Піліп Ліпень Рабаваньне па-беларуску
Частка 2. Празарэньне

2. Як Рыгор зьвеставаў

Разьвітаўшыся зь Лявонам, Рыгор вярнуўся ў гараж, сеў на кушэтку і распачаў пакунак вэнджаных каўбасак. Іхны пах, звычайна яркі і моцны, зараз пачуўся нібы празь нейкую тоўстую вату. Ён разгледзеў пакунак: тэрмін спажываньня яшчэ не мінуў. «Гэтая чортава празяба псуе мне ўсю жыцьцёвую радасьць!» – Рыгор з прыкрасьцю адкусіў каўбаску, але ейны густ, па-ранейшаму насычаны, трохі супакоіў яго. Ён жаваў каўбаскі і глядзеў на кучу грошай. Як яе лацьвей скарыстаць? Ясная думка, што цяпер, пасьля столькіх гадоў чаканьня, ён казачна багаты, зноў наведала яго, даставіўшы пачуцьцё спакойнага задавальненьня. Быццам пасьля доўгага і цяжкага пад'ёму ўгару ён нарэшце дасягнуў вяршыні, і зараз, цьвёрда стоячы нагамі на роўнай надзейнай паверхні, аглядаў зьверху сусьвет. «Нібы адначасам і пасталеў, і памаладзеў», – думаў ён.

Але не пасьпеў ён як сьлед нацешыцца на ясную думку, як у горле ў яго задрапала, і ён надоўга закашляўся, ды так моцна, што ўсё каўбаснае ды грашовіе задавальненьне было сапсаванае. адразу ж успомніў ён і машыны, і жанчын, пра якіх ненадоўга забыўся – і спахмурнеў даканцова. Ён быў зьбіты з панталыку, усе ягоныя пляны на будучыню страцілі ўсялякі сэнс. Ці патрэбная была яму гэтая доўгачаканая кватэра? Бо ён, як выявілася, камфартова жыў у асобным пакоі, а тата гатаваў яму, хадзіў у краму, прыбіраў і клапаціўся. Што рабіць яму аднаму ў сваёй новай кватэры? А жонка і дачкі? Рыгор патрос галавой. Ён не разумеў, як ён мог раней расказваць пра іх і сур'ёзна лічыць, што яны йснуюць, калі сам аніколі іх ня бачыў? І на’т не задумваўся пра іх? Гэта ня месьцілася ў ягонай галаве.

З уздыхам ён рассудзіў адкласьці глябальныя пытаньні на потым, а спачатку проста схадзіць у лазьню. Пасьля тыднёвага перапынку вельмі хацелася як сьлед папарыцца, наскрозь прагрэцца і пазбыцца супольна гэтага дакучлівага перханьня. Лазьня не пакіне ад кашлю нават сьледу, у гэтым Рыгор быў упэўнены і загадзя прадчуваў перамогу лазьні над празябай. Але што потым? Вярнуцца да таты? Халоднае піва, гарачая бульба з салам, хрумсткі агурочак... Ці пайсьці ў госьці да Антося, вайсковага мастака? Пачаставацца баршчом, шчырым часныком і чакалядкай, застацца начаваць? Рыгор добра памятаў пра чакалядку, якую абяцаў яму Антось. «Але так і не пачаставаў», – зазначыў Рыгор змрочна. Ці да Піліпа?

Але як ні марнуйся, спачатку трэба было зайсьці дадому па мыйныя прылады. Ён зазьбіраўся. А што з грашыма? Цягаць з сабой поўную торбу грошай – глупства, пакідаць іх дома – небясьпека. Рыгор агледзеўся абапал у пошуках прыдатнага сховішча і надумаў справіць часовы сэйф унутры адной з калёнак. Паклаўшы яе на падлогу, тварам уніз, ён выкруціў шрубы, зьняў задняе века і запоўніў фанэравае нутро банкнотамі. Каля дзясятку пачкаў не зьмясьціліся, і Рыгор схаваў рэшту ў торбу. Можна будзе дараваць знаёмым і сябрам.

Змагаючыся з кашлем – закрываючы рот і сьціскаючы зубы яму на злосьць – ён закруціў века і вярнуў калёнку на месца. Зазірнуў за халадзільнік: аўтаматы паслухмяна стаялі. Крануўшы рукой адзін з халодных прыкладаў, ён рассудзіў ня браць з сабой зброю. Нацягнуў джынсы і прапахлую потам сінюю кашулю, закінуў за плячо спусьцелую торбу і выправіўся.

* * *

У горле зьвягліва пяршыла, балела галава, але Рыгор ішоў звыкла хутка. Паўдзённае сонца гарэла, але ён не адчуваў сьпякоты і дзіўвіўся. Ён нават абіраў сонечны бок вуліцы, каб не дубець у цені. Праходзячы паўз дома бабулькі, ён сьлізнуў поглядам па вокнам, але не заўважыў анікога. Чарговым разам узгадаўшы пра свае празарэньні (бесьперапынна трымаць іх у думках не атрымоўвалася), ён наўмысна выйшаў на сярэдзіну праезнай часткі і з роспаччу пакрочыў па белай падзяляльнай паласе, намагаючыся ступаць дакладна на яе. Яму вельмі хацелася, каб з-за рогу раптам зьявіўся аўтамабіль, пастаяў на сьветлафоры і будзённа праехаў міма, хай на’т не насустрач, а кудысьці ўбок.

Ён павярнуў на Сурганава, прайшоў уздоўж парку, абмінуў плошчу Бангалор. Сьветлафоры не гарэлі. У поўнай цішыні чуўся толькі гук красовак, што зьлёгку прыліпалі да разагрэтага на сонцы асфальту. Праплывалі дамы, дрэвы, Рыгор глядзеў на іх і разважаў: хто ў іх жыве, калі на вуліцах пустэльна? Няўжо ўсе людзі сядзяць па хатах? Чым яны там займаюцца? Ён узіраўся ў вокны, але нідзе ня бачыў ані твару, ані руху. У нейкі момант яго накрыла жахам: а раптам нікога не засталося ў горадзе, акрамя яго? Далоні схаладнелі, сэрца забілася. Зьвярнуўшы на Якуба Коласа, Рыгор паскорыў крок і ўжо амаль бег паміж трамвайных рэйкаў, сутаргава азіраючыся абапал. Раптам за плотам Політэхнічнага ўнівэрсытэта ён заўважыў постаць у шэрым гарнітуры. Ён кінуўся да плота, але постаць ужо зьнікла за паваротам.

Рыгор спыніўся і прадыхаўся, наракаючы на празябу і нэрвы. І праўда, людзей было мала, але яны былі: неўзабаве ён убачыў здалёк яшчэ аднаго чалавека, які йшоў у бок Камароўкі, крыху пазьней – іншага, які спускаўся праспэктам да плошчы Перамогі. Рыгор супакоіўся даканцова, калі ў краме «Тарты» цукернік, такі сапраўдны і такі ветлівы, падыйшоў да яго ды ласкава пацікавіўся, што пану прапанаваць. У Рыгора не хапіла духу распытваць прадаўніка пра пытаньні, якія яго турбавалі, ён узяў пару крэмавых пірожных, піва і рушыў далей, не ўступаючы ў размову.

* * *

Увайшоўшы ў кватэру, Рыгор пастараўся зачыніць дзьверы ціхутка, але безадмоўны замок звонка ляснуў. Адразу ж пачуліся хуткія цяжкія крокі, і ў вітальню з пакою выйшаў тата ў тоўстым белым халаце. Ён спыніўся і з абурэньнем, не падаючы рукі, усклікнуў:

– Зьявіўся!

Ссунуўшы бровы, тата стаяў і глядзеў на яго. Рыгор спакойна сьцягнуў красоўкі, наступаючы мыском адной нагі на пятку другой, і бясклопатным голасам спытаў:

– Спэцназавец тут не зьяўляўся? Рослы такі мужык, увесь у чорным, у бярэце і высокіх ботах?

– Не, мужыкоў у чорным не было. Можна мне даведацца, дзе ты сам быў?

Тата сказаў гэта знарочыста мякка, але адчувалася, што ён вось-вось выбухне і гнеўна зараве.

– У сяброў начаваў, тата. Адпачыў, адцягнуўся. Як вы тутака безь мяне? – сказаў Рыгор будзёным тонам і закашляўся, прытуляючы рот кулаком.

Пачуўшы кашаль, тата зірнуў на яго ўжо зусім іншым поглядам: гнеў выпарыўся, а ягонае месца занялі хітрасьць і цікаўнасьць. Рыгор перхаў. Тата, быццам заразіўшыся, набраў у грудзі паветра, наморшчыў лоб і, затрымаўшыся на пару сэкунд, з трэскам чхнуў. Пакуль ён старанна прамакаў ноздры сурвэткай, Рыгор увайшоў у свой пакой. Ён зьдзеў зь сябе ўсю вопратку, кідаючы яе на падлогу, адчыніў шафу і адзеўся ў чыстыя, з мылавым водарам джынсы, блакітныя і прасторныя. Працягнуў руку да стосу суколак і ўзяў верхнюю: яна была аранжавая з бледна-жоўтым малюнкам у выглядзе замуляных лічбаў і невыразных вуглаватых узораў. Тканіна суколкі была мяккай, прахалоднай і сьвежай, яна так прыемна лягла на скуру, што Рыгор усьміхнуўся з задавальненьня. Ён расшпіліў торбу і дастаў пачак наўздагад. Трапіліся даляры.

Рыгор выйшаў у вітальню і падаў грошы таце, які ўсё яшчэ стаяў там.

– Давайце зробім увечары сьвята, га? Сама смачная ежа і найлепшыя напоі! Але гэта ўвечары, калі я з лазьні вярнуся. А пакуль дайце штось у рот кінуць, я згаладнеў як зьвер.

Тата прыняў грошы, пакруціў у руках і, нічога не сказаўшы, сунуў у кішэню. Яны прайшлі на кухню.

– Расольнік будзеш? – тата не сумняваўся ў згодзе і дастаў з халадзільніка вялікі рондаль. – Я яго дзеля цябе яшчэ ў суботу зварыў, а ты не зрабіў ласкі на’т зьявіцца.

Ён адліў з вялікага рондаля ў малы пяць – Рыгор падлічыў – апалонікаў, паставіў малы на пліту і падпаліў газ. Рыгор сеў за стол, адчыніў хлебніцу і на сэкунду задумаўся, якога хлеба хочацца – чорнага ці белага. Абраўшы чорны, адламаў акраец «Нарачанскага», пасыпаў сольлю і прагна зажаваў.

– Піва ё? – спытаў ён з набітым ротам.

– Ёсьць, а як жа! Калі гэта я забываўся пра піва, скажы калі ласка? – у голасе таты чуўся дакор. – Толькі ня пі з халадзільніка. Пачакай хвілінку, я зараз бутэльку гарачай вадой салью, каб не была ледзяная. І дзе толькі прымудрыўся застудзіцца? У гэткую цяплыню?

Рыгор, нягледзячы на пратэсты Таты, узяў з халадзільніка свой ушанаваны «Сябар», адкаркаваў яго відэльцам і, закінуўшы галаву, стаў піць наўпрост з рыльца.

– Ну вось, суп ужо амаль і падагрэўся. А на другое ў нас сёньня галубочкі! Га? Галубочкі! Ты хлебам не наядайся, яшчэ шмат усяго смачнага.

Тата зноў палез у халадзільнік і дастаў вялізарную гусятніцу з галубцамі. Выклаўшы дзясятак галубцоў на патэльню, ён паставіў яе на слабы агонь, з такім разьлікам, каб галубцы падцяпліліся хвілін празь пяць-дзесяць апасьля расольніка. Потым падняў з падлогі на стол трохлітровы слоік з агуркамі і пачаў вылоўліваць зь яго агурочкі, з дапамогаю адмысловага раздвоенага кручка, зробленага зь вязальнай сьпіцы. Агурочкі ён укладваў на сподак.

Рыгор апусьціў пустую піўную бутэльку пад стол і ўздыхнуў з палёгкай – ён нарэшце перастаў адчуваць голад, які турзаў яго з раніцы – а наперадзе яшчэ чакалі расольнік і галубцы. Тата ўжо наліваў расольнік у талерку і падсоўваў сьмятану. Рыгор паклаў у талерку лыжку сьмятаны, разьмяшаў і зрабіў пару глыткоў, жмурачыся з асалоды.

– А я табе анэкдот склаў, у адказ на тое барока, памятаешь? – сказаў тата непавінным голасам, сядаючы побач. – Сустрэліся аднаго разу Брукнэр, Малер і Вагнэр, ды паспрачаліся, хто дужэйшы кампазытар. Брукнэр кажа – у мяне адзінаццаць сымфоніяў. Малер кажа – гэта што, у мяне ў сымфоніях яшчэ і сьпяваюць. А Вагнэр кажа – гэта што, сынкі, а ў мяне яшчэ і скачуць!

Тата гучна зарагатаў, а Рыгор пакрыўджана сьцяў зубы.

– Што за лухта, тата! Вагнэр не пісаў сымфоніяў! І ніхто ў яго ня скача, гэта ж не балет. І наогул, ня сталі б яны спрачацца. Брукнэр быў Вагнэравым вучнем і вельмі яго паважаў, каб вы ведаць хацелі.

– Але сьмешна ж? Сьмешна? – тата рагатаў.

Аднак Рыгору сёньня было не да спрэчак і не да анэкдотаў. Сьціскаючы лыжку, ён нарэшце загаварыў сур'ёзна:

– Досыць вам, тата, бакі мне забіваць. Давайце, раскажыце лепей пра вашу дачку і маю жонку. І дзьвюх унучак не забудзьцеся ўзгадаць. І вашу старэнькую матулю.

Тату пытаньне не зьдзівіла, мабыць, ён падрыхтаваўся да падобнае размовы. Ён наліў сабе кефіру, падняў кубак, быццам заклікаючы яго ў сьведкі, і паглядзеў Рыгору ў вочы.

– Давайтка лепей сам раскажы, дзе дзьве ночы правёў, з кім.

– Тата, гэта дробязі. У суботу ў старога сябра, Піліпа, начаваў. У нядзелю ў гаражох хаваўся, зь Лявонам. Вы яго ведаеце. Памятаеце, у лазьні знаёміліся? Але гэта ўсё роўна. Вы мне скажыце, дзе ўсе бабы?

– У Піліпа, кажаш? Зь Лявонам?

Тата выпіў кефір і пацягнуўся па цыгарэты. Рыгор хутка губляў апэтыт і пачынаў раздражняцца. Ён зьеў яшчэ колькі лыжак, ужо без задавальненьня.

– Цяжка адказаць, ці што? Простае пытаньне: дзе ўсе бабы?

Рыгор пачаў кашляць і адклаў лыжку. Тата закурыў і, гледзячы ў столь, прамовіў:

– Дзіўлюся, дзе чалавечая падзяка? Усё сваё жыцьцё марнуеш на кагосьці, корміш яго, поіш, мыеш, прыбіраесься, душою грэеш. А гэты хтосьці бярэ і харкае табе ў твар. Ногі аб цябе выцірае.

Кроў шыбанула Рыгору ў галаву. Ён раптам прышоў у поўнае шаленства, і нават кашаль адпусьціў яго. Ён з усяе сілы бахнуў кулаком па сталу – так, што ўсё на ім падскочыла, а талерка паляцела на падлогу, абліваючы і яго, і тату гарачым расольнікам. Рыгор падхапіўся і зароў на тату зьверху ўніз:

– Стары вырадак! Высьмяхаешся зь мяне?! Я цябе пытаюся – дзе ўсе бабы?!

Ён увесь намогся, як спружына, рукі сьціснуліся ў кулакі. Ён бачыў блізка перад сабой тоўстыя татавы зморшчыны і ягоны клубнічны нос. Калі б тата выдаў хоць адзіны гук, дык спружына б сарвалася. Рыгору здавалася, што ў ягоным кулаку столькі сілы, што ён пройдзе татаву галаву наскрозь. Але тата нават не варушыўся, уражаны гэткім усплёскам. Праз сэкунду Рыгор апусьціў рукі, штурхнуў нагой стол і выбег з кухні. За сабой ён чуў грукат хлебніцы, якая павалілася на падлогу.

Распалёным мэтэорам Рыгор прамчаўся на балкон па венікі, у лазенку па шампуні, потым у свой пакой, дзе згроб з шафы наўздагад стос адзеньня ў торбу. «Яшчэ горай, чымся мінулым разам, – думаў ён, зьбягаючы лесьвіцай, – спадзяюся, я сюды больш не вярнуся».

Ля пад'езда стаялі дзядзька Васіль і дзядзька Міхась. За той час, што Рыгор правёў у таты, яны пасьпелі пачаць новую спрэчку, пра адукацыю, якая, пэўна, пачалася з абмеркаваньня Талстога-пэдагога.

– Роля жанчыны ў адукацыі можа быць ані ня меншая за мужчынскую! Не спрачайся са мной, бо ў адукацыі я знаюся дакладна! Ты ж ведаеш, кім працуе мой сын, – казаў дзядзька Васіль.

Дзядзька Міхась паважна адказаў яму, што ягоны сын таксама ня лыкам шыты, і значнейшы будзе за інстытуцкага выкладальніка.

– Жанчына, Васіль, падыходзіць толькі каб пачаткова выхаваць дзіця ў першыя гады жыцьця. Далей дзіця мусіць пераходзіць у мужчынскія рукі, а жанчына можа нараджаць наступнага.

Рыгор стаяў побач зь імі, слухаючы ўсю гэтую лухту і наліваючыся гневам. Доўга ён не вытрымаў і неўзабаве закрычаў:

– Што вы чаўпецё, старэчы! – ён схапіў дзядзьку Міхася за локаць. – Якія яшчэ жанчыны! Дзе? Дзе яны? Пакажыце мне хоць адну! Яны ж не йснуюць!

Дзядзька Васіль памаўчаў, кіруючы думкамі ў бок, пазначаны Рыгорам, а потым зрабіў на твары чулы выраз:

– Я разумею вас, малады чалавек. Вы зараз у тых гадох, калі задумваюцца пра сэнс жыцьця, таямніцы быцьця ды іншыя філязафэмы, – ён з годнасьцю вызваліў локаць. – Аб'ектыўная рэальнасьць або суб'ектыўная?.. Ці мысьлімае тое, што існуе?.. Ці першаснае тое, што памысьлілася?.. Гэта добра, гэта слушна, і мы праз гэта таксама прайшлі. Але вы мне вось што скажыце, моладзь: ці можна нагэтулькі быць блізкарукім, каб істоту, адрозную ад сябе, далікатную жанчыну, абавязкова лічыць за ніжэйшую і другасную? Так-так, Міхась, я кажу менавіта пра Талстога!

Дзядзька Васіль павярнуўся да дзядзькі Міхася і з выклікам глядзеў на яго. Рыгор з горыччу плюнуў, адвярнуўся і доўгім крокам пасьпяшаўся ў лазьню. Ён падумаў, што спатнее з хуткае хады, і суколку спатрэбіцца мяняць, але цяпер было ўжо ўсё роўна.

* * *

Панядзелкавыя наведвальнікі лазьні былі спрэс незнаёмыя, раней ён ня бачыў аніводнага гэтага твару. Распранаючыся, ён выявіў, што забыўся шапку і рукавіцы. Пачаўся прыступ кашлю, і людзі спагадліва глядзелі на яго. Магутны дзядзька з чэравам, разы ў тры больш за Рыгорава, падыйшоў, шлёпаючы чырвонымі гумовымі сандалямі, і прапанаваў папарыць яго – ўсё хваробы як рукой здыме! Рыгор і сам на гэта спадзяваўся. Яны ўвайшлі ў апарню, і Рыгор узглабаўся на сама высокую прыступку, адзначыўшы, як кепска напалена. Ён распрастаўся на прыступцы, яна была гарачая, але не абсмалівала, як патрэбна.

– Што, брат, у панядзелак заўсёды так слабенька? – спытаў ён дзядзьку.

– Ураніцу, кажуць, добра было. А цяпер выдахлася ўжо. Пятая гадзіна, што ж ты хочаш.

Дзядзька пачаў хвастаць Рыгора венікам, і ён на колькі хвіляў паслабіўся. Але пакрысе ўсё яму рабілася ня так: і ляжаць было нязручна, і ў горле пяршыла, і хацелася піць, і венік быў халодны і занадта мокры.

– Дзядзь, ты жанаты? – спытаў Рыгор брухатага.

– Ды ўжо пятнаццаць гадоў як! – ахвотна адгукнуўся той. – І, ведаеш, задаволены. Многія скардзяцца, маўляў, другім разам дык ані за што на сьвеце, а я задаволены! Ці ім не пашанцавала, ці я гэткі шчасьлівы, але ні слова супраць маёй жонкі не скажу. Пятнаццаць гадоў душа ў душу. А ты навошта пытаесься? Ажаніцца надумаў?

– Ты жонку сваю калі апошнім разам бачыў? – спытаў Рыгор наўпрост.

– Раіць ня буду, каб потым ня скардзіўся на дарадцаў, – адказаў дзядзька, як і тата, ігнаруючы правакацыйнае пытаньне. – Адно скажу: прыглядзіся да нявесты лепей. Спраўдзі яе. Можаш на’т поўху даць раза, каб водгук пачуць.

Рыгор рэзка павярнуўся і сеў. Ён схапіў дзядзьку вышэй локця і пачаў моцна дрогаць:

– Ты што, ня чуеш? Калі ты апошнім разам жонку бачыў, пытаюся?

– Прыбяры рукі! Ты што, ашалеў? – дзядзька вырваў локаць і злосна глядзеў на Рыгора. – Калі хварэеш, дык дома сядзі! На маму з татам крычы.

Ён сунуў Рыгору ягоны венік і пайшоў прэч з апарні, нешта гыркаючы на хаду. Рыгора трэсла, і ён сам не разумеў, чаму, ці тое з хваробы, ці тое са злосьці. Ён таксама ўстаў, спусьціўся прыступкамі і выйшаў. У мыйным аддзяленьні яму падалася холадна, ён сунуўся пад душ, улучыў ваду пагарачэй і колькі хвіляў ня рухаўся, убіраючы ў сябе цяпло вадзяных бруяў.

І раптам на яго накаціла: магутны ўнутраны парыў штурхнуў Рыгора на цэнтар залі, ён расставіў ногі і выцягнуў рукі ўбокі, сьціскаючы ў правай венік.

– Мужыкі! – гукнуў Рыгор.

Усе, хто быў у гэтую хвіліну ў мыйным, кінулі свае справы і павярнуліся да яго. Рыгор паспрабаваў быў узьлезьці на каменную лаву, каб яго бачылі лепей і каб ягоныя словы мелі з вышыні большую вагу, але вада і шума, разьлітыя па лаве, палохалі яго – пасьлізнуцца, паваліцца, не. Рыгор выбег у распранальню і з крыкам «Мужыкі!» узьлез на доўгую драўляную лаўку. Яна была ніжэйшая, чымся ў мыйным, але затое ня сьлізкая.

Усе ўтаропіліся на Рыгора. З мыйнага таксама выходзілі людзі і спыняліся, гледзячы на яго са зьдзіўленьнем і трывогай.

– Мужыкі! Адкрыйце вашыя вочы! Азірніцеся вакол! Здарыўся жах!

Людзі заціхлі ў чаканьні. Лазеньнік рыпнуў крэслам. Рыгор адчуў адказнасьць моманту і мовіў асабліва выразна і гучна:

– Усе жанчыны зьніклі.

Падняўся шум, мужыкі заварушыліся. Малады плячысты хлапец зь зялёным рушніком праз плячо, што стаяў блізка да Рыгора, узяў яго за прыдалоньне і пацягнуў уніз.

– Браценік, злазай давай, не выступай.

Пачуўся сьмех. Нехта весела гаркнуў: «ты што піў?», яму адказаў іншы голас: «ён ня піў, ён траву курыў».

– Мужыкі! Дык што ж гэта! Вы што, сасьляпелі? Аніводнае бабы вакол, а вы маўчыцё!!

Рыгора ўжо сьцягвалі за абедзьве рукі. Ён вырываўся, але страціў раўнавагу і мусіў саскочыць на падлогу.

– Ды што ж вы такія тупыя! Хадзем у жаноцкае аддзяленьне, спраўдзім!

Ніхто яго ўжо ня слухаў. Людзі ўсьміхаліся, хто вяртаўся ў мыйнае, хто працягваў адзявацца. З прыкрасьці Рыгор штурхнуў у плячо хлопца зь зялёным рушніком і атрымаў у адказ яшчэ мацьнейшы штурхель.

– Супакойся, браценік, – сказаў хлопец сур'ёзна, – Бо разварачу табе зараз усю храпу. Матухна не пазнае.

Рыгор быў тузануўся, але хтосьці схапіў яго ззаду за локці. У лазеньніка зьведалі нумар шафкі Рыгора, дасталі адтуль адзеньне ды рэчы, сунулі яму ў рукі і выпхнулі ў калідор.

* * *

Згінаючыся з сухога кашлю і дрыжучы, Рыгор зышоў з лазьневага ганка, перасёк дарогу і паглыбіўся ў двары Моладзевага пасёлку. Знутры жарыла, твар гарэў, непераадольна хацелася прылегчы, заплюшчыць вочы і ляжаць. Ён сеў на бераг круглай пясочніцы і ашчаперыў калені, яго калаціла. Вакол не было ні чалавека, пустыя вокны пяціпавярховак адлюстроўвалі дрэвы. «Там жа нідзе нікога няма, – дайшло да яго раптам, – дык навошта я тут сяджу?» Сабраўшы сілы, ён рушыў да аднаго з суседніх пад'ездаў і пацягнуў дзьверы. Адчыніліся. Падзівіўшыся, як саслабелі ягоныя ногі, Рыгор падымаўся лесьвіцай і тузаў усе клямкі запар. Незашчэпленая кватэра знайшлася толькі на трэцім паверсе, ён счакаў сэкунду і ўвайшоў.

– Ёсьць хтосьці? – спытаў ён гучна і, не чакаючы адказу, прычыніў за сабой дзьверы.

Ад слоў засьвярбела ў горле, і ён заперхаў. Вітальня была абклееная бэжавымі шпалерамі з дробнымі зялёнымі і сінімі лісьцікамі. адразу ж стаяў халадзільнік, вымкнуты зь сеткі, у якім зьмяшчаліся колькі пляскатых слоікаў са шпротамі. Рыгор узяў два слоікі, прайшоў на пыльную кухню і ў пошуках відэльца бязмыльна высунуў шуфляду праваруч мыйкі. Ён сеў на зэдлік, адкаркаваў слоік, балазе той меў адмысловае колца, і неўзабаве зьеў усё, безь цікавасьці гледзячы на маркотныя абкуродымленыя сьцены і паласу белае кафлі над плітой. Адразу зьеў і другі слоік. Пасядзеў, слухаючы шум у галаве, і пайшоў шукаць канапу, ложак або хоць штосьці прыдатнае спаць. Успомніў, што ў халадзільніку засталіся яшчэ шпроты і на імгненьне затрымаўся ў вітальні, але стомленасьць перамагла.

У пакоі яго чакаў ложак, засланы капай, з багатым кветкавым узорам кшталту старадаўніх габэленаў і выпукласьцю, пад якою хавалася пухоўка. Рыгор паваліўся на ложак і, схаваўшы далоні ў цёплае месца паміж сьцёгнамі, скруціўся абаранкам. Было холадна, і празь некаторы час ён знайшоў сілы занурыцца пад капу.

* * *

Раніцай, шляхам у туалет, Рыгор, намагаючыся адкашляцца і прачысьціць горла, выявіў, што страціў голас. Ён паспрабаваў вымавіць колькі слоў, але вязы адмаўляліся выдаць нават найменшы гук і выпускалі з рота толькі шэпт. Затое ў грудзёх зьявіліся нейкія хрыпы. Рыгор злаваўся, што лазьня не дапамагла яму, і вінаваціў у гэтым слабенькую апарню. «Схаджу сёньня яшчэ раз», – падумаў ён, пагойдваючыся са слабасьці над унітазам.

Ён падмацаваўся двума-трыма слоікамі шпротаў і зрабіў сабе вялікі кубак салодкае гарбаты. Пасьля гарбаты Рыгор адчуў, што голас вяртаецца, і колькі разоў гучна сказаў, быццам правяраючы мікрафон:

– Раз, два, тры...

Потым ён шукаў венік, але не знайшоў, хоць выразна памятаў, што трымаў яго ў руках, калі яго выштурхоўвалі з распранальні. Рыгору было шкада венік, і ён наважыўся абавязкова распытаць пра яго лазеньнікаў. Адначасна ён адчуў сорам за ўчорашняе ды сьверб ушчэмленага гонару. Асабліва распаляў яго ўспамін пра хлопца зь зялёным рушніком, які так самаўпэўнена пагражаў яму. Рыгору здавалася, што апыніся ён зараз ізноў там, усе насьмешнікі размазаліся б па сьценах і ўбіліся ў адзежныя шафкі.

* * *

Шляхам у лазьню Рыгор супакойваў сябе меркаваньнем, што сёньня мыцца прыйдуць зусім іншыя людзі. І праўда, сярод аўторкавых купальнікаў ён не пазнаў ні ўчорашніх, ні суботніх. І лазеньнік зьмяніўся, хоць гэта было нават дарэчы: ўчорашні абавязкова ўспомніў бы Рыгора і ягоны гучны, але ганебны выступ. Ён спытаў лазеньніка пра забыты дубовы венік, і той адмоўна пакруціў галавой, прапанаваўшы яму адзін са сваіх, бярозавых. Рыгор пачаў выбіраць венік, трэсьці імі ў паветры, спрабаваць на гушчыню і пругкасьць. Абраўшы, ён пайшоў распранацца і доўга кашляў, сунуўшы галаву ў шафку, каб цішэй. Пасьля кашлю яго апанавала такая смага (адбіваліся гэныя шпроты), што ён мусіў адмовіцца ад правіла піць толькі пасьля працэдур і накіраваўся ў бар.

Буфэтнік

У такую рань бар пуставаў, толькі за сама ўтульным століку ў куце сядзелі два непаголеныя брунэты, якія, відавочна, таксама адмовіліся ад правілаў. Ён спытаў «Сябра» ў незнаёмага соннага буфэтніка і першым глытком выпіў бадай палову куфля. Яму здалося, што ягоныя мазгі – гэта акунутая ў шклянку губка, да тога хутка хмель ахутаў ягоную саслабелую галаву. Рыгор памятаў, што абяцаў сабе ня лезьці больш у спрэчкі, але зараз ня вытрымаў і зьвярнуўся да буфэтніка:

– Ці ты жанаты, браток?

– Не-а. Куды сьпяшацца, – буфэтнік, крымінальнага выгляду хлапец зь мясёным тварам і маленькімі вочкамі, падазрона паглядаў на яго.

– А дзяўчына ёсьціка ў цябе?

– Як безь дзяўчыны.

– Ты калі яе бачыў апошнім разам?

– Ты чаго прычапіўся? – дзяцюк упёрся тоўстымі пальцамі ў стальніцу.

– Супакойна, браток. Мы ж проста гутарым, га? – Рыгор адпіў яшчэ добра піва. – Я ведаеш што заўважыў? Што вакол аніводнае бабы няма.

Буфэтнік крыва ўсьміхнуўся, і Рыгор працягваў, сьпяшаючыся і баючыся быць заўважаны ў пасьпешлівасьці:

– Я таксама раней лічыў, што ў мяне жонка ёсьць, і дзьве дачкі, і цешча з бабкай. А пазаўчора як накаціла на мяне! Празарэньне! І адкрылася мне, што ня маю ніводнае жанчыны, а толькі старога цесьця. І ня толькі я – ніхто ня мае! Быў са мной адзін прыяцель, дык выявілася, што ў яго таксама цёткі няма. Вось так гадамі жывеш, і праўды ня ведаеш, чуеш? Дык прынамсі. Я ж аўтасьлесар па прафесіі, чуеш? А мне адкрылася, што і машын няма! Зусім няма! А я аўтасьлесар. Ты разумееш?

Заўважыўшы погляд буфэтніка яму за сьпіну, Рыгор павярнуўся і ўбачыў аднаго з чарнявых, які падыйшоў да стойкі з пустой шклянкай і стаяў, слухаючы размову.

– Кажа, што бабы ў яго няма, – пакепліва сказаў буфэтнік.

– Ба-абы няма? – працягнуў чарнявы, ківаючы з пакеплівай спагадай. – Гэта кепска, калі бабы няма.

– А ў цябе хіба ёсьць? – пачынаў злавацца Рыгор. – Ты навокал паглядзі, хлопча! Няма ніякіх баб! Адна ілюзія. Нам здаецца, што яны ёсьць, а яны насамрэч толькі ў нашых галовах!

– Небясьпечны тып, – міргнуў буфэтнік брунэту. – Спачатку зьвествуе, а потым бач, і ў кішэню табе залез.

– Ба-абы няма? Ты можа, браток, таго? – чарнявы блазнаваў і ўздымаў бровы дзеля большае выразнасьці.

Рыгор не разважаў. Маланкай бліснула ў ягонай галаве думка пра рэабілітацыю за ўчорашнюю зьнявагу. Сьціснуўшы кулак і рэзка выпрастаўшыся, Рыгор з усёй намогі прыпёк яго ў зубы чарнявага. Шклянка з рэшткамі піва перакулілася, шума пацякла па стойцы. Удар атрымаўся да тога моцны, што Рыгор адразу ж палічыў сябе цалкам рэабілітаваным: чарнявы адляцеў назад на пару мэтраў, перавярнуў два столікі і гучна грымнуўся, дарэмна спрабуючы ўчапіцца за крэслы. Ягоны сябар адразу ж падхапіўся і рушыў да Рыгора. Буфэтнік колькімі шырокімі крокамі абмінуў стойку і таксама накіраваўся да яго. Рыгор адступіў да выйсьця і спыніўся, пагрозьліва прыпадняўшы за сьпінку крэсла. Сябар і буфэтнік асьцярожна насоўваліся. Брунэт, які грымнуўся, крактаў і варушыўся, спрабуючы ўстаць з нагрувашча крэслаў і сталоў.

– Думайце сваёй галавою, а не чужой, людзі! Азірніцеся навокал! Адкрыйце вашы вочы! – крычаў Рыгор, адчуваючы, як столец дрыжыць у ягоных руках.

Тут за ягонай сьпіной пачуліся крокі, і не пасьпеў Рыгор абярнуцца, як нешта ўдарыла яго па галаве, і ён паваліўся на падлогу, зьдзівіўшыся на мяккасьць упадку і лёгкасьць свайго цела. Ён убачыў над сабой засяроджанага лазеньніка з доўгім паленам, грэблівага буфэтніка, чарнявага, які штурхаў яго нагой у бок, і другога чарнявага, які прыціскаў да вуснаў скрываўленую сурвэтку. Усё вакол бачылася вельмі сьветлае і бяз гуку. Ён заплюшчыў вочы.