Піліп Ліпень Рабаваньне па-беларуску
Частка 1. Рабаваньне

10. Як Лявон ды Рыгор застудзіліся

Рыгор прапанаваў нікуды не ісьці, а залегчы ў хмызьняку і дачакацца, пакуль зьявіцца спэцназ. На ягоную думку, было б глупствам сутыкнуцца зь ім на дарозе, гэта прывяло б да бессэнсоўнага і небясьпечнага стрэльбішча. Яны прайшлі трохі ўбок ад будынка і разьмясьціліся ў густых, даўно ня стрыжаных зарасьніках грогу. Лявон з асалодай сьцягнуў з галавы гарачую шапку, адчуўшы кончыкамі пальцаў рыфлёныя адбіткі, пакінутыя ніткамі на твары. Зямля за грогам парасьла высокай травою з высьпеўшымі каласкамі, і Лявон, улёгшыся на сьпіну і падклаўшы пад галаву заплечнік, цешыўся на іхную блізкасьць. Адзін каласок схіліўся да самага твару Лявона, ён лёгка правёў па ім паўзачыненай далоньню і разглядаў пясочна-жоўты пылок, што застаўся на скуры. Тым часам Рыгор уважліва агледзеў хмыз, абраў найлепшую агнявую пазыцыю ў прасьвеце паміж лісьцем і ўсталяваў туды аўтамат.

Паназіраўшы колькі хвіляў за дарогай, Рыгор павярнуўся да торбы і расшпіліў маланку. Палез у яе рукою, спрабуючы намацаць нешта ў глыбіні, але пачкі даляраў былі выкладзеныя шчыльна, і дабрацца да дна яму не ўдалося. Ён з прыкрасьцю мовіў, што забыўся перакласьці рэшткі доктарскай каўбасы ў бакавую кішэню, а яны былі б зараз так дарэчы! Лявон не адказваў.

Рыгор праглынуў сьліну і вярнуўся назіраць праспэкт. І ў час: ўдалечыні паказалася чалавечая постаць. Яна хутка набліжалася, расла, і неўзабаве можна было разгледзець чорную бярэтку, чорны вайсковы строй і трыкутнік бела-сіняй цяльняшкі на грудзёх. Спэцназавец крочыў бакавінай шырока і цьвёрда, ад ягоных высокіх чорных ботаў, даверху зашнураваных, падымаліся воблачкі пылу. Ён выразна махаў адной рукой у тахт крокаў, а другую трымаў на пасу аўтамата, дакладна такога ж, як і ў Рыгора зь Лявонам. Ужо праз хвіліну, узяўшы аўтамат наперавес, ён збочваў на масток, што вёў да банку. Ля ўваходу ён спыніўся, зьняў з поясу пляшку і адпіў колькі глыткоў. Потым выцер вусны рукавом і адважна рушыў унутар. Рыгор зірнуў на гадзіньнік.

– Выдатна! Каб мы тамака хвіляў на пяць затрымаліся, дык невядома, чым магло б скончыцца. А зараз сыходзім! – загадаў ён і ўстаў.

Рыгор падняў торбу, надзеў яе на правае плячо, павесіў аўтамат на шыю і павярнуўся да Лявона. Той спаў, раскінуўшы рукі і адкрыўшы рот.

– Знайшоў час! – Рыгор штурхнуў яго красоўкай. Лявон здрыгануўся і расплюшчыў вочы. – Падымайся! Сыходзім! Хутчэй!

Лявон паслухмяна ўстаў, пазяхаючы і праціраючы пальцамі вочы. Рыгор узяў яго за рукаў і пацягнуў да праспэкту. Ён баяўся, што спэцназавец выйдзе вонкі дый заўважыць іх; ягоны твар зрабіўся заклапочаны і злосны. Лявону перадалося пачуцьцё сур'ёзнасьці, і ён таропка пайшоў за Рыгорам па бакавіне. Калі яны адыйшліся ад мастка мэтраў на пяцьдзясят, Рыгор спыніўся, падштурхнуў Лявона ў сьпіну, каб ён ішоў далей, а сам пабег назад, да ўваходу. Напружваючыся, ён падцягнуў да дзьвярэй чыгунавую сьметніцу, стварыўшы невялікую барыкаду. Калі ён бегам дагнаў Лявона, ягонае дыханьне было цяжкім, твар заліваў пот. Лявон прапанаваў паднесьці ягоны аўтамат, выказаўшы здагадку, што страляць ужо наўрад ці прыйдзецца.

– Дзякуй, браценік! – выдыхнуў Рыгор, аддаючы яму зброю.

* * *

Лявон цяпер крочыў першым, разглядаючы ў пыле сьляды спэцназаўца, і думаючы, ці зручна яму ў гэтых чорных ботах. Цікава, яны носяць шкарпэткі або анучы? Ён нават хацеў задаць гэтае пытаньне ўголас, але потым рассудзіў, што ня час. Яны шпарка рухаліся праспэктам Дзяржынскага да цэнтру і неўзабаве дасягнулі скрыжаваньня-круга, ад якога ішоў на паўднёвы ўсход праспэкт Жукава. Увайшоўшы ўнутар круга, пакрытага выгарэлай ны сонцы травой, Рыгор спыніўся, скінуў торбу і сказаў Лявону:

– Пасядзім пяць хвіляў? Сьпякотна.

Ён апусьціўся на зямлю, выцягнуў ногі і абапёрся рукамі назад. Лявон, застаўшыся ў яго за сьпіной, няўпэўнена пераступіў з нагі на нагу дый мовіў:

– Мне, мусіць, пара, – Рыгор зьдзіўлена павярнуўся да яго. – Мне туды.

Лявон павёў падбародкам на поўнач, дзе пачынаўся праспэкт Пушкіна. Рыгор адразу забыўся аб стомленасьці і сьпякоце, падхапіўся і пачаў горача пераконваць Лявона, што йсьці дадому небясьпечна. Лепш трымацца разам, і лепш затаіцца. Ён прапанаваў перачакаць некаторы час у ягоных гаражох. Лявон імлява пагадзіўся, не зусім разумеючы, што дасьць ім перачаканьне. Калі ўжо цябе высачаць, дык адседжвайся ці не, гэта нічым не дапаможа, хіба не? Але на спрэчку не было сілаў. Акрамя таго, бываць у гаражох яму раней не даводзілася, і думка пра іх абуджала ў ім смутную цікавасьць. Лявон уяўляў сабе вялізарныя памяшканьні з паўкруглай стольлю на складаных рашэцістых мэталяканструкцыях – ён бачыў такія гаражы ў адным з часопісаў.

* * *

Калі яны прамінулі Траецкае прадмесьце, Лявон адчуў, што больш ісьці ня мае сілы: аўтаматы нацёрлі плячо, а заплечнік зь мяшком, якія здаваліся спачатку маленькія і лёгкія, пасьля доўгага шляху зрабіліся каменна цяжкія. Ён паклікаў Рыгора, што зноў крочыў наперадзе, і прапанаваў зрабіць прывал. Рыгор таксама стаміўся і маўчаў толькі з асьцярогі, што Лявон ізноў захоча сысьці. Цяпер, калі гаражы сталі бліжэйшыя за Лявонаву хату, і вяртацца назад ён наўрад ці пажадаў бы, можна было і адпачыць. Яны збочылі ў парк ля Опэрнага тэатра і плюхнуліся на адну з даўгіх гранітавых лавак.

Парк

– Стаміўся? Ну, патрымай крыху, галоўная справа зробленая! Ты давай пасядзі, а я ў гастраном па чыпсы зьлётаю, – за час, праведзены ў дарозе, Рыгор дужа згаладнеў, і пустэча ў ягоным жываце патрабавала запаўненьня.

Лявон, адказаўшы на словы Рыгора слабым ускалыхам галавы, адкінуўся на сьпінку лаўкі, выцягнуў ногі і заплюшчыў вочы.

Рыгор вярнуўся праз чвэрць часу з двума вялізнымі пачкамі чыпсаў, скруткам гарачых сэндвічаў, трыма бутэлькамі піва і літрам апэльсінавага соку, асабіста дзеля Лявона. Лявон моцна спаў. «Дзіўны дзяцюк гэты Лявон. Колькі ўжо можна спаць? Таму ён такі і затарможаны, што сьпіць помногу». Рыгор сеў побач, адкаркаваў піва гайкавым ключыкам нумар трынаццаць і ўзяўся за сэндвічы.

Было ціха і цёпла, недзе ўглыбіні парку сьпявала птушка. Рыгор глядзеў на шэры, змрочны фасад Опэрнага тэатра і, жуючы, разважаў, што ў гэткай пабудове добра было б выконваць Вагнэра. Ці бываюць там наогул канцэрты? Успомніўшы ўвэрцюру да «Валькірыі», ён закалыхаў галавой у тахт музыкі і замыкаў у нос. Зьеўшы другі сэндвіч, ён зьняў красоўкі, сьцягнуў шкарпэткі, акуратна паклаў шкарпэткі на красоўкі і выцягнуў стомленыя ногі побач з нагамі Лявона, трохі даўжэйшымі. Салодка паварушыў пальцамі. «Як добра ўсё атрымалася! Так лёгка і проста!» – ягоныя думкі перацяклі на ўдалае рабаваньне. Можа пералічыць зараз грошы? Не, потым. Ён залетуцеў, як будзе выбіраць і купляць кватэру. У якім раёне лепш? Можа, недзе тут, у цэнтры? Ціха, сьвежа. Тэатар побач, дарэчы. Гуляй сабе ў парку навокал, валяйся на траве, жуй вэнджаныя каўбаскі...

Улагоджаныя думкі Рыгора перапыніліся, калі ягоная рука, працягнутая па наступны сэндвіч, намацала толькі пусты мяшок з хлебнымі дробкамі. Ён зірнуў на Лявона і рассудзіў, што калі санліўцу не дасталася сэндвічаў, дык у гэтым вінаваты толькі ён асабіста. Стане яму і чыпсаў. Але калі ж ён прачнецца? Рыгор апусьціў пустую бутэльку і мяшок з дробкамі ў чорную чыгунавую сьметніцу, адкаркаваў другое піва і ўзняўся, выпрастаўся. Заманіўшыся крыху прайціся басанож, ён накіраваўся да тэатра.

Ягоныя падэшвы прыемна ступалі па ўгрэтым сонцам пліткам, падмінаючы мяккую траўку, што прабівалася паміж імі. Накіраваўшыся па прыступках да галоўнага ўваходу і разглядаючы ўзьнёслыя фігуры на портыку, Рыгор намагаўся падымаць босыя ногі вышэй, каб ня ўдарыць пальцамі аб камень. Прайшоўшы паміж квадратнымі калёнамі, ён убачыў у адной зь нішаў тое, чаго невыразна спадзяваўся – афішу. Напісаная бэзавым алоўкам на белым кардонавым аркушы, яна здалася яму дзіўнай і неналежнай. Але раней афішы яму ніколі не трапляліся, параўноўваць было не з чым, і ён адагнаў сумневы. Пачаўшы чытаць, Рыгор нават сьвіснуў са зьдзіўленьня – афіша абяцала ў найбліжэйшай будучыні ўрачыстае адкрыцьцё сэзона і паведамляла, што вядзецца рыхтоўля да пастаноўкі опэры Вагнэра «Лятучы Галяндзец». Ніякіх падрабязнасьцяў і дат не вызначалася. Рыгор перачытваў яе колькі разоў запар і дзівіўся сам на сябе – як яму раней не прыходзіла думкі наведаць тэатар? Ён пацягнуў дзьверы, але яны не паддаліся. Рыгор адпіў з бутэлькі. «Мабыць, нядзеля ў іх выходная. Трэба будзе прыйсьці сюды ў які будзень дый даведацца дакладную дату пастаноўкі. Выдатны дзень сёньня! Дзень перамогаў, посьпехаў і добрых навінаў». У найлепшым гуморы ён спусьціўся назад і пабудзіў Лявона.

* * *

Дзядзя Геня

Праз гадзіну яны дабраліся да гаражоў. Ахоўнік дзядзя Геня ўжо быў на месцы, незвычайна рана для сябе. Ён прадыхаўся ля свае цаглянае хаткі і ўбачыў іх здалёку: памахаў смуглай валасатай рукою дый падняў шлягбаўм. Патрэбы ў гэтым не было ніякай, але яму падабалася гэткім парадкам паказваць вартасьць сваіх службовых абавязкаў. Дзядзя Геня выглядаў тыповым вяскоўцам-гаспадаром, ужо не маладым, але яшчэ не пажылым, жылаватым, з пасівелым шчэцьцем, у старых нагавіцах са стрэлачкай і замытай белай суколцы. Ураніцу і ўвечары дзядзя Геня корпаўся з жонкаю на лецішчы, а калі-нікалі ўдзень на гадзіну-дзьве прыходзіў да гаражоў, пабалбатаць з Рыгорам і адгадаць крыжаванку. І ўсё ж пра становішча ахоўніка ён меў асаблівае ўяўленьне – ён лічыў сваю пасаду ў некаторым родзе кіравальнай. Таму, падняўшы шлягбаўм, ён ня стаў сустракаць Рыгора і Лявона на нагах, а дзеля самавітасьці вярнуўся ў будку, надзеў на нос свае ўлюбёныя акуляры без аправы і ўзяў у руку аловак. Акуляры бліснулі ў сонечным промні.

– Дзядзя Геня – добры мужык. Свой чалавек, – патлумачыў Рыгор Лявону, калі яны параўняліся зь сіняй водакалёнкай, і крыкнуў: – Здароў, дзядзь Гень! Як маесься?

Дзядзя Геня заўсьміхаўся, зарухаўся за шклом. Ані не зьдзівіўшыся на аўтаматы за плячыма ў сяброў, ён высунуўся ў дзьверы і з воклічам «Лаві!» кінуў Рыгору вялікі чырвоны яблык. Рыгор лёгка злавіў яго, перадаў Лявону, а сам запусьціў руку ў торбу з грашыма. Праходзячы паўз адчыненых дзьвярэй, спрытна шпурнуў туды тугі пачак грошай і патрапіў наўпрост на калені дзядзе Гене.

– Ну, каго ўжо абрабавалі, байцы? – дзядзя Геня засьмяяўся і пастукаў пачкам па стале. – Пастраляць з калаша дасьцё, героі? Ха-ха!

– Дзядзь Гень, калі тутака спэцназавец раптам зьявіцца, дык паведамі, га?

– Не турбуйся, сынку, вораг ня пройдзе! – ён ізноў памахаў ім рукой.

«Дзікі нейкі дзядзька, – думаў Лявон, – Здаецца, аўтаматы, пачкі грошай і спэцназ – гэта для яго жыцьцёвая норма». Ён азірнуўся і ўбачыў, як дзядзя Геня апускае шлягбаўм. Цёплы павеў надзьмуў ягоную суколку нібы ветразь.

* * *

Гаражы троху расчаравалі Лявона сваімі невялікімі памерамі, але, калі Рыгор зьняў замок і расчыніў створку брамы, унутры сталася вельмі ўтульна. Лявон стаў на парозе і разглядаўся. Асабліва яго зьдзівілі прычэпленыя да сьцен разнастайныя прылады, інструмэнты дый проста дзіўныя рэчы, кшталту тачкі на трох колах, зялёнай гумовай грэлкі ці двух зьвязаных за дзяржальні венікаў. Ён падыйшоў да сьвідравальнага станка і з павагай правёў пальцамі па ягонаму магутнаму патрону з шурпатай насечкай.

– Праходзь, ладкуйся. Тутака кухня, а вунь там пакой. Можаш паслухаць штосьці, пакуль я макароны звару, – тон Рыгора прыкметна зьмяніўся, стаў яшчэ больш упэўнены і нядбайны: тут, дома, ён панаваў безумоўна.

Рыгор кінуў торбу пад варштат, паставіў аўтаматы за халадзільнік і з гучным «уфффф» паваліўся ў качалку. Сагнуўшы шыю, панюхаў свае падпахі і скрывіўся. Лявон зь непрыязнасьцю адвёў вочы. «Як вульгарна. І што я тут раблю, зь ім? А сысьці – дык няветліва. Зьневажальнае становішча!» Каб адцягнуцца ад гэтых думак, Лявон скарыстаўся запрашэньнем – прайшоў, нагнуўшыся, у другой гараж, сеў на кушэтку.

– Толькі ня сьпі! Пайшлі, памыемся! – Рыгор зазірнуў у пройму, здымаючы зь сябе кашулю. – Лазьні вядома няма, але не зарастаць жа каростай! Сёньня быў вялікі дзень, і цяперака мы зусім іншыя людзі! Адчуваеш, як ты зьмяніўся з раніцы?

Лявон не адчуваў нічога, акрамя смутнага раздражненьня, але ўстаў і выйшаў усьлед Рыгору вонкі. Рыгор, ганарліва расправіўшы плечы, нетаропка шыбаваў паўз доўгага шэрагу рознакаляровых гаражных брамаў. Ля калёнкі ён шырока расставіў ногі і націснуў на рычаг. Вада зьявілася, як заўсёды, не адразу, а праз хвіліну, даючы зразумець, што ёй няпроста, і яна бяжыць здалёку. Рыгор папрасіў Лявона патрымаць рычаг, а сам нахіліўся, склаў далоні коўшыкам і, дачакаўшыся струменя, спачатку абмыў твар, потым з крыкам і сьмехам сунуў пад яго галаву, а потым стаў плёскаць ваду сабе на грудзі, на шыю і на рукі. Нечакана ён заціснуў рукою кран і накіраваў тугія пырскі на Лявона. Лявон віскнуў і адскочыў ад калёнкі, адцягваючы ад скуры мокрую кашулю.

– Стой! Не адпускай, бо зноў чакаць прыйдзецца! Больш ня буду! – рагатаў Рыгор. – Распранайся, цёпла ж!

Дзядзя Геня за шклом вартоўні ўхвальна сьмяяўся і паказваў ім адзінец. Вада была сцюдзёная, але Лявон раптам ізноў адчуў, што энэргія Рыгора сілкуе яго, нібы батарэйка. Завабіўшыся хваляй душэўнага ўздыму, ён пырхаў, крычаў і гарэзіў разам з Рыгорам. Яны плёскаліся і пырскаліся хвіляў пяць, у выніку штаны таксама вымаклі наскрозь, іх прыйшлося зьняць і разьвесіць на створцы брамы. Сонца схавалася за хмарку, стала халаднавата.

Калонка

– Ну як табе? Асьвяжыўся? Палезьлі зараз на дахі загараць, – Рыгор, грэючыся, падскокваў на месцы, адлюстроўваючы стойку баксёра.

Ён вынес з гаража алюміневыя ўсходкі, першым залез наверх і лёг, закінуўшы рукі за галаву. Лявон асьцярожна падняўся ўсьлед. Жалеза даху, памаляванае карычневым, было цёплае празь нядаўняе сонца, але Лявону неўзабаве стала зябка. Ён лёг на жывот і падціснуў пад сябе рукі, ужо ў дрыжыках. Перад ягоным тварам была няроўная фарба, месцамі аблупленая, дробныя напаўпразрыстыя семечкі бярозы, выспы балотна-зялёнага моху. Рыгор таксама зьмерз, і яму не ляжалася. Ён сказаў, што прынясе піва, пераступіў церазь Лявона і зьнік унізе.

– Можа, у цябе і рушнік знойдзецца? – спытаў наўздагон Лявон. Рыгор крыкнуў, што пашукае.

Рушнік давялося чакаць доўга – ён, мабыць, захоўваўся ў Рыгора недзе ў далёкіх запасьніках, і знайсьці яго было нялёгка. Лявон уяўляў, як Рыгор рыецца ў глыбокіх скрынях з клёпанымі кутамі, дастаючы адтуль і разглядаючы тое камзол, тое сурдут, тое вышыты чырвонымі ўзорамі абрус. Лявон пачынаў дрыжаць. Пяшчотны павеў у немені сонца і пасьля ледзянога купаньня здаваўся непрыемна халодны. Лявон сеў і шчыльна абхапіў калені рукамі. З валасоў сьцякала вада і зьбіралася кроплямі на кончыку носа. Лявон дакранаўся набрынялай кропляю да калена, і яна расьцякалася ледзь прыкметнымі струменцамі па скуры, прыўздымаючы валасінкі. Чакаючы наступную кроплю, ён з надзеяй паднімаў галаву да неба. Праз воблака было відаць, як павольна рухаецца ўнутры бледна-жоўтае сонца.

Сонца пасьпела дасягнуць сярэдзіны, калі Рыгор вярнуўся з бутэлькай піва, пакункам соку і маленькім вафлёвым рушніком. Гэта быў адзіны рушнік, які ў яго знайшоўся, але затое ён гасьцінна дазволіў Лявону выцерціся першым. Пачаўшы выціраньне з галавы, Лявон зразумеў, што зглупіў – рушнік імгненна змакрэў і зрабіўся агідна халодны. Рыгор адкаркаваў піва, закурыў і паабяцаў, што сонца зараз зьявіцца. Лявону смажыла, і ён узяў сок, які, здаецца, праляжаў у лядоўні тыдзень. Скалынаючыся, Лявон выпіў пакунак за пару глыткоў. Рыгору ж, відаць, холад толькі дадаў настрою – ён весела зірнуў на Лявона і сказаў:

– Гэта на’т карысна – халадочак! Загартоўка. Слухай дарэчы анэкдот пра спорт! Сустрэліся аднойчы Пруст, Кафка ды Джойс – і зайшла ў іх размова, хто якім спортам займаецца. Пруст кажа – я хаджу на трэнажоры. Кафка кажа – я катаюся на ровары і на сноўбордзе. Джойс кажа – а я ўніз галавой вішу. Пруст і Кафка дзівяцца – гэта што за трэндавы спорт гэткі? Ёга? Джойс адказвае – якая нахалеру ёга. Калі галавою ўніз, дык да яе кроў прылівае – і плыня сьвядомасьці так і прэ, так і прэ!

І, не чакаючы Лявонава водгуку, Рыгор зарагатаў. Лявон, зьмерзлы і раззлаваны, дэманстратыўна хмыкнуў. «Ён вызначана шалёны, гэты Рыгор. Вар'яцкія анэкдоты». Адрагатаўшы, Рыгор змоўк, і яны некаторы час разам глядзелі на воблака. «І ўсё ж ён уважлівы, Рыгор. Памятае, што я люблю менавіта апэльсінавы сок, – меркаваў Лявон, мякчэючы. – І сьляды... Мае сьляды яшчэ ніколі не заходзілі так далёка». Ён з задавальненьнем адзначыў маўчаньне Рыгора, які не рабіў аніякіх спробаў параўнаць воблака зь якой чарапахай.

Праз хвіляў пяць воблака сапраўды выпусьціла сонца зь сябе. Зноў пацяплела. Лявон і Рыгор неўзабаве ўгрэліся і паслабіліся. Яны перакульваліся са сьпіны на жывот і назад, сохлі і заплюшчвалі вочы. Праз павекі сонца прасьвечвала густа-чырвоным, і на фоне гэтае чырвані плавалі маленькія, няўлоўныя роўным позіркам колцы.

* * *

Абсохшы, яны спусьціліся ўніз. Рыгор пачаў гатаваць спагеці з тушонкай, а Лявона пасадзіў у качалку. Ужо ведаючы пра ягоную схільнасьць да нечаканага засынаньня, Рыгор як мага гучней ляскаў вечкам аб рондаль, дробна тупаў нагамі і падрабязна камэнтаваў кожны свой рух: «Вось і вада ўскіпела! Паламаць спагеці напалам ці будзьма есьці даўгія? Саліць шмат, ці ты ня любіш? Ізноў згубіў кансэрвавы нож!» Калі неўзабаве спагеці былі звараныя, зьмяшаныя з тушонкай і выкладзеныя ў плястыкавыя талеркі, Рыгор прапанаваў перайсьці ў суседні гараж і паслухаць музыку.

– Люблю есьці ды слухаць. Табе я таксама піва адкаркую, добра? Бяры! Ты, дарэчы, што любіш слухаць?

Рыгор стаяў перад сваім музычным стэляжом, трымаючы ў адной руцэ талерку, а другой перабіраючы кружэлкі. Лявон сеў на канапу і паставіў талерку побач, яна апякала далоні. Гледзячы на апаратуру Рыгора і высокія паліцы з запісамі, ён успомніў пра дыск, што яму падаравалі ўва ўзнагароду за знойдзены тэлефон. Лявон прынёс з кухні свой заплечнік, расчыніў і спытаўся Рыгора, куды можна перакласьці грошы.

– У мяне там на дне дыск ляжыць. Я яго ні разу ня слухаў.

– Грошы? Валі на падлогу! – Рыгору так спадабалася гэтая ідэя, што ён пакінуў сваю порцыю спагеці на калёнцы, прынёс торбу з далярамі і таксама вытрас яе на сярэдзіну гаража. Утварылася мініяцюрнае падабенства тых грашовых гораў, якія яны бачылі ў банку. З хвіліну яны моўчкі глядзелі на кучу банкнотаў, Рыгор з узбуджэньнем, а Лявон у нейкім здранцьвеньні. Нарэшце Рыгор узяў падаты Лявонам дыск і падазрона агледзеў яго.

– Шубэрт? Песьні? Вось дык густы ў цябе!

– Хіба там Шубэрт? Адкуль ты ведаеш?

– Вось жа, алоўкам падпісана, танютка. Не, давай яго крыху пазьней паслухаем, – Рыгор паклаў дыск на калёнку. – А зараз я «Валькірыю» ўключу! Акурат па гумору, га?

Лявону гэтая назва нічога не сказала, і ён паціснуў плячыма. Рыгор падміргнуў яму, быццам абяцаючы разьвесьці ўсе ягоныя сумневы, раскрыў кардонавы футарал з наборам кружэлак і выцягнуў адну з капэрты. Перш як усталяваць кружэлку на прайгральнік, ён дзьмухнуў на паверхню, паднёс яе да самага носу і агледзеў пад рознымі вугламі. Запусьціўшы круг і апусьціўшы іголку, Рыгор пагасіў сьвятло, і «пакой» зараз асьвятляўся толькі з праходу на «кухню», адкуль падаў пераламаны рэчамі жоўты электрычны прастакутнік. Рыгор ізноў узяў талерку ў рукі і сеў побач зь Лявонам.

Рыгор вельмі любіў гэтую опэру і праслухаў яе не адзін дзясятак разоў. Зараз ён прамінуў палову і паставіў адразу сама яркае месца, «Лёт валькірыяў», каб уразіць госьця. Музыка ўзмацнялася, і па сьпіне Рыгора пабег халадок захапленьня. Кампанія Лявона дадавала асалоды, ён ужо наперад смакаваў, як той упадабае Вагнэра і ўшануе Рыгораў густ. Ён ціхутка засасываў у сябе спагеці, стараючыся ня цмокаць і ніводным гукам не перашкаджаць музыцы.

Лявон сапраўды ўразіўся магутнымі сугуччамі. Што ў гэтае музыцы маецца на ўвазе менавіта лёт, Рыгор яму не сказаў, і Лявону ўявіўся моцны, цяжкі драўляны карабель у буйным моры і жорсткія вікінгі ў змаганьні са штормам. Яму захацелася стаць адным зь іх, утрымліваць цьвёрдымі далонямі тоўсты поўраз, паварочваць ветразь, жмурыцца на ледзяныя кроплі. Хутаранка ацаніла б гэта. Але неўзабаве бушаваньне сьцішылася, зьмянілася на ўрачыста-сумныя дыялогі, і Лявон адцягнуўся на свае ўласныя думкі. У гаражы пахла тушонкай і пыльнымі дыванамі, а ад грошай павявала сьвежай паперай. Ён нагнуўся, падабраў адзін з пачкаў, паспрабаваў разгледзець яго ў прыцемку, панюхаў, і стаў гладзіць пальцам ціснёную паверхню верхняе банкноты. Яму было крыху млосна: галава здавалася вялікай і драўлянай, як карабель, і каламутнай, як штармавое мора, а цела зусім саслабела.

* * *

Даеўшы тушонку, Рыгор нахіліўся і паставіў пустую талерку на падлогу. Да гэтага моманту ён унікаў глядзець на Лявона, але цяпер, калі да канца кружэлкі засталося зусім няшмат, Рыгор павярнуўся і з запытальна паднятымі бровамі зазірнуў яму ў твар. Лявон спаў. Рыгор з прыкрасьцю ўстаў з кушэткі і падыйшоў да прайгральніка. Аўтастоп чамусьці не спыніў кружэлкі, яна працягвала круціцца, і на кожным абароце іголка мякка пстрыкала. «Чаму ён увесь час сьпіць? Спаў зранку, калі я яго сустрэў, спаў ля банку ў хмызе, спаў на лаве каля Опэрнага, сьпіць цяпер. Яшчэ толькі пяць вечара! І што мне цяпер рабіць?» Ён паклаў кружэлку ў капэрту і засунуў на месца. Прайшоў да халадзільніка і ўзяў яшчэ піва, моцнае. «А можа і добра, што ён заснуў. Мы і бяз тога за сёньня зрабілі зашмат. Ня будзем прысьпешваць, хай усё ідзе як ідзе».

Рыгор бязмэтава выйшаў на вуліцу з бутэлькай у руцэ, падыйшоў да хаткі дзядзі Гені, ужо апусьцелай, вярнуўся назад, закурыў. Пагартаў свае сшыткі з каталёгам запчастак, але займацца не хацелася. Паглядзеў на нерухомага Лявона. Потым сеў на кукішкі побач з грашовай кучай і пачаў перабіраць пачкі, раз-пораз адглынаючы з бутэлькі. Банкноты крыху адрозьніваліся па памерах, але ў цемры было незразумела, якія зь іх даляры, а якія рублі. Паціху да Рыгора вярнуўся добры гумор. Ён думаў пра сваё новае жыцьцё, што, даладна кажучы, яно пачалося сёньня, але па-сапраўднаму пачнецца з заўтрашняе раніцы. Заўтра ўсё будзе па-іншаму.

Назіраючы на роўны подых Лявона, ён таксама заманіўся легчы і заплюшчыць вочы. Ці праз моцнае піва, ці праз багаты падзеямі дзень, але яго адолела стомленасьць і слабасьць, а ў галаве нешта непрыемна пульсавала. Рыгор устаў, пагасіў сьвятло на кухні, а потым прылёг наўпрост на грашовую кучу. Ён доўга круціўся і паварочваўся, але неўзабаве ўладкаваўся зручна і ўтульна.