухай...

Яна доўга скардзілася Рыгору на мужа, а ён уважліва ківаў, крадком пагладжваючы аздабленьне дзьвярэй. Карэянка – ці хто? – разьятрывалася, паглядала лютым чорным вокам, сварылася ў паветра – і раптам пагадзілася. Гэта відавочна быў парыў, нэрвы, але Рыгор учапіўся. Так! Сёньня! Зараз! Грошы, дакумэнты, рухавік! Паддалася. Разьвярнуўшыся на блытанай дарожнай разьвязцы, яны падплылі да аўтасэрвісу. Рыгор зьбегаў па грошы і заплаціў ёй у два разы больш за ейную лічбу, пасадзіў у таксоўку, памахаў рукой. Няўжо гэтае шчасьце – маё? І ён забыў пра ўсё, зьнік з жыцьця.

Лінкольн

* * *

Праз тыдзень ён ізноў зьявіўся да Сары – вясёлы, памаладзелы, з водарам сьвежага бэнзіну. Яна выглянула ў вакно і вохнула:

– Які цуд, Рыгору! Гэта менавіта тое, што я мела на ўвазе, дый на’т лепей! Маеш выдатны густ. Гэтая машына падыходзіць табе ідэальна. Калі б я не была тваім псыхолягам і не была замужам, дык я б напрасілася пакатацца. Ну што? Працягнем?

І яны працягнулі. Зараз, сказала Сара, трэба шукаць хату. Яна разаслала на стале мапу і вылучыла алоўкам раёны, прыстойныя аўтамэханіку. Ён глядзеў на востры аловак, на ейныя вытанчана-выпуклыя пазногці зь пэрлямутравым лакам і чорным расьлінавым малюнкам, ўдыхаў парфуму з тонкага пляча, але дакрануцца не рызыкнуў. Зрабіўся асьцярожны. Навошта псаваць? Усё роўна не атрымаецца. Сара спытала, ці запомніў ён назвы раёнаў. Не? Запісала на аркушыку, працягнула. Пасадзіла яго на канапку, распытала пра пачуцьці, пра ўражаньньні.

– Дык якія пачуцьці, няма ніякіх асаблівых пачуцьцяў... Добра ў вас тутака, мне падабаецца! Быццам нарадзіўся ў Амэрыцы.

– Гэта толькі пачатак, Рыгору. Далей будзе яшчэ лепей! Ты падлячыўся ці яшчэ кашляеш? Здаровае цела – гэта неадымная частка шчасьця.

Ён запэўніў яе, што ўжо амаль ня кашляе. Яна прынесла яму кавы і два кавалачкі кукурузавага хлеба. І яны зноў працягнулі. Голас Сары гучаў даверліва: паралельна з пошукам хаты надыйшоў час пачынаць актыўнае прыватнае жыцьцё. Праца – гэта ня ўсё, што ёсьць у жыцьці чалавека! Па ейнаму ўрачыстаму твару было прыкметна, што яна ганарыцца гэтай сваёй думкай. Яна пусьцілася ў падрабязнасьці. Табе трэба бываць на людзях, Рыгор. Запісацца на фітнэс, па пятніцах хадзіць у ночны клюб, па выходных загараць на пляжы, глядзець усе кіна-навінкі, ежы купляць паменей, але хадзіць за ёй часьцей, а штотыднёва ладзіць вялікі шопінг. Будзь адкрыты, усьміхайся! Ня думай пра мэты, пра жаніцца. Абстрагуйся. Проста будзь такім, які ты сёньня – вясёлы, ветлівы, шчасьлівы. Шчасьлівыя людзі прыцягваюць. Рыгор пазначаў на абароце аркушыка, бледна-малінавага, падушанага.

* * *

Калі ён выйшаў ад Сары, быў пятніцкі вечар. На аркушыку значыўся ночны клюб, і Рыгор павольна паехаў змрочнымі вуліцамі, выставіўшы локаць вонкі за шкло і паварачваючы наўздагад. Учытваўся ў нэонавыя шыльды: Night Flight, Boys Toys, Gop-Stop Lounge, Purcell Chillout. Пёрсэл! Рыгор успомніў пра тату. Стоп. Сюды. Хмурачыся на ўспаміны, ён спусьціўся каменнай лесьвічкай уніз, у цокаль. Дзьверы з цынкавым аздабленьнем, калідорык з утульна скруглёнымі кутамі. Вартаўніца востра зірнула, але не перашкодзіла.

Чорныя канапкі ўздоўж сьценаў, столікі, у глыбіні – сцэна са струнным квартэтам, бліскучая люстраная куля, рознакаляровае сьвятло пражэктараў, жанчыны паслаблена танцуюць. «А сьпяваць будуць?» – спытаў ён у бармэнкі, ускараскаўшыся на высокае крэсла перад стойкай. «Вядома. Пасьля дзесяці. Зараз – фантазіі». Мажная, але твар роўны і строгі, роўны нос. Няўжо індыянка? Рыгор папрасіў піва, стэйк і пару-тройку бэйглаў. Яна рухалася павольна, поўныя грудзі ўздрыгвалі, калыхаліся. Густая і мяккая шума, белая, іскрынкі ўспыхваюць па паверхні. На суседняе крэсла падсела гнуткая дзяўчына з выбеленымі валасамі, спытала нейкі кактэйль. Рыгор злавіў ейны погляд, усьміхнуўся. Голымі рукамі папраўляючы пасмы, яна вольна назвалася: Мэры. «Патанцуем трохі? Мой хлопец прыедзе толькі пасьля адзінаццаці». Яна пацягнула яго за руку. Ён зь цяжкасьцю ўяўляў, да чога можа быць падобны танец пад фантазіі Пёрсэла, але гэта сталася лёгка і хораша: Мэры вольна гнулася ў тахт мэлёдыі, то вяла плячыма, то цягнулася даверху, то пакорліва схілялася, то падымала слаісты кактэйль і адпівала, адставіўшы нагу і падміргваючы яму. Няспраўны глыток – і кропля цякла па ейнаму падбародку, па шыі, па грудзёх, пакідаючы на скуры бліскучы сьлед. Харошая. Але трэба быць проста ветлівым. Ён прытупваў побач, дбаючы не праліць з куфля, і спрабаваў абстрагавацца.

Абстрагаваньне атрымалася, з дапамогаю Пёрсэлава смутку. Рыгор напоўніўся думкамі пра тату, затужыў, зажурбаваў. Пачуцьцё віны: навошта я зь ім гэтак па-сабачы? Ён вялікімі глыткамі дапіў куфаль і, апусьціўшы вочы, пайшоў прэч. Жаночыя целы ў стракатых строях расступаліся, адтанцоўвалі ўбок, прапускаючы яго. Ён падняўся вонкі. Ужо сьцямнела, пахла ночным асфальтам.

* * *

Сонечнай суботняй раніцай Рыгор купіў газэту, мапу і аловак, гэткі ж востры, як у Сары. Разгарнуўшы мапу на рулі, ён адразу ж праткнуў яе дзюбкай. Халера! А цікава, ці шчыльна заселеныя тутака хаты? Сара – дурніца. Навошта кудысьці ехаць і нешта шукаць? Ён ізноў вылез з машыны і задраў галаву. Цалкам прымальны хмарачос, увесь ішкляны. Пэўна агляд зьверху добры. Прадаўніца часопісаў глядзела на яго, і Рыгор ветліва памахаў ёй.

Ён прайшоў у параднае, паўз кансьержніцы, да ліфту. Націснуў сорак восьмы зь пяцідзесяці мажлівых. «А манціроўка? Эх, ня сьцяміў! Зусім істраціў навык! Добра, паглядзім». Ліфт ужо неўпрыкмет узьляцеў да вышыні, люстраныя дзьверы разьехаліся. Перад ім стаяла густа нафарбаваная кабета з высокай прычоскай, мабыць намасьцілася ехаць уніз.

– Добры дзень! Выбачайце, можа вы ведаеце – ці не здаецца тут кватэра? – ён шырока і бестурботна ўсьміхнуўся ды ступіў так, каб перагарадзіць ёй праход.

Пачуўшы зварот да сябе, яна так ганарліва ўзьняла галаву, што зрабілася амаль што вышэйшая за Рыгора, хоць спачатку ледзь даставала яму да носа. Скоса зірнуўшы і вытрымаўшы напышлівую паўзу, яна сказала «Пойдзем» і павяла яго выгнутым холам. Шпількі незалежна цокалі па гранітнае плітцы і заціхалі ў дыванох. Нейкая бясформавая, асымэтрычная сукенка.

– Вось гэты офіс я здаю ў арэнду, – яна адчыніла малочна-шкляныя дзьверы і коратка абвяла рукой. Там было сьветла і прасторна, вялізныя вокны, дахі, аблокі. – Я сама выбірала дызайн. Калі табе абавязкова тут спаць, дык можна гэта рабіць вунь на тэй канапе. Ты мэнэджэр?

Рыгор сказаў, што ён лорд Генры Пёрсэл, што яму ўсё падабаецца, і што ён хоча пажыць тут на пачатак паўгода, а потым пабачым. Вось ганарар. Ён пакапаўся і падаў ёй пачак. Пачкаў, дарэчы, засталося зусім няшмат. Яна пагардліва паглядзела на пачак, перш чым узяць, тузанула плячом і наважылася сыходзіць. Трымай ключы. На пытаньне, ці ёсьць унізе рэстарацыя, працадзіла, што замужам і шчасьлівая.

– Гэй, місіс! А ці ёсьць тутака халадзільнік?

Але яна не пашанавала яго адказам. Працокала і дакладным рухам зачыніла за сабой дзьверы. Ён кінуў торбу на канапу з карычневай скуры, агледзеўся. Перамоўны стол, глёбус, бязважкія паўпразрыстыя стольцы, бессэнсоўныя карціны на сьценах. Халадзільнік быў умураваны ў сьцяну і ўтрымліваў у сабе пітныя ёгурты ды сьцеблы салеры. Адкаркаваўшы бутэлечку, Рыгор закурыў і падыйшоў да вакна. Прыгажосьць! Агляд такі, што подых перахапляе. Вось Лявон бы парадаваўся! А ён сядзіць у сваёй вёсцы.

* * *

Фітнэс-клюб знайшоўся ў гэтым жа будынку, на першым паверсе. Адсёрбваючы ёгурт, Рыгор прайшоўся заляй: дзяўчаты ў яркіх трыко і слухаўках круцілі понажы вэлатрэнажораў, дзьве мурынкі пяліся пад штангамі, зграйка пажылых лэдзі рабіла гімнастыку перад люстэркамі. Ацэньваючы поглядам, да Рыгора пругка падбегла інструктарка са сьветлай грыўкай: «Вы ў нас упершыню? На бегавую дарожку?» Рыгор самавіта кіўнуў, паказаў пусты ёгуртавы слоік і спытаў, дзе сьметніца. Інструктарка пабегла да сьметніцы, а потым да бегавой дарожцы. Рыгор не пасьпяваў за ёй, і яна нецярпліва абарочвалася. Яе клікалі Лінда. Ён стаў на дарожку, і яна пачала тлумачыць яму кіраваньне.

– Зразумела, Рыгор? Справісься?

– Вядома, Лінда! – ён зрабіў пазытыўны твар. – Пачакай, паслухай анэкдот! Сабраліся аднойчы на Каляды індэйцы-ваяры ў правадыра, і ён пытаецца іх па чарзе: гэй, Моцная Рука, з колькіх бледнатварых ты зьняў за год скальпы? Той трасе дзідай: зь дзесяцёх. Малайчына! Гэй, Зоркае Вока, з колькіх бледнатварых ты зьняў скальпы? Той трасе лукам: з дваццацёх. Малайчына! Гэй, Каракулевая Футра, з колькіх бледнатварых ты зьняў скальпы? Той разводзіць рукамі. Эх ты! Які ж ты ваяр пасьля гэтага? Той праўдзіцца: ну якая карысьць з бледнатварых? Я з мурынаў скальпы здымаю, чорны колер больш практычны!

– Маўчы, брудны расіст! – прашыпела Лінда, злосна прыжмурыўшыся. – Каб ты ведаў, мой муж – афраамэрыканец, і ён можа папросту зрабіць футру зь цябе самога!

І ўцякла, злосна трасучы грыўкай. Хоць Рыгор і звык да слабога посьпеху сваіх анэкдотаў, гэты інцыдэнт сапсаваў яму настрой. Жаданьне займацца спортам калі і было, дык цяпер зьнікла спрэс. «Чаму яна сказала, што я менавіта брудны, а ня проста расіст, га? Мабыць, трэба зьмяніць суколку... Нашу яе ўжо невядома колькі». Ён панюхаў падпаху.

* * *

Каб узбадзёрыцца і вярнуць настрой, Рыгор даведаўся ў кансьержніцы, дзе шукаць бліжэйшы супэрмаркет і, падсілкаваўшыся рэшткамі салеры, паехаў па шопінг. Піхаючы перад сабой вялічэзны вазок, ён круціў галавой абапал і спрабаваў зразумець, дзе тут могуць прадавацца суколкі. Бясконца цягнуліся стэляжы зь нейкімі тазікамі, патэльнямі, рамкамі для фатаграфій, швабрамі, пральнымі парашкамі, канцтаварамі, часопісамі, падгузьнікамі. Рыгор збочыў углыб і доўга йшоў праз кветкавыя вазы, кружкі, цацкі, корм для сабакаў, шампуні, рушнікі. Нарэшце ў прасьвеце паміж імбрычкамі і тостарамі мільганулі чыпсы! Ён рынуўся туды ды патрапіў у рай. Сотні гатункаў! Чыпсы, крэкеры, снэкі, сухарыкі, салёная саломка, пернікі, печыва. Рыгор зграбаў пакункі ў вазок: трэба паспрабаваць усё. А наперадзе ўжо віднеліся гігантэзныя халадзільнікі зь півам! Эх, Сара, Сара, твая псыхалёгія ня вартая ні цэнту – вось яно, сапраўднае шчасьце.

Ён пракаціў поўны вазок шчасьця праз касу і расплаціўся. Усьмешлівыя прадаўніцы ў кароткіх спадніцах і паласатых гольфах дапамаглі яму раскласьці шчасьце па мяшкох і, зрабіўшы кніксэны, уручылі ўлётку.

– Прыходзь заўтра на нядзельную службу ў нашу царкву! Будзем радыя цябе бачыць!

Такія ветлівыя.

* * *

«І чаму б мне не паехаць на службу?» – разважаў Рыгор раніцай, абвінуўшыся халоднай прасьціной і гатуючы яечню. Хоць Сара нічога не казала пра гэта, Рыгор палічыў, што царква – месца ані ня горшае рамантычна сустракацца за, прыкладам, пляж. Ён перачытаў улётку, знайшоў адрас на мапе. Плюхнуў жаўтком, выцер пальцам. Да дзесяці пасьпею. Спускаючыся на ліфце, адчуў невялікую прыкрасьць, што забыўся зьмяніць суколку.

Царква

Царква выявілася прысадзістай будынінай наводшыбе, за плотам, асяроджаная ялінкамі і бярозкамі. Над уваходам вісеў вялікі строгі крыж, каля плоту паркаваліся прыхаджанкі. Ля дзьвярэй яго віталі тыя самыя прадаўніцы: праходзіце вунь туды! Рыгор перасёк хол і зь некаторай нясьмеласьцю ўвайшоў у высокую і прасторную залю. Насустрач яму ўсьміхалася элегантавая лэдзі ў белым:

– Бачу цябе ў першы раз! Сёньня выдатны дзень – Госпад прывёў у свой дом яшчэ аднаго чалавека! – выцягнула руку. – Маргарэт, кіраўніца. Хадзем, я пасаджу цябе на першы шэраг. Ты мусіш быць у цэнтры падзеяў, усё добра бачыць і чуць! Ты ня супраць, калі я сяду побач?

Яны селі ў сярэдзіне першага шэрагу, наўпрост перад эстрадай, упрыгожанай пышнымі букетамі сьвежых гвозьдзікаў. Маргарэт ветліва і ненадакучліва распытала яго пра жыцьцё, і Рыгор ахвотна адказваў, зьлёгку саромеючыся свайго піўнога подыху. Неўзабаве служба пачалася: сталая кабета ў бэзавым, з добрым тварам, выйшла да мікрафона ды громка і выразна прачытала зь Евангельля. І запрасіла на сцэну ансамбаль. Усе запляскалі. Рыгор крадком азірнуўся: заля была бадай поўная. Зіхаценьне ўсьмешак. Ансамбаль – тры кучаравыя дзяўчыны ў летніх сукенках з гітарамі – прасьпявалі колькі песень пра Ісуса. Ім пляскалі, а апошнюю песьню падпявалі ўсёй заляй, і зноў пляскалі. Потым бэзавая казальніца расказала гісторыю з жыцьця сваіх сяброў – як вера дапамагла ім выкараскацца зь невырашальных праблемаў. Пакуль пляскалі, Маргарэт зрабіла казальніцы знак на Рыгора.

– Любыя мае! – казальніца падняла руку і прамовіла, зьзяючы: – Сёньня ў нас новы госьць! Павітаем яго! Давайце памолімся Госпаду, каб ён застаўся ў нашай сям'і!

Маргарэт устала і пацягнула Рыгора на сцэну. «Чаму б і не?» Паднімаючыся на сцэну, ён павярнуўся да залі з сама радаснай усьмешкай, на якую быў здольны. Сотні жаночых вачэй глядзелі на яго. Маргарэт папрасіла яго сказаць колькі слоў пра сябе. Ён дзьмухнуў у мікрафон, выйшла гучна, засьмяяўся.

– Добры дзень, ласкавыя дзяўчыны! Мяне клічуць Рыгор. Я зусім нядаўна ў вас у Амэрыцы, але мне тут вельмі падабаецца! Я прыплыў з Францыі, а да гэтага жыў у Менску. Я працую ў аўтасэрвісе – калі трэба штосьці паправіць, дык зьвяртайцеся! Я вельмі хачу ажаніцца, завесьці сям'ю, і спадзяюся, Госпад дапаможа мне, – з залі пачуліся ахі і захопленыя перашэпты. Ён павярнуўся да Маргарэт, – Ну... Што яшчэ сказаць? Так, давайце лепей сьпяваць! Я ведаю шмат добрых песень, вам спадабаюцца. Вы падыграеце мне?

Кучаравыя гітарысткі кіўнулі. Ён засьпяваў «Der Schiffer», і яны сапраўды вельмі прыстойна падыгралі з другога куплета. Усім спадабалася, пляскалі. Рыгор увайшоў у смак і прасьпяваў яшчэ «Der Storm» і «Die Forelle». Але найвялікшы посьпех займелі «Das Wandern» і «Fischerweise». Заля ўстала і пляскала бесьперапынна, і хоць гэта выходзіла не зусім у тахт і крыху перашкаджала, але затое натхняла. Ён прасьпяваў бы ім усю «Прыгожую млынарыху», калі б не прыступ кашлю. Закрываючы рукамі рот, Рыгор адыйшоў ад мікрафону, і ягонае месца заняла бэзавая пажылая, якая распачала заключнае чытаньне зь Бібліі.

Яны з Маргарэт вярнуліся на месца. Неўзабаве па шэрагах пусьцілі адмысловы мяшочак ахвяраваць, Рыгор сунуў туды стодаляравую купюру, і хвілін празь дзесяць служба скончылася. Кабеты загаманілі, пацягнуліся да выйсьця. Маргарэт паправіла прычоску:

– Рыгор, у мяне ёсьць добрая навіна для цябе! Глядзі, – яна раскрыла папернік, прагартала колькі фотаздымкаў і дастала адзін, зь дзяўчынай, якая сьмяялася, бестурботна закінуўшы рукі за галаву. – Гэта Глэдыс, мая пляменьніца. Яна ня замужам, жыве на поўдні, у Арызоне, у горадзе Фэнікс. Хочаш, я дам табе ейны адрас?

Рыгор вядома хацеў. І наступнага дню, узяўшы пазачарговы выходны, ён заліў поўны бак бэнзіну і паехаў у Фэнікс.

* * *

Міма плылі бясконцыя пясковыя ўзгоркі, мільгалі рослыя кактусы. Стэп. Уверсе стаяла неба, наперадзе стаялі пляскатыя горы. Марыва над асфальтам, пульс падзяляльнае лініі насустрач. Пясочна-жоўты, цьмяна-зялёны і блакітны – зрок зрабіўся нагэтулькі звыклы да трох нязьменных колераў, што чорная пляма праваруч адразу зачапіла яго. Чалавек у чорным, скрыжаваўшы ногі, сьпіной да дарогі. Рыгор стаміўся зь бесьперапыннасьці і рады быў разьмясіцца. Нагою з понажа на понаж – затармазіў. Выйшаў, прытупваючы нягнуткімі нагамі. Дзяўчына ў чорнай куртцы, чорных джынсах, зь фіялетавым шалікам. Валасы жоўта-рудыя, стрыжаныя.

– Гэй, міс!

Яна маўчала, ня рухалася, і Рыгор пайшоў да яе па пяску. Крокі ўціскаліся, пакідалі ямкі. Яна стомлена ўзьняла галаву – шэрыя блізка пасаджаныя вочы, поўныя вусны, пяшчотна-тонкі нос.

– Вас падвезьці?

– Сыдзі, мужык, – ейны голас быў пакепліва-хлапечы.

– Гэй, міс, кідай дурное! Памрэш тутака бязь ежы. Ці жарты – пустыня навакол. Паехалі са мной, я еду на захад, у Фэнікс.

– Ну і дарма едзеш. Толькі час марнуеш.

– А на што мне яго яшчэ марнаваць? – Рыгор засьмяяўся.

– Шукай свой камень, – сур'ёзна мовіла яна.

– Кастанэды начыталася, ці што? У мяне адзін знаёмы быў, разам у лазьню хадзілі, дык ён таксама ўсім гэтым захапляўся. Кактусы, камянюкі, сьненьні і ўсякая гэткая лухта. Так ведаеш, чым ён скончыў? – Рыгор зрабіў вызначную паўзу.

– Чым? – спытала няўпэўнена.

– Кінуў жонку і дваіх маленькіх дзяцей.

Удалы экспромт: яна здрыганулася і глядзела ўжо спалохана. Рыгор, з выглядам відалага ратавальніка ад няшчасьцяў, падаў ёй абедзьве рукі, і яна падняла свае насустрач. Цёплыя. Падабрала ногі, напружыла сьпіну, ўстала і коратка пасьміхнулася. Рыгор не адпускаў ейныя рукі – і ў гэты момант, калі яны стаялі тварам да твару, трымаючыся за рукі, па іх раптам пабег магутны ток, дрыжыкі, захапленьне! Мацней сусьляў, мацней Шубэртаў, неверагодны белы выбух унутры: трэцяе празарэньне!

Яны раптам зьліліся і распаліся, стэп рашчыніўся, неба зьвінулася і разьвінулася. Яны раптам апынуліся на беразе мора, пад зялёным парасонам. Яна сядзела сьпіною да яго, прыклаўшы далоньку да лба, глядзела на дымок з парахода. Сонечныя акуляры. Косткі пазваночніка пад залацістаю скурай, прысталі пясчынкі. Бледны сьлед купальніка. Саламяны кошык зь віном і бісквітам. Тууууу – аддалёна гудзе добры параход. Яны раптам апынуліся на ложку, ён кашляў пад пледам, а яна сядзела ля ног і гладзіла ягонае калена, пасоўвала паднос зь мёдам і гарачым малаком. Погляд каханьня. Як прыемна кашляць, калі на цябе глядзяць, калі табе пасоўваюць. Намацваюць тваю руку пад пледам. Яны раптам апынуліся ля елкі з чырвонымі кулямі, са сьнегам, зь сінімі вечаровымі гурбамі. Дзеці запалілі бэнгальскія сьвечкі, круцяць агністыя эліпсы, васьмёркі, рагочуць. Вязаныя шапкі, шалікі. Ногі мерзнуць праз боты, трэба весела тупаць і гучна сьпяваць. Васьмёрка – бясконцая. Падарункі ў чырвонай паперы, папера пахне глянцам. Яны раптам апынуліся ў восеньскім лесе, ішлі па сухому лісьцю, а потым кінуліся бегчы. Шоргат і шолах. Да абрыва, да возера! Зьехалі па пяску ўніз, да празрыстае вады. Бярвеністы прычал. Жоўтая бярозавая выспа, цішыня. Птушкі робяць круг над дрэвамі. Трымаць за плечы. Яны раптам апынуліся на кухні, яна выцягвала высока ўверх руку з сасіскай, сабака служыў, ён шчасьліва ўсьміхаўся, абдымаў за ногі. Дымілася какава, стыў вішнёвы пірог. Яны раптам апынуліся пад дажджом, пад плашчом, сьпяшаліся пад дах, пераскоквалі праз лужыны, ляцелі струмяні і пырскі, плашч быў караценькі, суколкі ліплі, сьмяяліся адно аднаму мокрымі тварамі. Яны раптам апынуліся ў цемры, толькі вочы і зубы, толькі дотык. Яны раптам спалі, елі, ведалі, былі.

Яны раптам убачылі таго, хто ўсё гэта робіць, трымае сваёй рукою – ягоныя вочы. Ні добрыя, ні злыя – але цікаўныя, як у дзіцяці ў час забаўкі з жуком. Знаёмыя! Рыгор ужо амаль ухапіў рысы, амаль зразумеў, хто гэта – але той змазываўся, вышмыгваў убок. Але цяпер Рыгор быў моцны, а вялізарная рука памякчэла; лёс спыніўся і саслабеў. Матэрыя губляла цьвёрдасьць і шчыльнасьць, прасьвечвала чымсьці іншым, да чаго можна было дацягнуцца. Амэрыка імкліва дрыжала, прэрыі, горы, гарады ператвараліся ў пяшчаныя зморшчыны пад нагамі. Нібы праз запацелую плеўку шклярніцы, празь неба праглядаў Партызанскі праспэкт, выяўляліся вежы менскага вакзалу. «Гэй, ты! Што ты робіш! Навошта ты чмуціш нас!» – крычаў Рыгор у тыя вочы, задраўшы галаву. Ён адпусьціў рукі дзяўчыны, пацягнуўся – сарваць, згамтаць заслону! Апошняе покрыва, за якім – поўная сьвядомасьць, хай і страшэнная.

Але бяз рук, замкнёных у кола, усё пачало вяртацца. Зморшчыны рассоўваліся, выносячы ягоную шэравокую сяброўку прэч, плеўка зьлівалася зь небам, зьнікаў праспэкт, зьнікалі вежы. У гневе Рыгор рынуўся кудысьці наперад, без дарогі, пераскочыў цераз яшчэ невялікія горы, праваліўся па костачкі ў цёплую ваду, затрымаўся, тузануўся, страціў раўнавагу. Веерам разьляцеліся пырскі. Бег далей, бег, пакуль пад нагамі зноў не пасушэла. Травы, зарасьнікі маладога хмызу. Заблытаўся ў нізкіх галінах – сакура квітнее, ці што? – ірвануўся. Рассыпаліся белыя пялёсткі. Вываліўся на паляну і выдыхнуў: на фоне Фудзі з засьнежанай вяршыняй стаяў Лявон у чорным кімано, з занесеным над галавою мячом.