Піліп Ліпень Рабаваньне па-беларуску
Частка 3. Вандраваньне

10. Вяртаньне

– Здурнець! Лявоне!

Меч здрыгануўся.

– Рыгор?

Меч апусьціўся.

– Жабаў палюеш? – Рыгор падыходзіў, зьзяючы тварам, забыўшы пра ўсе абразы.

– Не, я ўдасканальваю валоданьне мячом, – зь некаторай зьбянтэжанасьцю Лявон паціснуў радасную руку.

– Што?

– Я абраў шлях ваяра, – сказаў Лявон сур’ёзна і цьвёрда, чакаючы, што Рыгор пачне кпіць. – Шлях сілы і канцэнтрацыі. Я маю намер дасягнуць апошняе ісьціны, хоць на гэта можа спатрэбіцца шмат часу.

Рыгор зусім не сьмяяўся, і Лявон дадаў:

– У мяне ўжо ёсьць посьпехі. Глядзі, я магу рассячы мячом волас улёт, – ён пачаў намацваць волас на патыліцы, каб выдраць.

– А кімано дзе надыбаў?

– Дык яны тут у кожнай краме ляжаць, – Лявон паціснуў вольным плячом. – Для практыкаваньняў сама тое. А ты якім ходам тутака?

– О-о!

Рыгор летуценна ўсьміхнуўся, прадчуваючы задавальненьне падрабязным аповядам, паляпаў сябе па кішэнях і закурыў. Лакі Страйк, белы пачак з чырвоным колам. Але раптам апамятаўся, перакасіў рот, плюнуў, злосна затаптаў цыгарэту ў зямлю.

– Дрэнна, Лявоне, усё дрэнна! Апошняя ісьціна, кажаш? Вось я табе зараз яе пакажу! Пакладзітка свой меч. Ды пакладзі ты, ня бойся! Ну! Давай рукі!

– Пачакай, меч нельга гэтак проста ўзяць і пакласьці. Сьпіраль энэргіі мусіць спачатку зьвінуцца.

– Кідай, кажу. Я знайшоў трэцяе празарэньне! Давай рукі!

Добра. Лявон акуратна апусьціў меч на траву, выпрастаўся і падаў Рыгору рукі. Той моцна схапіў, пранізьліва гледзячы Лявону ў вочы. Якія паўхвіліны нічога не адбывалася. Сакура лагодна ківала суквецьцямі, ляцела ластаўка. Лявон скептычна нахіліў галаву. І тут усё пачало паціху плыць, рухацца. Хруснула.

– Глядзі, глядзі! Хоць бы на гару глядзі! Гэта ж не сапраўдная Фудзі! – Рыгор так сьціскаў далоні Лявона, што яму было балюча. – Якая на халеру Фудзі! Гэта проста Чыжоўскае сьмецішча! Бачыш?

Гара асядала, сьнег выпараўся. Ад сакуры не засталося і сьледу. Навостраны меч зрабіўся каравым кавалкам дошкі, чорнае кімано – піжамай у квадрацікі. Над пляскатаю вяршыняй сьмецішча плыўна выяўляліся засяроджаны твар, кулак, аловак. Лявон глубока задыхаў.

– Гэта што, Бог? – спытаў ён Рыгора.

– Ну... – Рыгор пільна ўзіраўся.

І тут Лявон пабялеў, і закрычаў, зьвяртаючыся туды, уверх:

– Чуеш, ты! За што ты зьдзекуеш нас! Дай нам сапраўднае жыцьцё! Ці пакінь нас у спакоі! Тое, што ты робіш – гэта проста паскудзтва!

І вырываў рукі з рук Рыгора. Але Рыгор не адпускаў:

– Стой, стой, трэба трымаць, інакш зьнікне, пачакай... Гэта ж Піліп! Глядзі, Піліп!

Карціна ў небе над звалкай выяўлялася ўсё больш дасканала: я сядзеў у рэгістратуры радзільні №2 і нешта хуценька пісаў у тоўсты карычневы сшытак. Лявона і Рыгора я не заўважаў.

– Падлюга! Ты нас чуеш?! – раўнуў Рыгор з усіх сілаў і закашляўся.

Я ня чуў. Рыгор са злосьцю разьняў рукі, і выява пачала цьмянець, рашчыняцца ў сіні. Лявон адвярнуўся, сеў на траву і панурыўся. Рыгор штурхаў нагой каменьчыкі, таптаў палынавыя кусткі, біў кулаком паветра. Нарэшце сеў побач. Вечарэла. Сонца апусьцілася за насып сьмецішча і залаціла ягоныя бокі, з цэнтра падымаўся блакітны дымок нейкага цяпельца – і сьмецішча было падобнае да вулкана, які паціху абуджаецца.

* * *

– І што далей? Што ўсё гэта значыць? – Лявон слаба варухнуўся. – Твой Піліп – гэта наш Бог, ці як? Трызна нейкая. Што ён там пісаў у сшытак?

– Ну... Ён ужо даўно мне казаў, што складае дэтэктыў. Абяцаў нават даць пачытаць, – Рыгор з надзеяй прыслухоўваўся да голасу Лявона – ён разумны, зараз падумае ды ўсё растлумачыць.

Лявон глядзеў у зямлю і млява ківаў – здавалася, што ягоную галаву калыша вецер.

– Мда... Я, вядома, заўсёды быў упэўнены ў зьневажальнасьці ўніверсуму, але такога... гэта ўжо занадта. Атрымалася, мы пэрсанажы нейкага дурнога дэтэктыўнага аповяду?

Яны маўчалі, прыгнечаныя.

– Лепей бы нам гэтага ня ведаць... І навошта ты толькі?..

– Дык сам вінаваты! Са сваімі песьнямі! Хіба дрэнна было?

– Да? А праз каго мы застудзіліся?

Яны злосна глядзелі адзін на аднаго, а потым разам адвялі вочы. Сьвет вакол зацьвярздеў, ушчыліўся, вярнуў згубленую рэчаіснасьць – са сьмецішча цягнула дымком, у траве пырхалі дробныя мятлушкі, аблокі павольна плылі да поўначы. Галава Лявона хілілася.

– Добра, пайшлі! – Рыгор трасянуў Лявона за плячо. – А тое ты зараз засьнеш.

– Куды?

– Па Піліпа, куды ж яшчэ! Разаб'ем яму пысу! Я ведаю як ісьці, праз Курасоўшчыну. Толькі трэба трымацца, хоць бы адной рукой. Інакш ён нас піша, разумееш? А калі трымаемся, дык мы яго бачым, а ён нас не.

Лявон нахмурыўся, але Рыгор ня даў яму пярэчыць, пацягнуў за руку, падняў. Трымаючыся за рукі, яны перасеклі разнатраўе, пералезьлі праз падзяляльны шчыт на кальцавой дарозе і паглыбіліся ў горад. Было ціха, толькі са сквэрыка чуўся стукат шашкаў і памяркоўны старэчы сьмех.

– Рыла расплюшчым! Мурло расьпярдолім! Мардасы расхярачым! – практыкаваўся Рыгор на розныя лады, а калі яму надакучыла, прапанаваў: – Даўно мы не сьпявалі разам, га?

І яны засьпявалі Heldenroslein.

* * *

– А калі ён усё гэта прадугледзеў? Што мы па яго пойдзем? Што, калі ён піша кожны наш крок? І пра рукі напісаў? І зараз піша? – з сумам запытваў Лявон, усхвалявана водзячы трубачкай ад соку па ніжняй вусьне. Яны зрабілі прывал ля гастранома на Ўманскай, крыху збочыўшы з курсу, і прыселі на сталёвыя парэнчы, нязручна падагнуўшы ногі.

– Не… не такі ўжо ён і разумнік! Гэта нават на вочы відаць, цяміць чалавек ці не. Ты ж таксама зь ім знаёмы быў? Ён, вядома, не суцэльны дэбіл, але мазгоў на ўсё адразу ў яго ня стане, гэта я табе гарантую. Бачыш, як ён з рукамі ўкляпаўся, –Рыгор раўнамерна хрумкаў чыпсамі і запіваў з бляшанкі. У змроку абрыс ягонага твару патанчэў, падалікатнеў, вочы і рот цямнелі таямнічымі западзінамі.

Лявон ня бачыў, ня слухаў, нудзіўся, скакаў думкамі.

– Навошта ўсе гэтыя складанасьці? Навошта застуды і празарэньні? Што робіцца з прасторай і часам? Бессэнсоўныя выпадковасьці альбо сістэма, недаступная нашаму разуменьню?

– Ну, ня ведаю, – Рыгор пшыкнуў наступнай бляшанкай, – Запытаеш яго, калі захочаш. Але па-мойму, – буль-буль, – па-мойму, калі добра разважыць, тут ня так ужо і блага! Слухай анэкдот. Спытаў аднойчы адзін мужык у Бога: навошта на небе сонца і зоркі? А Бог яму ў адказ: магу пагасіць, калі не падабаецца! Ха-ха-ха!

«Здаецца, у яго выдатны настрой! Што за чалавек? Няўжо ён нагэтулькі чэрствы, што не адчувае роспачы?.. Не, мы чужыя, чужыя», – злаваўся Лявон, але тут запаліліся ліхтары, пусьцілі залатыя праменьчыкі, і празь сьвятло паляцелі жукі. Пахі раптам зрабіліся выразьнейшыя: пахла дрэвамі, травою, асфальтам, апэльсінам, далоні пахлі стальлю. Дужа хацелася спаць.

– Ёсьць пытаньні, вядома, – сказаў Рыгор ужо сур’ёзна. – Але галоўнае ў мяне да яго пытаньне – чаму ён зь сябрамі па-сьвінску? Мы ж зь ім парыліся разам, пілі, елі, а ён ані слоўца не сказаў! – Рыгор саскочыў з парэнчаў і атросься. – Вось пачакай, мы яму зараз увесь лыч... Давай руку! Пойдзем!

* * *

У цемры яны абмінулі радзільню і адшукалі асьветленае вакно на першым паверсе. Зазірнулі на дыбачках: я схіліўся над сшыткам і грыз аловак. «Сука шчэнная», – шапнуў Рыгор. Яны адыйшлі далей, каб параіцца, і Рыгор вылаяўся: нага патрапіла ў нешта мяккае і мокрае.

– Калі гэта гной, дык я яму наогул шыю скручу! Але здаецца не сьмярдзіць... Селянін хрэнавы! Карацей, зробім так: я абагну радзільню ды ўвайду праз пад'езд. Там на дзьвярох паветраны арганец. Піліп чуе арганец, ідзе да мяне насустрач, і я яго цоп! А ты стаіш тутака, і калі бачыш, што ён пайшоў з пакою, разьбіваеш вакно, залазіш і хапаеш сшытак. Галоўнае – хутка, каб ён не пасьпеў заўважыць, што мы рукі растулілі.

– Дык чаму б нам разам праз параднае не ўвайсьці?

– Бо ён можа сшытак схаваць! Ты зараз пільнуй, куды ён яго пакладзе. Толькі не засьні, інакш усё прапала!

– Добра... А чым я вакно разаб'ю?

– Ну што ты як дзіцёнак! Цэгла знайдзі. Ці вось на, абкруці кулак, – Рыгор падаў Лявону ледзь відочную ў цемры насоўку і зьнік.

Асьцярожна ступаючы, Лявон ізноў наблізіўся да вакна і павольна разглядаў мяне. Я пачухаў галаву, пазяхнуў, пацёр бараду, паглядзеў на гадзіньнік. «Спаць масьціцца, – думаў Лявон, помсьліва звузіўшы вочы, – напрыдумляў усякае лухты і спакойны. Халодны цынізм? Ці ён проста не разумее, што робіць?» Тут Лявону прыйшло ў галаву, што яны з Рыгорам, у існасьці, зноў задумалі налёт і рабаваньне. Здаецца, паміж празарэньнямі і злачынствамі ёсьць сувязь – калі здарылася адно, дык абавязкова чакай другое! Яму чамусьці стала сьмешна, і ён усьміхнуўся, прыкрыўшы рот кулаком і апусьціўшы вочы, каб не прыцягнуць маю ўвагу занадта жывым позіркам.

«У-у!» – нечакана прасьпявала ў цемры ночная птушка, і Лявон сьцепануўся. Я таксама здрыгануўся і павярнуўся сьпіной да вакна – пэўна пачуў стук дзьвярэй і звон паветрага арганца. Я загарнуў сшытак, але нікуды яго не схаваў, устаў і выйшаў. Паняслося! Імгненна зьмеркаваўшы, што кулак можна парэзаць нават праз насоўку, Лявон падскочыў і трахнуў у шкло локцем. Глухі гул, слабы бразгат. Яшчэ раз! Яшчэ! Бах! Трэск, звон, вострыя аскепкі – зажмурыўся, сьціснуўся! Здаецца, цэлы. З шыбы тырчалі вялізныя шкляныя іклы, і Лявон колькімі ўдарамі зьбіў іх. Ухапіўся, падцягнуўся, улез. У калідоры чуліся крыкі, тупат і валтузьня, але Лявон, не зьвяртаючы ўвагі, узяў у рукі сшытак. Карычневая, шурпатая вокладка. І гэта наша жыцьцё?

У рэгістратуру з лаянкай уваліліся мы з Рыгорам: Рыгор заломваў мне руку і штурхаў перад сабой, я блытаўся ў крысах цёмна-сіняга халата і з хлюпаньнем уцягваў у нос крывяны струменец.

– Што, глумак, не чакаў? – Рыгор штурхнуў мяне на крэсла, а сам пагрозьліва наступіў красоўкай на край сядзеньня.

– Дык чаго вы, хлопцы?.. Я на вас не даносіў, клянуся! Хоць адразу фотаробаты пазнаў, але не даносіў! – пратэставаў я.

– Не мані! У дупу фотаробаты, мы зусім па іншаю справу прыйшлі. Думаеш, мы такія даўбешкі? Мы ўжо ўсё ведаем! Таму давай, раскажы нам, што за трасцу ты напісаў? Ты хоць сам перачытваў? Дэтэктыў называецца! Мы, як вахлакі, са скуры лупімся, а гэта ўсё, выяўляецца, твой аповед! Мы табе што, цацкі?

Я разявіў рот і адразу зачыніў. На маім лобе чытаўся рух думкі. Нарэшце, сьцяміўшы, што хлусіць ужо некарысна, я пасур'ёзьнеў і насупіўся.

– Я ж ня ведаў, што так зробіцца...

– Ня ведаў? Дык ты на’т ня ведаеш, дзе Францыя, а дзе Японія! Не, Лявоне, ты як думаеш, ён поўны маздан ці ўдаецца? Вось я табе зараз галаву зьнясу, дык будзеш ведаць! – Рыгор прыўзьняў са стала бабіньнік і злосна ляснуў яго на месца, быццам маючы на ўвазе, што і на галаву можа гэтак жа ляснуць. – Што будзем зь ім рабіць, Лявоне?

Лявон, не адказваючы, адгарнуў першую старонку сшытка і пачаў чытаць услых:

«Калі б Лявона спатрэбілася апісаць адным словам, дык гэтае слова – летуценьнік. Але пакуль што ніякіх абмежаваньняў на словы дый нават на старонкі няма, і можна расказаць пра яго падрабязна. У час нашага знаёмства я працаваў наладнікам на адной зь менскіх тэлефонных станцыяў, а Лявона, студэнта, даслалі да мяне на практыку...»

У Лявона блішчалі вочы – што можа быць цікавейшым за чытаньне пра самога сябе? Не ўтрымаўшыся, я ўхмыльнуўся, і гэта было абмылай – Рыгор заўважыў і трэснуў нагой па крэсьле:

– Стой, Лявоне! Не чытай, зачыні! А то зараз ізноў усё пойдзе кругам!

Лявон зь цяжкасьцю адарваўся і зачыніў сшытак. Канец.

– Ну не, ты нас больш не абвіхнеш, Піліпка. Лявон, трымай сшытак моцна! Зараз усё ў нашых руках. Давай пад’ямо чагосьці і разважым, як быць далей. У цябе бульба яшчэ засталася? – ён штурхнуў мяне і загадаў смажыць бульбу. – І бяз глупстваў! Бо аповед у нас.

Я выцер нос і панура прапанаваў ім сьпірту. Яны не захацелі. Я сказаў, што трэба перайсьці ў пакой папярэдняга агляду, там ёсьць водаправод і электраплітка. Яны моўчкі кіўнулі і пашыбавалі за мной. Я паставіў кіпяціцца ваду ў рондалі і дастаў з-пад стала сіні мяшок з бульбай. Рыгор, абапёршыся на вушак дзьвярэй, змрочна сачыў мае дзеяньні. Закасаўшы рукавы, я пачаў мыць клубні. Лявон праходжваўся па пакою, разглядаў вантробы бабіньнікаў, мацаў вокладкі дэтэктываў, а потым урачыста вымавіў: прыдумаў!

– Піліпу? – зьвярнуўся ён да мяне, і я вінавата падняў вочы. – Вымыйце рукі, сядайце за стол і пішыце. Трымайце ваш сшытак. Вось аловак. Дыктуй яму, Рыгор.

– Што дыктаваць?

– Ну, дыктуй усё, чаго б табе хацелася. Ці не разумееш? Што Піліп напіша зараз, тое і будзе. Жонку дыктуй з дачкамі, кватэру, ці як ты там хацеў.

– Хэх, – сказаў Рыгор, і ягоны гнеў лёгка зьмяніўся хітрай усьмешкай.

І яны пачалі дыктаваць.

* * *

Вярнуўшыся на бацькаўшчыну пасьля вандраваньняў, Рыгор знайшоў тату, жонку і дачок у добрым здароўі. Жонку клікалі... Яе клікалі... Добра, Рыгору, гэта потым можна дадумаць. Галоўнае, што жонка была вельмі харошая, добрая і ўмела гатаваць боршч са сьмятанай. Дачкі былі паслухмяныя, ахвотныя да музыцы, добра вучыліся, і Рыгор любіў заплятаць ім касічкі. Кожны вечар яны зьбіраліся ў зале свае новае вялізарнае кватэры, сьпявалі хорам, а жонка грала на піяніна. З Амэрыкі Рыгор прыгнаў раскошны Лінкальн Кантынэнтал, крэмавы зь нікелем, велічны, як параход, з поўным багажнікам рэдкіх дыскаў. Кожную суботу яны ехалі ўсе разам сьнедаць у Макдональдс, потым ён адвозіў сям'ю дадому, пакідаў машыну і йшоў пешшу ў лазьню.

Лявон вытрымаў выпускныя іспыты на выдатна, бліскуча абараніў дыплом і быў прыняты ў Акадэмію навук. Ён завёў сабе спартовы ровар і смартфон – і пасьля некаторых ваганьняў патэлефанаваў спачатку маме, а потым Алесі. Яны, як высьветлілася, зусім не пакрыўдзіліся на ягоныя ўцёкі і непрыстойна доўгую нябытнасьць, яны, здавалася, наогул нічога не заўважылі. І апошнія хмары разьвеяліся.

Жыцьцё ў горадзе ішло сваім ціхамірным парадкам. Рабаўнікоў банку і згонцаў інкасатарскіх аўтобусаў так і не знайшлі. Фотаробаты віселі на слупох яшчэ колькі месяцаў без усялякае карысьці, пакуль іх ня змылі цёплыя дажджы. Зрэшты, па ўскосным довадам, тыя ж рэцэдыўнікі зьдзейсьнілі крыху пазьней яшчэ адно злачынства, дзіўнае і невытлумачальнае: рабунак радзільні. Пра рабаваньне заявіў пацярпелы – электрык Піліп. Два невядомыя ўварваліся ўва ўнутраныя памяшканьні і выкралі рэгістрацыйны сшытак у карычневай вокладцы. Зь іхнае гутаркі электрык Піліп зразумеў, што загадкавыя зламысьнікі меліся зацэмэнтаваць сшытак у бляшаным тазіку і ўтапіць у Камсамольскім возеры, папярэдне напісаўшы ў ім апошні радок:

Канец