Піліп Ліпень Рабаваньне па-беларуску
Частка 1. Рабаваньне

6. Як Лявон трымаў іспыт

У пятніцу Лявона чакаў іспыт. Увесь тыдзень ён узмоцнена рыхтаваўся да яго, рана падымаўся і позна клаўся. На працягу сэмэстру выкладца Адам Васілевіч выдаў яму два стосы кніжак, назваўшы кожную зь іх вельмі значнай і абавязковай чытаць. Вядома, вывучыць іх усе за тыдзень не было аніякае змогі, і Лявон укараняўся ў кнігі наўздагад: адкрываў іх на выпадковым месцы, уважліва перачытваў дзясятак старонак, а потым перагортваў адразу чвэрць або палову тома. Такім ходам ён спадзяваўся хай ня цалкам, але затое раўнамерна пазнаёміцца з усім матэрыялам. Лявон вельмі стамляўся і, каб разьвеяцца, у сярэдзіне дня прымушаў сябе каля паўгадзіны шпацырыць па вуліцы, а на заходзе браў зэдлік, пакуначак соку і выбіраўся на дах. Нягледзячы на гэтыя засьцярогі, да пятніцы ў ім скапілася моцная стомленасьць, і, прачнуўшыся, Лявон спазнаў чарговы прыступ кепскага настрою.

Ён ляжаў і традыцыйна думаў пра несправядлівасьць пабудовы сьвету і ягоных брудных аспэктах. «Як гэта зьневажальна, – ягоныя вусны грэбліва крывіліся, – што ўдыхаць сьвежае паветра прыходзіцца тым жа месцам, што і выдыхаць скарыстанае. Добра хоць на ежу ды на лайно з брулямі ёсьць абасобленыя каналы. Усё магло б быць нашмат горай». Ён моршчыўся, уяўляючы сабе створаныя баством-экспэрымэнтоўцам варыяцыі на тэму выводзячых шляхоў. Кожны сьняданак ці вячэра неўзабаве абарочваліся б кашмарам для далікатнае чалавечае псыхікі. Зь іншага боку, псыхіка звыкла б ды не была гэткай далікатнай... Гэтыя разважаньні суправаджаліся яркімі і агіднымі фантазіямі, адагнаць якія ніяк не выходзіла.

Урэшце Лявон перапыніў іх радыкальна, адкінуўшы коўдру і ўстаўшы з ложка. Спружыны зарыпелі. «Да чога падобны гук спружынаў? – палезьлі ў галаву новыя, ужо не такія змрочныя роздумы. – Сярэдні паміж электрагітарай і скрыпкай? Так... А што, калі?.. Канцэрт для мэблевых спружын і віялянчэлі? Можна было б садраць абіўку, агаліць кожную зь іх і атрымаць даволі гнуткага гучаньня інструмэнт. Ці спружыны, здабыўшы свабоду ад абіўкі, перасталі б рыпець?» Лявон стаяў пасярод пакою і глядзеў напаўпаварота на ложак. Коўдра і прасьціна застылі ў складаным узаемадзеяньні, пратачаючы адна ў адну зморшчынамі. Ён падлавіў сябе на тым, што ягоныя думкі безь перапынку чапляюцца за ўсякую лухту. Што ж, не сама ўдалы стан іспытывацца, але дзецца няма куды. Высілкам волі ён прымусіў сябе мэтадоўна адзецца, не задумваючыся ні пра што, хоць спакусаў было мноства. Прыкладам, драпіны на ножках фатэля, ці маюць яны нейкую заканамэрнасьць? Мастацкую каштоўнасьць? Стоп! Супраць гэтых думак, што вадка расьцякаліся вакол, трэба было тэрмінова нешта рабіць. Лепш за ўсё – актыўнае дзеяньне. Ён зірнуў на гадзіньнік: шэсьць раніцы. Часу заставалася яшчэ шмат.

Лявон расчыніў шафу і правёў рукой па плечцах з кашулямі і нагавіцамі. Усе тры пары ягоных нагавіцаў былі чорныя і адрозьніваліся толькі ступеньню зношанасьці. Гурба кашуляў ляжала на паліцы неадпрасаванай пасьля мыцьця, а з тых, што віселі гатовыя да ўжываньня, засталіся толькі ў паласу ці ў клетку. Але на іспыт Лявону хацелася надзець менавіта белую. Ён абраў кашулю зь дзьвюма кішэнямі на грудзёх, расклаў яе на канапе і ўвамкнуў прас. Прасуючы, Лявон заўсёды адчуваў задавальненьне, яму падабалася ўдыхаць белы пар, што ўздымаецца ад распаленай прасам тканіны, і паляваць на зморшчынкі на ейнае паверхні. І ўсё ж бездакорна адпрасаваць ані кашулю, ані нагавіцы яму ніколі не ўдавалася, прас мусіў з кожнага неасьцярожнага руху стварыць рэзкую зморшчыну, сьцерці якую потым ужо не выходзіла. Вось і цяпер, стаміўшыся змагацца з правым рукавом, ён кінуў прасаваць і надзеў прыемна цёплую кашулю як ёсьць. Акуратна запрануў яе ў нагавіцы і зноў паглядзеў на гадзіньнік. Шэсьць пятнаццаць. Яшчэ можна пачытаць адну з кніжак – а раптам метавіта яна спатрэбіцца на іспыце.

Узгадваючы, якая зь іх была чытаная радзей за іншыя, Лявон перакладаў кніжкі са стоса ў стос, узважваючы кожную ў руках. Спыніўся ён на мэтадычцы – «мэтадычны дапаможнік для студэнтаў Політэхнічнага Ўнівэрсытэту» – кніжыцы ў пяцьдзясят жоўта-шэрых старонак, у мяккай вокладцы. Выгнуўшы край мэтадычкі паміж двума пальцамі, ён пругкім веерам перагарнуў наўздагад тоўстыя шурпатыя старонкі, трапіў прыкладна на сярэдзіну і пачаў чытаць з апошняга на развароце абзаца.

«Такім парадкам, мы лічым, што разьвіцьцё тэхнікі і заняткі тэхнікай ня толькі не супярэчаць унутранаму росту чалавека, але спрыяюць яму. Звычка да матэматычна дакладнага мысьленьня спрыяе ўкараненьню як у прыватнае, так і ў грамадзкае жыцьцё індывіда выразна структураваных і заснаваных на лёгіцы спосабаў быцьця. Індывід: а) мэтапакладае; б) суадносіцца з рэаліямі; в) сьвядома рухаецца да мэты, выкарыстоўваючы ясную прычынна-выніковую мэтодыку; г) дасягнуўшы мэты, выходзіць на новы віток мэтапакладаньня.

Пытаньні самастойна разважаць:

1. Ці мажлівая сытуацыя, у якой індывід, дасягнуўшы мэты, пераконваецца ў ейнае непатрэбнасьці і нават шкоднасьці?

2. Канчальнымі ці бясконцымі ёсьць мэтавыя цыклы?

3. Ці вынікае з цыклічнасьці мэтапакладаньняў іхная марнасьць?»

Лявон адвёў вочы ад мэтадычкі і задумаўся пра мэты, якія стаялі перад ім у бліжэйшы час. Вытрымаць іспыт? Яна была ў вышэйшай ступені патрэбнай і карыснай, бо ў выпадку няўдачы ён ізноў заставаўся на другі год. Рабаваньне? Яно таксама не дарэмнае, бо цягне за сабою валоданьне грашыма, а значыць, роварам, тэлефонам і запэўным посьпехам у хутаранцы. Лявону раптам стала брыдка, як рабілася заўсёды празь беспасярэднія думкі пра гэта. «Ці ня нізасьць гэтае меркаваньне, што ейнае стаўненьне да мяне можа залежаць ад валоданьня нейкімі рэчамі? Досыць погляду яе, каб падобныя думкі адваліліся, як засохлы бруд адвальваецца ад туфляў». Параўнаньне з брудам таксама здалося яму нізкім. Ейныя цёмныя вочы глядзелі на яго адначасна сур'ёзна і пакепліва, быццам ужо даўно ведалі ўсё тое, што ён мог і зрабіць, і падумаць, і адчуць.

А сёмай Лявон адклаў мэтадычку ўбок, узяў заплечнік і выправіўся.

* * *

Перасякаючы ўнівэрсытэцкі двор, Лявон з усьмешкай спамянуў, што толькі прыхільнасьць да штодзённага чытаньня навукова-папулёвых часопісаў і прывяло яго сюды некалі. Як даўно гэта было! Уступныя іспыты і першыя гады вучэньня здаваліся яму цяпер туманна-далёкія, і быццам нават не пражытыя, а ўбачаныя ўва сьне ці нават прачытаныя ў кнізе. Толькі найпершы візыт на ўнівэрсытэт запомніўся Лявону дакладна: ён стаіць у холе галоўнага корпуса перад вялізарным стэндам зь пералікам факультэтаў і спэцыяльнасьцяў і расчаравана чытае іхныя сумныя сухія назвы, якія ня маюць анічога агульнага з багатым і насычаным жыцьцём навукоўца або вынаходца. Абраць было абсалютна не з чаго. Лявон з нудою агледзеўся абапал, падсьвядома спадзяючыся ўбачыць недзе побач яшчэ адзін пералік, дадатковы, у якім прапаноўваліся б спэцыяльнасьці кшталту «канструяваньня хатняе тэхніцы» або «ўкараненьне бытавых інавацый». Але нічога падобнага вакол не назіралася. Лявон ізноў перачытаў сьпіс кафэдраў і ўжо пачаў схіляцца да сыходу і наведваньня іншага ўнівэрсытэта, ня вузка-тэхнічнага, а агульнага. Ён быў упэўнены, што такі ёсьць. Можа, там яму пашанцуе больш, і падыходная прафэсія адшукаецца.

Нашчасьце, паблізу праходзіў Адам Васілевіч, кандыдат навук і дацэнт. Заўважыўшы пачаткоўца, ён парабалічна зьмяніў сваю траекторыю і, стукаючы абцасамі па паркеце, наблізіўся да Лявона. Сьцісла распытаўшы яго і выслухаўшы сарамлівыя пажаданьні, Адам Васілевіч з запалам казальніка пачаў пераконваць Лявона, што ён патрапіў дакладна па адрасу, а за гэтымі агульнымі і расплывістымі назвамі тоіцца скарбніца інжынернае думкі. Натхняючыся ўсё больш і больш, Адам Васілевіч прычыняў вочы, складаў пальцы колцам і з прыдыханьнем прамаўляў імя тае ці іншае спэцыяльнасьці, нагадваючы сваім выглядам самэлье, што апавядае пра рэдкі гатунак вінаграду і адценьні ягонага густу. Лявон глядзеў на ягоныя гладка прычэсаныя чорныя валасы – і верыў. Адаму Васілевічу ўдалося запаліць Лявона сваім жарам і данесьці да яго музыку політэхнічных словазлучэньняў: «Супраціў матэрыялаў і тэорыя пругкасьці», «Мэталургія ліцейных сплаваў», «Аўтаматызацыя тэхналягічных працэсаў і вытворчасьцяў».

Яны спыніліся на паэтычнай «Тэорыі мэханізмаў і машын». «Добра. Цяжка было б зрабіць лепшы выбар, – Адам Васілевіч разьвёў рукамі і падняў вочы да высокай столі. – Гэтая спэцыяльнасьць дазволіць вам стаць як практыкам, так і тэарэтыкам-дасьледнікам. Многія выпускнікі працуюць цяпер у Акадэміі навук». Лявон папрасіў колькі дзён памеркаваць, але Адам Васілевіч няўмольна заўважыў, што набор на кафэдру сканчаецца, і Лявон рызыкуе страціць цэлы год праз сваю нерашучасьць.

У той жа дзень Лявон прайшоў інтэрвію па шэрагу агульнаадукацыйных дысцыплін і быў прыняты на ўнівэрсытэт.

* * *

Адам Васілевіч

Лявон падняўся прыступкамі і штурхнуў вялізарныя дзьверы. Яго заўсёды зьдзіўляла, наколькі яны добра збалансаваныя: высачэзныя, ў два чалавечых росту і таўшчэзныя, дзьверы адчыняліся без асаблівых высілкаў. Як звычайна, пасьля яркага вонкавага сонца здалося, што хол пагружаны ў прыцемак. Зьлева, над пустым гардэробам, зелянелі лічбы электроннага гадзіньніка; было безь пяці дзевяць. Насупраць уваходу разьмяшчалася шырокая лесьвіца, а перад ёю стаяў стэнд з раскладамі заняткаў і іспытаў. Лявон пайшоў да яго, слухаючы, як ягоныя крокі адбіваюцца складаным рэхам ад столі і далёкіх сьценаў. Вочы ўжо звыклі да змроку, і ён убачыў Адама Васілевіча, які прымацоўваў да стэнда аб'яву. Лявон павітаў яго. Той коратка кіўнуў галавой, паказаў на сваю аб'яву і, адвярнуўшыся, пасьпяшаўся лесьвіцай наверх. Адам Васілевіч звычайна насіў сьветлыя кашулі з кароткім рукавом, а сёньня, мабыць з нагоды іспыту, надзеў строгі цёмна-шэры строй, цагляна-чырвоную кашулю, пярэсты гальштук у тон і чорныя лякавыя туфлі. На чорных шкарпэтках, якія выглядалі пры ўздыме нагі на прыступку, Лявон заўважыў сінія палосы. Лявон уявіў, што час раптам запаволіўся, і хуткі крок Адама Васілевіча па прыступках ператварыўся ў плыўны лёт, ледзь прыкметны воку, як рух хвілінавае стрэлкі. Лявон нахіляецца і разглядае сінія палосы зблізку. І можа нават дакранаецца да іх. Якія ягоныя шкарпэткі навобмацак?.. Лявон страсянуў галавой і пачаў чытаць аб'яву.

«Іспыт адбудзецца сёньня ў 9-00. Аўдыторыя 304». Аб'ява была напісаная сіняй асадкай на аркушы ў клетачку. Лявон адзначыў элегантавасьць почырку Адама Васілевіча, ненадоўга задумаўся – ці купляў ён спэцыяльна сшытак, каб выдраць зь яго аркуш на аб'яву? – прачытаў яе яшчэ раз і нарэшце ступіў на лесьвіцу. Трэба было падняцца на трэці паверх. Лявон ведаў цьвёрда, што першая лічба ў нумары аўдыторыі азначае паверх. Яму ніхто гэтага не казаў, але аднойчы здагадка спусьцілася на яго звыш, як адкрыцьцё. Лявон ішмат разоў правяраў тэорыю першае лічбы на справе, і яна працавала заўсёды, без выняткаў. Таемнае веданьне выклікала ў яго некаторы гонар за сябе, але нядоўга: сакрэт другой і трэцяй лічбаў ён разгадаць ня здолеў, колькі ні ламаў галаву. Пытаць ж Адама Васілевіча не хацеў, бо разьвязаньне магло стацца нагэтулькі простае, што зрабілася б сорамна за сваю тупасьць.

На трэцім паверсе Лявон трохі павагаўся, направа ісьці ці налева, і пайшоў калідорам налева. З аднаго боку калідору цягнуліся вокны, з другога – дзьверы аўдыторый, памаляваныя шэрым глянцам. Нумары пачаліся з 330 і цяпер патроху памяншаліся. Калідор яшчэ раз павярнуў налева, і неўзабаве Лявон убачыў дзьверы з нумарам 304 і прышчэпленым аркушам «Іспыт».

Ён дастаў з заплечніка пакунак апэльсінавага соку і адпіў дзеля адвагі колькі глыткоў. Пастукаўся і пацягнуў дзьверы; яны паддаліся не адразу, толькі пасьля некаторага намаганьня, здавалася, што створа зьлёгку прыліпла да вушака. «Пэўна, гэта праз фарбу. Дзьверы памалявалі тоўстым плястом, і зазоры зьменшыліся да шчыльнага прыляганьня. Да тога ж фарба глянцавая, а глянец схільны ліпнуць да глянцу», – думаў Лявон, прыадчыняючы і зноў зачыняючы дзьверы.

– Лявоне! Гэта вы? – гучна спытаўся з аўдыторыі Адам Васілевіч. – Што вы там чыніце, га? Заходзьце.

Голас Адама Васілевіча, як заўсёды, меў асаблівую інтанацыю, што надавала кожнаму вымаўленаму слову адценьне скепсысу і пакепу, ці то з суразмоўцы, ці то з тэмы гутаркі. Першым знаёмствам Лявон не заўважыў гэтай манеры; калі ж пачаліся лекцыі, яна зрабіла рыхтык тое ўражаньне, на якое і была разьлічана: Адам Васілевіч здаўся яму прымудроны і ўседасьведчаны. Але пакрысе чары разьвеяліся, і Лявон стаў адрозьніваць маску ад схаванага за ёй чалавека, ня надта мудрага і нават ня вельмі разумнага, але затое бяскрыўднага, а ў некаторых праявах чульлівага і мілоснага. Ён шчыра любіў сваю працу і на лекцыях часта дасягаў тога натхненьня і душэўнага ўздыму, якое рабіла яго падобнага да захопленага самелье, як у дзень першага знаёмства зь Лявонам.

Лявон набраўся сьмеласьці і ўвайшоў. Углыб і ўверх аўдыторыі падымаліся шырокія прыступкі з партамі, а па-за імі, наверсе, сьвяціліся сонцам вялікія вокны. Ён наблізіўся да подыюму, на якім стаялі кафедра і стол. Над сталом схіліўся Адам Васілевіч, раскладваючы квіткі.

– Зноў сьпіцё? Давайце сюды залікоўку. Цягніце квіток! – Адам Васілевіч сеў за стол, сашчапіў на жываце далоні і іранічна паглядаў на Лявона. – Напомню правілы: калі адказваеце адразу, без рыхтоўлі, дык атрымваеце адзнаку вышэйшую на адзін бал.

Квіткі ўяўлялі сабой усё тыя ж аркушы ў клетку, іх было зь дзясятак. Яны ляжалі тварамі ўніз, і на некаторых выпукла праступалі сьляды напісаных слоў. Лявон уявіў, як Адам Васілевіч сядзіць увечары на кухні ўва ўтульнай паласатай піжаме і піша ў сшытак пытаньні да іспыту, адрываючы старонкі па меры напісаньня. Ці спачатку адрывае, а потым піша? На абрусе? Гэтым маглі б тлумачыцца адбіткі слоў праз паперу. П'е ён перад існом чай ці гарачае малако?.. Павагаўшыся – узяць бліжэйшы да сябе квіток ці адзін зь сярэдніх, зь няроўна адарваным кутком – Лявон пацягнуў сярэдні.

«Квіток N6.

1. Агульныя вынікі сэмэстру.

2. Што сказала Марыся Мікалаеўна праз год пасьля нашага вясельля.

3. Тры прычыны суму».

Адам Васілевіч загадаў прачытаць білет услых. Выслухаўшы, кіўнуў і напомніў Лявону яшчэ адно правіла: білет можна замяніць, але тады адзнака панізіцца на два балы. Лявон крыху расчараваў Адама Васілевіча, не выказаўшы жаданьня ні адказваць без рыхтоўлі, ні цягнуць зноўку. Хоць ён ведаў дакладны адказ толькі на другое пытаньне, досьвед папярэдніх іспытаў падказваў яму, што новы квіток можа быць яшчэ больш няўдалы. Пытаньні не палохалі яго, і гэта было ўжо добра. Трэцяе пытаньне нават спадабалася яму. Узяўшы ў Адама Васілевіча чысты аркуш і асадку, ён падняўся на колькі прыступак і сеў на край парты, гледзячы ў білет. Адам Васілевіч устаў і прайшоўся па подыюму.

– Хай вас не зьдзіўляе, што я дадаў у квіткі пытаньне пра словы маёй жонкі, Марысі Мікалаеўны, сказаныя на гадавіну нашага вясельля. Разуменьне выказанай ёю думкі вельмі значнае для кожнага адукаванага чалавека. Я цьвёрда памятаю, што расказваў пра гэтую думку ў маіх лекцыях, і калі вы слухалі ўважліва, дык не маглі не запомніць яе, – ён з усьмешачкай паглядзеў на Лявона.

«Каханьне – гэта вышэйшая мэта кожнага чалавека», – Лявон выдатна ведаў гэтую бессэнсоўную на ягоны погляд фразу жонкі Адама Васілевіча, той спыняўся на ёй раз дваццаць. Адам Васілевіч любіў адысьці ад тэмы лекцыі і расказаць пра сваё жыцьцё ды пра сваю жонку. Слухаць яго Лявону падабалася, жыцьцёвыя пэрыпэтыі Адама Васілевіча ня ўражывалі бурлівасьцю, але былі забаўныя, як і кожная тэма ў ягоным выкладзе. Ён быў добры апавядальнік, эмацыйны і захапляючы, умела паглыбляўся ў дэталі і нюансы, але ня грузнуў у іх. Прыкладам, ён вельмі жыва і ярка маляваў свой сямейны побыт: усхваляваную куплю першага аўтамабіля, анэкдатычныя зносіны зь цешчай, лаянку з суседзямі, традыцыйны заквас капусты, падарожжы ў абутковую краму, цяжбу зь нядбайнымі страхарамі, празь якіх у яго цякло са столі, і многа іншых немудрагелістых, але вясёлых здарэньняў. Разьвеяўшыся аповядам, Адам Васілевіч наколькі мажліва сур’язьнеў і прамаўляў чарговага разу сакральнае выслоўе жонкі пра каханьне, пасьля якога рабіў шматзначную паўзу. Меркавалася, што Лявон, як кожны адукаваны чалавек, усё разумее, і тлумачэньні залішнія. Аднак Лявон не разумеў, і пасьля шэрагу спробаў страціўшы надзею спасьцігнуць сутнасьць гэтых слоў, проста забаўляўся кантрастам паміж глыбакадумнай сур'ёзнасьцю фразы і пакеплівай манерай лектара, якой ён не зьмяняў нават тут. Выходзіла, што Адам Васілевіч жартуе з жонкавых слоў, сам тога не заўважаючы.

Занатаваўшы патрабаваную фразу на паперу, Лявон перайшоў да першага пытаньня. Якія вынікі сэмэстру? За гэты сэмэстар Лявон яшчэ больш глыбока вывучыў жыцьцё Адама Васілевіча, ягоныя погляды на грамадзтва і палітыку (ён сам называў іх дэмакратычным сацыялізмам), навуку (ён пачытаў вышэй за ўсё фізыку і мэханіку, спасылаючыся на сувязь паміж прагрэсам тэхнікі і ўзроўнем жыцьця), мастацтва (перавага аддавалася фатаграфіі), рэлігію (асабісты Бог адмаўляўся, але меркавалася існаваньне вышэйшых цывілізацый на іншых плянэтах, якія час ад часу кіравалі ходам зямной гісторыі), здароўе (ягонай асновай лічыліся захаваньне распарадку дня і слушнае харчаваньне) і спорт (найгарманічнейшым відам спорту быў прызнаны біятлон). Лявон пэдантоўна перапісаў усё гэта на аркуш, у канцы трохі напругшыся над біятлонам. Ён заўсёды блытаў біятлон з баскетболам, пакуль аднойчы не даведаўся, што па-ангельску «бол» значыць «мяч», і адсюль вынікала, што ў баскетболе гуляюць зь мячом, тым часам як у біятлоне ніякага мяча няма. Але, каб не мыліцца, яму кожны раз даводзілася аднаўляць гэты лягічны ланцужок у памяці.

Лявон падняў галаву са сваіх запісаў і пашукаў позіркам Адама Васілевіча. Той, сашчапіўшы рукі за сьпіной, стаяў у канцы залі, ля вакна, і глядзеў на інстытуцкі двор. «Што ж гэта за тры прычыны суму? – думаў Лявон, – няўжо я іх праспаў?» Але прасыпаньне было малаверагоднае, Адам Васілевіч ставіўся да лекцый дбайна і не дазволіў бы Лявону спаць. «І наогул нечакана чуць ад яго пра сум. Па пытаньню на’т і не зразумееш, як ён ставіцца да суму, ганьбіць ці сам схільны? Не ўяўляю, як наогул ён можа сумаваць. Няўжо ён сумуе і цяпер, гледзячы ў вакно? Па жонцы? Так, дакладна, гэта добры варыянт. Яна сядзіць дома і кахае яго, а ён сумуе па ёй, сумуе і чакае вечаровае сустрэчы». Лявон занатаваў на аркуш першую прычыну суму: расстаньне з блізкім чалавекам. Потым падумаў і падставіў замест слова «чалавекам» слова «істотай», узгадаўшы пэнсіянэраў з сабакамі, што гулялі алеямі. Яны таксама маглі б сумаваць, калі б іх разлучыць з сабакамі. Падумаў яшчэ і зноў напісаў «чалавекам». Бо Адам Васілевіч мог бы пакрыўдзіцца на тое, што пад істотай маюць на ўвазе ягоную жонку, хай і ўскосна.

«Далей. Другой прычынай суму пэўна ёсьць мэтафізычныя разважаньні. Калі пачынаеш разумець, наколькі зьневажальна ўладкованы сусьвет, нехаця аддаешся суму. Чалавек мітусіцца, корпаецца, пакутуе і памірае... Але ці спадабаецца гэткі адказ Адаму Васілевічу? Нічога, калі не спадабаецца, я яму растлумачу». Задаволены сваімі ўпэўненымі адказамі, Лявон адкінуўся на сьпінку парты і паглядзеў уверх, чамусьці чакаючы ўбачыць неба і прыязныя аблокі, але ўверсе была абыякавая белая столь.

– Глядзім у столь? Лічым птушак? – заўважыў ягоны рух Адам Васілевіч. Ён стаў спускацца праходам уніз, тукая па прыступках цьвёрдымі абцасамі туфляў. – Калі больш анічога напісаць ня можаце, дык выходзьце і прыступайце да адказу. Навошта бавіцца.

– Зараз, мне ўжо няшмат засталося, – сказаў Лявон і апусьціў галаву.

«Можа ў гэтым пытаньні пра сум нейкі падвох? Раптам і запраўды не было ў лекцыях анічога падобнага, а ён цяпер хоча мяне падлавіць: калі я напішу адказ, гэта будзе значыць, што я дрэнна падрыхтаваўся і зараз кручу, выдумляючы адказы? Дык што ж, устаць і сказаць, што пра сум ня ведаю і ня чуў? Не. Рызыкну, напішу». Лявон пачаў разважаць пра трэцюю прычыну. Трэба было б напісаць нешта блізкае да поглядаў Адама Васілевіча. Ці можа паходзіць сум праз пагарду да спорту, ці на’т канкрэтна да біятлону? Не, гэта занадта тупа, трэба пашырыць вызначэньне. Прыкладам, пагарда да здаровага ладу жыцьця, які месьціць ў сабе гульні ў мяч, здаровую ежу і рэжым дня. Стоп, мяч тут лішні, ня мяч, а катаньне на лыжах. А цікава, калі адначасна ехаць на лыжах і аддавацца мэтафізычнаму суму? Ехаць пустымі палямі з зубкамі лесу па гарызонту, ехаць да хутара. Ці бывае сумна хутаранцы? Пэўна бывае, бо наўрад ці яна гуляе ў мяч. Гэта значыць наўрад ці катаецца на лыжах. Хоць чаму б і не, каляровыя стужкі ў валасох і вялікі паласаты мяч. Яна падкідвае яго да аблокаў і сьмяецца. Сарафан разьдзімаецца цёплым ветрам. Трава... Думкі Лявона блыталіся, а галава апускалася ўсё ніжэй.

Прачнуўся ён праз вокрык:

– Лявоне! Вы што, сьпіце? А ну ўставайце ды йдзіце адказваць! – Адам Васілевіч узлавана хмурыў бровы, стоячы ля дошкі, але ягоны твар ня здолеў выглядаць цалкам сур'ёзна і жыў сваім жыцьцём: куткі вуснаў самі па сабе ўсьміхаліся, куткі вачэй зьбіраліся ў зморшчынкі.

– Я яшчэ хвіліначку! – вінавата папрасіў Лявон.

– Не ўжо, досыць! Выходзьце.

Лявон вылез з-за парты і спусьціўся ўніз. Жудасна хацелася пазяхаць, але ён вытрымаў, моцна пацершы пальцамі пераносьсе. Хтосьці сказаў яму аднойчы, што гэта дапамагае супраць чханьня, дык чаму б не паспрабаваць і супраць пазяханьня? Дапамагло. Паклаўшы квіток на стол, ён пачаў адказваць на першае пытаньне, спраўляючыся па паперы і стараючыся на хаду дадаць да напісанага яшчэ штосьці. Лявону атрымалася незвычайна расьцягнуць сваю прамову, ён гаварыў хвіляў пяць. Адам Васілевіч слухаў і ківаў. Калі Лявон скончыў, спыніўся і запытальна паглядзеў на яго, ён зрабіў далоньню запрашальны жэст – працягвайце. «Значыць, нараканьняў няма. Рухаемся далей». Каб адказаць на другое пытаньне, Лявон абраў іншую тактыку: выразна вымавіў шлюбную фразу і змоўк, глыбокадумна гледзячы Адаму Васілевічу ў вочы. Аднак ягоная глыбокадумнасьць не знайшла адказу – замест таго, каб зрабіцца сур’ёзным, Адам Васілевіч расьцягнуў вусны ў пакеплівую ўсьмешку:

– Вы дрэнна слухалі, Лявон. Не «каханьне – гэта вышэйшая мэта кожнага чалавека», а «вышэйшая мэта кожнага чалавека – усьвядоміць каханьне» ! Вялізарная розьніца, малады чалавек, вялізарная! Ня проста каханьне, вунь сінічкі за вакном таксама кахаюцца. Ня проста каханьне, а менавіта ўсьвядомленае! У-сьвя-доміць каханьне! Чалавек! Эх вы... А я думаў, вы разумееце. Я думаў, вы хочаце працаваць у Акадэміі навук. Што ж, кожнаму сваё. Давайце трэцяе пытаньне.

Лявон так зьдзівіўся, што ня стаў супярэчыць і спрачацца. Ён адкашляўся і няўпэўнена расказаў сваю вэрсію дзьвюх прычын суму. Пасьля невялікай замешкі ён разьвёў рукамі і паскардзіўся, што пачаў апісваць трэцюю прычыну, але не пасьпеў, а цяпер забыўся.

– Вельмі дрэнна! Вось што значыць прасыпаць і спазьняцца на лекцыі, – сказаў Адам Васілевіч. – Дык вось, запомніце: першая прычына – спадчыннасьць. Калі бацькі хварэлі на засмучэньне, дык дзіцяці таксама перадаецца гэтая хвароба. Другая прычына – маларухомы лад жыцьця і нелюбоў да спорту, якiя цягнуць за сабой застой як у членах, так і ў мозгу. Кровазабесьпячэньне мозгу пагаршаецца, і ён пачынае нэгатыўна рэагаваць на навакольную рэчаіснасьць. Па аналёгіі з болем, які ёсьць індыкатарам непаладак і паломак у арганізму, сум можна разглядаць як сыгнал пра няслушную працу сьвядомасьці і псыхіцы. Трэцяя прычына суму вынікае з другой, але ляжыць ужо ў грамадзкай сфэры. У чалавеку ўкараняецца сум, калі ён ня мае дакладных жыцьцёвых мэтаў і не разумее сваіх задач. Гэта калі сьцісла. Зразумела?

Лявон паслухмяна кіўнуў, ён хацеў як мага хутчэй скончыць гэты іспыт.

– Дык вось. Вы адказалі толькі на адно пытаньне з трох, а значыць, правалілі іспыт, – Адам Васілевіч ужо складаў квіткі ў свой чорны скураны партфэль. – Вам прыйдзецца праслухаць увесь курс паўторна. І ўсё ж у вас наперадзе невялічкія вакацыі. У панядзелак раніцай прынесяце падручнікі, якія я вам выдаў, і потым два тыдні адпачываеце. Ці будзе сёлета практыка – пакуль невядома. Я ўжо двойчы пісаў на тэлефонную станцыю спадару Піліпу, які летась быў вашым кіраўніком, але ён яшчэ нічога не адказаў. Наступныга тыдню схаджу туды сам і дамоўлюся зь ім. Прынамсі замест практыкі зробім дадатковыя заняткі. А пакуль што можаце адсыпацца! І не забывайцеся пра рэжым дня.

Адам Васілевіч уважліва паглядзеў на Лявона з вышыні подыюма і пайшоў да дзьвярэй. «Ці пакліча ў госьці?» – думаў Лявон, разглядаючы залікоўку. Адам Васілевіч часам клікаў яго да сябе ў госьці пасьля заняткаў, але Лявон заўсёды адмаўляўся, яму ўдосталь хапала зносін і на лекцыях. Каб Адам Васілевіч ня крыўдзіўся, Лявон прыдумаў казаць, што ля выйсьця з унівэрсытэту яго чакае цётачка, і гэта ўплывала безадказна.

Але гэтым разам Адам Васілевіч анічога не прапанаваў. Тук-тук-тук, зрабілі ягоныя абцасы па паркеце, адчыніліся дзьверы, і зноў тук-тук-тук, заціхлі ў калідоры. Лявон падумаў, што забыўся аддаць яму асадку. Ён падняўся да верхняга вакна, на тое месца, дзе стаяў Адам Васілевіч. Неба закрывала густая лістота таполі пад вакном, і на шкло падаў ейны рухомы мазаічны цень. Ён назіраў цень і прыслухоўваўся да свае прыемнае стомленасьці і прыемнае сьвядомасьці пра двухтыднёвую свабоду наперадзе. Ён ізноў не ўтрымаў іспыт, але гэта даўно ўвайшло ў звычку і не засмучала. Лявон спусьціўся да парты, на якой застаўся ягоны заплечнік, і прысеў адпачыць перад дарогай дадому. Паклаў заплечнік на парту, рукі на заплечнік, галаву на рукі. Ягоны нос апынуўся ў сантымэтры ад заплечніка, ён пах спакойна і ледзь кісьлява. «А як мог пахнуць вялікі паласаты мяч, што падкідвала хутаранка?» – праплыла празрыстая думка, і Лявон заснуў.

Аўдыторыя