Піліп Ліпень Рабаваньне па-беларуску
Частка 1. Рабаваньне

8. Як Лявон шукаў Рыгора

Лявон прачнуўся праз гром, у той жа позе, у якой заснуў – за партай, калені шырока рассунутыя, галава на скрыжаваных руках. Рукі і шыя здранцьвелі, зрабіліся нібы драўляная, і ён з болем выпрастаўся. Моршчыўся і пакорліва чакаў, калі кровазварот наладзіцца, і ўяўляў, як кроў штуршкамі прабіваецца ў рукі па танюткіх жылках, закаркаваных у час існу, і яны цяпер паціху адкрываюцца. Аўдыторыя была напоўненая празрыстым шэрым прыцемкам, і Лявон спачатку быў здагадаўся, што набліжаецца ноч. Але гадзіньнік над дошкай паказваў без малога дзьве, і гэта было дзіўна: надта сьветла для позьняе ночы і надта цёмна для сярэдзіны дня. Ззаду, за вокнамі, раптам бліснула маланка – і парты, прыступкі і Лявонава галава адкінулі імгненныя цені. Зноў грымнула.

«Дождж, – зразумеў Лявон і ўспомніў, што трымаў іспыт, ізноў ня вытрымаў, і што наперадзе два тыдні вакацый. – Пара йсьці дадому. Вось толькі парасоніка няма». Ён вылез з-за парты і ледзь ня паваліўся – ногі і паясьніца таксама невыносна зацяклі і ня слухаліся. Хацелася піць. Лявон дастаў з заплечніка пакунак з сокам і дапіў апошнія пару глыткоў, што плёскаліся на дне. Па-старэчаму сагнуўшыся, ён спусьціўся да выйсьця з аўдыторыі, адчыніў дзьверы, трымаючыся за вушак, і закільгаў калідорам уздоўж сьцяны, абапіраючыся на яе рукой.

Пакрысе кроў прасякнула ўсе ягоныя члены, усе нават сама далёкія кончыкі ягонага цела, і старасьць ізноў адсунулася наперад на нявызначаны тэрмін, стаілася там, маленькая і нябачная. Але Лявона цяжка было падмануць, або адцягнуць ягоную ўвагу, ён ужо заўважыў яе і затаўраваў пагардлівай думкай: «Як гэта зьневажальна – ведаць, што цябе няўхільна чакаюць жаласная старасьць і сьмерць». Горда сашчурыўшы вочы, ён колькі хвіляў глядзеў з калідорнага вакна на залеву. Трэба было перачакаць яго, ня йсьці ж дадому гэткай навальніцай. Каб заняць час, Лявон надумаўся зазірнуць у сталоўку на першым паверсе і выпіць там яшчэ соку. Ягоныя крокі ў пустых калідорах аддаваліся лёгкім рэхам, пругкі гук лінолеўму зьмяніўся на парыпваньне паркету ля цэнтральнае лесьвіцы і аднавіўся, калі ён прайшоў у правае крыло будынка. Дасягнуўшы канца калідора, Лявон спусьціўся бакавой лесьвіцай уніз.

* * *

Дзьвюхстворкавыя дзьверы ў сталоўку, памаляваныя ў той жа тоўсты шэры глянец, што і дзьверы аўдыторый, былі расчыненыя. Набліжаючыся да іх, Лявон пачуў голас. Хутчэй за ўсё, голас належаў Янку, кухару, але з кім ён мог размаўляць? Можа, Адам Васілевіч зайшоў паабедаць? Голас быў трохі прыглушаны, мабыць ён даносіўся з кухні. Ля парога Лявон спыніўся, зьдзіўлены да крайнасьці: Янка дэкламаваў вершы.

Ў сырой цішы ядальні
Жыцьцё паволіць бег.
З марудлівасьцю рэк
Бруіцца дух баршчовы.

Прыслухоўваючыся, Лявон ступіў наперад і стаў на парозе. Утульная сталоўка з двума шэрагамі пакрытых абрусамі сталоў пуставала, за вялікімі вокнамі капаў дожджык. Праваруч блішчала нержавейкай раздаткавая лінія, чыстая і халодная.

Халоднаю рукою
Ўздымаю высако
Кляновае драўко,
Нягучнай славы зброю.

Чытаньне чулася з бакоўкі. Лявон ціхутка падыйшоў да бліжэйшага стала і сеў на крэсла. Да ягонае прыкрасьці, ножкі крэсла пад цяжарам цела ссунуліся і гучна рыпанулі па падлозе. У бакоўцы адразу ж раздаўся глухі ўдар, быццам нехта саскочыў з зэдліка. У сталоўку выбег Янка і спалохана ўтаропіўся на Лявона.

Янка

– Здароў!.. Як цябе занесла сюды ў суботу? – ён быў на пару гадоў старэйшы за Лявона, невысокі, сьветлавалосы і сьветлавокі, у белай суколцы і шырокіх пярэстых шортах. – Іспыт пераздаеш?

– Дзе там, проста зайшоў соку папіць.

Яны заклапочана глядзелі адзін на аднаго. Янка бянтэжыўся, што ягоную дэкламацыю мабыць пачулі, а Лявон узмоцнена думаў над трывожным словам «субота».

– Ты ўпэўнены, што сёньня субота? – нарэшце спытаў Лявон.

– Вядома! Учора была пятніца і іспыт у дзёньнікаў, – «дзёньнікамі» называлі студэнтаў, якія вучыліся на дзённым аддзяленьні; сам жа Янка вучыўся на завочным, адначасна працуючы кухаром у сталоўцы. – У мяне яшчэ Адам Васілевіч сьнедаў, булачкі з джэмам і амэрыкана, як ён любіць. Ды што здарылася, га? Ты думаў, што сёньня пятніца, і на іспыт прышоў?

– Не, на іспыце я ўжо быў...

– І што, заваліў?

– Заваліў...

– А якія квіткі папаліся?

Лявону не хацелася размаўляць пра іспыт і, каб перавесьці размову на іншую тэму, ён выказаў захапленьне пачутымі вершамі. Янка адразу пра ўсё забыўся і зачырванеўся. Лявон дрэнна знаўся ў паэзіі, але дзеля падтрыманьня гутаркі спытаў, хто ўлюбёны паэт Янкі. Высьветлілася, што кухар – прыхільнік сымбалістаў, але вышэй за ўсіх ставіць Рыльке. А такія паэты, як Ясенін – ягоныя ідэалягічныя ворагі. Янка стаў чытаць Лявону Рыльке ў сваім перакладзе. Ён чытаў шчыра і выразна, кончык ягонага маленькага круглага носа рухаўся ў тахт словаў, а рукі рабілі зародкі жэстаў, якія не пасьпявалі набыць форму. Янка ў сваёй новай ролі вельмі спадабаўся Лявону, але Рыльке здаўся яму нейкім каламутным. Ён папрасіў Янку пачытаць яшчэ свае вершы, а заадно напомніў пра апэльсінавы сок. Абодва ягоныя жаданьні былі задаволеныя адразу і са шчодрасьцю: Янка вынес яму двухлітровы пакунак соку і прачытаў цыкл сваіх санэтаў, прысьвечаных ночным перажываньням і ўражаньням. Шоргаты, цьмяныя водбліскі, прынесеныя лёгкім ветрыкам пахі, глыбіня цёмных бяззоркавых нябёсаў, маўклівы погляд адусюль, неўміручасьць, мінуласьць і будучыня.

Прысьніўся дзіўны сон:
Цякла рака баршча.
Я спакваля ўвайшоў.
Туга і гарача
Была яго бруя,
Паток барвовы нёс
Сьмятаны астрава.
Затрапятаў мой нос,
І я паплыў туды,
Дзе пачаўся ўсход.
Дзе горы-буракі
Схавалі гарызонт,
Дзе араматны пар
Ахутаў сонца шар.

Янка выслухаў, як належнае, хвалу, і, памаўчаўшы, выказаў перакананьне, што асноўнай вартасьцю паэзыі ёсьць ейная ўзвышанасьць і адарванасьць ад зямное рэальнасьці, відавочнай толькі для вачэй і зусім не аб'ектыўнай.

– Вазьмі самое слова «відавочны». Мы прывыклі, што яно азначае пэўнасьць нейкага факту ці зьявы, але забываемся на ягоную этымалёгію. Слова «відавочны» утварылася з выразу «відзець вачыма», але пагадзіся, што відомасьць не заўсёды адлюстроўвае сутнасьці зьявы.

Лявон не зразумеў.

– Усё вельмі проста! – Янка сеў насупраць Лявона. – Вось напрыклад сок. Для вачэй гэта ня больш як аранжавая вадкасьць, але для паэта – душа паўднёвых пладоў, што зьмяшчае ў сабе сонца, і адначасна асьвяжальная вільгаць. Разумееш? Адзінства сонечнага агню і зямной вады. Дзіўна, га?

– Мабыць. Але чаму нельга апець аранжавую вадкасьць як такую? Перад тваёй аранжавасьцю, вадкасьць, я сціпла кленчу, як перад сьвятыняй! Драбнюткія валокны апэльсіна зьмяшчаеш ты ў сабе, як рот зьмяшчае зубы.

На апошніх словах Янка скрывіўся.

– Пра рот і зубы выйшла загруба. Лепш сказаць: «як ноч зьмяшчае зоркі». А потым некаторыя ўласьцівасьці ночы і зорак перанесьці назад на сок. Гэта будзе крыху прымітыўна, але пачаткоўцу згадзіцца. Мне здаецца, ты здолеў бы пісаць вершы, у цябе ёсьць пачуцьцё.

Так яны гутарылі, пакуль сонца не зьявілася ў вакне, пусьціўшы па абрусу яркі касой квадрат. Лявон успомніў пра час, пра суботу, пра ўгавор з Рыгорам і перастаў слухаць Янку. «Ужо бадай што тры! Як я спазьніўся... І што цяперака рабіць?»

– Скажы, Янка, калі б ты дамовіўся з чалавекам сустрэцца, а чалавек спазьняўся, колькі б ты яго чакаў?

– Пятнаццаць хвілін, – не задумваючыся, адказаў Янка, – Ты кудысьці спазьняесься?

– Так. Прабач, але мне ўжо пара.

Янка запрасіў яго заходзіць часьцей, і Лявон абяцаў. Яны прайшлі калідорам да чорнага ходу, Янка дастаў з кішэні вялізную зьвязку ключоў і адчыніў амаль непрыкметныя ў цені дзьверцы. Лявон паціснуў яму руку і выйшаў, апынуўшыся на алеі студэнцкага гарадку, непадалёк ад тога месца, дзе стаяла гемаройная скрыня на ножцы. Не азіраючыся, ён пайшоў наперад, да галоўнае брамы, і спыніўся толькі пачуўшы за сьпіной гук зачыненай дзьверы. Лявону хацелася паразважаць у нерухомасьці, але калі б ён спыніўся адразу, Янка мог ізноў напасьці на яго з размовамі.

«Колькі б я чакаў на месцы Рыгора? – ён стаяў на краю алеі, разглядаючы траву пад нагамі. – Дзеля гэткае сур'ёзнае справы можна прачакаць столькі, колькі спатрэбіцца. Мала што можа здарыцца з чалавекам. Але Рыгор – не такі. Усе людзі розныя, і раўняцца па сабе – дурное. Трэба паспрабаваць змадэляваць у сваёй сьвядомасьці Рыгора і вылічыць ягоныя мажлівыя крокі... Ведаючы актыўную натуру Рыгора, можна сказаць упэўнена, што так доўга чакаць ён ня будзе. Можа, ён абрабаваў банк сам-на-сам? Не, хутчэй за ўсё не, інакш навошта б яму наогул спатрэбіўся памагаты. Але, абрабаваны банк ці не абрабаваны, Рыгор ужо адтуль пайшоў ува ўсякім выпадку. Галоўнае пытаньне зараз – дзе яго шукаць? Хутчэй за ўсё, у лазьні, бо па суботах ён заўсёды парыцца».

* * *

А пятай Лявон дачэпаў да Чыжоўскае лазьні дый распытаў тамака пра Рыгора буфэтніка і лазеньніка. Абодва ўпэўнена сказалі, што ён сёньня не зьяўляўся. Можна было б зайсьці ўнутар і спраўдзіць іхныя словы самому, але вечаровая лазьня, ледзь цёплая, брудная і зьвільгацелая, непераадольна агідзіла Лявона. Ён трохі адпачыў ува ўжо паўпустым буфэце, асьвяжыўся сокам і сабраў думкі. Наступнае па верагоднасьці месца знаходжаньня Рыгора быў дом, і Лявон дастаў з заплечніка ягоны ліст з запрашэньнем, каб паглядзець адрас. «Вуліца Галадзеда. Якая дзіўная назва», – думаў Лявон, разглядаючы капэрту і спрабуючы паразумець схаванае значэньне слоў па цьвёрдаму і нязграбнаму почырку Рыгора. Калі падыйшоў буфэтнік, Лявон ізноў зьвярнуўся да яго, і той махнуў рукой у паўднёвым кірунку:

– Гэта недалёка. Пяройдзеш праз мост, потым хвіляў дваццаць уздоўж парку, і ты на месцы.

– А чаму гэткая назва – Галадзеда?

– Хто яго ведае! Можа, нейкае гістарычнае прозьвішча, а можа, яны самі прыдумалі.

– Хто яны?

– Жыхары, хто! – буфэтніка паклікалі да стойкі, ён падміргнуў Лявону і адвярнуўся.

Дваццаць хвілін хады – ня так ужо і дрэнна. Лявон паварушыў пальцамі ў туфлёх і скрывіўся: там было волка і напрацавана. Можа плюнуць на ўсю гэтую задуму? Але, узмацьніўшыся, ён устаў і выйшаў з лазьні.

Пасьля дзённага дажджу вечаровае паветра было асабліва ціхае і залацістае, зь ледзь прахалоднай, прыемнай вільгацьцю. Леваруч лазьні дарога йшла пад гару, пераходзіла ў мост, а за ім бачыўся цёмна-зялёны масіў парку. Лявон рушыў, уяўляючы, як ягоныя пыльныя туфлі чэрцяць па зямлі новую, яшчэ ня ходжаную траякторыю. Мост сустрэў яго гулкімі мэталічнымі пласьцінамі пад нагамі і шырокім, сьветлым краявідам на вадасховішча. Лявон пастаяў, узіраючыся ў адваротны бераг, гарызонт і цалкам адкрытыя погляду нябесныя прасторы, але ўтрываў сябе і пашыбаваў далей. Праходзячы паўз парку, адмежаванага ад вуліцы высокай лініяй састрыжанага хмызьняку, ён бачыў у прасьветы ягоных галін то спартовых хлопцаў, якія адціскаліся на брусах, то дзядуляў з сабакамі, то гучных барадатых мужыкоў, учыніўшых пікнік у густой траве пад бярозамі.

* * *

Апынуўшыся на скрыжаваньні з кінатэатрам, Лявон наўздагад збочыў направа і адгадаў: Рыгораў дом, з адпаведным нумарам, знайшоўся непадалёк, у ціхім двары па-за дзевяціпавярхоўкай. Каля аднаго з пад'ездаў гутарылі два дзеда. Ён яшчэ раз дастаў капэрту і спраўдзіў нумар кватэры; яму быў патрэбны менавіта пад'езд са старэчамі. Яны не зьвярталі на Лявона ніякае ўвагі, і ён запаволіў крок, разглядаючы іх і прыслухоўваючыся.

Адзін са старэчаў, у тоўстай кашулі ў блакітную і сінюю клетку, з кіслым выглядам слухаў, а другі, у шэрым пінжачку, трымаў у руках разгорнуты таўсты том і чытаў: «...Теперь, когда он рассказывал все это Наташе, он испытывал то редкое наслаждение, которое дают женщины, слушая мужчину, – не ўмные женщины, которые, слушая, стараются или запомнить, что им говорят, для того чтобы обогатить свой ум и при случае пересказать то же или приладить рассказываемое к своему и сообщить поскорее свои умные речи, выработанные в своем маленьком умственном хозяйстве; а то наслажденье, которое дают настоящие женщины, одаренные способностью выбирания и всасыванья в себя всего лучшего, что только есть в проявлениях мужчины».

– Гэта адкуль? – прыязна спытаў Лявон, скарыстаўшыся кропкаю сказа. Ён адчуваў прыязнасьць і нават замілаваньне да гэтых маленькіх, худзенькіх і сівавалосых людзей.

– «Вайна і мір», – з годнасьцю адказаў дзядуля.

Ён заклаў старонку паказьнікам і павярнуў том рудою вокладкай уверх, быццам Лявон меў сумневы, што гэта запраўды «Вайна і мір», і мог упэўніцца. Дзядуля ў кашулі таксама скарыстаўся паўзай: пырхнуў, узмахнуў рукою і пераможна заявіў:

– Ну хіба гэта не лухта? Лухта і дзівацтва! Сэксызм ды мужчынскі эгацэнтрызм. Я не зьдзіўлюся, калі ў наступнай главе ён спытае, ці ёсьціка ў жанчыны душа! – і, каб ня даць апаненту запярэчыць, ён зьвярнуўся да Лявона: – Вы некага шукаеце, малады чалавек?

– Так, Рыгора, аўтасьлесара. Ён жа ў гэтым пад'езьдзе жыве?

– У гэтым, але зараз у іх няма нікога. Рыгор у лазьні, ён жа лазеньнік у нас заўзяты, а ягоны тата на працы.

– На працы? Сёньня ж субота, выходны? Шэсьць вечара!

– Даражэнькі юнак, – дзядуля з дакорам паглядзеў на Лявона, – Рыгораў тата – шавец. Вы ўяўляеце, колькі працы ў шаўца? Хадакоў шмат, і кожнаму патрэбны абутак. А ён – чалавек адказны, любіць, каб усё тэрмінова, і каб усё ідэальна. Яму і суботы мала, сядзіць крукам, не разгінаючы сьпіны. І вельмі, вельмі якасна. Рэкамэндую! Зьявіцца патрэба – дык толькі да яго ідзіцё. Тут недалёка, у Доме побыту.

– Дарэчы, Васіль, – заўважыў дзядуля ў пінжаку, – Калі ўжо ты згадаў шавецкае рамяство, ды спадзяюся, ня будзеш спрачацца, што думкі Талстога ня ёсьць спараджэньне нядзейнага розуму і ленасьці? Спадзяюся, табе ня прыйдзецца расказваць, што ён уласнаручна шыў боты?

– І што гэта даводзіць? – пакепліва спытаў дзядзька Васіль, ужо забыўшыся пра Лявона. – Міхась, мне вельмі цікава пачуць, што ты намасьціўся праз гэта давесьці!

Лявон, пазлаваўшы на нястачу часу, які не дазваляў яму прыняць удзел у гэтай прыемнай і павучальнай гутарцы, пасьпяшаўся назад, да скрыжаваньня з кінатэатрам. Ён разьлічваў, што Дом побыту знойдзецца менавіта там і спадзяваўся даведацца ў таты, дзе шукаць Рыгора. «Цікава толькі, чаму дзядулі таксама клічуць яго татам? Было б нашмат больш лягічна, кліч яны яго па ймя, як аднагодка і сябра», – думаў Лявон на хаду. Ён абышоў кінатэатар са старымі выцьвілымі афішамі нейкіх невыразных фільмаў жахаў, на якіх былі намаляваныя зомбі, ажывелыя мерцьвякі і спалоханыя людзі, і ўбачыў у колькіх сотнях мэтраў наперадзе Дом побыту.

* * *

Наўпрост над уваходам вісеў пералік усіх службаў ды паслуг Дома побыту. Шавецкая майстэрня, пазначаная чырвонай стрэлкай, зьмяшчалася не ў асноўным будынку, а недзе зьлева, за вуглом. Зьвярнуўшы за рог, Лявон убачыў незвычайную па форме, складзеную са скошаных геамэтрычных фігураў, белую прыбудову з шыльдай «Рамонт абутку».

Дом побыту

Адчыніўшы дзьверы, Лявон апынуўся ў цёмнай зальцы з прымальным акенцам і адзінокай ішклянай вітрынай, у якой вісеў чорны бот, прэйскурант і нейкія ссохлыя аб'явы. Лявон ступіў да акенца і зазірнуў унутар. Насупраціў стаяў фатэль, а за ім зьмяшчаўся стэляж з квадратнымі суполкамі, у кожнай зь якіх ляжала пара абутку і паперка з паметкай пра ўладальніка і тэрмін. Направа быў відаць сьветлы пакой, чулася нягучная музыка. Выцягнуўшы галаву і спрабуючы штосьці разгледзець, Лявон кашлянуў.

Пачуўся рып, грук, кароткае шорганьне ног, і ў пройме сьветлага пакою зьявіўся вялізарны тата ў карычневым скураным фартуху, які закрываў ягоныя грудзі, жывот і сьцёгны. На ягонай левай руцэ быў надзеты чаравік, а ў правай ён трымаў доўгае шыла, бліснуўшае стальлю.

– А-а, сынку. Памятаю, памятаю цябе, – сказаў тата, набліжаючыся. – Як, кажаш, клічуць? Лявон, так, Лявон. Вось сюды заходзь.

На ягоным твары зьявіўся цень усьмешкі, зморшчыны на шчоках прыйшлі ў рух. «Калі б ён усьміхнуўся мацней, зьявіліся б і ямачкі», – адзначыў Лявон. Тата адчыніў дзьверы, якія знаходзіліся крыху далей вакна, і зрабіў запрашальны жэст рукой. Лявон прайшоў унутар і павярнуў сьледам за татам направа. У татавай майстэрні было ўсяго адно невялікае вакно зь відам на плот электрычнай падстанцыі, але на столі гарэлі шэрагі даўгіх люмінясцэнтавых трубак, якія залівалі пакой яркім белым сьвятлом. Сьцены пакою былі занятыя стэляжамі з абуткам, а пасярэдзіне стаяў вялікі зялёны варштат з абцугамі і наждаком. Салодка пахла гумовым клеем.

– Сядай, – тата паказаў на аблезлы фатэль з мэталічнымі ножкамі. – Па што прыйшоў?

– Рыгора шукаю. У лазьні яго няма, дома няма. Дзядулі каля вашага пад'езду сказалі мне, дзе вы працуеце, дык вось я і прыйшоў спытаць. Можа, вы ведаеце, дзе ён?

– Навошта табе Рыгор, сынку? – Тата пільна разглядаў нешта на чаравіке, напятым на руцэ, потым паставіў яго на варштат і запусьціў наждак.

– Мы зь ім дамовіліся сустрэцца сёньня, а я спазьніўся. Цяпер вось шукаю яго ўсюды.

Тата, не адказваючы і ня гледзячы на Лявона, працяжна высмаркаўся ў хустачку, прамакнуў ноздры ейным сухім кончыкам, а потым высунуў шуфляду і, ляснуўшы, выцягнуў адтуль вялікі нож, зроблены з шырокай сталёвай пласьціны. Стаўшы да наждака, які вярцеўся з магутным гудам, ён акуратным рухам прыціснуў нож да паверхні каменя. Пырснулі іскры. Праз паўхвіліны тата спыніў станок, падняў нож да вачэй і, прыжмурыўшыся, ацаніў лязо. Тым часам Лявон, не гнятучыся маўчаньнем, ўдыхаў прыемны пах клею і разглядаў незвычайныя рэчы, якімі была напоўненая майстэрня: кавалкі рыфлёнае гумы, скруткі тоўстых нітак розных колераў, слоічкі зь цьвікамі, кардонавыя скрынкі з абцасамі і падэшвамі, няроўныя палосы чорнае і рудае скуры, калекцыю вялікіх грозных нажніц. Раптам Лявон заўважыў, што тата павярнуў галаву і спадылба глядзіць яму ў твар. У ягоных грудзях нешта сьціснулася, і ён, халадзеючы, устаў з фатэля. Тата набліжаўся, нож у вялізарнай далоні быў накіраваны на Лявона. На лязе гулялі халодныя люмінясцэнтавыя блікі. Лявон адступіў да дзьвярэй.

– Мая табе парада, сынку, – павольна сказаў тата, – Кінь думкі пра Рыгора. Калі яшчэ ўбачу цябе зь ім – пашкадуеш. Давай бяжы адсюль, ну!

Сапожны нож

«Вар'ят стары! – думаў Лявон, вяртаючыся да лазьні, – Гэта ён з усімі так, ці толькі са мною? Зараз зразумела, чаму Рыгор хоча жыць асобна. Дзіўна, як ён яшчэ жывы застаўся». Спалох надаў Лявону сілаў, ён забыўся аб стомленасьці і шпарка йшоў назад уздоўж парку, падымаючы левую руку і праводзячы пальцамі па лісьцю кустоў. Ён ужо наважыўся, што цяпер накіруецца да банку і будзе чакаць там Рыгора, пакуль не дачакаецца. Пакрысе спакайнеючы, ён ізноў перайшоў мост і запаволіў крок, вагаючыся, ці зазірнуць яму ў лазьню яшчэ разу, запытацца пра найкарацейшы шлях да банку. Сонца стаяла яшчэ даволі высока над дамамі Серабранцы, і Лявон зьмеркаваў, што яно зараз на захадзе ці на паўночным захадзе, і калі ісьці кірункам да яго, па мажлівасьці забіраючы ледзь лявей, дык міма Паўднёвага Захаду ніяк не абмыхнешся. Заходзіць у лазьню ён ня стаў і рушыў вуліцай Крупскай, да сонца.

Ягоныя развагі сталіся слушныя, але ён змарнаваў на дарогу значна больш часу, ніж разьлічваў. А пачатку восьмай, калі ён выйшаў на вуліцу Ванеева, зьявіліся вялікія вечаровыя жукі, якія з кароткім гулам праляталі між дрэў, а яшчэ праз паўгадзіны, набліжаючыся да праспэкта Маякоўскага, ён назіраў, як дыск сонца, астываючы, кранае дахі пяціпавярховак. Паўз аэрадрому ён праходзіў у прыцемку, ужо пры сьвятле ліхтароў павярнуў на Чыгуначную вуліцу, і бяз чвэрці дзевяць выйшаў на фінішную прамую: наперадзе праглядалася буйная, цёмная будыніна банку.

Глупствам было б спадзявацца сустрэць Рыгора, але Лявон, ня маючы сілаў утрымацца ад надзеі, узіраўся ў кожны цень, які б хоць прыблізна нагадваў чалавечую постаць. Ля мастка, што вёў да галоўнага ўваходу ў банк, ён спыніўся. Масток асьвятляўся ліхтарамі, малочна-белымі кулямі на высокіх ножцах, і напіс, пакінуты на асфальце Рыгорам, нават можна было б прачытаць, прысеўшы на кукішкі. Напіс парадаваў і падбадзёрыў бы Лявона, але разглядаць асфальт яму ў той момант не прыйшло ў галаву. Убачыўшы наперадзе аўтобусны прыпынак з парай лаваў, ён падыйшоў да іх і прысеў. Ён дужа стаміўся за сёньняшні дзень, хацеў спаць і марыў пра апэльсінавы сок, апошні глыток якога быў выпіты яшчэ гадзіну назад.

* * *

Праз дарогу ўтульна сьвяціліся вокны Макдональдса, у які Лявон па галечы ніколі не хадзіў. Але цяпер ён быў нагэтулькі стомлены, што занядбаў усе эканамічныя меркаваньні. Сабраўшы сілы, ён ізноў устаў і пайшоў на сьвятло, з прыкрасьцю думаючы пра тое, што быў бы ўжо казачна багаты, калі б гэтак па-дурному не праспаў рабаваньня. Макдональдс абкружалі шэрагі круглых летніх столікаў зь лёгкімі мэталічнымі стольцамі, якія паблісквалі ў сьвятле вокнаў і ліхтароў. Усярэдзіне было бязьлюдна, пахла сьвежасьцю і пральным парашком. Лявон наблізіўся да стойкі і ветліва пакашляў, аднак ніхто не адгукаўся. «Але калі ўваходныя дзьверы адчыненыя, дык хтосьці ж мусіць працаваць? Пачакаю колькі хвіляў».

І праўда, неўзабаве за паваротам калідора пачуўся грук, крокі, а потым зьявіўся Янка, зь вядром і швабрай, адзеты ў чорныя нагавіцы са стрэлкай і блакітную кашулю.

– Янка? – Лявон не паверыў уласным вачам.

– Здароў! Ха-ха, чаго дзівісься? – Янка, усьміхаючыся, паставіў вядро на падлогу і падаў руку кулаком, павярнуўшы яе так, каб Лявон паціснуў яе за запясьце. – Прабач, рукі брудныя, туалет мыў. Так, я тутака падзарабляю ўвечары! А цябе як сюды занесла?

– Дык вось... Зайшоў соку выпіць. Ёсьціка апэльсінавы сок у цябе? – зь нечаканае сустрэчы Лявон зьбянтэжыўся, быццам яго злавілі на чымсьці бессаромным.

– Вядома ёсьць!

Янка аднёс вядро і швабру ў бакоўку, зьбегаў вымыў рукі і прынёс Лявону тры жоўта-аранжавыя пакуначкі. Яны прыселі за столік каля вакна. Каб растлумачыць сваё зьяўленьне, Лявон мусіў скласьці нейкую няўклюдную гісторыю пра стрыечнага брата, які жыве непадалёк, і да якога ён ішоў у госьці. Зрэшты, Янка ня масьціўся нічога распытваць, яму не цярпелася падзяліцца зь Лявонам плёнам свайго чарговага натхненьня:

Бурак і бульба – стрыечнае брацтва.
Вазьмі, прыгледзься, уяві як пахнуць.
І зразумей, што немажліва шчасьце:
Дзьве дасканаласьці, сустрэўшыся, згасаюць.

Ён дэклямаваў яшчэ больш пранікліва і мелядычна, чымся ўраніцу, і Лявону ў нейкі момант нават здалося, што Янка сьпявае.

– Гэта выдатна! – уразіўся ён. – Бракуе толькі музыкі, атрымалася б незвычайна прыгожая песьня.

Янка з горыччу адказваў, што ягоныя вершы пэўна не зацікавяць ані кампазытараў, ані сьпевакоў, ані слухачоў, бо яны занадта далёкія ад звыклых ім тэмаў.

– Каханьне, жанчыны і ўсё сумежнае! Вось, што цікавіць стваральніка і спажыўца песень. Адзіная струна, на якой яны могуць граць і гук якой яны здольныя пачуць. Ясенін! – І Янка пачаў падрабязна апавядаць на тэму свайго нялюбага паэта.

Лявон уважліва слухаў і ківаў галавой. Калі Янка перапыніўся, ён заўважыў:

– Сусьвет уладкаваны несправядліва і зьняважліва – гэта маё глыбокае перакананьне.

* * *

Праз паўгадзіны Янка абвясьціў, што яму пара зачыняцца і прапанаваў Лявону крыху пачакаць, а потым пайсьці разам. Але Лявон адмовіўся, адлюстраваўшы на твары выраз чалавека, які заседзеўся, а потым падхапіўся і зараз сьпяшаецца. Цягнучы ногі па асфальце, ён вярнуўся на аўтобусны прыпынак, адкінуўся на сьпінку лаўкі і ляніва глядзеў, як згасаюць вокны Макдональдса. Ён падрыхтаваўся схавацца за лавай, калі Янка пойдзе ў гэты бок, і чакаў. Але Янка ўсё ня йшоў і ня йшоў, мабыць, пайшоў кудысьці ў другі бок, і Лявон заплюшчыў вочы.