Піліп Ліпень Рабаваньне па-беларуску
Частка 1. Рабаваньне

7. Як Рыгор шукаў Лявона

Суботняй раніцай, а палове дзясятай, Рыгор ужо набліжаўся праспэктам Дзяржынскага да банку. Учора ён знарокам крыху раней лёг спаць і зараз, нягледзячы на доўгі шлях ад хаты да банку, пачуваўся сьвежа і бадзёра. Наблізіўшыся да вялізарнае будыніны, абкладзенае шэрым гранітам і люстраным ішклом, з калёнамі, аркамі, лесьвіцамі, тэрасай, мастком, і пераканаўшыся, што перад ім запраўды банк, Рыгор парадаваўся шчасьліваму выпадку, дзякуючы якому ён колькі гадоў таму праходзіў міма па нейкай справе ды запомніў гэтае месца. Акрамя таго, як і казаў Лявон, банк выявіўся ня проста банкам, а Менскім Упраўленьнем, што перавышала ўсе чаканьні Рыгора. Галоўны ўваход зьмяшчаўся на другім паверсе, і ад праспэкта, які праходзіў па насыпу, да яго вёў мост, злучаны з доўгай тэрасай уздоўж будынку. Тэрасу нёс на сабе фасад цакалёвага паверху ў форме паўкруглых аркаў, а верхняя частка пабудовы хавалася за суцэльнай сеткай люстраных акенцаў, што замінала падлічыць дакладную колькасьць паверхаў. Пад мостам знаходзілася абгароджаная зялёным мэталічным плотам стаянка бадзёра-жоўтых інкасатарскіх аўтобусаў. Аўтобусы таксама парадавалі Рыгора – яны недвухсэнсоўна паказвалі на блізкасьць залатых зьліткаў і грашовых пачкаў.

Рыгор прышоў на паўгадзіны раней дамоўленых дзесяці, каб паназіраць, хто будзе ўваходзіць у банк, і супол нясьпешна падсілкавацца перад рабаваньнем. Ён разьмясціўся на парослым траўкай схіле непадалёк ад моста, тварам да ўваходу ў банк. Раскрыўшы сумку і пакапаўшы рукою паміж аўтаматамі ды патронамі, ён дастаў пакунак аўсянага печыва і бутэльку «Сябра», ў якой яшчэ захавалася прахалода. Праз колькі печываў ён прылёг, абапёршыся на правы локаць. Дробныя трывогі ўжо вымыліся дзясяткам глыткоў, і нішто не парушала ціхамірнасьці. Рыгор адкусваў хрумсткі салодкі кавалачак печыва, мачыў яго гаркаватай вадкасьцю, жаваў, глытаў, чакаў Лявона і быў цалкам шчасьлівы.

Хвіліны йшлі, але ў банк аніхто не заходзіў. Тым лепш, з аптымізмам цяміў Рыгор, пазіраючы на гадзіньнік, будзе меней ахвяраў. Але Лявона таксама ўсё не было і не было, і гэта пачынала непакоіць Рыгора, нягледзячы на лёгкі хмель. Зьеўшы печыва, ён некаторы час забавіўся, насьвістываючы Вагнэра і дырыжыруючы травінкай. «Лявон – ён павольны. І вечна думае пра сваё. Мабыць пляцецца ўжо недзе непадалёк і глядзіць у аблокі. Зараз прыйдзе», – сьцішваў сябе Рыгор.

А палове адзінаццатай ён ня вытрымаў, устаў і выйшаў на праспэкт. Паглядзеў у бок цэнтру, паглядзеў назад. Пуста. Прайшоў мастком да галоўнага ўваходу, прачытаў шыльды. Высьветлілася, што Ўпраўленьне сёньня не працуе, затое працуе нейкая Апэрацыйная заля, ў цакалёвым паверсе. Рыгор пацягнуў на сябе клямку люстраных дзьвярэй – сапраўды зачынена. Цяпер нябытнасьць наведвальнікаў была зразумелая. «Ну і халера зь ім, з Упраўленьнем, паперкі ўсялякія. Лепей Апэрацыйныя заля – тамака і сэйфы, і грошы».

Адзінаццаць сорак пяць. «Што за чорт! Мальцом мяне лічыць?» Ён вярнуўся да торбы, патыкаў у яе красоўкам і засунуў у хмызьняк. Прайшоўся ўздоўж праспэкту, потым назад. Рабілася душна, і Рыгор спатнеў. Відаць, зьбіраўся дождж. На гарызоньце ўзрасталі хмары, яшчэ далёкія, але ўжо пагрозьлівыя. «Калі ён зьявіцца да дванаццаці, дык мы яшчэ пасьпеем усё справіць і вярнуцца да мяне ў гаражы засуха».

Прайшло і дванаццаць.

Рыгор паставіў канчальны тэрмін зьяўленьня Лявона – дваццаць хвілін на першую. Але што рабіць пасьля гэтага крайняга тэрміну, ён ня ведаў. Рабаваць аднаму? Вяртацца дадому? Ісьці ў лазьню? Усё выглядала недарэчна, і Рыгор злаваўся. Ён як мага павольней дапіў рэшткі піва ды выкурыў колькі цыгарэт, пускаючы ў нерухомае паветра дымовыя колцы, але і гэта не дапамагло – Лявон ня йшоў.

А палове першай ён надумаўся ісьці Лявону насустрач. Ён замарудзіўся на пару хвіляў, думаючы, што рабіць з торбай. Цягнуць яе з сабою было б цяжка, а пакідаць тут – небясьпечна, раптам хтосьці ўкрадзе? Тым больш у дарозе заўсёды карціць падсілкавацца. Найразумнейшым яму здалося вынуць аўтаматы і схаваць іх у хмызьняку, а торбу з харчаваньнем узяць з сабой, тым самым забіўшы двух зайцоў. Рыгор завінуў аўтаматы ў белую кашулю, якую ён захапіў у якасьці зьменнае бялізны на выпадак поту ці крыві, і замаскіраваў скрутак на схіле, у хмызе, пад шырокім, шурпатым лісьцем лопуху.

Закінуўшы палягчэлую торбу за плячо, Рыгор хуткім крокам накіраваўся ў бок цэнтру, мяркуючы, якім шляхам можа рушыць Лявон. Памятаецца, ён казаў, што жыве ў цёткі ў Масюкоўшчыне, а туды хутчэй за ўсё дабірацца вуліцамі Гурскага, Бельскага і Жудро. Але Лявон мог абраць і іншы шлях, накшталт прасторнага праспэкту Пушкіна ці наадварот якіх закуткоў. Каб не разьмінуцца, слушна было б застацца і чакаць, але Рыгор ня мог больш ня дзеіць.

Тут ён усхапіўся, што трэба было б пакінуць на месцы сустрэчы нататку, на выпадак, калі яны ўсё ж разьмінуцца. Рыгор павярнуў назад да банку, думаючы, як напісаць нататку, ня маючы ні асадкі, ні паперы. Папрасіць у банку? Не, гэта ўжо падобнае да нейкае камэдыі. Прасіць асадку з паперай, а потым рабаваць. Напісаць на зямлі дубцом? Такі напіс змое дождж. Нарэшце ён знайшоў спосаб: прысеў на кукішкі ў пачатку моста, каля вазы з кветкамі і пачаў драпаць на асфальце ключом ад кватэры: «Лявон, чакай тут». Яму было непрыемна псаваць асфальт, але выйсьця не заставалася. Спачатку ён пісаў мелка, але каменьчыкі крышыліся, і літары ператвараліся ў бясформавыя плямы. Рыгор пачаў нанова, буйней, і зь лёгкай агідаю да сябе скончыў фразу.

Было ўжо бяз чвэрці час. Рыгор рушыў у бок Гурскага, уважліва назіраючы абапал, каб не ўпусьціць ані ценю Лявона. Ён адарваў увагу ад вуліцы толькі аднаго разу – заскочыў на хвілінку ў краму, каб папоўніць запасы піва. Зь півам дарога пайшла дужа прыемней, і ён ужо ня так злаваўся.

* * *

Дождж пачаўся а палове другой і засьпеў Рыгора непадалёк ад Радзільнага дома №2. Спачатку Рыгор і не падумаў спыняцца: паветра пасьвяжэла, колькі прыемных прахалодных кропель ляпнулі на твар. Але дождж імкліва ўзмацняўся і за хвілю-другую ператварыўся ў сапраўдную залеву. Пацямнела. Рыгор пабег да жалезнае брамы, за якой пачынаўся сквэр радзільні, і схаваўся пад бліжэйшым каштанам. Абапёрся плячом на камель і страсянуў галаву. З валасоў паляцелі пырскі. Бабахнуў гром. Дождж ліў усё мацней, і сухая пляма вакол камяля зьмяншалася, а лісьце патроху насычалася вадою, перапаўнялася і больш не затрымвала яе. Рыгор паглядзеў у бок радзільні: да яе было каля пяцідзесяці мэтраў, дзесяць сэкунд бегу, затое над галоўным уваходам надзейна навісаў шырокі брыль. Рыгор яшчэ раз акінуў поглядам вуліцу ў пошуках Лявона, і пабег.

Пад брылём ён апынуўся ўжо наскрозь вымаклым. Але гэта было лепш, чымся стаяць ды макрэць пасіўна і павольна. Рыгор паварушыў пальцамі ў красоўках, там было суха. Нахіліўся і строс далоньню кроплі з валасоў. Пастаяў колькі хвіляў, назіраючы, як вада на асфальце бурбаліць пад цяжкімі струменямі, і рассудзіў зайсьці ўнутар. Можа, там ёсьціка буфэт зь пірожнымі.

Адчыняючыся, дзьверы пацягнулі язычок паветранага арганца, і ён сыграў імправізацыю зь дзясятка нотаў, заканчэньне якой заглушыў шум дажджу. Рыгор адзначыў, што трэба будзе здабыць такі арганец сабе ў гараж, і агледзеўся. Ён знаходзіўся ў прасторным, паўцёмным вестыбюлі. Буфэту не было, былі толькі крэслы ўздоўж сьцен і рэгістратура. Сухое і цёплае паветра радзільні спадабалася яму. Здаецца, нават пахла чымсьці прыемным. Паставіўшы торбу на падлогу, ён сеў у кутку, ля вакна, і стаў глядзець на дождж. Быў відаць край уваходнае лесьвіцы, асфальт з лужынамі і каштаны, з-пад якіх ён уцёк.

Тут з глыбіні рэгістратуры пачуўся гук адсунутага крэсла і крокі. Драўляныя дзьверцы адчыніліся, і адтуль выйшаў я, прыглядаючыся да Рыгора. Вестыбюль асьвятляўся толькі вокнамі, і мне прыйшлося падысьці зусім блізка да Рыгора, каб пазнаць яго.

* * *

Піліп

– О-о! Піліпу! – усклікнуў Рыгор, таксама пазнаўшы мяне, – Цябютка як сюды занесла?

Я быў крыху сагнуты, хмурны барадаты брунэт, у цёмна-сінім працоўным халаце ды ў сандалях. З Рыгорам мы выпадкова пазнаёміліся пасьля лазьні, за бутэлечкай піва, празь нястачу месца патрапіўшы за адзін столік у бары. Памятаецца, мы з паўгадзіны пагаманілі пра сёе-тое, ня надта адзін аднаго зацікавіўшы і не знайшоўшы агульных тэмаў, але і не выклікаўшы непрыязнасьці. Наступнымі сустрэчамі мы па-сяброўску віталіся, ня болей.

– Прывітаньне, Рыгору! – я выцер далонь аб падлогу фартуха, і мы пляснулі па руках, – Працую тут, ужо бадай год. Электрыкам. адразу ж мора ўсялякіх прыбораў электрычных, трэба іх рамантаваць калі-нікалі.

– Нядрэнна ўладкаваўся! Адны каштаны чога каштуюць. Асабліва калі квітнеюць – выдатна, га? Чым гэта ў цябе пахне?

– Дык каніфоля. Учора прыцягнуў са склада рарытэт, бабіньнік, спрабую вось яго запусьціць, але пакуль што не атрымоўваецца. Уяўляеш, тутака ў сутарэньні гурба старых магнітафонаў! Ёсьць на’т лямпавыя, але я яшчэ за іх ня браўся. І адкуль толькі?.. Там яшчэ цэлая шафа з запісамі. Наколькі я зразумеў, у савецкія часы кабетам у палатах ставілі клясыку, каб спрыяла. Пойдзем, пакажу, ты ж цікавісься, я памятаю.

– Так, пакажы! А я, бачыш, міма праходзіў і ад дажджу пад дах схаваўся. Дамовіліся з прыяцелем ля мэдінстытута сустрэцца, а ён усё ня йдзе ды ня йдзе. Пайшоў яму насустрач, а тут дождж.

Мы прайшлі ў рэгістратуру. Там я абсталяваў сабе рабочае месца, аблюбаваўшы сама шырокі стол і вялікую шафу са скрынкамі для картак, у якіх я захоўваў дробныя запчасткі, правады і радыёдэталі. На стале стаяў вялізарны паўразобраны магнітафон, гарэла электрычная лямпа, накіраваная на ягоныя вантробы, дыміўся паяльнік.

Ілець

– Бабіны круцяцца, а гуку няма, – патлумачыў я. – Яшчэ не разабраўся дакладна, у чым справа. Здаецца, узмацняльнік згарэў, прытым адразу абодва каналы.

– Ну нічога, разьбярэсься! Дзе ты гэты фартух адкапаў? Ты ў ім са сваёй барадою да нейкага манаха падобны, – засьмяяўся Рыгор.

– Гэта каб ня пэцкацца. Ты б бачыў, які ён быў пыльны, гэты бабіньнік, калі я яго са склепу выцягнуў.

Я падняў з падлогі кардонавую скрынку з двума дзясяткамі бабін і паставіў яе на суседні стол. Рыгор падыйшоў і стаў перагортваць бабіны, чытаючы напісы на іхніх тарцох.

– «Зімовы шлях», «Прыгожая млынарыха», «Лясная музыка», «Рамансы Рахманінава»... Мда, усё зразумела. «Каханьне паэта», «Лебядзіная песьня»... Дарма стараесься, Піліпу! Як ты гэта слухаць потым будзеш? Гэта ж немажліва, суцэла песьні. Кідай гэты бабіньнік! Купі лепш звычайны плэер, а я табе сур’ёзных дыскаў цэлы вагон адгружу.

– Дык я ня дужа ў музыцы знаюся, – паціснуў плячыма я, – Магу і песьні паслухаць. І наогул, справа ня столькі ў музыцы, столькі ў тым, што мне проста падабаецца рамантаваць магнітафоны. А калі ўжо зусім шчыра, дык я толькі праз гэта сюды і ўладкаваўся.

Рыгор ня слухаў і працягваў калупацца ў скрыні, яму было цікава, што яшчэ адшукаецца ў гэтай дзіўнай музычнай падборцы. Нарэшце ён знайшоў нешта падыходнае для сябе:

– Глядзітка, «Песьня пра зямлю» з Гарэнштэйнам! Як яна сюды трапіла? Для цяжарных мала падыходзіць...

Ён выцягнуў бабіну ў падвойным сінім пакунку і сеў на столец, разглядаючы яе. Спытаў у мяне, ці няма чаго пад'есьці. Я прапанаваў прыгатаваць салацікаў або насмажыць бульбы, а для апэтыту па чарке сьпірту перад ежай – ён захоўваўся ў мяне дзеля мыцьця кантактаў, і, паводле маіх слоў, быў цалкам ядобны. Але Рыгор адмовіўся і ад сьпірту, і ад бульбы, спаслаўшыся на нястачу часу. Ён сказаў, што меў на ўвазе чыпсы ці якія пернікі, каб ня трэба было гатаваць. Я разьвёў рукамі.

Мы выйшлі ў вестыбюль паглядзець, ці ня скончыўся дождж. Ён прыкметна сьціх, і на асфальце ўжо не было бурбалак, толькі хуткія канцэнтровыя колцы. Рыгор дастаў са свае торбы бутэрброд з сырам і прапанаваў мне, але я адмовіўся. Перажоўваючы хлеб, Рыгор задумаўся і напружана пазіраў у вакно, на парк.

– Па-ранейшаму аўтарэмонтам займаесься? – падтрымаў я размову, – І па-ранейшаму ў лазьню па суботах?

– Так, усё тая ж халера... – разгублена адказаў ён, думаючы пра тое, што кожная прамаруджаная хвіліна ўсё больш павялічвае мажлівасьць разьмінуцца зь Лявонам. – А ты чаго на лазьні не зьяўляесься? Наогул мыцца перастаў?

Я расказаў яму, што жыву цяперака тут, пры радзільне, у адным зь невялікіх пакояў для персаналу. Перабраўся. Бо вельмі няблізка было з Чыжоўкі сюды на працу хадзіць. Затое цяпер у тую лазьню, упадабаную, стала далёка, хаджу бліжэй, на вуліцы Дэкабрыстаў. Яно вядома ня тое, але марнаваць паўдня на дарогу занадта стомна. Рыгор паківаў і нарэшце напаўголасу выказаў тое, што яго хвалявала:

– Дзе ж мне зараз шукаць Лявона? Пакуль я тут хаваўся, мы маглі разьмінуцца. Ён хлопец дзіваваты, мог і пад дажджом ісьці.

– Лявон? Дзіваваты? Ці ня той гэта Лявон, што ў мінулым годзе ў мяне практыку праходзіў, студэнт? Я тады яшчэ на тэлефоннай станцыі працаваў.

Я апісаў Рыгору Лявона, і ён ажыўлена пацьвердзіў – той самы!

– Ня ведаеш, дзе яго знайсьці?

– Ён нешта казаў, што жыве на Жудро, у цётачцы. А вучыцца на палітэсе, дакладна, але ня памятаю, на якой спэцыяльнасьці. Навошта ён табе? Таксама аркестрамі ўсякімі захапляецца?

– Кшталту таго.

– А навошта вам ля мэдінстытута ўздумалася сустракацца?

Рыгор адказваў невыразна і неахвотна, і я тактоўна спыніў роспыты. Але тут Рыгор сам абмовіўся аб тым, што дзьве з паловай гадзіны прачакаў Лявона. Я засьмяяўся і запэўніў яго, што той пераблытаў дні.

– Ён няўважлівы жудасна! Вось пабачыш, потым апынецца, што ён чакаў цябе або ў пятніцу, або ў нядзелю. У першы жа дзень практыкі спазьніўся на паўдні і гаворыць – праспаў. А аднойчы, памятаю, ён заснуў у апаратнай, неўпрыкмет, і я выпадкова яго зачыніў, калі дадому сыходзіў. Прыходжу раніцай, а ён яшчэ сьпіць, чуеш? Ніколі гэткіх саньлівых людзей не сустракаў! Потым патлумачыў мне, што прачнуўся, дзьверы адчыніць ня здолеў, і лёг спаць зноўку. Але я яму ня веру, хутчэй за ўсё, ён і не прачынаўся нават. Інакш мог бы патэлефанаваць, ці праз вакно выбрацца. Падумаеш, другі паверх.

Дождж скончыўся, і я зноў падступіўся да Рыгора з угаворамі застацца на абед. Павагаўшыся яшчэ трохі, Рыгор паддаўся. Напраўду, шукаць Лявона наўздагад ня мела ніякага сэнсу, ён мог швэндацца дзе заўгодна.

На двары прасьвятлела, выглянула сонца. Мы вярнуліся ў рэгістратуру, і я пачаў мэтадоўна прыбірацца: вымкнуў паяльнік, пахаваў радыёдэталі па скрынях, накінуў на раскурочаны бабіньнік цырату.

– Навошта ты прыбіраеш? Не лянота потым будзе ўсё назад даставаць? Давай ужо на стол сьцялі, вось на гэты, напрыклад! Не хвалюйся, мы нічога не сапсуем, я ж не буян, – Рыгору не цярпелася паесьці.

– Люблю парадак. Калі мяне раптам хопіць удар, дык усё будзе па сваіх месцах, – адказаў я.

Рыгор усьміхнуўся, палічыўшы мае словы жартам. Агледзеўшыся абапал, ён падыйшоў да кніжнае паліцы і, нахіліўшы набок галаву, пачаў чытаць напісы на карэньчыках.

– Дэтэктывы, дэтэктывы... Шмат накупляў! Нічога, акрамя дэтэктываў, не чытаеш? – ён выцягнуў томік Чэйза і ўзважыў у руцэ.

– А што яшчэ чытаць? Сантымэнтаў я не люблю, а клясыка сумнаватая, я спрабаваў, але на сон цягне. Дынамікі няма.

– Ну, а прыгоды? Вось напрыклад «У нетрах Усурыйскага краю» – хвацкая кніга! Магу пазычыць.

Я няпэўна кіўнуў, як ківаюць, калі зь ветлівасьці ня хочуць адмаўляцца.

– А гэта што? – ён сунуў Чэйза на месца і пацягнуў з паліцы тоўсты карычневы сшытак.

– Гэта ня кніга, пакладзі, – таропка папрасіў я, дакранаючыся ягонае рукі.

– Дык што там?

– Ну... гэта я балуюся... Сам складаю аповед.

– Малайца! Творыш, значыць! Нядаўна я з мастаком пазнаёміўся, а цяпер яшчэ і ты. Таксама дэтэктыўны, гэнты аповяд?

– Ага, – я сарамліва ўсьміхнуўся. – Потым дам пачытаць, калі добра атрымаецца.

Нарэшце мы прыселі. Я дастаў зь ніжняга аддзяленьня картатэкі двухлітровую плястыкавую бутэльку са сьпіртам і жоўтыя керамічныя гурткі, упрыгожаныя малюнкамі ракавінак. Дзьмухнуў у кожную, праганяючы пыл, і наліў патроху. Рыгор прыняў у рукі гурток і зь некаторым сумневам паварочваў яго, разглядаючы ракавінкі і чапаючы пальцам іхны выпуклы малюнак. Я запэўніў Рыгора на поўную бясьпеку сьпірту для зроку, слыху і наогул здароўя, і паказаў прыклад. Рыгор паглядзеў на мяне, пакрывіў вусны і сказаў, што ня хоча сьпірту. Ён падсунуў гурток да мяне, а сам схадзіў у вэстыбюль па сваю торбу, дастаў бутэльку піва, адкаркаваў і выпіў яе адным глытком напалову. Трасянуўшы галавой з задавальненьня, ён запатрабаваў абяцаную бульбу.

– Пайшлі! – я засьмяяўся і пляснуў яго па калене. – Яе спачатку трэба накапаць.

Рыгор скрывіўся і прапанаваў схадзіць у краму. Я таксама скрывіўся і выказаў усё, што думаю пра бульбу з крамы і наогул пра гародніну з крамы. Сама пераканаўчым стаўся аргумэнт пра колер скуры, што пагаршаецца калі харчавацца гадаваным на хімічных угнаеньнях. Рыгор разьвёў рукамі:

– І дзе ты гэтага набраўся?.. Добра, угаварыў! Дзе рыдлёўка? Я так есьці хачу, што гатовы рыць да цэнтру зямлі!

Мы прайшлі доўгім калідорам да чорнага ходу. Дзьверы былі зачыненыя на кручок, і я пахваліўся Рыгору, што сам сагнуў яго са стальнога дроту. Рыгор пакратаў яго і ў знак высокай ацэны выставіў адзінец. Звонку было сонечна, цёпла і зялёна. Мы выйшлі наўпрост на агарод, ён займаў усю зямлю ад будынку радзільні да мэталічнага плота, за якім бялеўся дзіцячы садок.

– Дзеткі табе градкі ня топчуць? – пацікавіўся Рыгор.

– Не, зараз там пуста, усё на вакацыі разьехаліся. Лета. Бачыш, дзе бульба? Вунь яна!

Лавіруючы паміж градкамі, мы спачатку падыйшлі да шклярніцы з агуркамі, у якой я захапіў рыдлёўку і зялёнае эмаляванае вядро. Рыгор таксама зазірнуў у шклярніцу, удыхнуў цёплы вільготны пах і парадаваўся на маладыя калючыя агуркі. Ён адразу ж сарваў адзін і пачаў з хрустам жаваць, нахвальваючы саладосьць. Дабраўшыся да бульбяных градак, я загадаў Рыгору паглядзець, ці няма на лісьці каларацкіх жукоў, а сам усадзіў рыдлёўку побач з бліжэйшым кустом, націснуў нагой і прыўзьняў скібу вільготнае зямлі. Выняўшы колькі найбуйнейшых клубняў, я падкапаў яшчэ два кусты. Рыгор тым часам азіраўся. Ён спытаў мяне, чаму ў адных месцах бульба квітнее, а ў іншых толькі ўзыходзіць. Я растлумачыў яму, што саджаю яе ў розны час, і яна сьпее бесьперапынна, то на адной градцы, то на іншай.

– Знайшоў! – усклікнуў тут Рыгор, – Вось ён сядзіць, гад паласаты! Што зь ім рабіць?

– Для жукоў у мяне ёсьць рэзэрвацыя. Вунь там, ля плота. Трымаю колькі кустоў бульбы спэцыяльна ім на паядзеньне, – я падыйшоў і строс жука з бульбянога ліста ў далонь. Рыгор зьдзіўлена глядзеў. – Шкада мне бульбы, ці што? Хай ядуць у сваю давольнасьць, і мне стане, і ім. Галоўнае – не перашкаджаць адно аднаму.

Рыгор зарагатаў і выказаў поўную згоду з маёй палітыкай. Ён пашукаў яшчэ жукоў, але не знайшоў. Гэта было нядзіўна, бо я зьбіраў іх і дэпартаваў два разы на дзень, ураніцу і ўвечары.

– А ці ня брыдка іх вось так у рукі браць? – спытаў Рыгор.

– Што брыдкага. Божую кароўку трымаў у руках? Аднолькава, толькі тыя ў крапінку, а гэтыя ў паласу.

Жук падціснуў лапкі і прыкінуўся памёрлым. Я аднёс яго да плота і махнуў Рыгору рукой, каб падыйшоў. Побач з каларацкай тэрыторыяй расла сьліва, крывая, сукаватая, але шчодрая. Сьліў было мноства, да тога сасьпелых, што яны нават лопаліся, паказваючы далікатную жоўтую мякаць. Мы з Рыгорам набралі поўны падол майго фартуха.

– Ну, што яшчэ нам можа спатрэбіцца?

– Як што? Сьліўкі ды пара бульбачак? І ты мерышся мяне гэтым накарміць? – жартоўна абураўся Рыгор. – Раз ужо запрасіў на абед – дык сабірай на стол па поўнай праграме!

Пажаданьне Рыгора мяне незвычайна пацешыла – заўсёды прыемна, калі твае стараньні камусьці карысныя. Мы прачасалі ўвесь агарод, паціху напаўняючы зялёнае эмаляванае вядро. Радыска, зялёная салата, зялёны лук, салодкі перац, кроп, маленькія баклажаны, вострыя вусікі часныку. У шклярніцы з памідорамі Рыгор доўга ўдыхаў водар таматавых сьцяблоў і лісьця – маўляў, гэта ягоны ўлюбёны пах пасьля паху бэнзіну. Жоўтыя і чырвоныя памідоры, квяцістая капуста, тонкая маладая морква, бурачнае бацьвіньне і тоўсты жмут шчаўя.

* * *

Колькі гадзін запар мы абедалі, уладкаваўшыся ў пакоі папярэдніга агляду, абсталяванага водаправодам, ракавінай, шафкай з посудам і электрапліткай. Я не сьпяшаючыся гатаваў, Рыгор еў, запіваючы півам, а я цадзіў сьпірт з чорнай парэчкай і глядзеў, як ён есьць. Потым браўся за наступную страву. Рыгор і сам быў бы ня супраць прыгатаваць штосьці, але нават ня пыкнуў пра гэта, назіраючы за маімі да дзівацтва мэтадоўнымі дзеяньнямі. Прыкладам, нашаткаваўшы моркву, я адразу ж мыў ножык, выціраў яго рушніком і клаў дакладна на тое ж месца, дзе ён ляжаў спачатку. Калі на стол каля электрапліткі капаў гарачы алей, то я адразу ж прамакаў пляму сурвэткай і выкідваў яе ў сьмецьцевы мяшок. Рыгор зрабіў выснову, што я крыху дзівак, але бяскрыўдны. Было ўтульна. Патроху Рыгор разгаварыўся пра сваё жыцьцё, стаў расказваць пра сваркі з татам, пра мару купіць кватэру, пра лазьню, пра працу. Я схіляўся над электрапліткай, перагортваў на патэльні лустачкі баклажанаў, пасыпаў іх цёртым часныком і слухаў. У перапынках паміж стравамі мы елі сьлівы зь зялёнага плястмасавага тазіка, і я мыў посуд.

– Што за пункцік у цябе, Піліпу? – ня вытрымаўшы, спытаў Рыгор. –  Потым посуд вымыеш! Апачні! Я магу ўсё з адной талеркі есьці, яшчэ смачней будзе. Мы ж не ў рэстарацыі. Першы раз у жыцьці бачу такую прагу да парадку!

– Разумееш, Рыгору, – язык у мяне ўжо трохі заплятаўся, – У маім жыцьці ёсьціка прынцып. Думаю, што не адкрыю табе сакрэту, сказаўшы, што ўсе мы сьмяротныя. Больш таго, сьмерць можа наступіць у кожны момант. Ці не?

– Глупства! – палічыў за патрэбнае не пагадзіцца Рыгор, каб падцяпліць мае прызнаньні спрэчкай. – Вось мы сядзім у цябе ў рэгістратуры, і што з намі можа здарыцца?

– Ня будзь гэткім наіўным. Ты, да прыкладу, можаш задушыцца сьлівай. А я магу спатыкнуцца і паваліцца, стукнуўшыся скроняй аб кут стала. Ці будынак можа абрынуцца. Бо бываюць выпадкі, калі будынкі бурацца. Бачыш тую расколіну на сьцяне? Дык вось: цалкам упарадкаваўшы свае справы і дзеяньні, я заўсёды гатовы да сьмерці. Яна ня можа засьпець да мяне зьнянацку, бо пасьля мяне ў кожны момант застанецца максымальна мажлівы парадак.

– Трызьненьне нейкае, – Рыгор патрос галавой і колькі імгненьняў нават ня ведаў, з чаго пачаць пярэчыць. – Ну першае, верагоднасьць задушыцца або стукнуцца скроняй такая малая, што на яе можна плюнуць!

– Кінь! Па-твойму, людзі не паміраюць? – Я зрабіў шматзначную паўзу. – Верагоднасьць не занадта вялікая і знаходзіцца ў разумных межах, згодны. Менавіта таму я не адмаўляюся цалкам ад усялякіх дзеяньняў і на’т складаю на будучыню некаторыя пляны. Напрыклад, гадую гародніну.

– Ну добра, дапусьцім. Але якая табе наогул справа да таго, парадак застанецца пасьля тваёй сьмерці або бязладзіца? – усклікнуў Рыгор, трасучы перад сабой расчыненымі далонямі. – Цябетака ўжо ня будзе!

– Гэта пытаньне ахайнасьці. Мне агідна думаць, што пасьля мяне застануцца нямытыя талеркі, да прыкладу. Ты ж ходзіш у лазьню? Быць брудным агідна, так ці не? Вось і тут тое самае.

Апошнюю фразу я вымавіў сувора і павучальна. Рыгор не знаходзіў чаго сказаць, і мы выпілі яшчэ. Я зноў стаў да пліткі, каб заняцца наступнай стравай, прапанаваўшы Рыгору выбраць паміж дранікамі і галубцамі з фасолевым начыньнем. Ён абраў галубцы, і я ўзяўся за справу, але неўзабаве парэзаў палец, аддзяляя капусную храпку. Палец моцна крывянеў, і я мусіў забінтаваць яго; на гэтым абед скончыўся.

Рыгор палез у торбу па чарговую бутэльку піва і нечакана для сябе выявіў там альбом «Fra Filippo Lippi», што ляжаў на дне яшчэ з тае ночы, калі ён хадзіў да Антосю па аўтаматы. Ён са сьмехам кінуў мне яго на стол, маўляў, занадта доўга цягаў яго з сабой, і цяпер хай ён застанецца ў мяне. «Пагартай у вольны час, бо з адных дэтэктываў мазгі на бок пакрывяцца», – і ён па-дурному рагатнуў.

– Слухай анэкдот! Я табе расказваў анэкдот пра беларуса?

– Так. Беларус не хацеў сыходзіць зь вязьніцы.

– Не, другі. Сустрэліся аднаго разу маскаль, хахол і бульбаш. Зайшла ў іх размова, хто што зь ежы любіць. Маскаль кажа – я люблю хлеб. Хахол кажа – я люблю сала. А бульбаш кажа – я люблю Тамагоякі-сусі. Маскаль і хахол дзівяцца – клёва! Але дзе ты іх бярэш? Беларус адказвае – сам з бульбы раблю!

Рыгор затросься са сьмеху, а я толькі бровы падняў – тэма была занадта старая. Потым я прапанаваў спусьціцца ў сутарэньне і паглядзець на бабіны, што засталіся там, але Рыгор лягічна заўважыў, што слухаць іх усё роўна не на чым. Ягоны лоб наморшчыўся: ён успомніў пра няўдалае рабаваньне. Яму зноў захацелася пайсьці да мэдінстытута, а раптам Лявон ужо там і чакае яго? Рыгор устаў, але ногі ўжо дрэнна яго слухаліся, ён зачапіў крэсла і перакуліў яго. Я дастаў шахматы, і ён пагадзіўся пагуляць. А што яшчэ было рабіць? Каб не сядзець у рэгістратуры, даволі змрочнай, мы выцягнулі адзін са сталоў на ганак. Чорнае туры бракавала, і мы паставілі замест яе леташні каштан, маленькі і засохлы. Згулялі колькі партыяў, а калі надакучыла, зноў прыняліся за сьлівы, утварылі спаборніцтва, хто далей стрэліць сьлізкай костачкай, сьціскаючы яе паміж адзінцам і паказьнікам.

Увечары Рыгор зазьбіраўся дадому. Я адгаворваў яго, але ён быў цьвёрды, хоць і вагаўся. Ён успомніў пра тату, што той чакае яго і мабыць хвалюецца. «Эх, тата, тата», – Рыгор паспрабаваў паглядзець час па мабільніку, але той разрадзіўся і не працаваў. Ён зірнуў на мяне, але я пакруціў галавой, у мяне тэлефона не было наогул. Я працягнуў угаворы застацца, прыточваючы такія аргумэнты, як Рыгорава самастойнасьць і незалежнасьць ад таты, занадта доўгі шлях дадому, смажаная бульба з чырвоным лукам і салодкім перцам на вячэру, мяккі ложак у палаце для парадзіх, адрамантаваны магнітафон і блізкая дарога да мэдінстытута заўтра раніцай. Апошні аргумэнт яго пераканаў.

Радзільня