Піліп Ліпень Рабаваньне па-беларуску
Частка 2. Празарэньне

10. Як Лявон ды Рыгор сагналі аўтобус

Намогшы апошнія сілы, Лявон давалок Рыгора, які няспынна захапляўся хараством сьвету, да Парку Горкага. Яны ўладкаваліся на траўцы ля карусэляў, і Лявон скрозь засынаньне назіраў, як Рыгор дазволіў запаўзьці на мезенец даўгаватаму чорна-памаранчаваму жуку-пажарніку і захоплена паварочваў палец пад рознымі вугламі. «Добра праняло», – нават пазайздросьціў Лявон, заплюснуўшы вочы.

* * *

Калі Рыгор растузаў Лявона спытаў, панура мацаючы ягоны заплечнік, ці няма падсілкавацца, было зразумела, што ён крыху адцягнуўся пасьля Шубэрта, і можна сур'ёзна пагутарыць. Прайшло, мабыць, гадзіны дзьве: да вечара яшчэ заставаўся час, але, каб дайсьці завідна да граніцы гораду, трэба было рушыць зараз жа.

– Куды? За горад? – няўхвальна спытаў Рыгор. – Навошта нам туды? Давай лепей зазірнем ненадоўга ў рэзідэнцыю прэзыдэнта. Мне карціць пару разоў грохнуць тамтэйшага міністра галавой аб сьцяну. Шмат часу ня зойме. А потым пойдзем да мяне! Я тут недалёка ўладкаваўся, ля Плошчы Перамогі. У мяне тамака поўны халадзільнік ежы, і піва вагон.

– Дамовіліся, але спачатку прасьпяваем песьню! –прапанаваў Лявон, і Рыгор вылупіў на яго вочы.

Але Лявон адолеў зьбянтэжанасьць – ён адчуваў, што празарэньне Рыгора вось-вось зьнікне, калі ня зьнікла ўжо. «Пятрусь мае рацыю: праз Шубэрта празарэньне атрымалася занадта няўстойлівая». Лявон зацягнуў сваю ўлюбёную «Несказанное, синее, нежное», і Рыгор спачатку патукаў пальцам у скроню, маўляў дурны, але неўзабаве ўслухаўся, памякчэў позіркам і пачаў падпяваць. Яны сьпявалі і паглядалі то адзін на аднаго, то ўверх, дзе ў прагалах паміж бухматымі каронамі дрэў праплывалі павольныя аблокі.

– Чорт зь ім, зь міністрам, – сказаў Рыгор, калі яны дасьпявалі. – Урэшце, я сам вінаваты, што трапіў у вязьніцу. А ён збольшага добры мужык. Хочаш, пазнаёмлю? У яго цукеркі ёсьць.

– Пачакай. Адчуваеш, як тваё стаўленьне да сьвету зьмяняецца пасьля песень?

– Ну... Ёсьць трохі.

І Лявон расказаў яму пра сьпеўнае празарэньне, працу навукоўцаў, канчальнасьць прасторы, сымулякры і несьмяротнасьць. Рыгор моўчкі слухаў, у адных месцах зьдзіўлена матляў галавой, а ў іншых згодна ківаў. Ён правёў рукою па мяккаму калосьсю зуброўкі і далікатна пацягнуў адзін каласок. Тонкая даўгая траўка зь ледзь чутным рыпеньнем выцягнулася зь лісьця, і Рыгор закусіў ейны салодкі белы кончык.

– Слухай анэкдот, – прапанаваў ён, калі Лявон скончыў прамову і змоўк у пачаканку водгуку. – Сустрэліся аднойчы Хайдэгер, Бярдзяеў і Бадрыяр і паспрачаліся, хто болей гарэлкі вып'е. Выпілі першую шклянку. Хайдэгер закусіў смажанай каўбаскай, Бярдзяеў – салёным агурком, а Бадрыяр нічым не закусіў, толькі мармытнуў нешта ў кулак. Выпілі другую шклянку. Хайдэгер і Бярдзяеў ізноў закусілі, а Бадрыяр ізноў нешта мармытнуў. Пасьля трэцяе шклянкі зваліўся Хайдэгер, пасьля пятае зваліўся Бярдзяеў. Прачынаюцца яны ўраніцу і пытаюцца ў Бадрыяра – колькі ты выпіў? Дзесяць. А што ў цябе за словы гэткія чарадзейскія, якія ты ў кулак мармытаў? Усё проста, – сьмяецца Бадрыяр, – апасьля кожнае шклянкі трэба прыгаворваць: гэта не гарэлка, гэта сымулякар!

Лявон паціснуў плячыма, падзівіўшыся на Рыгорава легкадумства ў такую значную хвіліну, і дадаў:

– І мінуласьці мы таксама ня маем. Усё, што мы памятаем – ілюзія. Вось я, калі ўцяміў гэты факт, дык згубіў бацьку і брата...

– А ў мяне наогул аніякае мінуласьці няма, – махнуў рукою Рыгор. – Я заўсёды жыў з татам, працаваў у гаражох, а па суботах хадзіў у лазьню. Вось толькі калі мы з табой пазнаёміліся і банк наважыліся рабаваць, у жыцьці нешта пачало адбывацца. Пацешна…

«Дзіўна, што ён гэтак спакойна ўспрыняў. Мабыць, таксама асаблівасьць Шубэрта, – зьдзівіўся Лявон, а потым яшчэ падумаў: – Ягонае жыцьцё зьмянілася, толькі калі ён пазнаёміўся са мной? Што, я нейкі асаблівы? А можа, я і ёсьць той промень сьвету, пра які казаў сьвятар? Я спушчуся ў пекла і выратую ўсіх!» Ён патрос галавой, каб адагнаць шалёную думку. Думка адагналася, але пакінула пасьля сябе ўзрушанасьць і жаданьне дзеіць. Ён устаў і патупаў нагамі.

– Дый наогул, жаліцца няма пра што, – разважаў тым часам Рыгор. – Вядома, нядрэнна было б мець жонку і аўто, але ці ня ёсьць гэта ўрэшце гемарой? З жонкай кахаешся паўгадзіны на дзень, а ў астатні час яна цябе пілуе. А машына? Навошта яна патрэбная, калі сьпяшацца ўсё роўна няма куды? Лепей пешшу прайсьціся. Тлушчу менш будзе, – ён зарагатаў і пляснуў сябе па чэраву. – А грошы? Наогул глупства! Працаваць дзеля грошай, каб потым на іх купляць жанчын, машыны і ежу?

– Што ты трызьніш! – спыніў яго Лявон, а сам сабе панаракаў на Шубэрта яшчэ раз. – Ці можна казаць пра тое, чаго не спрабаваў? Нельга сядзець склаўшы рукі!

– Запраўды? – пакепліва запярэчыў Рыгор, – Прапануеш аднаўляць таварна-грашовыя зносіны, як тое раяць афіцыйныя асобы? Хай сабе ў дупу дунуць! Годзе мне.

– Я прапаную дасьледаваць сусьвет! Навука лічыць, што за граніцай гораду нічога няма, а рэлігія сьцьвярджае, што там – пекла. Хіба табе не цікава спраўдзіць самому? У першым выпадку мы станем адважнымі дасьледнікамі-піянэрамі, у другім – сынамі Госпада, што праліваюць сьвятло ў юдолю вечнага смутку.

– Ну вось, панесла цябе! Добра памятаю, якія ты тэорыі складаў наконт рабаваньня, зусім супэр. Што мы заб'ем усіх банкіраў і касіраў і зробімся сьвятыя, – Рыгор крэкнуў і раптам спахапіўся: – Дарэчы! Я, пакуль сядзеў у вязьніцы, ну гэта значыць у музэі, нудзіўся і жыцьцё ўспамінаў. Асабліва рабаваньне. Такое ня кожны дзень адбываецца, можа наогул раз у жыцьці! Карацей, успамінаў нашы вычыны і адну дзіўную рэч выявіў. Памятаеш лесьвіцу ля ўваходу ў банк? – Лявон кіўнуў. – А памятаеш, як мы спускаліся зь яе ўніз, у Апэрацыйную залю? – Лявон кіўнуў. – А памятаеш, што было пад лесьвіцай?

Лявон, ссунуўшы бровы, спрабаваў успомніць. У задуменнасьці ён дастаў хустачку і высмаркаўся.

– Плот нейкі, быццам...

– Дакладна! А за плотам што? Лявоне, за плотам былі аўтобусы! Інкасатарскія аўтобусы! Тады мы на іх увагі не зьвярнулі – нам здавалася гэта звычайным. А потым забыліся, не да тога было!

– Ты перакананы, што там былі аўтобусы? – Лявон недаверліва паглядзеў на яго.

– Мамай клянуся! Зуб даю!

Цяпер і Рыгор узбудзіўся. Мабыць, думка пра аўтамабілі моцна ўплывала на яго нават скрозь празарэньне. Ён падхапіўся з травы і прапанаваў зараз жа выправіцца да банку, каб спраўдзіць існаваньне аўтобусаў. Лявон завагаўся. Сёньня ён плянаваў выведаць, што знаходзіцца на краю гораду ў раёне ўсходу, і вярнуцца начаваць у бібліятэку – яму карцела правесьці ноч на бібліятэчным даху. Але пабачыць рэчыўныя машыны таксама было б значным укладам у навуку. Да тога ж, банк таксама знаходзіўся зусім недалёка ад граніцы гораду, і Лявон памеркаваў, што ўпрасіць Рыгора на лішнія паўгадзіны шпацыру будзе нескладана. У горшым выпадку можна вярнуцца ў бібліятэку заўтра.

* * *

Лявон нават цяпер памятаў пра свае сьляды: ён запытаўся ў Рыгора, ці няма да банку іншае дарогі, акрамя праспэкту Дзяржынскага, і, даведаўшыся, што можна прайсьці Чыгуначнай вуліцай, наперся, каб яны рушылі менавіта так. Рыгор падумаў, што Лявон хоча толькі выйграць час; ён паціснуў плячыма і сказаў, што плюс-мінус пяць хвілін нічога ня зьменяць. Атрасаючы з вопраткі траву і лісьце, яны выйшлі з парку. Збочыць з праспэкту, каб раптам не сутыкнуцца са спэцназаўцам, Рыгор адмовіўся цьвёрда, узгадаўшы аргумэнты кшталту «ўсе людзі – браты», «дабро перамагае зло», «на бяззбройнага на’т у жандара рука не падымецца». На благі канец, калі ўжо нічога не дапаможа, Рыгор паабяцаў «раскравяніць яму пысу».

– Ты ж кажаш мы несьмяротныя? Значыць, ён мяне ня здолее застрэліць. Вось і разаб'ю яму ўсё рыла!

І Рыгор, папрасіўшы Лявона крыху пачакаць, забег у гастраном «Цэнтральны». «Трэба часьцей сьпяваць, штогадзінна, як Пятрусь раіў. А то ён нейкі злосны робіцца», – думаў Лявон, прысеўшы на бераг падмурка і гледзячы на неба ўзвыш дамоў. Лявона смажыла, але ў галаву яму прыйшла ідэя яшчэ аднаго экспэрпаня – на падставе слоў сьвятара, што чалавек ня мае ніякіх патрэбаў. «Цікава, колькі я здолею ня піўшы?.. Але навошта піцьцё – спачатку можна зьведаць, ці патрэбнае мне паветра!» Лявон затрымаў подых, але тут зьявіўся Рыгор зь дзьвюма торбамі, поўнымі півам, чыпсамі і вэнджаным сырам. Рыгор, зірнуўшы на Лявона, раптам зарагатаў.

– І доўга ты маешся яго насіць? – ён таргануў Лявона за рукаў сарафана. – Ат, не здымай! Табе вельмі пасуе!

Але Лявон ужо сьцягваў яго, забыўшыся пра подых. Ён туга згарнуў сарафан, сунуў яго ў заплечнік і мовіў, што ня варта губляць час, трэба ісьці. Яны рушылі. Шляхам Рыгор доўга і грунтоўна насычаўся, з выглядам сур'ёзным і засяроджаным, а Лявон пазіраў на яго і чакаў зручнага моманту сьпяваць. Нарэшце, абмінуўшы плошчу Незалежнасьці і спыніўшыся на мосьце праз чыгунку, яны яшчэ раз прасьпявалі «Несказанное, синее, нежное», і потым Лявон спытаў:

– А вось скажы мне, няўжо табе ніколі раней не даводзілася слухаць Шубэрта або Сільвэстрава? Ты ж гэткі вялікі аматар музыкі?

– Сільвэстрава дакладна ня чуў. А Шубэрт – ну што Шубэрт? У мяне ёсьць пару ягоных сымфоніяў, але ён нейкі вадкаваты, размаху ня мае. Іншая справа – Бэтховэн, прыкладам. Тым больш, дзеля ўсіх гэтых празарэньняў трэба было песьні слухаць, а я іх ня надта шанаваў, мне сымфанічнае болей даспадобы.

– А тата?

– Тата? Тата – добры чалавек, але нічым, акрамя барока, яго не зачэпіш. Песьні ён аніякім парадкам слухаць ня стане. Вось канцоны – гэта ён любіць. Ці кантаты.

Далей яны шыбавалі моўчкі, кожны сам у сабе. Лявон напяваў Ясенінскі верш, глядзеў некуды ўгору і пасьміхаўся. Рыгор думаў пра аўтобусы і пяўся зразумець, ці зможа ён кіраваць машынай. Ён падняў перад сабой кулакі, сьціснуўшы ўяўны абаранак, потым апусьціў правую руку на рычаг перадач. А ўнізе, пад нагамі, понажы. «Здаецца, змагу. Паеду!» – і гэтая думка зрабіла яго даканцова шчасьлівым.

* * *

– Глядзі! Сапраўды стаяць! – усклікнуў Лявон, калі яны наблізіліся да банку.

Пад мастком, за жалезным плотам, пэўна віднеліся жоўтыя аўтобусікі зь зялёнымі палосамі па бакох. Рыгор разьвёў рукамі і ўсім сваім выглядам выказаў Лявону маўклівую крыўду за недавер.

 – Слухай, Рыгору, – раптам сьцяміў Лявон, – Можа пракоцімся на машыне за горад?

– Ды мы куды захочаш пракоцімся! Толькі не сьпяшайся. Трэба спачатку пагутарыць з гэтым дупкам, дырэктарам, – рагатнуў Рыгор. – А то ён ізноў на дах палезе, спэцназ клікаць.

– Добра. Але давай дамовімся, што ты ня будзеш яго біць, – Лявон зморшчыўся, падумаўшы аб грубасьці і гвалту.

– Біць? Навошта? Дзедаўскія мэтады! Я не дурнейшы за цябе. Ужо навучыўся, як зь людзьмі пыніцца, – Рыгор зірнуў на Лявона па-змоўніцку і дадаў: – Дупка.

Лявон занепакоена глядзеў на яго, але Рыгор так лагодна ўсьміхаўся, што «дупцы» наўрад ці маглі пагражаць сур'ёзныя непрыемнасьці. Слова насьмяшыла Лявона, і ён чмыхнуў. Рыгор таксама чмыхнуў, і, як гэта часам бывае, беспадстаўны сьмех цалкам авалодаў імі. Яны сьмяяліся, глядзелі адзін на аднаго, заражаліся весялосьцю ўсё больш і больш, а потым, не змаўляючыся, пабеглі лесьвіцай уніз, пад масток, да ўжо знаёмае Апэрацыйнае залі. З рогатам яны дамчаліся да ўваходу, і Рыгор, на крок апярэдзіўшы Лявона, з пляча пляснуў далоньню ў дзьверы, сьцьвярдзіўшы сваю перамогу. Зь цяжкім подыхам яны ўваліліся ўнутар і заціхлі, зрабіўшы адзін аднаму вялікія вочы і прыклаўшы паказьнікі да вуснаў.

З часу рабаваньня там мала што зьмянілася – зьнявечаныя стрэльбішчам касавыя стойкі, пабітае шкло, глыбокія сьляды куляў на сьценах. Толькі з падлогі былі прыбраныя трэскі і аскепкі, яе падмялі ды чыста вымылі. Рыгор абышоў стойку і з хіхікамі, на дыбачках, накіраваўся да службовага калідору. Лявон краўся за ім, але спыніўся і зазірнуў у тую кабінку, дзе яны мінулым разам засьпелі дырэктара. На стале стаяў канцылярскі набор з алоўкамі і сашчэпкамі, пару збанкоў з кактусамі, ляжаў разгорнуты на маляўнічым фотаздымку часопіс «Вакол сьвету», а да сьценкі была прымацаваная кнопкамі вялікая мапа сусьвету ў форме двух кругоў. Агляд перапыніўся грукатам і крыкамі з калідора:

– Лявоне! Сюды! Трымай дупку!

Лявон хутка адкалупнуў пазногцем кнопкі, зьняў мапу, склаў яе па лініях згіну і сунуў у кішэню заплечніка. Трыма крокамі ён ускочыў у знаёмыя дзьверы прымальні і ўбачыў, як Рыгор сьцягвае дырэктара з падваконьніка. Мабыць, той ізноў спрабаваў выскачыць у вакно і залезьці на дах.

– Пусьціце! Крымінальнік! Ведаеце, колькі вам дадуць за рэцэдыў?

Дырэктар, які па-ранейшаму красаваў у сьветлай куртцы па-над гарнітурам, упіраўся і брыкаўся, але Рыгор трымаў моцна. Ён штурхнуў дырэктара ў фатэль і загадаў Лявону знайсьці якую вяроўку, каб зьвязаць палоньніку рукі. Лявон агледзеўся абапал, адчыніў і зачыніў дзьверцы шафы, запоўненае пульхнымі папяровымі тэчкамі, зазірнуў у скрыні стала, але нідзе нічога прыдатнага не знаходзілася. У выніку яны скарысталі гальштук у сінюю паласу, зьняты з дырэктара. Рыгор зьвязваў яму рукі за сьпінкай фатэля і прыгаворваў:

– Што ж ты, пачвара, думаў, я зь вязьніцы не ўцяку? Думаў, можна так наўпрост асудзіць чалавека? Дык зараз клямка табе!

Завязаўшы апошні вузел, Рыгор абышоў фатэль сьпераду і нахіліўся да дырэктара, каб зазірнуць яму ў вочы, але той накіраваў погляд кудысьці направа ўверх і пагардліва жмурыўся. Зь іхнае першае сустрэчы дырэктар зьмяніўся: тады ён лёгка запалохаўся, а зараз трымаўся горда і задзірліва. Мабыць, ён дужа перажываў за сваё тагачаснае прыніжэньне, шмат разоў пракручваў яго ў галаве і пакутваў, што паводзіў сябе не па-гэройску. І цяпер, калі нечакана зьявілася мажлівасьць рэабілітавацца, ён масьціўся скарыстацца ёю ў поўнай меры – так разважаў Лявон.

Рыгор выпрастаўся, пацягнуўся ўгору і пачаў па чарзе хрумсьцець суставамі пальцаў, нетаропка і тэатральна. Уплыў песень, відавочна, зноў саслабеў, і вось-вось мог пачацца гвалт. Але тутака на Рыгора напаў кашаль, ён мусіў адысьці ад свае ахвяры і сесьці на канапку побач з уваходам. Адкашляўшыся і ўцёршы сьлёзы, ён сказаў дырэктару:

– Ты паступіў подла, як брыдкі здраднік. Але я табе дарую. Памятай маю дабрыню! І ягоную дабрыню таксама, – Рыгор кіўнуў у бок Лявона, які выціраў хустачкай нос.

Здраднік не адводзіў прыжмуранага погляду ад столі, хоць відавочна хваляваўся – калі Лявон пляснуў у ладкі, каб зьведаць ягоную рэакцыю на нечаканы гук, дырэктар здрыгануўся, хутка скасіў на яго позірк і адразу ж падняў назад. Рыгор, які назіраў за сцэнай, пагардліва працэдзіў: «дупка», і тут іх зь Лявонам ізноў накрыла хваляю сьмеху. Яны тупалі нагамі, штаўхалі адзін аднаго ў плечы, стагналі, згіналіся напалову ды ўціралі сьлёзы. Дырэктар кідаў на іх дзікія са страху погляды: ён ня ведаў, чаго чакаць ад гэтага незразумелага і недарэчнага рогату, і чакаў горшага.

Трохі аддыхаўшыся, яны выцягнуліся перад ім на зважай і засьпявалі – Рыгор засьпяваў «Ліпу», а Лявон «Несказанное, синее, нежное» – і праз несупадзеньне зноў зарагаталі, трымаючыся за жываты і павіскваючы, але гэты прыступ доўжыўся ўжо нядоўга. Лявон адсьмяяўся і першым працягнуў сваю песьню, і Рыгор мусіў далучыцца да яго. Лявон старанна выводзіў мэлёдыю і думаў, што б здарылася, калі б яны сьпявалі дырэктару на вуха адначасна кожны сваё. І яшчэ зьдзіўляўся, як цікава сьпяваць і думаць адразу, і адно другому не перашкаджае. Праз гэтыя думкі ён паціху страціў свой вясёлы запал і зрабіўся задуменны і сур'ёзны. Калі песьня скончылася, ён стомлена апусьціўся на канапку, падаўшы Рыгору весьці перамову.

– Ну што, дупка, ключыкі ў цябе? – пачаў Рыгор наўпрост.

– Якія яшчэ ключыкі? – адгукнуўся дырэктар, але было незразумела, што прымусіла яго ўступіць у дыялог – пасьпяховае празарэньне праз песьні ці зьдзіўленьне на самы факт нечаканых сьпеваў.

– Да тых жоўтых аўтобусаў, што тамака пад мастком стаяць.

– Вы не атрымаеце ад мяне ні-чо-га, – сказаў дырэктар выразна і цьвёрда.

Рыгор павярнуўся да Лявона, каб прапанаваць яму прасьпяваць для дырэктара яшчэ і «Ліпу», але засьпеў яго ў засынаньні, са схіленай на плячо галавою. Рыгор штурхнуў красоўкам ягоны туфель, і Лявон сьцепануўся і зьдзіўлена ўскінуў галаву.

– Пойдзем паглядзім, а там зьмяркуем, што рабіць.

* * *

Пакінуўшы дырэктара, яны выйшлі з будынка і спыніліся пад мастком. Рыгор наблізіўся да плота ўшчыльную, узяўся рукамі за зялёныя мэталічныя дубцы і з глыбокай павагаю пазіраў на аўтамабілі. Лявон стаяў наводдаль, ляніва спрабуючы злавіць хоць нейкую зачэпку ў бязглузьдзіцы: спачатку сталася, што машыны не існуюць, а цяпер яны раптам зьявіліся зноў. «Можа, мы акрыялі дый зноў падпалі пад уплыў ілюзіяў?» Але супраць гэтага сьведчыў ягоны нос, які быў наглуха закладзены і струмяніў гарачую вільгаць. Ён павярнуўся і паглядзеў на дарогу – а раптам машыны зьявіліся там таксама? Але дарога была пустая. «Якое зьневажальнае становішча, – падумаў ён. – Дзякуй песьням, каб не яны, я б ня вытрымаў».

Аўтобусы

У гэты момант Рыгор адарваўся ад плота і пабег уздоўж стаянкі. Лявон паглядзеў у бок, куды ён накіраваўся, і ўбачыў лёгкі шлягбаўм, які раней, зьверху, было цяжка заўважыць. Абегшы стаянку вакол, Рыгор абмінуў шлягбаўм, закрануўшы яго сьцягном і вылаяўшыся, і спыніўся тварам да твару з бліжэйшым аўтобусам. «Цікава, ніякіх запораў… Усё адчыненае... Нядзіва, што ён зьбянтэжаны, – Лявон нясьпешна рушыў сьледам за Рыгорам. – Яму прыйшлося нялёгка. Аўтасьлесар, што  выявіў немень аўто, падобны да... напрыклад, да кухара, што выявіў нястачу ў прыродзе харчоў».

Тым часам Рыгор перайшоў ад сузіраньня да актыўных дзеяў, выканаўшы магічны шафёрскі рытуал: ён тыцнуў нагой па пярэдняму калесу, а потым налёг абедзьвюма далонямі на капот, пахіснуўшы аўтобус на рысорах. Ён таргануў клямку шафёрскае дзьверцы – таксама адчыненае – і двума скокамі апынуўся ўнутры, за абаранкам. Наблізіўшыся, Лявон бачыў праз блікі лабавога шкла, як Рыгор зь вялікай пашанаю аглядаецца ўсярэдзіне. Нарэшце Лявон таксама пацягнуў клямку, адчыніў дзьверы і нязграбна палез у кабіну – няўдала стаўшы на прыступку правай нагой, ён зь цяжкасьцю прасунуў наперад левую дый запэцкаў калашыну.

Унутры пахла пылам і нагрэтай плястмасай; пасярэдзіне, пад люстэркам, матлялася на нітцы бірулька – пляскатая зялёная ялінка. Рыгор націснуў на нейкі гузік пад абаранкам, і звонку пырснулі на шкло вадзяныя струменцы, а потым з рыпам заварушыліся туды-сюды гумовыя шчоткі, намаляваўшы дзьве празрыстыя дугі. Рыгор узьняў вочы ўгору і нешта прамармытаў, а потым сунуў руку ўніз і павярнуў ключ. «Аднак і ключ тутака», – дзівіўся Лявон.

Аўтобус завёўся: пад нагамі нешта магутна і ўпэўнена завуркатала. Рыгор сказаў, што трэба даць рухавіку трохі прагрэцца, але ягоны твар быў узбуджаны, вочы гарэлі, і ён ня вытрымаў нават адной хвіліны. Дрыготкай нецярплівай рукой ён тузануў рычаг перадач і націснуў на понаж. Рухавік рыкнуў, і аўтобус зрушыў назад, даўшыся бампарам аб падмурак плоту. «Чорт!» – усклікнуў Рыгор, трасянуўшы галавой. Лявон цярпліва ўсьміхаўся. Рыгор зь сілай выдыхнуў, умацаваўшыся і паабяцаўшы сабе ўсё рабіць далікатна, і зноў перасунуў рычаг. Аўтобус павольна пакаціўся наперад. З дапамогай складаных маніпуляцыяў з абаранкам, рычагом і понажамі, Рыгор вывярнуў машыну на прамы ўчастак стаянкі.

– Атрымалася, га?! – ён зірнуў на Лявона сьветлымі шчасьлівымі вачыма.

Перад шлягбаўмам ён ня стаў ані тармазіць, ані разганяцца, і тонкі плястмасавы ашэстак спачатку гнуўся пад вагаю машыны, а потым, суха трэснуўшы, адламіўся недзе ля падставы. Рыгор ледзь дадаў хуткасьці і асьцярожна павярнуў па закруглёнай асфальтавай дарожцы. Яны праехалі будыніну «Белнафтахіму», павярнулі да праспэкта Дзяржынскага і прытармазілі на скрыжаваньні.

– Нам налева, – заўважыў Лявон, убачыўшы Макдональдс. Ён спрабаваў разглядзець у асьветленых жоўтым вокнах постаць Янкі.

Але Рыгор са сьмехам націснуў на газ і павярнуў направа.

– Гэй! Ты куды! Налева трэба, за горад!

Рыгор сьмяяўся і ня слухаў Лявона. Ён націскаў на понаж, торгаў рычаг і разганяў аўтобус усё хутчэй і хутчэй. Мільганула бэнзакалёнка, нейкі зялёны лужок, потым яны рэзка, зь віскатам шынаў, збочылі налева, праляцелі пратэстанцкую царкву і панесьліся паўз шэрых бэтонавых платоў, заводаў. Каб хоць трохі паўплываць на Рыгора Лявон паспрабаваў засьпяваць Шубэрта, але машыну так трэсла, што ён замоўк, пабаяўшыся прыкусіць сабе язык.

Іхны шлях доўжыўся хвіляў дзесяць, якія здаліся Лявону гадзінай. Ён з жахам назіраў за слупамі, якія ляцелі насустрач, і абліваўся потам, а ўнізе жывата нешта непрыемна апускалася і цягнула. Але, пасьпяхова ўлагодзіўшыся ў яшчэ некалькі крутых паваротаў, Рыгор раптам сьцішыў рах і завярнуў у нейкі двор. Спыніўшы машыну, ён, шчасьлівы і задаволены, адкінуўся на сьпінку сядзеньня. Лявон зьмяніў дух.

– Ну, дык куды мы прыехалі? – спытаў ён панура.

– Як куды? Тутака твой кіраўнік практыкі працуе, Піліп! Твой кіраўнік, а мой сябра. Пайшлі, зойдзем да яго, пахвалімся самаходам! – Рыгор выскачыў з кабіны і пацягнуўся. – Ня кныхай! Пасьпеем яшчэ за горад.

Лявон хмурна адмовіўся. «Рыгор – зусім дурны. Навошта яму гэты Піліп?» Ён пакруціў рычажок, апусьціў шкло і высунуў твар вонкі, ўдыхнуўшы вечаровае паветра. Пасьля рову і грукату цішыня зьвінела ў вушох.

* * *

Лявона разбудзіў грук дзьвярэй. Рыгор плюхнуўся на сядзеньне і падаў Лявону буйны памідор. У падоле ягонае суколцы ляжалі яшчэ пяток памідораў, дзясятак агуркоў і шмат дробных сініх сьліў.

– Няма яго, гада. А мне пагутарыць зь ім трэба было... – ён адчыніў бардачок і выгрузіў туды здабычу. – Думаеш, я дзеля сьмеху сюды прыехаў? Не, братка. Разумееш, я яго, Піліпа, да тога як сеў, падгаварыў наладзіць тэлефоны ў горадзе. Намаляваў фарбамі – грамадзянскі абавязак, адказнасьць, карысьць людзям. А ён і паверыў, наіўка. Дый сам я наіўны быў, пакуль у вязьніцы не патрымалі. Гэта значыць у музэі – ну ты зразумеў. Ім, – ён тыцнуў паказальнікам у столю, – гэтая народная карысьць далямпады! Ім галоўнае – выконваць свой дурны, нікому не патрэбны закон. Дык вось, хацеў я Піліпу зараз сказаць, што ўся гэтая задума з тэлефонам – сапраўдная дрэнь. Каб ён на’т і не рабіў анічога. А яго, бач ты, няма. Мабыць ужо на АТС... Ну што, паехалі за горад!

Рыгор запаліў фары, завёў рухавік і даў задам.

– Дый што тэлефоны! Тэлефоны – драбяза. Ён жа ўсё пра сьмерць думае, рыхтуецца. А сьмертайкі няма! Вось што трэба яму сказаць!

– Добрая вестка... Дабравешчаньне, – прамармытаў Лявон і задуменна панюхаў свой памідор.

Ён напаўвуха слухаў Рыгораву гаворку і спрабаваў злавіць за хвосьцік сон, што прысьніўся яму і зараз высьлізгаў – здаецца, гэта было нешта вельмі значнае. Яны моўчкі мчалі змрочным горадам, тым жа шляхам, якім прыехалі. Хвілін празь пяць Рыгор падумаў, што можна было трапіць за горад карацейшым шляхам, Ракаўскай шашою, на Гародню, але вяртацца было ўжо позна.

Калі наперадзе зноў паўстала цёмная будыніна банка, Лявон усклікнуў:

– Я ўспомніў свой сон! Мне прысьнілася, што банк – гэта заварожанае, анамальнае месца. Усе сыходзіцца! Глядзі: раз тамака ёсьць і грошы, і машыны, якія ў звычайным сусьвеце не існуюць, дык там могуць быць і жанчыны! Паварочвай. Вернемся і перарыймо ўсё! Дарэчы, можа, гэты дырэктар і ёсьць жанчынай?!

– Добра, пасьпеем яшчэ, – адказаў Рыгор, мінуўшы паварот да банку. – Паехалі ўжо за горад, бо зусім цёмна зробіцца, нічога не разгледзеш. А спаць вернемся ў банк, каб наша дырэктарка не засумавала ў адзіноце. Я памятаю, у яго там запасы сухога пюрэ былі, дык я ня супраць падсілкавацца!

– У цябе толькі пра адно думкі, – засьмяяўся Лявон і засьпяваў «Das Lied im Gruenen». Рыгор, як умеў, падхапіў.

Міма праплылі апошнія дамы спальных раёнаў, прысадзістая глыба гіпэрмаркета, і вось, паднырнуўшы пад мост кальцавое дарогі, аўтобус памчаўся Брэсцкай шашою.

Шаша