Піліп Ліпень Рабаваньне па-беларуску
Частка 3. Вандраваньне

1. Як Лявон ды Рыгор заблукалі

Яны ўжо доўга маўчалі, і Рыгор гнаў машыну наперад і наперад. Спачатку паабапал дарогі цьмянымі ценямі праносіліся хаты, лецішчы, запраўныя станцыі, нейкія склады, а потым застаўся толькі чорны лес, ён падступаў да асфальту ўсё бліжэй і бліжэй. Калі звонку стала зусім цёмна, непрыкметныя раней спыдомэтры і тахомэтры вакол Рыгора набылі значнасьць, выявіўшы свае таямнічыя бледна-зялёныя абрысы. Рухавік упэўнена і магутна роў унізе, празь сядзеньне перадавалася прыемная вібрацыя. Праплывалі ліхтары – мяккія колы сьвету, высока на нябачных ножках – узрасталі, асьвятлялі кабіну і зьнікалі ззаду. Лявон звужаў павекі, і тады зь сярэдзіны кожнага кола ўзьнікаў яркі чатырохвугольны промень, падобны да компасу са старажытных мапаў, толькі танчэйшы. Лявон чакаў, калі Рыгор скажа «ну што, пракаціліся? нічога асаблівага? паварочваем», ці нешта кшталту, і гатоў быў пагадзіцца, але Рыгор з выглядам адважнага капітана карабля пазіраў наперад і крэпка сьціскаў абаранак. Здаецца, яму проста падабалася ехаць. Нарэшце яны загаварылі адначасна:

– Слухай, Рыгору...

– Чорт!

– Што чорт?

– Ды бэнзін! Бач, чырвонае загарэлася. Канчаецца. Забыўся я, не паглядзеў адразу... – Рыгор зірнуў вінавата, – А што ты хацеў сказаць?

– Мо назад? А то бесталкова неяк – усё роўна не відаць анічога. Лепш заўтра ўдзень вернемся. І заправімся заадно.

Рыгор кіўнуў і пачаў плыўна тармазіць. Бліжэйшы ліхтар спыніў набліжэньне, замарудзіў рост і з роўным зьзяньнем застыў на месцы. А калі Рыгор закруціў абаранак дзеля развароту і зноў перасунуў перадачу, рухавік заглух. Павярнуўшы колькі разоў ключ у замку, Рыгор адкінуўся і з прыкрасьцю ляпнуў сябе па каленях.

– Прыехалі! Ну што... Пайду зірну ў багажнік – раптам тамака запасная каністра.

Ён адчыніў дзьверы, з чаго ў столі кабіны запалілася слабая жоўтая лямпачка, і выскачыў у цемру, а праз імгненьне зьявіўся і зьнік у сьвятле фар. «Нібы ведаў, што будуць непрыемнасьці», – Лявон уздыхнуў і ўладкаваўся ямчэй у куце паміж сядзеньнем і дзьвярыма.

– Чуеш! Тутака поўная машына грошай! – даляцеў да яго голас Рыгора.

– Так, зараз гэта асабліва значна... – млява мармытнуў Лявон сабе пад нос.

За гэты доўгі дзень ён вельмі стаміўся, і цяпер яму нарэшце зрабілася ўсё роўна. Невыразна ўспомнілася, што ён ня піў соку цэлы дзень, праглынулася. Ён заплюшчыў вочы і пачаў драмаць, паклаўшы галаву на бакавое шкло. Але не прайшло і хвіліны, як Рыгор стукнуў косткамі пальцаў у шкло звонку.

– Зноў сьпіш?

Лявон сьцепануўся і падняў галаву. Павекі зьліпаліся, кабіна двоілася, і ён, пазяхаючы, цёр вочы кулакамі. Аўтобус пахіснуўся – гэта Рыгор ізноў сеў на кіроўчае месца.

– Няма бэнзіну. Затое грошай шмат. Інкасатары – нябедныя хлопцы! – голас Рыгора быў аптымістычны і бадзёры. – Ну, што рабіць будзем? Пайшлі, пройдземся да бліжэйшае бэнзакалёнкі!

– Давай лепш заўтра, – прапанаваў Лявон, з прыкрай адзначыўшы ўмольнасьць сваёй інтанацыі. – Я стаміўся і спаць хачу. Дый позна ўжо, цёмна.

– Вось скажы мне, Лявон, – нечакана раззлаваўся Рыгор, – ты зараз будзеш спаць, а мне што рабіць? Доўбні ганяць? Якога ліха ты заўсёды сьпіш? Ніхто ня сьпіць, а вось ты ўвесь час сьпіш! Вось патлумач мне!

– А сам? Чаму ты ўвесь час жрэш? – ускіпеў у адказ Лявон, зь сілай выгаварыўшы неўласьцівае і непрыемнае яму, грубае слова «жрэш». – Ты хоць аднаго чалавека бачыў, каб столькі еў? Празь цябе потым дробкі, і гэты гідкі тлушч на вуснах, і паскудны піўны пах! Я дзіўлюся, як табе не зьневажальна праглынаць ўнутар гэтую перажованую, змочаную сьліною брыду?

Вочы Рыгора загарэліся, кулакі сьціснуліся, і ўсё ягонае цела ператварылася ў спружыну, як у дзень апошняе сваркі з татам. Ён адчуў, што зараз адным ударам расплюшча Лявону вусны і зубы, але той дадаў:

– Успомні, хто выцягнуў цябе зь вязьніцы? На тваім месцы я паводзіўся б сьціпла, хоць першым часам.

І Рыгор садзьмуўся, як паветраны шарык.

– Выбачай, братка.

Яны памаўчалі хвіліну, гледзячы ў розныя бакі, і Рыгор паўтарыў:

– Прабач. Давай, сьпі, калі хочацца. Ты сьпі, а я за бэнзінам схаджу. І соку табе прыхаплю.

Лявон хмыкнуў. Рыгор замірэнча крануў яго за калена і ціхутка засьпяваў песьню, нейкую новую, якую Лявон раней ня чуў. Здаецца, словы былі нямецкія, але гэта быў ня Шубэрт. Сварка згладзілася, здалася сьмешнай і бессэнсоўнай. Лявон падцягваў сьпеў мыканьнем. Стала хораша, але сумна: у мэлёдыі адчуваўся выразны густ трывогі.

Калі песьня скончылася, Рыгор падміргнуў Лявону і выскачыў у цемру. «Чакай, Рыгору, хто гэта быў?» «Гэта Малер, я яго добра ведаю. Трохі ўплывае, га? Пасьпяваем яшчэ!» Ляпнулі дзьверы, сьвятло ў кабіне згасла, і неўзабаве таямнічыя зялёныя кружочкі і стрэлачкі прыбораў выявіліся зноў.

* * *

Калі Лявон прачнуўся, ўжо разьвіднела. Вокны кабіны спрэс запатнелі драбнюткімі сьветла-шэрымі парасінкамі. Ён правёў тыльным бокам далоні па лабавым шкле, і пад ягонай рукою сабраліся раўчукі, пабеглі ўніз. Звонку была ясная раніца – сонца, яшчэ нізкае, асьвятляла толькі верхавіны ялін леваруч дарогі. Лявон адчыніў дзьверы, саскочыў на дарогу і быццам абмыў твар халоднай вадой – да тога сьвежае было паветра. Ён удыхнуў халодны струмень, і па скуры пабеглі золкія мурашкі.

– Што, выспаўся?

Рыгор сядзеў ля тоўстае яліны непадалёк стаянкі. Убачыўшы Лявона, ён пацягнуўся і ўстаў, атрасаючы дробкі з жывата і нешта дажоўваючы.

– Бач, я гадзіны дзьве тупаў у бок Менску, але нічога не знайшоў. Ані заправак, ані паказальнікаў, нічога! Вярнуўся вось. Мо памятаеш – мы ўчора пасьпелі разьвярнуцца ці не? Мо я ня ў той бок пайшоў?

– Па-мойму, мы не разьвярнуліся, – мовіў няўпэўнена Лявон і паказаў: – Менск мусіць там, а Брэст – вунь там.

Яны разам паглядзелі спачатку туды, потым сюды, але бакі нічым не адрозьніваліся. Сьветла-шэры асфальт зь перарывістай белай паласою, высокі нерухомы лес.

– Мабыць, надта далёка ад'ехалі. Паўгадзіны на хуткасьці сто – гэта ж дзесяць часоў хады... Нядзіўна, – Рыгор пачухаў сабе грудзі і скрывіўся. – Памыцца б! Дзёўбнула нас глядзець на гэтыя аўтобусы… Зараз бы дома сьнедалі.

Памаўчалі.

– Ну... Пайшлі наперад, ці што? Можа трапіцца якая вёска.

– Пайшлі! Што яшчэ рабіць.

Перад тым, як выправіцца, Рыгор расчыніў заднія дзьверы аўтобуса і паказаў Лявону свае знаходкі: акрамя гурбы чорных тканкавых торбаў з грашыма, там выявіліся колькі вялізарных пакункаў з салодкімі кукурузнымі палачкамі, ліхтарык, зялёны парасон і помпа для ровару. Рыгор напёрся, каб Лявон набіў свой заплечнік далярамі – на ўсялякі выпадак – а сам узяў пад паху кукурузныя палачкі.

* * *

У пачатку шляху яны гучна сьпявалі ўсё, што маглі ўспомніць, потым Рыгор расказваў анэкдоты і турэмныя байкі, а потым пайшлі моўчкі. Дзеля забаўкі стараючыся наступаць туфлямі роўна на белую паласу, Лявон разважаў пра ўсё, што бачыў і чуў за апошнія дні, асабліва пра сваю размову са сьвятаром. За горадам – пекла?.. Сонца стаяла высока, сьпявалі птушкі, уздоўж дарогі пырхалі матылі, праносіліся мухі, завісалі на месцы нейкія казуркі накшталт пчолаў, але паменей. Аднаго разу нізка над дарогай з шоргатам праляцелі дзьве вялікія качкі. Усё гэта слаба нагадвала пекла і супакойвала. Рыгор таксама быў цалкам бясхмарны – ён скінуў красоўкі ды йшоў цёплым асфальтам басанож, з задавальненьнем глядзеў абапал і няспынна падмацоўваўся кукурузнымі палачкамі.

Густыя цёмныя яліны перамяжоўваліся асінамі і бярозамі. Часам зарасьнікі сыходзілі ўніз, перарываліся ровам, а дарога перасякала яго па насыпу. З травы рэгулярна тырчалі квадратныя слупкі з нахільнай чорнай паласой, але без усякіх зьвестак. Адзнакі кілямэтраў? Калі сонца ўстала наўпрост над дарогай, яны зрабілі прывал – збочылі з асфальту і селі пад ценем шырокіх іглістых лапаў. Сагнаўшы зь сябе буйнога рудога мураша, Рыгор сказаў, што па мурашніку можна вызначыць, дзе поўдзень, а дзе поўнач – бо мурашы будуюць свае дамы з паўднёвага боку дрэва. Лявон, ляніва падняўшы бровы, спытаў, чаму гэтак.

– Бо з паўднёвага боку цяплей! – з урачыстасьцю абвясьціў Рыгор. – А яшчэ з паўднёвага боку на дрэвах расьце мох, ён таксама любіць цяпло.

– Скуль ты ведаеш?

– У школе казалі, – Рыгор устаў і агледзеў яліну, але мох рос з усіх бакоў аднолькава.

– Хіба ты ў школку хадзіў? Скуль упэўненасьць?

– Лявоне! Няўжо ты нарэшце пачынаеш жартаваць? Дачакаўся!

Лявон, які і не зьбіраўся жартаваць, крыху падумаў, а потым панура запытаўся пра другое:

– А што, калі мы сюды надоўга трапілі? Што мы будзем рабіць, калі пройдзе застуда? Бо цёпла.

Застуда сапраўды турбавала Лявона. У ягонай галаве трохі шумела, нос быў яшчэ закладзены, але ён пачуваўся нашмат лепей, чымся ў апошнія дні. Рыгор штучна пакашляў і прапанаваў начаваць галяком у траве – ураніцу ляжа раса і так застудзіць, што матка не пазнае. Узгадай, як сёньня было. Яны ляглі і маўчалі.

Праз паўгадзіны Рыгор дахрумсьцеў апошнія палачкі і штурхнуў Лявона. Яны рушылі далей, часам казалі адзін аднаму нешта нязначнае, але абодва адчувалі, як уздымаецца мімаволі трывога.

* * *

Калі сонца пачало хіліцца да захаду, шаша раптам паднялася на горку, асіны і бярозы перамаглі над ялінамі і лес прасьвятлеў. Наперадзе цераз дарогу перакінуліся правады, і, наблізіўшыся, яны ўбачылі шырокую прасеку з высокавальтовай лініяй. Прасека буйна зарасла бясформавымі, безыменнымі паўдрэвамі-паўхмызам, паміж якімі ў абодва бакі ад шашы сыходзілі сьцяжынкі. Лявон і Рыгор рассудзілі, што магістралем яны натупаліся ўжо досыць, і варта паспрабаваць пайсьці ўздоўж электралініі, мусіць жа яна куды прывесьці.

– Направа ці налева?

Рыгор павярнуў галаву туды-сюды, але не знайшоў аніякае розьніцы.

– Давай направа. За сонцам. Больш пасьпеем прайсьці да цемры, – навукова разважыў Лявон.

Прасека

Яны спусьціліся насыпам на сьцежку і акунуліся ў зарасьнікі. У густым гудзеньні правадоў ня чулася ні іхніх крокаў, ні шуму дрэў, ні птушак. Рыгор сказаў, што ў гэтай высокай траве могуць весьціся зьмеі і абуўся. Часам сьцяжынка гублялася, і, рассоўваючы рукамі пругкія галіны, Лявон азіраўся назад, каб не хваснуць Рыгора па твару. Празь нейкі час Рыгор адстаў, а потым радасна паклікаў Лявона – ён знайшоў маліны. Лявон спыніўся і назіраў, як ён есьць. Думкі марудна вагаліся: «запэцканыя ў чырвоны сок пальцы... ягады складаюцца з маленькіх шарыкаў…» Яшчэ Лявон думаў пра малюнак уласных сьлядоў на мапе, які пускаў зараз доўгі і тонкі самотны парастак.

– Чорт! Чарвяк! – абурыўся Рыгор, адплёўваючыся. – Тоўсты, жоўты! Скаціна! Бач ты, і тут чарвякі водзяцца.

– Ага... І паспрабуй адгадай, хто яшчэ можа весьціся ў гэтым лесе, – шматзначна сказаў Лявон. – Ну што, наеўся? Рушымо далей?

– Хто яшчэ можа весьціся? Ты каго маеш на ўвазе? Ваўкоў зь мядзьведзямі? – Рыгор паспрабаваў ісьці побач зь Лявонам, але ўдваіх на вузкай сьцежцы было цесна.

– Мядзьведзі – гэта было б надта проста і будзёна для нашага дзіўнага сьвету.

– Маньякі? Мярцьвякі? – засьмяяўся Рыгор. – Слухай анэкдот! Сустрэліся аднаго разу Хічкок, Рамэро і Фасбындэр – і паспрачаліся, хто даўжэй на могілках уночы вытрымае. Прыехалі апоўні на могілкі і разыйшліся па розныя бакі. Першы ня вытрымаў Хічкок – праз гадзіну выбягае і галосіць: «Мама!» Праз дзьве гадзіны выбягае Рамэро: «Ратуйце!» А Фасбындэра чакалі-чакалі, дый не дачакаліся, ён толькі ўраніцу зьявіўся, заспаны. Хічкок і Рамэро пытаюцца: як гэта ты не спалохаўся? Ты ж на’т аніводнага фільма жахаў не зрабіў? Фасбындэр адказвае: затое я зрабіў шмат нудных фільмаў. Ад іх нават мёртвы ўцячэ.

Лявон паківаў. Чаму ў тваіх анэкдотах абавязкова хтосьці з кімсьці сустракаюцца і пра нешта спрачаюцца? І што гэта наогул за людзі? Рыгор адказваў, што зусім ня ўсе ягоныя анэкдоты гэткія, ёсьць і іншыя; людзі ж гэтыя – славутыя рэжысёры.

Цямнела. Лявон прапанаваў шукаць дзе начаваць, пакуль яшчэ хоць нешта відаць. Каб не калоцца сухой ігліцай, яны ўладкаваліся пад тоўстым старым дубам, наводдаль сьцяжынкі, на мяжы лесу і прасекі. Распрануўшыся па майткі, каб добра застудзіцца, і паадкідаўшы ў бок жорсткія жалуды, яны апусьціліся ў густую нізкую траўку і ляглі на сьпіну. Рыгор нягучна засьпяваў «Ляснога цара».

* * *

Ужо была глыбокая ноч і цемра, калі Рыгору раптам стала пранізьліва холадна і самотна. Ён прыслухаўся да левага боку, спрабуючы ўлавіць Лявонаў подых праз лёгкі шолах лісьця зьверху і гудзеньне правадоў. Цішыня. Рыгор асьцярожна падаў руку, але пальцы кранулі толькі халодную траву. «Ляво-оне», – ціхутка паклікаў ён, спадзяючыся пачуць у адказ хоць мармытаньне ці сонны чмых. Рыгор закашляўся і сеў, абдымаючы сябе за плечы, каб угрэцца. «Куды ён мог падзецца?»

– Лявоне! – хрыпла крыкнуў ён, – Лявоне! Дзе ты?

Ён памацаў зямлю вакол і знайшоў сваю вопратку, складзеную акуратным стосам. Плюнуўшы на застуду, ён пачаў нацягваць суколку, але спачатку заблытаўся ў рукавох, а потым выявіў, што надзеў яе задам наперад – каўнер ціснуў шыю. Перагортваючы суколку, ён раптам пачуў крокі і замёр.

Крокі чуліся з боку прасекі, і гэта былі не Лявонавы крокі. Напалову прасунуўшы галаву ў каўнер, Рыгор роспачна ўслухоўваўся. Крокі то паскараліся, то запавольваліся, і былі б падобныя да хады дужа п'янага чалавека, які зь цяжкасьцю трымаў раўнавагу, калі б ня іхная сухая лёгкасьць і шпаркасьць, часам нават тапатаньне. «Сабака? Бегае сьцежкай, абнюхвае кусты, тады-сяды спыняецца, каб падняць нагу? Але хіба сабакі бегаюць у поўнай цемры? Халера іх ведае…» Ззаду пачулася далёкае буханьне, і Рыгор абліўся халодным потам, адначасна разумеючы, што гэта хутчэй за ўсё птушка – сава ці які пугач. Крокі таксама замёрлі, а потым з прасекі пачулася касьцёвае лясканьне, празь якое сэрца Рыгора ўпала кудысьці ўніз жывата. «Шкілет! Чорт, гэта жа шкілет!!» Крокі аднавіліся, пагрозьліва павольныя.

Рыгор сьцяўся ў тугі камяк, сьцяў зубы. «Лявон?.. Што яны зрабілі зь ім?.. Як гэта ён сказаў – паспрабуй здагадайся, хто яшчэ можа весьціся ў гэтым лесе... І як я выпусьціў момант, калі яны яго пацягнулі? – Рыгор адчуў гарачы жаль за Лявона і сорам за сябе. – Бегчы туды? Можа, яго яшчэ ня позна выратаваць? – Але ён ня здолеў нават зрушыць рукой, жах быў дужэйшы за яго. – Які ж я ідыёт, што ня ўзяў калаша!» У роспачы ён засьпяваў пра сябе «Ліпу», бязгучна ляпаючы вуснамі і адчуваючы, як музыка напаўняе яго мужнасьцю. Крокі зноў паскараліся, запавольваліся, потым аддаліліся і пакрысе зьніклі, але Рыгор яшчэ доўга не адважваўся нават варухнуцца.

* * *

Прайшла вечнасьць, потым яшчэ адна і яшчэ адна. Ноч канчалася. Паветра зрабілася вадка-шэрае, вакол праступілі абрысы дрэў, а зьлева абазначылася постаць Лявона, які скрукаваўся ўва сьне. Тады, у цемры, Рыгору не хапіла дзясятку сантымэтраў, каб дацягнуцца да яго. Каб праверыць, ці не падманваюць яго вочы, ён пасунуўся да Лявона і крануў яго за халодную нагу. Нага тарганулася. Камень ссунуўся з грудзяў Рыгора, яму стала сьветла, спакойна і радасна: Лявон жывы, а ён невінаваты! Ён глыбока ўздыхнуў і ўстаў, каб надзець джынсы і красоўкі. «Але ўсё ж такі якая шуя! Ён спаў, а я тут марцьвеў сам-адзін!»

– Прачынайся! – ён штурхнуў Лявона ў пятку. Раздражненьне і злосьць.

Лявон падняўся на локці і адразу задрыжаў.

– Дзе мая кашуля? Т-так, застуда атрымаецца добрая, – сказаў ён, чхнуў і пачаў пасьпешліва адзявацца.

– Як спалася? Нічога ня чуў?

– Не, а што?

– Хтосьці хадзіў вакол нас. Дзіўныя такія крокі, быццам нейкі шкілет, – сказаў Рыгор сур'ёзна, але змоўк, зразумеўшы па погляду Лявона, што той чакае пачуць чарговы анэкдот.

* * *

Удзень ізноў жарыла, і Рыгор зьдзеў суколку, з агідай адзначыўшы брудны каўнер. Апошняга разу ён перадзяваўся каб пайсьці ў Опэру, два ці тры тыдні таму. «Вось халера! І куды мы шыбуем? І навошта?» Ён патрос галавой і крыкнуў Лявону, які крочыў наперадзе:

– Гэй, Лявоне, пайшлі назад! Здаецца, акрамя Менску сапраўды нічога няма. За два дні дабярэмся. Чуеш, Лявоне? Я хачу ў лазьню!

– Пачакай… – Лявон прайшоў яшчэ з паўсотні крокаў і паказаў рукою наперад, – Глядзі!

Прасека плаўна сыходзіла ўніз, адкрываючы агляд: лес наперадзе радзеў і саступаў, праваруч віднелася прасёлкавая дарога, а за ёй цямнела нейкая драўляная пабудова. Паскорыўшы крок, яны пачалі спускацца. Рыгор, павесялеўшы, уголас фантазіяваў на тэму вясковае лазьні і самагонкі, а Лявон маўчаў і неспакойна азіраўся. Усё вакол было дзіўнае і смутна знаёмае, ён нібы бачыў гэта раней ува сьне.

Драўляная пабудова сталася закінутай адрынай на краю мястэчка, углыб якога бегла дарога. Абапал стаялі рознакаляровыя аднапавярховыя хаткі, зь нізкімі платамі, кветнікамі, бярозкамі і лаўкамі.

– Рыгор, гэта ж Кляновіца! – мовіў Лявон зь нейкім незразумелым жахам.

– Кляновіца? Вёска так называецца? Дзе ты прачытаў? – Рыгор углядаўся ў хаткі, але яго хвалявала ня назва, а шыльда прадуктовае крамы ўдалечыні.

– Гэта ж мая вёска! Я тут нарадзіўся! – Лявон ледзь не крычаў.

– Дык добра! Чаго хвалявацца? Усе супэр! Нарэшце! Бачыш, інтуіцыя вывела цябе да роднае вёскі, – Рыгор радасна пацягнуўся і падміргнуў. – Пайшлі ў краму, возьмем пажаваць чагосьці.

– Гэтага быць ня можа! Першае, я ўпэўнены, што мінуласьці не йснуе, і таксама не йснуе ніякае Кляновіцы!..

– Дый ліха на іх, на ўсіх гэтых навукоўцаў, міністраў і сьвятароў, – зарагатаў Рыгор, – яны самі нічога ня ведаюць. Зусім табе галаву затлумілі! Яны табе, а ты мне. Бачыш, насамрэч і мінуласьць ёсьць, і жыцьцё па-за Менскам ёсьць. Памятаеш анэкдот...

– Другое, мы не маглі сюды гэтак скора дабрацца! – перапыніў Лявон. – Гэта ж Гомельская вобласьць!

– Ну дык што? Мы ж колькі на машыне ехалі, а зараз тупаем ужо другі дзень. Пайшлі, я піць хачу!

Да Рыгора вярнулася былая ўпэўненасьць, і Лявон разгублена пайшоў за ім, гледзячы на платы. З глыбінь сьвядомасьці ўсплывалі ўспаміны, то смутныя, то выразна-яркія. Ён ужо пачаў спадзявацца, што ўсе ідэі Пятруся былі выдумкай. Тэорыя не пацьвердзілася? Вось яна прастора, вось ён час – роднае мястэчка і цэлае жыцьцё, пражытае тут. Гэтай дарогай яны зь сябрамі хадзілі па грыбы, а ў старым хляве хаваліся і ўпотай курылі... Ці ня ў гэтым хляве? Вось тут, здаецца, раней штолета гатавалі дровы, і зямля была па костачкі абсыпаная бледна-жоўтым пілавіньнем. Так – нават трава на гэтым месцы слаба расьце. А вось тутака, пад плотам, пад вялізарным лопухам, ляжаў мяч! Нібы выразны здымак перад вачыма – пругкі гумовы мяч у чырвона-сіне-белую паласу пад тоўстым, валасатым зьнізу лісьцем. Лявону ўявіўся гук, што адбываецца праз удар нагой па гумоваму мячу, і адчуваньне ўдару ў назе, абутай у карычневую сандалю. А ў гэтай краме ніколі нічога не прадавалі, акрамя хлеба, цыгарэт і гарэлкі, але аднойчы завезьлі жвачкі з малюнкамі пад кожным фаньцікам – і яны ўцяклі з урокаў, каб пасьпець купіць.

Рыгор ужо выходзіў з крамы, пераможна ўздымаючы над галавой бутэльку зь півам. Ён адкаркаваў яе аб выцьвілую раму старэнькае тэлефоннае будкі, і з бутэлькі шуснула шума, заліваючы яму рукі і джынсы.

– Халера! – весела выялаўся ён і зрабіў доўгі глыток. – Ну, дзе твая хата, Лявоне? Вядзі ў госьці, калі ўжо прыйшлі!

* * *

Лявонава хата стаяла ў цяністым завулку, за зялёнай, крывенькай драўлянай брамай. Колькі Лявон сябе памятаў, яна ніколі не адчынялася, створкі праселі пасярэдзіне і ўрасьлі ў зямлю. Лявон ужо зусім супакоіўся і адчуваў цяпер толькі прыемнае хваляваньне. Вяртаньне дадому! Каб адкрыць весьнічкі, трэба было націснуць клямку, якая падымала зашчаўку з унутранага боку. Зашчаўка ляснула, весьнічкі рыпнулі і адчыніліся. Яны прайшлі ўва двор. У гарачых сонечных промнях са звонам праносіліся мухі, у кветніку стракаталі конікі. Дзьверы ў хату былі адчыненыя, на верандзе чуўся звон посуду і шкварчэньне алею на патэльні.

На ганак, выціраючы рукі аб зялёны фартух, выйшла матуля. Яна пафарбавалася ў сьветла-руды колер, схуднела і выглядала сьвежа і молада. Лявон зьнямеў і толькі глядзеў на яе ўва ўсе вочы.

Маці

– Лявоне! – пляснула яна рукамі, – Дачакаліся! Я ўжо думала ты зусім пра нас забыў! Зьбіралася паехаць да цябе, даведацца што ды як. Здаў свае іспыты нарэшце? Неўзабаве і лета скончыцца, а ты ўсё вучысься! А гэта хто, аднакурсьнік?

– Добры дзень! Мяне клічуць Рыгор, мы зь Лявонам сябры, – весела назваўся Рыгор і штурхнуў Лявона ў бок: – Як тваю матулю клічуць?

– Кліч мяне цёця Ганя, сынку. Хадзем у хату, якраз бульбачка пасьпела! Заходзьце, ну! – і яна схавалася ўнутры.

* * *

Пасадзіўшы Лявона і Рыгора за прахалодны стол на кухні, якая здавалася цёмнай пасьля сонечнай вуліцы, матуля завіхалася вакол іх зь бясконцымі рондалямі, слоікамі, талеркамі, лыжкамі, відэльцамі. На стале зьявіліся міскі з кіслай капустай, маласольнымі агуркамі, салёнымі памідорамі, сьвежым лукам, бутэлька гарэлкі, сподачак зь цёртым хрэнам, кошык з чорным хлебам, слоік са сьмятанай, збан зь вішнёвым узварам, дошчачка з нарэзаным салам, акружак з гарчыцай. Рыгор зь зіготкімі вачыма ўжо ўпісваў хлеб з салам і лукам, а на настойлівую матчыну прапанову паесьці спачатку шчаўя адказаў глыбокім і сур’ёзным кіўком.

– А ты што ж сьмятанкі не дадаў, Лёвутка? Дайкася, яечка пакладу табе, – мама паклала яечка, ласкава дакранулася да ягоных валасоў і зноў пабегла на веранду, рэзаць кроп.

– Лёвутка? Ха-ха, я таксама цябе Лёвуткам клікаць буду, – усьміхаючыся набітым ротам, падміргнуў яму Рыгор.

Шчаўе

Лявон аслупянела сядзеў перад талеркай з гарачым шчаўем і пагладжваў пальцам ложку. Дробны напіс «нерж». Калі ўвайшла маці з кропам у мокрых руках, ён спытаў яе, дзе бацька зь Міколам. Мама спынілася і падрабязна расказала, як яны тога тыдню паехалі да бабулі Марысі ў суседнюю вёску. У бабулі дужа цёк дах, і трэба было яго перабраць, пакуль суха.

– Дык мы ім дапаможам, цёця Ганя! Ці далёка тая вёска? – аўтарытэтна сказаў Рыгор і пацягнуўся за салам.

– Сядзі! – махнула на яго маці, – Паесьці на’т не пасьпелі! Яны і самі неўзабаве скончаць. Колькі там тога даху! Адпачывайце. Апавядзіце лепш, што ў сталіцах адбываецца.

* * *

Выявіўшы, што Лявон смаркаецца і чхае, а Рыгор кашляе, мама распачала дзейнасьць: накарміла абодвух мёдам (і дасачыла, каб Лявон праглынуў ня менш сталовае лыжкі), прымусіла іх па чарзе парыць ногі ў тазіку з гарачай гарчычнай вадой, знайшла дзьве пары тоўстых ваўняных шкарпэтак (а для Рыгора яшчэ і ваўняную хустку, каб завязваць вакол грудзяў), заварыла гарбату зь мяты і сьвятаяньніка, выветрыла пакой і паслала ім чыстую бялізну. Паклала іх у ложкі і пазабараніла выходзіць з хаты да выхварэньня. Лявон не супярэчыў – яго моцна хіліла спаць, а Рыгор, зьеўшы пасьля дабаўкі шчаўя яшчэ поўную патэльню бульбы са скваркамі, быў шчасьлівы і згодны на ўсе.

Матуля села на ложак да Лявона і, пагладжваючы яму калені, пачала грунтоўнае апісаньне свайго мернага жыцьця. Рыгор слухаў, жвава цікавіўся, устаўляў слушныя пытаньні і заўвагі, а Лявон спаў, разявіўшы рот, што надавала ягонаму твару жаласны выраз.