Піліп Ліпень Рабаваньне па-беларуску
Частка 2. Празарэньне

5. Як Лявон экспэрымэнтаваў

Пакуль Рыгор марадзёрыў, Лявон працягваў свае навуковыя пошукі. Ён сяродзіўся на іх усё настойлівей і настойлівей, асабліва пасьля таго, як да яго закралася думка, што ў сваіх мінулых ілюзіях быў вінаваты ён сам – бо занадта шмат марыў. Народжаная гэтай думкаю прыкрасьць прывяла Лявона да вырашэньня дысцыплінаваць свой розум. Неўзабаве, за нейкую гадзіну, ён прыдумаў строгую сістэму: летуценьні і пачуцьцёвыя асалоды дазваляюцца толькі пасьля выніковай працы розуму і пабудовы хоць аднаго выразнага лягічнага ланцужка. Цяпер, прачынаючыся на сваёй паднябеснай канапе, Лявон нязьменна пачынаў чуйнаваць з разважаньняў. Ён не даваў сабе адкрываць вочы і не глядзеў на неба, пакуль не ўспамінаў усяго прадуманага перад засынаньнем і не фармаваў выразнага пляна далейшае разумовае працы. Часам Лявон дзеля большае карысьці практыкаваў нават заахвочваньне самаго сябе, прыкладам, за невялікую ўдалую думку пасьля сну ён узнагароджваў сябе тым, што зьвешваў руку з канапы ўніз і пагладжваў прахалодны бэтон. Пальцы адчувалі кожную трэшчынку і няроўнасьць, драбнюткія цьвёрдыя пясчынкі, і гэта было цудоўна.

Такія суровыя меры далі свой плён: праз колькі дзён пасьля знаёмства з бабуляй, чарговым разам аналізуючы сваё жыцьцё і ўспамінаючы падзеі апошняга тыдня, Лявон зрабіў яшчэ адно дзіўнае адкрыцьцё, гэткае ж нечаканае, як і нябытнасьць жанчын: ён ня памятаў аніводнага выпадку, каб выкарыстоўваліся грошы. У крамах ён проста браў патрэбны яму тавар і выносіў яго без аніякае аплаты.

«Навошта ж мы рабавалі банк? – Лявон скрыгатнуў зубамі з прыніжэньня і падбросіўся з боку на бок. – І наогул незразумела, як маглі мы заманіцца на грошы, калі яны нікому не патрэбныя? Адкуль мы наогул зьведалі пра іхнае існаваньне? І пра тое, што яны прызначаныя купляць? Вельмі падобна да гісторыі з жанчынамі: насамрэч іх няма, але ўсе ўпэўненыя ў адваротным. Пацешна, як бы я купляў ровар і тэлефон, калі б не застудзіўся? Прышоў бы, як ідыёт, у краму з грашыма? Зрэшты, гэта можна зьведаць: паспрабаваць даць прадаўніку грошы пасьля якой пакупкі. Як ён павядзе сябе?»

За гэтае адкрыцьцё Лявон узнагародзіў сябе шпацырам і адтэрміноўкай халоднага душа зь пераносам яго на вечар. Экспэрымэнт з грашыма яму карцела правесьці зараз жа, тым больш што сок канчаўся, і запасы тэрмінова патрабавалася аднавіць. Акрамя таго, гэта была добрая нагода каб пачаць зносіны з прадаўнікамі ў ЦУМе. Ён спусьціўся ў кватэру, да якой з часу перасяленьня на дах пачаў ужо адчуваць некаторае адчужэньне, і выцягнуў з-пад стала заплечнік з грашыма. Вытрас грошы на падлогу, абраў адзін з пачкаў, не залішне чысты і новы, сунуў яго ў кішэню, а астатнія згроб нагой назад пад стол. «Трэба было б і падручнікі нарэшце здаць... І так я ўжо спазьніўся на цэлы тыдзень. Адам Васілевіч будзе незадаволены. Зрэшты... Ці патрэбнае мне ўвогуле гэтае вучэньне і гэты ўнівэрсытэт?» Але Лявон рассудзіў не дадумваць пакуль што гэтай думкі і адкласьці яе на потым. Ён сабраў у апусьцелы заплечнік падручнікі са стала, паклаў зьверху апошні чысты рушнік і выйшаў з хаты.

* * *

Лявон ізноў пачуваўся дрэнна, і таму не пайшоў на ўнівэрсытэт сваёй звычайнай дарогай паўз Камсамольскага возера, а рушыў убок вуліцы Чыгладзэ, як і ў дзень візыту да бабульцы. Яму здалося, што так будзе крыху карацей. Малюнак ягоных сьлядоў у гэтым раёне быў зусім рэдкі, з працяглымі белымі плямамі, якія чакалі запаўненьня, і ён, не ўтрымаўшыся, трохі паблытаў Пуцеправоднымі і Радыятарнымі завулкамі, страціўшы ўсю карысьць кароткага шляху. На адкрытых прасторах ён спыняўся і закідваў галаву да неба, жмурачыся на сонца і хлюпаючы носам.

Праходзячы міма склепа з чырвоным напісам «Рамонт абутку», Лявон успомніў сваю сустрэчу з Рыгоравым татам. Мог бы тата дапамагчы яму ў тлумачэньні быцьця? Ня факт, хоць ён і быў доўгі час застуджаны. А навукоўцы з Акадэміі навук?.. Але стоп! Трэба трымацца, трэба быць цьвёрдым і самастойным. Лявон адкінуў думкі, выкліканыя слабасьцю, і з успамінаў пра тату пераскочыў на Рыгора. Дзе ён цяпер? Яго так моцна ўразіла празарэньне... Супакоіўся? Ці ўжо ачуняў і пра ўсё забыўся?

Пасьля сарака хвіляў пешшу Лявон ужо дужа смагнуў, і ўжо гатовы быў правесьці свой сакавіты экспэрымэнт у кожнай першай краме, якая б трапілася, але ніводная не працавала. На першай вісела шыльда «Перападлік», на другой – вялізарны замок, трэцяя была зачыненая на абед. Сьцяўшы зубы, ён трываў. Крыху не даходзячы павароту да бабулькі, ён заўважыў за рогам доўгае пяціпавярхоўкі крамку з запрашальна адчыненымі дзьвярыма. Дзьверы мелі ярка-белы выварат і стваралі такі кантраст зь цяністым дваром, што нібы сьвяціліся. Лявон зглынуў і пайшоў да крамачкі, як да маяка, але яго зноў чакала няўдача: крамачка мела шыльду «Бытавая хімія».

* * *

Да ЦУМу ён прышоў зусім зьнясілены. Пастаяў хвілю, прыхінуўшыся да калёны ля ўваходу, потым намацаў у кішэні пачак грошай і ўвайшоў. Усярэдзіне было прахалодна і, пасьля яркага сонца звонку, цёмна. У харчовым аддзеле пахла фарбай і сьвежай паперай – мабыць, ішоў прыём тавару. Сапраўды, сіваваты прадаўнік, той, што заўсёды быў сур'ёзны, рассоўваў па адной з паліц кансэрвы дый толькі скінуў вокам на Лявона. Невысокі і мажны сядзеў за касай і падпісваў нейкія лісты, нахіліўшы стрыжаную пад машынку галаву. Маладога не было, мабыць, ён падносіў кансэрвы са склада. Дзеля чысьціні экспэрымэнту Лявон ня стаў сьпяшацца і павольна дыбаў па залі, быццам абіраючы, што купіць. Стэляж з сокамі, як і раней, стаяў ля малочнага аддзела. Лявон уважліва вывучыў увесь асартымэнт, але нічога новага ня ўбачыў, толькі свой звычайны сок з двума апэльсінамі, адзін зь якіх распалавінены. Ён узяў пяць пакункаў, абмінуў стэляж з макаронамі і наблізіўся да сіваватага. Той павярнуўся да яго, абтрасаючы рукі аб халат:

–  Нешта шукаеце?

– Дык ужо знайшоў. Вось! – Лявон прадэманстраваў прадаўніку пакункі. – Вазьміце грошы.

Левай рукой трымаючы пакункі, ён падаў правай прадаўніку пачак грошай, імкнучыся выглядаць сьціпла і непавінна.

– Аплата ў касу, – гэтак жа непавінна мовіў сіваваты, коратка паглядзеўшы на грошы.

Лявон, яшчэ ня верыў у няўдачу, ён паслухмяна падыйшоў да касы, дачакаўся, пакуль мажны падыме галаву, і сказаў яму:

Мажны і сіваваты

– У мяне пяць пакункаў соку. Вось грошы, бачыце? Вас не зацяжарыць выцягнуць адну банкноту? Бо ў мяне рукі занятыя, – кажучы гэта, Лявон уважліва сачыў рэакцыю прадаўніка.

Мажны, як і сіваваты, паставіўся да банкнот без належнага зьдзіўленьня. Ён нават не дакрануўся да грошаў. Нагнуўшыся і зьлёгку выцягнуўшы шыю, разгледзеў годнасьць купюр і трохі разгублена сказаў:

– З сотні рэшты няма. Каса пустая зусім.

І, пакуль Лявон, не гатовы да такога варыянту, зьбіраўся з думкамі, прадаўнік з усьмешкай прапанаваў:

– Вы бярыце, бярыце свой сок! Аплаціце потым, іншым разам.

– А калі я не зьбіраўся больш прыходзіць?

– Дык цяпер у вас будзе нагода! – мажны з усьмешкай адкінуўся на крэсьле.

Малады

Тым часам з падсобкі, напяваючы нейкую жыцьцярадасную песенку, зьявіўся малады прадаўнік. Ён нёс у руках перад сабой вялікую кардонавую скрыню з кансэрвамі. Убачыўшы Лявона, ён апусьціў скрыню на падлогу, выпрастаўся і таксама пачаў усьміхацца. Лявон замуляўся і апусьціў вочы. Ён ціха падзякаваў мажнаму, сунуў грошы назад у кішэню і пайшоў да дзьвярэй. У галаве круцілася думка, што старэйшыя прадаўнікі пачынаюць няўхільна лысець.

«Якія глупствы я думаю! Навошта мне ўсе гэтыя лысіны? Лепш паспрабаваць абсэнсаваць вынікі экспэрымэнту. Дык вось, калі прадаўнікоў не зьдзіўляюць грошы, дык можа яны таксама празарыліся? Аднак малаверагодна – за пяць хвіляў ніхто зь іх не кашлянуў, ня чхнуў і не высмаркаўся. Значыцца, на’т непразоранага чалавека грашыма ня зьдзівіш? Але ці мажліва – ніколі не карыстацца грашыма дый ня ўразіцца на раптоўнае іхнае зьяўленьне? Усе пакупнікі заўсёды бралі тавар дармова, і раптам хтосьці спрабуе абмяняць сок на грошы. Зьдзівіўся б я на ягоным месцы? Зь іншага боку, калі ўдумацца, дык што тут дзівіцца. Мы з Рыгорам упершыню ўбачылі грошы толькі ў нядзелю, у банку – і таксама зусім не зьдзівіліся».

Уладкаваўшыся на прыступках лесьвіцы пад ценем брылю, Лявон напіўся соку, з асалодай адчуваючы праліваньне прахалоднай вадкасьці па сухім сьценкам горла ўсё ніжэй і ніжэй, да страўніка. І, не пасьпеў ён аддыхацца, як ідэя новага экспэрымэнту нарадзілася ў ягонай галаве. Па-добраму, трэба было б абдумаць яе як сьлед, але ён, адкінуўшы сумневы, устаў і зноў увайшоў у ЦУМ. Прачытаўшы на паказальніку, дзе шукаць аддзел жаноцкае вопраткі, Лявон падняўся на трэці паверх, але там было зусім цёмна, і толькі вакно на лесьвіцы асьвятляла колькі мэтраў гандлёвае залі. Яму прыйшлося спусьціцца ўніз і зьвярнуцца да прадаўнікоў.

– Хачу набыць жаночую вопратку, – сказаў ён наўпрост, падыйшоўшы да сіваватага, які па-ранейшаму рассоўваў кансэрвы.

– Ляксей, правядзі чалавека, калі ласка! – бязь ценю зьдзіўленьня гукнуў сіваваты.

Ляксеем выявіўся малады прадаўнік. Ён адразу ж зьявіўся, шчыра ўсьміхнуўся, кіўнуў і хутка пайшоў перад Лявонам. Лесьвіцай ён падымаўся энэргічна, пераступаючы праз тры прыступкі, і далёка абагнаў Лявона.

ЦУМ

Калі Лявон увайшоў на трэці паверх, там ужо гарэла сьвятло. Ён рушыў усярэдзіну, азіраўся і намагаўся зразумець, якое менавіта адзеньне патрэбнае яму. Аднекуль з глыбіні зьявіўся Ляксей і спытаў паслужліва:

– Вы шукае нейкую канкрэтную мадэль?

– Сукенку, – сказаў Лявон наўздагад.

– Калі ласка сюды, – прадаўнік павёў яго заляй. – Дзяўчыне сукенку падбіраеце... ці сабе?

– Сабе, – адказаў Лявон панура; нягледзячы на нядаўнюю рашучасьць, ён пачуваўся па-дурному.

– Вечаровую або штодзёную? Можа, сарафан? Даўгую мадэль або міні? Якога колеру?

Ляксей пазіраў на Лявона, быццам ацэньваючы ягоную постаць і ўяўляючы сукенку, якая падыдзе яму. Лявон імлява адказваў, і паціху высьвятлілася, што сукенка мусіць быць доўгая, але з адкрытымі плячыма, зь ледзь падкрэсьленым станам, ў сьветлых, пастэлевых тонах. Яны спыніліся ў патрэбным аддзеле, і Ляксей, адзначыўшы, што трэба глядзець памер 48, пачаў здымаць сукенкі зь вешала па чарзе і паказваць Лявону. «Здаецца, і гэты экспэрымэнт скончыўся нічым! – з прыкрасьцю думаў Лявон. – Ім напляваць, што хлопец набывае сабе жаночую вопратку! Ці ня зьбегчы зараз жа? Чорт зь імі з усімі». Але, змацаваўшыся, ён наважыўся ісьці да канца.

Прымерыць яны адабралі тры сукенкі: бледна-бэжавую ільняную, прыемна-прахалодную навобмацак, прасторны сарафан зь сінім нізам і блакітным зь белымі рамонкамі верхам і кароткую задорыстую сукеначку ў дробныя жоўтыя ромбікі, з шырокім тканым поясам. Лявон зайшоў у прымяральню і заторгнуў запавесу, а Ляксей застаўся звонку, ветліва трымаючы ягоны заплечнік. Кароткая сукеначка ў ромбікі адпала адразу, бо Лявона прывялі ў жах ягоныя кастлявыя валасатыя калені, а ільняное, хоць і сядзела добра, здалося яму некарыснае і маркае. Сіні сарафан з тонкае мяккае бавоўны спадабаўся яму і тактылёвымі адчуваньнямі, і фасонам, і тым, што штаны пад ім былі амаль незаўважныя. Кашулю ўсё ж прыйшлося зьняць, ейныя рукавы тырчалі з-пад сарафана надта недарэчна.

Ляксей з сама сур'ёзным выглядам ухваліў Лявонаў выбар, зьвярнуў ягоную ўвагу на бясшвоўнасьць сарафана як на вялікую вартасьць, папрасіў яго павярнуцца задам, нешта абцягнуў на поясе і прапанаваў спакаваць куплю. Лявон адказаў, што пакаваць ня трэба, ён хоча сысьці ў сарафане. Без адзінага пытаньня Ляксей зрэзаў этыкеткі з каўняра, дапамог акуратна скласьці кашулю ў заплечнік і праводзіў Лявона ўніз. Лявон у поўнай прастрацыі разьвітаўся зь Ляксеем і выйшаў з ЦУМа. Ён сеў на прыступцы, прыпёршыся сьпіною да калёны, папіў яшчэ соку і моцна заснуў.

* * *

Яго абудзілі галасы. Лявон расплюшчыў вочы і адразу сажмурыўся, паўдзённае сонца сьвяціла яму ў твар. Ён убачыў дзьве постаці на лесьвіцы непадалёк ад сябе і зноў самкнуў павекі. Абуджэньне было непрыемнае: сон хутка пакідаў яго, і на месца ўтульнасьці і лёгкасьці ў цела прыходзіла хваравітая загрунтаванасьць; ў носе разваджылася, пацяклі гарачыя сусьлі.

– За што мы любім котак? – тым часам разважаў голас, які належыў адной зь фігур. – Я схіляюся да тога, што чалавек з прычыны сваёй складанасьці адчувае спрыяньне да больш простых істотаў.

«Я каля ЦУМа. Правяраў рэакцыю на грошы. Перапрануўся ў жаноцкае. Трохі заснуў», – Лявон аднавіў у памяці сваё становішча і працёр вочы. У колькіх мэтрах ад яго, на той жа прыступцы, з выглядам поўнае асалоды расьцягнулася цяжарная котка. Яна драмала, зьвесіўшы ўніз хвост і зрэдку ўздрыгваючы кончыкамі вушэй, ейная паласата-шэрая кароткая поўсьць блішчала і ільсьнілася на сонцы. Размова, відаць, ішла менавіта пра яе.

– Суцэль ясныя, напрыклад, умовы, у якіх котка шчасьлівая ці нешчасьлівая, якія ейныя патрэбы, мэты і спосабы іхнага дасягненьня. Я б на’т назваў котку жывым мэханізмам, што дзеіць па цалкам вызначаным законам і здольны на пэўныя функцыі. Мы добра разумеем працу такога мэханізму і таму ён нам падабаецца.

Спэцназ

Гэта казаў сур'ёзны сіваваты прадаўнік, ён паслаблена абапёрся на сьцяну і зьвяртаўся да спэцназаўца ў чорным строі, які нешта прыляпляў да суседняе калёны. Лявон спатнеў. «Гэта той самы спэцназавец! Усё, трапіўся! – ён суха праглынуў. – Аднак стоп. Ён жа ня мог мяне не заўважыць! Значыцца, бачыў, але не пазнаў». Спэцназавец апусьціў рукі, адступіў на крок ад калёны і, нахіліўшы галаву, ацэньваў свае стараньні. На калёне вісела аб'ява ці плякатка, але ўбачыць яе з пункту гледжаньня Лявона было немажліва. Пераканаўшыся, што плякатка вісіць моцна і роўна, спэцназавец зьвярнуўся да прадаўніка:

– Бязглузду кажаш! Хай на’т я пагаджуся, што котка – мэханізм, але ж тады мы павінныя любіць і пацукоў, і прусакоў, і павукоў, і наогул усіх запар, – спэцназавец зарагатаў.

Лявон ціхутка ўстаў і хацеў ужо скарыстацца тым, што спэцназавец не глядзіць на яго, і схавацца за рогам, але завагаўся. Ці ня выклічуць падазронаў ягоныя ўцёкі? Ўбегчы ўсё адно не атрымаецца, вунь у яго нажышчы якія. Можа, лепш сьмела пайсьці насустрач лёсу? Ён высмаркаўся ў рушнік, зашпіліў заплечнік і, наблізіўшыся, сказаў:

– Але ці ня ёсьць чалавек такі ж самы мэханізм, як і котка, хіба што ледзь складанейшы?

Абодва суразмоўцы павярнуліся да яго і запытальна паглядзелі. Мабыць, Лявон вымавіў сваё пытаньне заціха, і яны не пачулі. Іхныя погляды зьбянтэжылі Лявона, і ён ня стаў паўтараць свае словы, зрабіўшы выгляд, што сказанае не патрабавала абавязковага адказу і было чымсьці накшталт канстатацыі добрага надвор'я. Ён ветліва кіўнуў, усьміхнуўся і прайшоў міма.

– Дзяўчына, пачакайце! Можна вас на хвілінку?

Лявон спыніўся. Спэцназавец, расставіўшы нажышчы ў даверху зашнураваных высокіх чаравіках, сур'ёзна і з прыжмурам пазіраў на яго. Прадаўнік хмыліўся. «Пазнаў? Не пазнаў?» – сэрца Лявона так стукала, што на сарафане падскоквалі рамонкі.

– Паглядзітка на фотаробат. Не трапляліся табе гэтыя хлопцы?

Спэцназавец паказаў на плякатку. На ёй былі намаляваныя каляровымі алоўкамі дзьве галавы ў шапках, белай і сіняй, з прарэзамі для вачэй. Пад галавой у сіняй шапцы стаяў подпіс «Лявон». Лявон успомніў, што Рыгор сапраўды называў ягонае імя перад дырэктарам банка, са слоў якога хутчэй за ўсё і малявалі фотаробат. Ён пакруціў галавой.

– А як вас завуць? – строга спытаў спэцназавец.

– Марыся, – Лявон назваў першае імя, якое прыйшло яму на розум, так клікалі жонку Адама Васілевіча.

– Калі ўбачыце іх, Марыся, дык адразу паведаміце. Гэта ўзброеныя і небясьпечныя злачынцы.

– Што яны нарабілі?

Лявону здалося, што ягоны голас прагучаў занадта тонка і ўсхвалявана. Ён хутка зірнуў на прадаўніка; сіваваты працягваў хмыліцца. Ведае? Ня ведае? Выдасьць?

– Узброены напад на банк, – сур'ёзна адказаў спэцназавец, гледзячы Лявону ў вочы.

Лявон паабяцаў паведаміць, пра сябе адзначыўшы, што зусім незразумела, якім ходам гэта мажліва зрабіць. Каго паведаміць? Дзе? Як? Ён павярнуўся і пайшоў прэч, імкнучыся ня быць падазроным і не занадта паскараць крок.

* * *

Нечаканая сустрэча са спэцназаўцам напалохала Лявона і зблытала ўсе ягоныя думкі. На скрыжаваньні, пасьля якога пачынаўся ўніверсітэцкі гарадок, Лявон перасёк дарогу і рушыў уздоўж студэнцкіх інтэрнатаў, потым паўз высокае чорнае агароджы. «Яны не пазналі мяне толькі праз сукенку!» – думаў ён у паніцы, зусім забыўшыся пра падручнікі, якія плянаваў здаць сёньня ў бібліятэку. Зьвярнуўшы ўвагу на Акадэмію навук на адваротным баку праспэкта, ён падумаў, што нельга больш губляць час і трэба ісьці да навукоўцаў. Бо калі яго раптам зловяць і пасадзяць у вязьніцу, таямніцы быцьця так і застануцца непазнаныя. Ён спусьціўся ў падземны пераход, цёмны і страшны, з запахам сухого цёплага камню. Далёка наперадзе яркай плямаю гарэла асьветленая сонцам лесьвіца. Толькі на сярэдзіне пераходу, калі побач цьмяна бліснулі мэталічныя дзьверы мэтро, ён зразумеў, што спускаўся дарма – можна было перайсьці праспэкт паверсе. Бо ніякіх машын не йснуе.

* * *

Лявон бадай штодня бачыў Акадэмію навук, але ніколі не набліжаўся да яе і нават не пераходзіў на ейны бок. Зараз, падняўшыся шырокай лесьвіцай і прайшоўшы праз паўкола калянады, Лявон намаляваў яшчэ адну невялікую лінію на ўяўнае мапе сваіх маршрутаў. Апынуўшыся ўва дворыку, утвораным калянадай і будынінай Акадэміі, Лявон агледзеўся і падзівіўся на незвычайную прыгажосьць пабудовы. «Не дарма прышоў! На’т калі Адам Васілевіч нахлусіў, і ніякіх навукоўцаў тутака няма». Ён пастаяў яшчэ трохі, разглядаючы ляпныя ўзоры. Паміж вокнамі яны былі аднолькавыя, са скрыжаванымі рагамі багацьця, якія струмянілі кветкі і разнатраўе, а пад дахам ішоў шэраг кампазыцый на тэму інструмэнтаў пазнаньня і ягоных вынікаў: глёбус, мікраскоп, вагі, хімічныя колбы, скруткі з навуковымі ведамі, абавязковыя каласы ды яшчэ колькі не зусім зразумелых вобразаў.

Уваход у Акадэмію навук, тры аднолькавыя блокі дзьвярэй у чорна-мармуровым абрамленьні, навёў Лявона на думку пра тры шляхі пазнаньня, але ён адклаў разважаньні на потым і наблізіўся да цэнтральнага блоку. На левай створцы дзьвярэй вісеў сьвежы алоўкавы фотаробат, ужо знаёмы Лявону. Лявон разгледзеў яго падрабязней. Па вольнасьці мастака абодва рабаўніка былі ўпрыгожаныя змрочным шчаціньнем на падбародку (мабыць, неадымным атрыбутам злачынца) і зялёнымі вачыма, быццам крыху зьдзіўленымі. У правым ніжнім куце малюнка аўтар каліграфова расьпісаўся «Антось» і дадаў да мяккага знаку вытачаны росчырк.

Праваруч вісеў стары аркуш з аблезлым паведамленьнем: «Акадэмія навук пераехала ў Нацыянальную бібліятэку. Направа, 30 хвілін». Хоць Лявон і чакаў няўдачу ў той ці іншай форме, сыходзіць ані з чым усе роўна было крыўдна. У задуменьні Лявон падняў галаву да неба і ўбачыў там спачатку цёмную кропку далёкай птушкі, а потым, адразу па-над калянадай, бледны месяц, які заўсёды зьдзіўляў яго сваімі зьяўленьнямі ў сьветлы час. Мяркуючы па колеру нябёсаў і адценьню сонечнага сьвятла сьцяне Акадэміі, было каля шасьці вечара, і працоўны дзень няўмольна канчаўся. «Пайду ўсё роўна. На’т калі не пасьпею. Хоць пагляджу на бібліятэку і даведаюся пра расклад. Раптам яна таксама не працуе ці пераехала кудысьці?»

Акадэмія Навук

Фотаробаты Лявона і Рыгора былі налепленыя на ўсіх афішных тумбах, якіх багата стаяла ўздоўж гэтае часткі праспэкту. Лявона зьдзівіла стараннасьць і працаздольнасьць мастака, які выканаў столькі копій, хай і нескладаных. Ён падыходзіў да кожнае тумбы і разглядаў фотаробаты ў пошуках адрозьненьняў, але ўсе яны былі бадай аднолькавыя, за выняткам дробных алоўкавых штрыхоў, якія дзе-нідзе выбіваліся за абрыс малюнка. Акрамя фотаробатаў, на некаторых тумбах вісела чорна-белая тэатральная афіша з буйнымі літарамі «Лятучы Галандзец», з ужо пратэрмінаванай датай. «Рыгору было б цікава. Вось толькі дзе ён цяпер, што зь ім?»

На павароце праспэкту, крыху не даходзячы да батанічнага саду, Лявон убачыў на гарызоньце, па-над дрэвамі, далёкую сьпіну вялізарнае цёмна-шэрае будыніны, і адразу зразумеў, што гэта бібліятэка. Раней Лявон чуў пра яе, але на свае вочы ня бачыў аніколі і ўяўляў, што яна значна менш. Зараз, зразумеўшы ейныя рэальныя памеры, ён уразіўся і ўсхваляваўся. Мусіў спыніцца і высмаркацца. Калі ён мінуў уваход у батанічны сад, сьпіна бібліятэкі схавалася за дрэвамі.

Праходзячы паўз парку Чалюскінцаў, Лявон бачыў людзей, якія павольна шпацырылі з другога боку праспэкта, мабыць яны адпрацавалі зьмену на заводзе «Луч» і вярталіся дадому. Гадзіньнік на квадратнай вежы завода паказваў палову на сёмую. Сама час выбірацца на дах з прахалодным пакункам соку і трохі падрамаць, рыхтуючыся да назіраньня за заходам... Праваруч, у цені вялізных паркавых дрэў, былі відаць прывабныя лаўкі, адпачыць на якіх таксама было б вельмі прыемна. Каб не спакусіцца збочыць да іх, Лявон выйшаў на сярэдзіну праспэкта, спадзяючыся зноў убачыць адтуль бібліятэку. Бібліятэка сапраўды зьявілася, але Лявон заўважыў, што людзі спыняюцца і пазіраюць на яго. Аблаяўшы сябе за неасьцярожнасьць, праз якую ён рызыкаваў прыцягнуць увагу і быць пазнаным, Лявон вярнуўся на ходнік і паскорыў крок.

Неўзабаве праплылі міма шэрыя, старыя цагляныя дамы, потым абсэрваторыя з двума чырвонымі шарамі незразумелага прызначэньня. Адкрыўся від на аўтавакзал, з цэнтральнай вежай, падобнай да вежы гадзіньнікавага завода, што засталася ззаду. Ад вежы спускаўся данізу веер тросаў, якія падтрымвалі кругавы дах, а на ўваходзе было нешта напісанае залатымі літарамі, нябачнае адсюль. У іншых абставінах Лявон абавязкова б разгледзеў дзіўную пабудову паблізу, але зараз, чакаючы зьяўленьня бібліятэкі, ён толькі мелькам зірнуў у той бок. Месца наперадзе, дзе мусіла зьявіцца бібліятэка, засланяў невялікі таполевы гаёк, і ў прасьветах галін часам мільгала нешта невыразнае.

Яшчэ пару дзясяткаў крокаў, і гаёк застаўся збоку, адкрыўшы вялізарную прастору, абкрэсьленую па гарызонту паласой лесу. У цэнтры прасторы ўпэўнена і ўладна высілася бібліятэка. Ейная змрочная грамада захапіла Лявона, напомніўшы ядравы рэактар з малюнка ў адным з часопісаў. Ён запаволіў крок. Здавалася, што бібліятэка, пры ўсёй сваёй нерухомасьці і ўстойлівасьці, жыве напружаным унутраным жыцьцём. «Можа, гэтае адчуваньне выклікае ейная форма? Гіганцкі камень, які ляжыць у часовай раўнавазе, але гатовы пакаціцца праз вонкавы штуршок ці ў выніку ўнутраных працэсаў? Так! Патэнцыйная мажлівасьць руху і дзеяньня. Патэнцыйная энэргія», – разважаў Лявон.

Праваруч, за нізкай кованай агароджай, зелянеў парк з акуратнымі дарожкамі, фігурнымі ліхтарамі, невялікім вадаёмам… але блізкасьць мэты надала Лявону сілаў. Лявон адчуваў адначасна душэўны ўздым і нясьмеласьць; з хваляваньня ён так часта ўціраў нос, што нават не хаваў рушніка ў заплечнік і нёс яго ў руцэ. Па меры набліжэньня бібліятэка губляла цэльнасьць, распадалася на часткі – вокны, сьцены, лесьвіцы, мэтал, шкло – і ператваралася ў проста вялікую пабудову. «Хай бы яна сталася таксама зачыненая. Унутры яна пэўна горай, чымся звонку. Лепш не расчароўвацца».

Перад самым уваходам, ужо амаль ступіўшы на лесьвіцу, Лявон раптам успомніў, што на ім дагэтуль надзеты жаночы сарафан. Ён адступіў убок, пасьпешліва сьцягнуў яго праз галаву і дастаў з заплечніка кашулю, катастрафова ўмятую. Сарафан не зьмяшчаўся ў заплечнік; ён мусіў дастаць пакунак соку, у якім яшчэ заставалася бадай палова, і асушыць яго.