Піліп Ліпень Рабаваньне па-беларуску
Частка 3. Вандраваньне

3. Як Рыгор абараніў гонар аўтасьлесара

Алеся ня надта падабалася Рыгору. На ягоны густ ёй бракавала цэласьці: то халодная сур'ёзнасьць, то агонь у вачох і гарачы сьмех; то імкненьне да самоты, то хваравітая прага да зносінаў і кампаніі. Яму ня надта падабаўся і ейны твар, з выпуклым ілбом і тонкімі вуснамі, а ейныя вузкія клубы нават сьмяшылі – як на ёй трымалася спадніца, было незразумела. Іншая справа – цёця Ганя. Ён часта заглядваўся на яе ззаду, асабліва калі тая адзявалася «па-каўбойску»: кашуля ў клетку з закасанымі рукавамі і старэнькія выцьвілыя джынсы, якія ўдала хавалі хібы і вызначалі вартасьці. Але калі цёця Ганя абарочвалася, нясьмелыя ілюзіі адразу разьвейваліся – твар быў непапраўна пажылы, а ў поглядзе, заўсёды лагодным, ласкавым і мудрым, зусім не было ні жаноцкасьці, ні вабы да новага жыцьця. І нарэшце яна ўсё-ткі была маткай ягонага сябра, і гэты фармальны факт перашкаджаў канчальна.

Рыгор стараўся адцягнуць сябе, і ў гэтым яму больш за ўсё дапамагалі сьпевы. Але шмат сьпяваць не выходзіла – пачынала суха казытаць у горле, і калі ён упару не спыняўся, дык пачынаўся кашаль і падоўгу кавэнчыў яго. Заўважыўшы гэта, цёця Ганя абмежавала іхныя хатнія канцэрты: цяпер дазвалялася сьпяваць толькі пасьля абеду дый трошкі перад сном. Таму адразу па сняданку Рыгор пачынаў чакаць абеду, а пасьля абедавых песень мучыўся, думаючы пра вячэру. Ён нудзіўся, піў шмат піва і курыў «Балканскую зорку», адзіныя цыгарэты ў тутэйшай краме.

Дзень, калі ў цёці Гані сапсаваўся замок на хляве, дзе яна хавала граблі і матыкі, стаў для Рыгора сьвятам. Ён падахвоціўся паправіць замок, а калі ўрэшце адчыніў дзьверы, ягоныя вочы загарэліся творчым агнём: у прыцемку, на саломе, стаялі, ляжалі і цьмяна блішчалі старыя ровары. Сьмеючыся ад прадчуваньня, ён спытаў:

– Навошта вам замок, цёця Ганя? Каб матыкі не пакралі?

– Дык гэта ў бацькі парадак такі, каб усё зачынена было, – зьбянтэжана сьмяялася ў адказ цёця Ганя, – Ён тут інструмэнт захоўвае, запцацкі ўсякія. А зараз усё з сабою забраў, да бабулі Марысі. Дах перабіраюць там зь Міколкай.

Жаданьне Рыгора «пакалупацца ў старым жалезе» парадавала цётку Ганю – на ейную думку, сапраўдны мужык павінен мець рукі і адчуваць пал да працы наогул і да тэхнікі менавіта. З тога дню яна больш не зачыняла хлява, і Рыгор важдаўся там з ранку да ночы. Працягнуўшы ад бліжэйшага слупа кабэль, ён павесіў у хляве лямпачку, рассартаваў па кутох хлам’ё і ламачча, начыста падмёў падлогу жорсткім венікам і падняў на ногі стары скалечаны стол. Цяпер хлеў нагадваў яму родны гараж, па якім ён ужо засумаваў.

Праца над роварам для Лявона заняла колькі дзён, у якія Рыгор жыў такім паўнавартасным, насычаным жыцьцём, што нават спазьняўся да вячэры. Калі ровар быў сабраны, ён па інэрцыі правёў у захапленьні і эйфарыі яшчэ некаторы час, але неўзабаве нуда згусьцілася зноў. Сабраць другі ровар было немажліва празь нястачу спраўных дэталяў: рамы і понажы – пагнутыя, колы – розных памераў, рулі наскрозь праржавелі.

– Цёця Ганя, ці мае хто ў Кляновіцы машыну? – спытаў ён аднойчы.

– Ня ўсе, вядома, не сталіца ўсёткі, але многа хто мае, – рукою ў тоўстай гумовай пальчатцы яна разьмешвала ў тазіку ўгнаеньне на памідоры, – Падлей яшчэ вадзіцы, Рыгорку, бо загуста. Бацька таксама марыў машыну купіць, але вось бачыш, не атрымалася. Дый куды нам езьдзіць на ёй?

Цёця Ганя расказала, што вось прыкладам Алесін бацька мае машыну, «Жыгулі». Ня новая ўжо, але ён яе так даглядае, што тая ніколі не ламаецца. Рыгор акуратным струменцам падліваў ваду, сіняватыя крышталікі рашчыняліся.

У той жа дзень Алеся вячэрала ў іх, і Рыгор завёў размову пра машыну. Алеся пацьвердзіла словы цёці Гані пра «Жыгулі», пра любоў да іх свайго бацькі, і згадала пра вялікі цагляны гараж, поўны разнастайных інструмэнтаў і прыстасаваньняў. Рыгор з узбуджэньня нават прыўстаў з крэсла, але заўважыўшы погляд Лявона, поўны халоднай лютасьці, не адважыўся напрасіцца ў госьці да Алесі.

* * *

Занядбаўшы хлеў, Рыгор стаў праводзіць шмат часу ля брамы, на нізкай лавачцы з двух укапаных у зямлю чурбакоў і цёмнай дошкай на іх. Ён піў піва з бляшанкі, лускаў семкі ў скрутак ды чакаў, ці не праедзе міма машына. Але дні цягнуліся ціха. Гулі мухі, сьпявалі непрыкметныя птушкі, зьвінела далёкая бэнзапіла, ляскала вядром, паліваючы клубніцы, цёця Ганя. Рыгор разьмінаў цыгарэту і курыў, пускаючы дым уніз, паміж каленяў, каб цёця Ганя ня бачыла і лішні раз не дакарала яго за дапамогу свайму кашлю. Часам ён браў з сабою ножык і габляваў сухія яблыневыя галінкі, спрабуючы зрабіць драўлянага чалавечка.

Паціху Рыгор затужыў сур'езна, і ягоная туга пагаршалася шчасьцем Лявона. Убачыўшы, як яны з Алесяй стаяць, абняўшыся, ля суседзкага тыну ці ўсутыч мілуюцца на ягонай лаўцы, Рыгор адварочваўся ды йшоў у хату, пахмурны і злосны. «Час мне сыходзіць», – думаў ён, але ўсё ніяк ня мог наважыцца. Боршч быў казачна смачны, дранікі, сьпечаныя на сале, раставалі ў роце, і не было ў жыцьці нічога выдатней за клёцкі з грыбамі і макам. Але дзень, другі, тыдзень – і ў яго мала-памалу склаўся плян: вярнуцца ў Менск, расстарацца бэнзінам, мапай краіны і рушыць у далёкае аўтамабільнае падарожжа – у які буйны горад, накшталт Брэсту ці Гародні. А можа нават у Маскву ці ў Кіеў. Дакладную мэту падарожжа ён не фармуляваў, яго гнала нейкая невыразная трывога, якая часам мяжавала з роспаччу. Трэба было неяк зьмяніць сваё жыцьцё, і ён адчуваў, што на гэта яму абавязкова патрэбная жанчына. «Сапраўды, Менск – нейкі зачараваны горад. У іншых гарадох усё мусіць быць слушна. І бабы будуць, і машыны, і рублі. Хоць Кляновіца таксама дзіўная, але гэта з прычыны блізкасьці да Менску».

* * *

І вось, у адзін з такіх самотных вечароў, калі цёця Ганя, як заўсёды, пажадаўшы яму добрай ночы, пайшла да сябе, і настала доўгая цішыня, Рыгор хадзіў з кутка ў куток, а потым раптам пачаў зьбірацца. Ён ужо даўно нагледзеў на верандзе палатняную заплечную торбу, ёмістую і трывалую, і цяпер складаў туды патрэбнае: хлеб, піва, кансэрвы, запалкі, нож, вяроўку, пачкі грошай. Павінны ж некалі нарэшце спатрэбіцца грошы? Рыгор пакаваўся, з надзеяй чакаючы крокаў Лявона – калі б той прышоў зараз, пагаварыў зь ім, прасьпяваў песьню, проста пасядзеў побач, туга б сунялася. Рыгор лёг і чакаў, нібы нейкая нітачка трывала яго тут.

Але Лявон пракраўся ў пакой ужо пад раніцу, на дыбачках, асьцярожна прычыніўшы за сабою дзьверы і на імгненьне замёршы, узіраючыся ў бок Рыгора – ці заўважыў? Рыгор змрочна маўчаў: «Значыцца, ён да гэтага часу не заўважыў, што я наогул ніколі ня сплю. Сябар, называецца». Лявон, стараючыся не рыпець спружынамі ложку, лёг, і ягоны подых адразу зрабіўся глыбокі і роўны. За вакном віднела. Неўзабаве і цёця Ганя прачнецца. Рыгор ціха, але спрытна ўстаў, паправіў ложак, ускінуў на плячо торбу і прайшоў на кухню. Асьвяжыўшы твар халоднай вадой з рукамыйніку, ён сунуў у кішэню пару яблык, абуўся і выправіўся.

* * *

Ён ужо добра вывучыў маленькую Кляновіцу і прыкладна ўяўляў, як патрапіць на тую прасеку, што вядзе да Менскае трасы. Шлях, якім яны прыйшлі сюды ў сама пачатку, быў абыходны, і Рыгор, каб скасіць вуглы, павярнуў на пустэчу, спрэс зарослую палынам. Між пустэчай і нахіленым плотам, цёмным са старасьці, вілася сьцежка, кірункам рыхтык да прасекі. Рыгоравы джынсы неўзабаве змакрэлі з расы, пацяжэлі, і ён шкадаваў, што не падвярнуў іх, але было ўжо позна. Ён крочыў шпарка, сьпяшаючыся сысьці далей, ці то з боязі раздумацца, ці то з асьцярогі, што яго хопіцца цёця Ганя. Ён ня здолеў бы вытрываць ейныя ўгаворы застацца. «Але як яна мяне дагоніць? Бягом пабяжыць ці што? Дурное».

Платы скончыліся, і сьцежка пабегла хмызьняком, паўз бярозак і ялінак, што расьлі з густое высокае травы. Хутка сьвятлела. Неба зьлева паружовела, і неўзабаве над верхавінамі дрэў зьявіўся краёчак сонца. Рыгор хмурыўся – ён меркаваў ужо даўно выйсьці на прасеку і збочыць да трасы, але ня было ні прасекі, ні высокавольтавае лініі. «Я ня мог пайсьці не туды! – думаў ён са злосьцю, – І хто пратаптаў гэтую пятлюку?» Драбналесьсе ўжо скончылася, і цяпер ён ішоў між высокіх хвояў, нягучна ступаючы па моху і сухіх іголках. Рыгор заўсёды ганарыўся сваёй здольнасьцю дакладна арыентавацца ў прасторы, і думка пра вяртаньне назад яго абражала.

Надумаўшы трохі перадыхацца, ён сьцягнуў з пляча торбу і кінуў яе на зямлю. Гучна дзынькнула шкло аб шкло, і ён, раззлаваўшыся на сябе за глупства, кінуўся правяраць, ці не разьбіліся бутэлькі. Не, цэлыя. Рыгор уладкаваўся на пагорку побач са сьцяжынкай, зьеў акраец хлеба з салам і напіўся піва. З задавальненьнем закурыў. Справы паўсталі ўжо іншым бокам. «Мусіць жа гэтая сьцяжынка куды весьці, калі людзі яе пратапталі. Куды прыйду, туды прыйду. Хіба ня ўсё роўна? Патрапілі ж мы ў Кляновіцу выпадкова? Сама лепшае заўсёды здараецца выпадкова», – і, задаволены гэтым абагульненьнем, ён устаў і пацягнуўся, падняўшы рукі над галавою.

* * *

Адпачыўшы, Рыгор рушыў далей. Выпітае піва быццам паўплывала на лес: ён пачаў сьвятлець, ператварацца гаем, і раптам сьцяжынка выбегла на грунтавую дарогу з густым траўем абапал. Рыгор узрадаваўся і пасьля нядоўгіх ваганьняў збочыў направа, напяваючы «Ungeduld» і дырыжыруючы рукой. Ён памеркаваў, што трэба дайсьці да якога паказальніка, а потым ужо з’арыентавацца і абраць дакладны кірунак. Сонца стаяла высока над дарогай, біла ў вочы, пякло. Зьвінелі конікі. Ён ішоў бакавінай, трымаючыся ценю, але неўзабаве наскрозь змакрэў, нават да плямаў на грудзёх і пад пахамі. Вельмі смажыла, і ён адкаркаваў яшчэ адну бутэльку.

Доўгачаканы паказальнік нарэшце зьявіўся, ён нёс на сабе нечаканы напіс белым па сінім: «Мытня». Рыгор ня надта зьбянтэжыўся гэтым словам – пасьля літру піва ён быў у найлепшым гуморы. Ён мінуў расчыненую браму з жалезных дубцоў, памаляваных аблупленай зялёнай фарбай, і пазабавіўся, што брама ёсьць, а плота няма. «Вось дурні, – ён пасьмейваўся і кашляў, – Гэтую браму можна папросту абысьці! І навошта яна патрэбная?» У глыбіні гаю, напалову схаваныя галінамі, віднеліся нейкія пабудовы, ці то адрыны, ці то казармы, але Рыгор не марнаваў часу на дробную цікаўнасьць – ён ужо не сумняваўся, што вось-вось кудысь прыйдзе .

І запраўды: за наступным паваротам ён убачыў тоўсты чырвоны шлягбаўм цераз дарогу і невялікую цагляную пабудову побач зь ім. На дзьвярох вісела шыльда «Толькі для пэрсаналу». Абціраючы пот з лобу, Рыгор патузаў клямку: зачынена. Ён паспрабаваў разгледзець нутро пабудовы праз вакно, прыціснуўшыся тварам да шыбы і зачыніўшы далонямі сьвятло, але пыл і сонечныя водбліскі перашкаджалі. Пастукаў у шыбу і прыслухаўся. Ціха.

Дарога ўпэўнена працягвалася, і крыху далей нават ператварылася ў асфальтавую. Яна падымалася на насып, паабапал якога гаёк радзеў і расступаўся. «Тая самая прасека! – усьцешыўся Рыгор, – Усё ж такі я да яе выйшаў». Але па набліжэньні выявілася, што гэта зусім не прасека, а паласа голае зямлі. Ля паласы стаяў сіні знак «Беларусь», і ў Рыгора мільганула думка – мо гэта амбасада? Але як амбасада можа стаяць сярод лесу? У запаведніку? Дурное. Заставалася адно – нейкім загадкавым ходам ён дабраўся да мяжы.

Дайшоўшы да насыпу, Рыгор заўважыў праваруч, мэтрах за сто ад дарогі, постаць у вайсковым строі, якая корпалася на земляной паласе. Схіліўшыся, чалавек раўнаваў граблямі ўскапаную зямлю.

– Гэй! – паклікаў Рыгор. – Гэй, мужык!

Грабар павярнуўся, убачыў Рыгора і закрычаў тонкім голасам:

– Стой! Куды! Стой, не варушыся!

Памежнік пабег быў напярэймы Рыгору, але мабыць зразумеў, што зараз наробіць сьлядоў на сьвежай зямлі, і пачаў адступаць назад, да другога боку мяжы, хуценька сьціраючы граблямі лункі ад сваіх ботаў. Рыгор закурыў і таксама пайшоў наперад, забаўляючыся пэдантызмам памежніка, і так старанна разглядаючы яго, што праз хвіліну ледзь ня даўся галавой аб слуп са знакам «Польшча». «Здурнець можна», – падумаў Рыгор і прачытаў напіс яшчэ, потым яшчэ. Тым часам памежнік ужо сьпяшаўся да яго з граблямі наперавес. З-пад ягонае пілоткі выбіваліся залацістыя кучары, а абрысы цела былі такія, што сэрца Рыгора забілася. «Вось яно, пачалося!» – і ён пастараўся расправіць плечы ды ўцягнуць жывот.

– Што вы тут рабіцё? – памежніца пагрозьліва павяла граблямі. Зь бегу яна хораша расчырванелася, а ейныя вочы, дзіўна сінія, глядзелі строга.

– Я? – Рыгор бязмозгла ўсьміхаўся. – Я наогул дадому йшоў, а трапіў незразумела куды. Цябе як завуць?

– Што вы несяцё! Дакументы ёсьць? Віза ёсьць? – яна хмурылася.

– Адкуль жа ў мяне дакументы? Я толькі з дому выйшаў! Не пасьпеў бутэлечку піва выпіць, а тут ужо Польшча!

– Спачатку вы сказалі, што йшлі дадому. А зараз кажаце, што выйшлі з хаты! – яна ўжо не хмурылася, здаецца, Рыгор ёй спадабаўся.

– А што, гэта запраўду Польшча? – кіўнуў ён ёй за сьпіну, зрабіўшы знарочыста вялікія вочы.

– Вядома.

– Ачмурэць! А ты, значыцца, сапраўдная полька? Так? Як цябе зваць?

– Эва.

Яна ўжо ўсьміхалася, а ён, падбадзёраны і акрылёны, гучна зьдзіўляўся на ейныя вочы і валасы. Абапёршыся на граблі мяккімі белымі рукамі, яна сьмяялася, паказваючы вільготна бліскучыя зубкі. Зубкі зьлёгку насьцярожылі Рыгора, але затое яму вельмі спадабаліся вясёлыя ямачкі, што зьявіліся на ейных шчоках са сьмеху.

* * *

Эва

Эва не няволілася дакумэнтазваротам і папяровымі фармалёвасьцямі. Даведаўшыся, што Рыгор згаладнеў, яна занядбала візавы рэжым і запрасіла яго паабедаць на сваю тэрыторыю – у маленькую мытную хатку. Пакуль Эва завіхалася ля пліты, паабяцаўшы разагрэць сьвежыя, але трохі астылыя флякі, Рыгор жаваў піражкі з тварагом і цешыўся на ейную постаць, якая выразна праступала праз вайсковы строй.

– Слухай анэкдот! – сказаў ён, даеўшы піражок. – Пайшлі аднаго разу Шастаковіч, Шонбэрг і Шапэн у рэстарацыю. Шастаковіч кажа: мне пяльмені ды гарэлку. Шонбэрг кажа: мне шніцаль ды піва. Шапэн кажа: а мне флякі ды мазурку. Шастаковіч дзівіцца: што такое флякі? Шапэн адказвае: гэта кшталту пяльменяў, але смачней. Шонбэрг таксама дзівіцца: што такое мазурка? Кшталту гарэлкі, але мацней? Шапэн адказвае: не, гэта кшталту атанальнае музыцы, але пад яе скакаць лягчэй.

Эва завохала, сьмешна зморшчыла твар і зарагатала, прыціснуўшы адну руку да грудзяў, а другою зачыніўшы вочы. Зубкі дробна паблісквалі, але Рыгору было прыемна. Але яна рагатала так доўга, што Рыгору стала нават няёмка – ён склаў гэты анэкдот сьпехам і лічыў яго ня надта ўдалым. Нарэшце яна сьцішылася і сказала, што ён дурны, што флякі зусім не падобныя да пяльменяў, і што зараз у яго зьявіўся шанец іх паспрабаваць. Яна паставіла перад ім глыбокую талерку, наліла ў яе раз-два-тры-чатыры-пяць (Рыгор наштосьці лічыў) апалонікаў густога духмянага супу і паклала побач лыжку. Гэты суп і называецца – флякі, патлумачыла Эва. Калі яна выпроствала далоню, на месцы костак зьяўляліся мяккія ямачкі, такія ж, як і на шчоках.

Пару хвіляў яна назірала, як ён есьць, а потым дадала:

– Ты хоць ведаеш, што яны ніяк не змаглі б сустрэцца?

– Хто? – падняў бровы Рыгор.

– Шапэн. Ён памёр у 1849 годзе, калі яму было ўсяго 38 гадоў. Жахліва… Гэтая кабеціна загубіла яго! – у голасе Эвы прагучала пагроза. – А Шонбэрг нарадзіўся толькі ў 1874, ня кажучы ўжо пра Шастаковіча.

– Ды ведаю я. Але гэта ж проста анэкдот! – яму было ўжо крыўдна за свой экспромт, – На тое ён і анэкдот, каб у ім небыліцы здараліся.

Эва зноў засьмяялася і супакоіла Рыгора, прашчабятала, што яна толькі ўдакладніла дэталі. Яна вярнулася да пліты і, не гнятучыся маўчаньнем, працягвала разаграваць, памешваць і са шкворкатам пераварочваць нешта прывабна духмянае. Рыгор еў флякі ды паглядаў на яе. «Як усё ж такі хораша, калі ш дзяўчыны ямачкі! І эрудыцыя». Праглынуўшы апошнюю лыжку, Рыгор зразумеў, што амаль не запомніў густу. На яго накаціла невытлумачальнае хваляваньне. Ня ведаючы, што казаць ці рабіць, ён устаў і падыйшоў да камоды зь люстэркам і букецікам сухіх траў на верхняй паліцы.

– Ты што, адна тут? – спытаў ён, праводзячы пальцамі па паліраванай паверхні паліцы.

– Не. Яцэк на зборы зьехаў, у Варшаву. Сёньня вернецца.

– Яцэк?

– Гэта мой хлопец. Ён таксама памежнік. Ты куды пайшоў? Сядай, зразы будзеш есьці!

Вестка пра Яцэка, як ад гары з плячэй, вызваліла Рыгора ад хваляваньняў і ваганьняў паміж ямачкамі і зубкамі. Цяпер ня трэба было думаць, пра што гаварыць і як слушна дзеіць. Ён паслабіўся і зь вялікім задавальненьнем зьеў зразы з тушанай капустай, так іх расхваліўшы, што Эва пачырванела. Хаваючы зьбянтэжанасьць, яна выцягнула з кішэні тэлефон і пачала нешта ў ім тыцкаць.

– Пакажы апарат? – усклікнуў Рыгор, – Дзіўна! Бадай такі ж, як у мяне! А зарадка ёсьць?

Эва прынесла зарадку, паказала разэтку, і Рыгор зь пяшчотай уключыў свой тэлефон, упершыню аж з адседкі ў музэю. Тэлефанаваць не было каму, але Рыгору падабалася вызначаць час менавіта па тэлефонаваму гадзіньніку – бэзавы экран плыўна загараўся і плыўна патухаў. За нядзелі, праведзеныя безь сілкаваньня, тэлефон ня зьбіўся і паказваў той жа час, што і вялікі насьценавы гадзіньнік над Эвінай камодай.

– Дык куды ты йдзеш? – спытала Эва, паставіўшы кіпяціцца чайнік і прысеўшы побач з Рыгорам. Роля гасьціннае гаспадыні была выкананая, і зараз яна наважылася пагутарыць.

– Я шукаю жонку! – не разважаючы, ляпнуў Рыгор першае, што трапілася на язык.

– У цябе ёсьць жонка? – тон Эвы трохі зьмяніўся, – А чаму ты яе шукаеш? яна ўцякла з дому? Ты зь ёй жорстка абыходзіўся?

– Не, ну навошта адразу прыдумляць! Жонкі пакуль што наогул няма. Вось знайду прыдатную дзяўчыну – дык адразу ажанюся!

Эва ўхвальна слухала. Яна сядзела блізка, і да яго давяваў ейны дзіўны пах: зямлі, яблыкаў і карыцы. Яна была такая харошая, маладая, пругкая, што Рыгору карцела яе чапаць, але ён трымаўся і адцягваў сябе пералікам цнотаў будучае жонкі:

– Разумееш, усё складана. Першае, яна мусіць быць вельмі разумная, вось як ты, напрыклад. Яна абавязкова мусіць  знацца ў музыцы! Інакш мне будзе зь ёй сумна. Другое, яна абавязкова мусіць любіць гатаваць. Таксама як ты. Бо я шмат ем! І ня ўсё запар. Мне значна, каб гатавалася з душою. Трэцяе... – трэцяе з ходу не прыдумлялася, ён важка счакаў, а потым шматзначна мовіў: – Трэцяе, у нас мусіць быць поўная сумяшчальнасьць.

Эва кіўнула. Рыгор ня ведаў, што яшчэ дадаць, і пацікавіўся, калі яны зь Яцэкам пажэняцца. Эва вельмі сур'ёзна, нават урачыста, сказала, што яны будуць шлюбавацца ў касьцёле, і што Яцэк ужо падарыў ёй колца. Яна ўзяла з камоды і падала Рыгору разьбёную скрыначку, у якой захоўваліся ейныя скарбы: жамчужныя каралі ды тонкае залатое колца зь зялёным каменьчыкам. Рыгор ухваліў колца, памаўчаў, а потым спытаў наўгад, ці ёсьць у іх машына.

– Ёсьць, вядома. Але цяпер мы на ёй ня езьдзім – заводзіцца зь дзясятага разу, а потым глухне, – Эва жаласьліва ўздыхнула. – Яцэк кажа, што карбюратар сапсаваўся. Трэба гнаць на аўтасэрвіс. Вось вернецца са збораў дый выкліча эвакуатар.

Рыгор папрасіў Эву паказаць яму машыну, сьціпла адзначыўшы, што ён трохі знаецца ў канструкцыі рухавікоў. Зь нецярплівасьці ён устаў раней, аніж яна пагадзілася. Эва зьдзіўлена паглядзела і павяла паказваць. Ён ішоў ззаду яе і хваляваўся, бо паводле Лявона ён аніколі ў жыцьці не рамантаваў аўтамабіляў. «Але ж, калі не атрымаецца, дык я і не абяцаў паправіць, я толькі папрасіў паглядзець. Тым больш, што ровар мне ўдалося сабраць!» Мэханічна назіраючы, як спадніца Эвы калыхаецца ў тахт крокаў, але плечы заразом застаюцца нерухомыя, Рыгор думаў пра іншае. Ён перажываў і спрабаваў выспытаць сам сябе, успамінаючы, якія агрэгаты знаходзяцца пад капотам аўтамабіля ды як называецца кожны зь іх.

Фіят польскі

Маленькі чырвоны Фіят, вымыты да люстранога бляску, стаяў за мытняй, пад адкрытым небам. Рыгор абышоў яго вакол, паківаў галавой і папрасіў Эву завесьціся. Яна паслухмяна села ў кабіну і колькі разоў, з паўзамі, павярнула ключ. Стартар працаваў, але рухавік не заводзіўся. Рыгор паказаў Эве жэстам, каб яна адчыніла капот, і нахіліўся над пераплётам жалезных вантробаў. Эва выйшла і стала побач, заклапочана схіліўшы галаву.

– Так. Давай спачатку іскру зьведаем, дзе наш правадок? Ёсьць іскра! – Рыгору здавалася, што ягоныя камэнтары павінны заспакойваць. – Цяпер сьвечкі... Ведаеш, часам сьвечкі алівай залівае, праз гэта і праблемы. Але ў цябе ўсё гут, сьвечкі таксама іскрацца. Так. Дзе тут у нас паветраны фільтар? Зараз вечка зь яго здымем... Цяпер цісьнем на прывад дросэльных засланак... Ну во-ось, паскаральная помпа ня брызгаецца, а значыць бэнзін у карбюратар не цячэ! У цябе ключы ёсьць?

Рыгор зьняў шлянг з карбюратара і пару разоў націснуў на рычаг падпампоўкі бэнзіну. Струмень не зьяўляўся. «Зразумела! Альбо бэнзапомпа, альбо фільтар», – Рыгор адчуваў лёгкасьць і спакой. Успомніць, калі раней ён рабіў нешта падобнае, было немажліва, але рукі самі здымалі шлянг з бэнзапомпы, а вусны цягнуліся да яго, прадчуваючы густ. Шлянг ня прадзімаўся, і гэта значыла толькі адно – трэба мяняць бэнзафільтар. Трыюмфуючы, ён выняў яго і паказаў Эве:

– Бачыш? Не патрэбны вам аніякі эвакуатар! Трэба толькі памяняць вось гэтую рэч.

– Праўда? – Эва глядзела на яго так даверліва, што Рыгору зноў захацелася дакрануцца да ейнага пляча або валасоў, і толькі бруд на руках затрымаў яго. – Здаецца, у нас недзе валяліся такія!

Пакуль Рыгор, выцершы пальцы аб траву, курыў, Эва зьбегала ў хату і вярнулася з навюткім фільтрам. Паводле ейных слоў, мяшок зь фільтрамі і яшчэ нейкімі дэталямі быў у камплекце да «Фіяціку» пры куплі. Уставіўшы на месца фільтар, прыкруціўшы шлянгі і ўпэўнена бразнуўшы капотам, ён жэстам прапанаваў Эве сесьці за руль. Фіяцік завёўся імгненна, і Эва, радасна ўсьміхаючыся, праехала па двары павольны круг. Яна выйшла з машыны ўдзячная, зіхатлівая, і Рыгор не ўтрымаўся – узяў яе за голую руку, вышэй запясьці. Яна здрыганулася, нахмурылася, але зь ветлівасьці не адняла рукі. Усьмешка згасла, і Рыгор пасьпешна зымітаваў сяброўскі поціск.

– Цяпер мая місія скончаная, і мне пара! – як мага бадзёра сказаў ён, хаваючы рукі за сьпіну. – Ці далёка да Прагі?

– Да Прагі? Навошта табе ў Прагу?

– Ну як навошта! Усё ж сталіца, там пэўна шмат такіх дзяўчат, як ты.

– У нас сталіца ня Прага, а Варшава, – удакладніла Эва.

– Сапраўды? Ніколі ня ведаў геаграфіі… А да Варшавы далёка?

Эва сказала, што даволі далёка і махнула рукой, паказваючы кірунак. Зрабіўшы вінаваты твар, яна папрасіла прабачэньня перад ім за тое, што ня зможа падвезьці яго – ёй прыйшлося б тлумачыцца перад Яцэкам. Раптам ён заўважыць, што яна вязе чужога мужчыну? Яны вярнуліся ў хату, і Эва паклала яму ў торбу колькі бляшанак піва з халадзільніка і важкі скрутак карычневае паперы, напоўнены чымсьці пэўна смачным. Прыкусіўшы ніжнюю вусну, яна выслухала ягоныя разьвітаньні, выйшла за ім вонкі і, папраўляючы валасы, глядзела ўсьлед.

«Ну і лухта! – дзівіўся Рыгор, – Значыцца, накарміць абедам чужога мужыка – гэта слушна, а вось падвезьці да Прагі – цьфу, да Варшавы! – гэта патрабуе тлумачэньняў. Дурніца». Зрэшты, гэтыя думкі былі хутчэй вясёлыя, чымся пакрыўджаныя. Рыгор пшыкнуў ключыкам на піўной бляшанцы і зрабіў глыбокі глыток. Ён быў сыты, ён быў сапраўдны аўтасьлесар, а наперадзе яго чакала ўсё сама лепшае.