Піліп Ліпень Рабаваньне па-беларуску
Частка 1. Рабаваньне

2. Хто такі Рыгор

Рыгор

Знаёмцы, суседзі дый проста добрыя людзі ведалі Рыгора за вольнага аўтасьлесара каля трыццаці, вялікага аматара выпіць і паесьці. Ён меў каржакаватую, моцную, але суладную постаць, крыху сапсаваную сьпераду чэраўцам, якое зрэшты трапна хавалася адзеньнем вольнага летняга стылю. Круглявы і высакалобы твар выжыўляўся насычана-карычневымі вачамі і густымі брывамі, а нізкі, троху падвоены падбародак надаваў яму мужнасьці. Цёмныя валасы з гадамі пачалі саступаць з лобу, і Рыгор зачосваў іх зьлёгку наўскос і рэгулярна састрыгаў. Гэтак жа рэгулярна ды ўважліва ён займаўся ўсім сваім выглядам: ніколі нельга было ўбачыць яго кепска паголеным, ці з валасінкамі ў носе, ці зь цёмнымі палосамі пад пазногцямі, ці з кетчуповай плямай на суколцы.

Тым каштоўнейшай была ягоная акуратнасьць і ахайнасьць, што бадай увесь уласны час ён бавіў у гаражох, рамантуючы аўтамабілі для прыватных кліентаў. Рамонт прыдаваўся яму нядрэнна, найскладанейшыя працы заўсёды ўдаваліся, і Рыгор выславіўся сярод аўтааматараў сапраўдным прафэсіяналам, яго раілі сябрам і сваякам. Дапамагаў яму працаваць таксама і ягоны характар, роўны, нязьменны і надта адказны. Ніколі не забыўся ён ані найменшага абяцанку і ніколі не спазьніўся да ўмоўленага тэрміну. А калі ён казаў, уздыхаючы, што той ці іншы рамонт зрабіць немажліва, дык і ніхто ўва ўсім горадзе ня ўзяўся б за яго. Але з усёй сваёй сур'ёзнасьцю Рыгор зусім ня быў сухаром, ён часта рагатаў, часам хадзіў маркотны, а калі-нікалі нават злаваўся.

Былі ў Рыгора і свае дзівацтвы. Калі ягоныя калегі і канкурэнты цікавіліся чымсьці кшталту бодыбілдынгу, тэлевізійнага футболу ці зімовае рыбы, дык Рыгор быў не такі і выглядаў на іхным фоне белай варонай. Наўрад ці шмат знойдзецца на сьвеце аўтасьлесараў, якія захапляюцца акадэмічнай музыкай, але Рыгор быў менавіта зь ліку гэтых рэдкіх дзівакоў. Часта можна было ўбачыць, як ён абмяркоўвае чарговы дыск з кімсьці са сваіх доўгавалосых сябраў і тыцкае ў вокладку пальцам. Вядома, амаль усе, хто яго ведаў, не зьвярталі на гэтую прыхільнасьць вялікай увагі, бо ў астатнім чалавек ён быў добры, станоўчы і прыязны. Хто будзе чапляцца па дробязях да такога хлопца? Няхай слухае што хоча. Тым больш што другое Рыгорава дзівацтва бадай усім прыходзілася да густу – ён складаў анэкдоты і ўвесь час іх расказваў. Збольшага гэтыя анэкдоты былі нясьмешныя і зразумелыя толькі самому аўтару, але ягоны заразьлівы сьмех кампэнсаваў іхныя хібы.

Рыгор аніколі ня супраць быў пабалбатаць за келіхам піва ды лёгка сыходзіўся з новымі людзьмі. Мы пазнаёміліся зь ім у бары пры лазьні, патрапіўшы за адзін столік, і ён спачатку расказаў мне анэкдот пра беларуса. Надумаліся навукоўцы правесьці экспэрымэнт: хто хутчэй уцячэ зь вязьніцы – француз, японец, габрай ці беларус. Пасадзілі іх у вязьніцу. Француз праз тры дні так моцна па палюбоўніцах засумаваў, што перапілаваў краты і зьбег. Японец празь пяць дзён так моцна па машынах замаркоціўся, што выкапаў падкоп і зьбег. Габрай празь дзесяць дзён так па свае грошы затурбаваўся, што падкупіў наглядара і зьбег. Толькі беларус сядзіць ды сядзіць. Прыйшлі да яго навукоўцы і пытаюцца – ты чаму зь вязьніцы не ўцякаеш? Беларус адказвае – а што, хіба гэта вязьніца? па-мойму, тут нядрэнна!

Далікатна пасьмяяўшыся, суразмоўца расказваў нешта падобнае ў адказ, а пасьля другога келіха адбываўся плыўны пераход ад тэм агульных да тэм асабістых. Рыгор, даверліва зьнізіўшы голас, маляваў сваё невясёлае становішча: яны з маладою жонкай і дзьвюма дачкамі зьмяшчаліся ў невялікім пакоіку ў цешчынай кватэры. У ягоных родных бацькоў кватэра была наогул аднапакаёвая, і жыць там было зусім няма дзе. Ён скардзіўся, што мусіць прыходзіць дадому пазьней з прычыны цясноты і шматлюдзтва. Жонка зь дзецьмі, цешча, цесьць, сваячка, а на салодкае – сярдзітая бабка. На пытаньне, чаму ён не арэндуе асобнага жытла, калі яму цесна, Рыгор слушна адказваў, што зьбірае грошы на ўласную кватэру, а калі здымаць, дык ужо нічога і не назапасіш. Тут ён звычайна хмурыўся ці нават уздыхаў.

Але па-за расповедам заставаўся той факт, што, нягледзячы на даўкасьць і напружанасьць у хаце, зь цесьцем яны добра ладзілі. Больш таго – Рыгор нават клікаў яго «татам». Гэта павялося здаўна, с самога вясельля, калі цесьць пажартаваў: «Ці будзеш татам мяне клікаць?» Рыгор са сьмехам пагадзіўся. Спачатку ў размовах на слове «тата» рабіўся высьмешлівы націск, і абодва ўсьміхаліся, задаволеныя сваім досьціпам і сяброўскімі, нават змоўніцкімі зносінамі. Потым слова ўгрунтавалася, зрабілася звыклае, дый ужо не заўважалася.

* * *

тата

Тата, з твару якога амаль аніколі не сыходзіла хітрая ўсьмешка, меў магутную, цяжкую постаць, вялізарныя ногі і рукі, грамавы голас і нос буйной бульбай. Але з носам «бульбай» ён не згаджаўся і сьцьвярджаў, што гэткі тып носу трэба называць «клубніцавы», як слушна прыкмечана недзе ў Буніна. Тата, карыстаючыся сваёй выдатнай памяцьцю, любіў працытаваць каго з клясыкаў, дадаць у размову пераканаўчы афарызм альбо таксама расказаць анэкдот. Тата ўвесь час хадзіў застуджаны, чхаў ды смаркаўся, з чаго ягоны нос чырванеў і бунінскае параўнаньне з клубніцаю яшчэ больш удакладнялася. Застуда яго ані не бянтэжыла, ён і чуць не жадаў ні пра гарачае малако, ні пра цёплыя шкарпэткі, ні пра таблеткі. Наадварот, расчыняў фортку шырэй, абмываўся штораніцы халоднай вадой і піў ледзяны кефір з халадзільніка. Тата, паводле ўласнага выразу, «бадзёра дапрацоўваў» апошнія пяць гадоў перад пэнсіяй, шаўцом у Доме побыту. Калі пыталіся, чаму ён прысьвеціць акіян вольнага часу, які чакае яго на пэнсіі, тата рабіў шырокі жэст, абводзячы рукою сьцены, усю паверхню якіх займалі стэляжы з кнігамі. Ён любіў паўтараць жарт, што выдаткаваныя на кнігі грошы зь лішкам акупіліся непатрэбнасьцю шпалераў. Увесь час, колькі яго ведаў Рыгор, ён заўсёды зьбіраў кнігі, але, здаецца, ніколі іх не чытаў.

Аднак былі ў таты і такія аспэкты, што Рыгора ятрылі. Прыкладам, бясконцае сядзеньне ў прыбіральні з часопісам ці газэтай, манера калупаць запалкай паміж зубоў, альбо агідная звычка пляваць у попельніцу. Да падобных бытавых дробязяў дадавалася прынцыповае непадабенства ў густах і поглядах на шэраг музычных пытаньняў. Тутака сама час заўважыць, што тата таксама выходзіў вельмі дзіўны чалавек, бо людзі, занятыя папраўкай абутку, ні да кніг, ні да спрэчак пра музыку звычайна ня схільныя. Але, як кажуць псыхолягі ды псыхіятры, паняткі слушнасьці і дзівацтва вельмі няпэўныя і дакладных межаў ня маюць. Не сакрэт таксама, што дзіўнае цягнецца да дзіўнага, а дзівак – да дзівака, і хто ведае, калі б тата любіў паляваньне ці рыбу замест кніжкаў, як бы ў Рыгора склалася зь ягонай дачкой.

Калі гаварыць дакладна, дык тата быў прыхільнікам раньняга барока і нават схіляўся да рэнэсансу, у той час як для Рыгора музычная гісторыя пачыналася з рамантыкаў. Як чалавек дасьведчаны, мудры і тактоўны, тата старанна абыходзіў гэтую розьніцу густаў, і калі ім здаралася слухаць музыку разам, дык запісы абіраліся так, каб дагадзіць абодвум. Але Рыгор, сам ужо даўно не хлапец, ня быў гэткім жа памяркоўным, як тата. Часам, стаўшыся не ў гуморы, ён выклікаў тату на спрэчку, каб давесьці слушнасьць сваіх густаў і зьняпраўдзіць татавы погляды. Тата сварыцца не любіў, але ад поглядаў ніколі не адступаўся. У гэтых спрэчках высьветлілася, прыкладам, што ён аддаваў вялікую пашану клявэсыну, а фартэпіяна лічыў скажэньнем чыстае ідэі; што ён пакінуў ззаду рамантычную пустэчу, фальшывы надрыў мадэрну і бясплодныя сучасныя пошукі – і дасягнуў сапраўднае музычнае чысьціні. Аднойчы ў лаянкавым запаленьні тата сказаў, што глядзіць на Рыгора, зь ягонымі Вагнэрам і Малерам, як на падлетка, не дарослага да сьпелых уяўленьняў пра мастацтва. Рыгор запомніў гэта, і часта ўспамінаў, калі зь іроніяй, а калі са злосьцю. Ён быў упэўнены, што гэтая навамодная прыхільнасьць да барока – ня болей за піжонства.

Нягледзячы на гэткія абуральныя рознагалосьсі, сваркі ў іх былі нячастыя. Тата з Рыгорам разам елі – цесьць умеў добра гатаваць. Пілі разам таксама даволі часта, дакладней, Рыгор піў піва, а тата ўхвальна складаў яму кампанію. Відавочна, таце падабаўся захмялелы Рыгор. Сам ён алькаголю не ўжываў аніколі, што служыла адвечнай тэмай весяліцца: непітушчы шавец – нонсэнс! Тата аджартоўваўся, кажучы, што ў кефіры таксама ёсьціка невялічкі градус. Ён верыў, што кефір мае гаючы эфэкт і пры рэгулярным яго ўжываньні людзі робяцца доўгажыхарамі. Але калі на Рыгора знаходзіў настрой выпіць, тата адразу прыкмячаў гэта і даставаў яму з халадзільніка запацелую бутэльку моцнага «Сябра», прыгаворваючы, што першым глытком трэба выпіць роўна палову. Пасьля вячэры яны перамяшчаліся ў татаў пакой, дзе знаходзіўся балкон, і можна было шмат курыць і гучна гутарыць. Тата ставіў нэўтральную музыку, якая не выклікала абурэньня ні ў яго, ні ў Рыгора, штосьці з Гэндэля ці Гайдна, і яны да позьняе ночы аддаваліся ўзьліваньням за зачыненымі дзьвярыма.

У дні жа ўмеранасьці пасьля вячэры Рыгор закрываўся ад таты ў сваім пакоі і прасіў яго таксама зачыняць дзьверы, дзеля гукаізаляцыі. Стаміўшыся за дзень, Рыгор мог увесь вечар прасядзець на канапе, лагодзячы сябе півам з салёнымі сухарыкамі і слухаючы Брукнэра. Зрэдку ён браў пачытаць штосьці ў таты, пераважна пра падарожжы. У такія вечары нашмат утульней было пагасіць верхняе сьвятло і запаліць таршэр з аранжавым абажурам. Пацягваючы піва з вэнджанымі каўбаскамі, ён ляжаў на баку, абапёршыся на пухоўку, і не сьпяшаючыся чытаў «Зямлю Саньнікава» альбо «У нетрах Усурыйскага краю». Прачытаўшы гадзіну-другую, Рыгор вырашаў, што ўжо досыць позна, і ніхто не перашкодзіць яму дадаткова павячэраць, спакойна і разважана.

Ён ішоў на кухню, адрэзаў дзьве-тры лусты белага хлебу. Потым падымаўся на зэдлік і зазіраў на антрэсолі, дзе захоўваліся канфітуры. Трэба было зьмеркаваць, якое сочыва шмараваць на хлеб сёньня: белая парэчка мела дробныя костачкі, якія дакучліва засядалі паміж зубоў, а малінавага заставаўся апошні слоік, яго было шкада. Таму Рыгор апошнім часам усё часьцей цягнуў долу чорную парэчку. Нашмараваўшы хлеб маслам, а зьверху сочывам, ён раскладваў яго на талерцы так, каб можна было браць кожную лусту не запэцкаўшы рук аб суседняе, і садзіўся за стол. Мэтадоўна жаваў, часам уздыхаючы з задавальненьня.

Бутэрброды з сочывам

* * *

Пятніцай ураніцу, напярэдадні знаёмства зь Лявонам, Рыгора прымусілі расплюшчыць вочы ціхія, але выразныя гукі клявэсыну з-за сьцяны. «Зноў Пёрсэл! Неўзабаве я ўсіх гэтых чарцей напамяць буду ведаць». Зь вялікай прыкрасьцю Рыгор паглядзеў на будзільнік – да званка заставалася пару хвіляў. Прычапіцца, што тата ўключаў музыку надта рана, было нельга, і што надта гучна – таксама нельга. Спусьціўшы ногі на падлогу, Рыгор зь непрыязнасьцю адзначыў, што да падэшваў прыліплі дробныя парушынкі. Пара б ужо правесьці вялікае агульнае прыбіраньне. Ён абтрос ногі адна аб адну, устаў, падыйшоў да стала і вымкнуў будзільнік. Было б непрыемна, калі б ён такі зазваніў. Ад вечаровае чакалядкі засталіся два квадраціка, і Рыгор імлява зьеў іх. За вакном сьвяціла сонца, выяўляючы на шкле аксамітавы пляст пылу. «І вакно трэба вымыць», – скрывіўся Рыгор. Ён правёў пальцам па шкле і паглядзеў на палец, абцёр аб майткі.

Нацягнуўшы джынсы, Рыгор пайшоў у лазенку. У татавым пакоі ўжо сьпявалі анёлавымі галасамі нейкую кантату. Падлога пад нагой рыпнула, і Рыгор уявіў, што мог бы стаць на гэтым месцы і разгойдвацца з боку ў бок у тахт анёлам. А таце, калі б той выйшаў, ён растлумачыў бы, што нават падлогавыя дошкі імкнуцца разам зь Пёрсэлам славасловіць нябёсы. Але хай яго... У лазенцы Рыгор абмыў твар, падрабязна разгледзеў яго і застаўся задаволены. Уважліва расчасаў валасы, спрабуючы зьмеціць зьмены, што адбыліся пасьля ўжываньня новага шампуню. Здаецца, сталі зьлёгку сушэйшыя. Рыгор нахіляў галаву пад рознымі вугламі, уздымаў асобныя пасмы, ловячы на іх водбліск лямпачкі. Нарэшце зноў прычасаўся, вычысьціў зубы і выйшаў. Клявэсын ужо сьціх.

– Рыгору! – паклікаў тата з кухні. – Прачнуўся? Як спаў? Што сьніў?

Рыгор спыніўся ў дзьвярох кухні і спрабаваў узгадаць, што ж яму сьнілася.

– Халера яго ведае... Як толькі прачынаюся, з галавы ўсё зьнікае.

– Сьнедаць будзеш? Ёсьць амлет са шпінатам, гарэхавыя кексы. Мо кавы? – тата ведаў, як пацешыць. Ён аніколі не ленаваўся ўстаць зранку і згатаваць штосьці панадлівае.

– Дзякуй, тата, не адмоўлюся, – Рыгор сеў за стол і зглынуў, ён добра памятаў амлет са шпінатам і ведаў ягоны смак. Тата зараз жа закатаў рукавы халата, задрынькаў лыжкамі і талеркамі, палез у духоўку. Ён паклаў Рыгору важкую порцыю амлету, адкаркаваў загадзя прыгатаваную бутэльку «Сябра» і прысеў побач, каб атрымаць асалоду з паглынаньня свайго твору. Амлет атрымаўся смачны на дзіва. Рыгор, жвава жуючы, ухвальна ківаў галавой і рабіў вялікія вочы, паказваючы, як яму хораша. Тата ўсьцешана высмаркаўся ў сурвэтку, устаў і наліў сабе кефіру.

– У краму пойдзеце сёньня? – спытаў Рыгор, паставіўшы пустую талерку ў мыйку і адсопваючыся.

– Як заўсёды, бліжэй да абеду. Што табе прынесьці?

– Дык звычайна: тройку піва і закусіць. Што яшчэ чалавеку патрэбна... – Рыгор узяўся за кексы, запіваючы іх півам. – Вафляў. Ну ці печыва з разынкамі. І мо шампунь які, пажадана на ўвільгатненьне.

– Няўжо апошні не падыйшоў?

– Мне здаецца, празь яго валасы нейкія сухія, – Рыгор пакрывіўся.

– Хадзітка сюды, – тата ўзяў зяця пад локаць і падвёў да вакна. Ня менш уважліва за Рыгора ў лазенцы, агледзеў валасы і лягутка пакратаў, пацёр паміж пальцамі. – Маеш рацыю. Купім на ўвільгатненьне. Можа, Іва Рашэ?

– Чаму не? Добра, тата, дзякуй. Пайду я, – Рыгор адным глытком дапіў піва. – Кексы – асалода. Да вечара!

І, выходзячы з кухні, Рыгор не ўтрымаўся і бессэнсова зьедліва сказаў:

– Як там наш Прэторыюс маецца?

– Дарэчы, даўно яго не заводзіў. Вось увечары і паслу-хаем разам, калі ты па ім засумаваў, – падміргнуў тата, не паддаўшыся на выклік спрачацца.

Рыгор не знайшоў нічога лепш, як шматзначна хмыкнуць ды пайсьці зьбірацца на працу. Звычайна зборы складаліся з глядзеньня ў вакно на надвор'е ды адзяваньня. Надвор'е стаяла нязьменна цёплае і сонечнае, і Рыгору заставалася адчыніць шафу і выцягнуць з палічкі самую ніжнюю суколку. Гэта была ягоная даўняя традыцыя: пасьля генэральнага праньня акуратна складаць усе суколкі на палічку ў выпадковым парадку, а потым выцягваць іх па чарзе, зьнізу ўверх. Калі стос сканчаўся, зьдзяйсьнялася новае праньне, і гэтак далей. Сёньня трапілася адна зь ягоных упадабаных – вольная, ярка-аранжавая, з чорным, стылізаваным пад татуіроўку ўзорам на грудзёх. Ён надзеў красоўкі, паглядзеў у люстэрка і выйшаў.

* * *

Дзядзька Васіль

Рыгор бадзёра зьбег лесьвіцай, штурхнуў дзьверы на вуліцу і ледзь не прыбіў дзядзьку Васіля, што стаяў да іх сьпіною. Дзядзька Васіль, як заўсёды, спрачаўся зь дзядзькам Міхасём. Абодва яны былі сьціплымі худзенькімі пэнсіянэрамі, жылі ў гэтым жа доме і дзеля мацыёну шпацырылі ад аднаго пад'езда да другога. Рыгор гучна павітаўся, але адказаў яму толькі дзядзька Міхась. Дзядзька Васіль да тога захапіўся сваёй прамовай, што замест прывітаньня на імгненьне зірнуў на Рыгора выпуленымі вачыма.

– Возьмі хоць «Вайну і мір». Талстога было б наўпрост сумна чытаць, калі б не вузлы жаноцка-мужчынскіх зносін паміж героямі! Яны раўнамерна расстаўленыя ў рамане, і ўвага чытача як на рэйках коціцца ад аднаго вясельля да наступнага.

– Ну што ты кажаш, Васіль. Якая аблуда.

Дзядзька Міхась

Дзядзька Міхась адказваў упэўнена і спакойна. Ён быў вялікі прыхільнік Ільва Талстога, нагэтулькі перакананы ў велічы клясыка, што нават сама роспачныя напады разьбіваліся аб ягоную ўпэўненасьць, як хвалі аб скалу.

– Але ж дазволь! – не даваў яму казаць дзядзька Васіль, – Асабіста мне гэткія хітрыкі здаюцца занадта прымітыўнымі. Ён іграе на ніжэйшых інтарэсах чытача, я б на’т сказаў – на ягоных інстынктах!

На слове «інстынктах» дзядзька Васіль драматычна ўзвысіў голас. Рыгор ужо добра памятаваў усе інтанацыі, жэсты і фазы, якія праходзілі спрэчкі паміж дзядзькамі, але тэма кожнага разу была іншая, і ён часта спыняўся паслухаць. Дзядзька Васіль любіў паспрачацца і ня меў усталяваных поглядаў ані ў чым, а менш усяго ў літаратуры. Спрэчкі ж бадай заўсёды тычыліся менавіта літаратуры: дзядзька Васіль ніяк ня мог прымірыцца з тым, што дзядзька Міхась шануе Талстога як вышэйшага за ўсіх, хоць у сьвеце шмат ані ня горай напісаных кніжак.

– Васі-іль, – з дакорам працягнуў дзядзька Міхась, – А хіба ягоныя нарысы пра ваенныя падзеі ня гэтак жа захапляюць? Ня ведаю, як ты, але я – чалавек, вельмі далёкі ад вайсковае сфэры. Я ніколі не служыў ды наогул збольшага пацыфіст. Але нагледзячы на тое гэныя нарысы мяне моцна ўражваюць. Калі чытаеш, як героі імкнуцца ў атаку, на’т сэрца б’ецца хутчэй – адчуваеш душэўны ўздым, а абзацы так і праглынаюцца.

– Гэта таксама гульня з інстынктамі!

– Якія ж тутака інстынкты?

– Ня ведаю, як яны слушна называюцца, я ж табе не прафэсар Паўлаў. Але калі ўсе вакол крычаць «ура! наперад!» дык і ты разам зь імі закрычыш, і пабяжыш з душэўным уздымам – і гэта чыстае вады інстынкт і рэфлекс.

– Але скажы, хіба гэта не геніяльны пісьменьнік, калі ён здольны выклікаць у цябе гэны інстынкт? Не рэчавістымі дзеяньнямі, а толькі сваім аповядам? Вось ты, Рыгор, ці чытаў ты «Вайну і мір» ?

Яны перапыніліся і дружна паглядзелі на Рыгора. Рыгор паціснуў плячыма.

– Здаецца, чытаў некалі.

Ён невыразна памятаў, як пачынаў раман, але неўзабаве кінуў, бо здалося занадта расьцягнута і нудна.

– Як жа так, Рыгор? Ты абавязкова пачытай. Вялікі раман.

Дзядзька Міхась сур'ёзна глядзеў на яго. Рыгор абяцаў пачытаць. Дзядзька Васіль у гэты момант састроіў грымасу агіды, прыадкрыўшы рот і прыжмурыўшы вочы, быццам кажучы, што ані ня варта чытаць «Вайну і мір», калі ня хочаш выпрабаваць ванітавага рэфлексу. Раптам Рыгор чмыхнуў – у яго нарадзіўся анэкдот:

– Слухайце, бацькі! Прыходзіць Талстой у аптэку і кажа – дайце мне пакунак начэпнікаў, сама вялікіх і з пупышкамі. Аптэкарка кажа – Леў Мікалаевіч! карыстацца начэпнікамі амаральна! бо павінны нараджацца дзеці! Талстой адказвае – дурніца! гэта ня мне, а Дастаеўскаму, ён сам купляць саромеецца, – і Рыгор зарагатаў.

Дзядзька Васіль і дзядзька Міхась разам скрывіліся. Дзядзька Міхась нават плюнуў з прыкрасьці, а дзядзька Васіль сказаў:

– Што за гідота, Рыгору! Ты нібы шкаляр, далібог. Аніякага густу!

Але пакрыўдзіць Рыгора было немажліва. Ён толькі ўсьміхнуўся ў адказ, разьвітаўся, паправіў торбу на плячы і рушыў. Ён яшчэ чуў, як дзядзька Васіль выказаў здагадку, што сапраўдна вялікім пісьменьнікам быў бы той, хто напісаў бы захапляючую кнігу, не абапіраючыся ні на якія інстынкты. Яшчэ колькі мэтраў, і іхныя галасы патухлі.

* * *

Рыгор любіў хадзіць і хадзіў шпарка. Ён выйшаў з двароў, перасёк вуліцу, зрэзаў рог парку і разагнаўся да сваёй звычайнай хуткасьці. Ягоны шлях ляжаў спачатку ўздоўж працяглага Чыжоўскага парку, потым мастом праз вадасховішча, потым паўз ружовае прастакутнае лазьні, потым Партызанскім праспэктам, потым празь лесапарк, трамвайнымі рэйкамі. У лесапарку Рыгор бавіў крок, спыняўся і ненадоўга сядаў на схіле з выгаралай на сонцы траўкай – адпачыць і перакусіць. Зьядаў два-тры бутэрброды з маслам і сырам, слухаючы ветрык у галінах над галавою і ціўкат птушак. За паркам праглядаўся белы плот Трактарнага завода, дзе працаваў поварам Рыгораў знаёмец. Знаёмец даўно запрашаў яго на завод у госьці, “па сумленныя працоўныя бліны”, як ён казаў. Але Рыгор так ані разу не зайшоў – ураніцу ён сьпяшаўся на працу, а ўвечары знаёмы ўжо сыходзіў дадому, ён сканчаў зьмену ці тое а чацьвёртай, ці тое а пятай гадзіне... Адпачыўшы і аднавіўшы сілы, Рыгор наважна падымаўся і ішоў наперад уздоўж трамвайных рэек ці нават па ім. Цяпер ён ужо ўваходзіў у стан, калі хацелася ісьці далей і далей, хутчэй і хутчэй. Цэнтар горада ён перасякаў на ўсю моц, а пад сканчэньне шляху, перад плошчай Бангалор, ужо трохі стамляўся. Але больш не адпачываў, бо заставалася ўжо няшмат: прайшоўшы краем парку і абмінуўшы невялікую ладную царкву, ён збочваў направа ды трапляў на фінішную прамую, вуліцу са старымі цаглянымі дамамі.

У адным з вокнаў апошняга дома, белага дзевяціпавярховіка, напалову схаванага лісьцем высокіх каштанаў, ён аднаго разу, кінуўшы выпадковы погляд, заўважыў бледны старэчы твар пад сабранымі назад сівымі валасамі. Бабулька нерухома сумавала і глядзела на дарогу, на Рыгора. Праз колькі дзён ён заўважыў яе зноў, потым яшчэ і яшчэ. Спачатку ён адчуваў лёгкае раздражненьне да бабульцы, яму не падабалася быць пад ейным наглядам і кантролем, хай і нікчэмна малым. Але пакрысе бледны твар у вакне зрабіўся яму звыклы і нават сяброўскі; калі ў некаторыя дні яго не было відаць, Рыгор смутна непакоіўся. Сёньня, задаволена адзначыўшы наяўнасьць бабулькі, Рыгор коратка і дзелавіта паглядзеў у ейны бок і кіўнуў. Зь некаторага часу, будучы ў гуморы, ён вітаў яе, хоць яна ніколі не адказвала.

Яму засталося прайсьці жоўтую тралейбусную станцыю, атачоную кругавой дарогай з суплётамі правадоў над ёю, а за станцыяй ужо пачыналася тэрыторыя гаражоў. Гаражы займалі значную плошчу і падзяляліся на сэктары, якія належылі розным таварыствам. Сэктар Рыгора меў назву «Гаражны кааператыў» і пачынаўся з двух пышных каштанаў, паміж якімі ўтульна прыбудавалася хатка ахоўніка зь белае цэглы і доўгі, тонкі, выгнуты пад сваім цяжарам шлягбаўм у чырвона-белую паласу.

Рыгораў гараж

Рыгор валодаў двума сумежнымі гаражамі ў канцы «гаражнага кааператыву», у цяністым тупіку. Іхныя жалезныя брамы былі памаляваныя ў цёмна-вохрысты колер, які хаваў бруд і ржу. Усярэдзіне абодва гаражы злучаліся праходам, самачынна і нелегальна прарэзаным Рыгорам. У першым гаражы, які ён называў кухняй, зьмяшчаліся стэляжы са мноствам прылад, варштат з магутнымі абцугамі, невялікі сьвідравальны станок, гонар Рыгора, стары-замшэлы халадзільнік з абцякальнымі формамі ў стылі пяцідзясятых і фатэль-качалка «для кліентаў». Запаліўшы сьвятло – асьвятляліся гаражы простымі лямпачкамі, якія зьвісалі з даху на касічках правадоў – Рыгор сеў у фатэль і адчыніў халадзільнік. Пяць бутэлек піва, тры бляшанкі з тушонкай, вэнджаныя каўбаскі, спагеці, аліўкі, аўсянае печыва. Рыгор застаўся задаволены аглядам. Пад варштатам у яго захоўвалася электраплітка і рондаль, ён дастаў іх, увамкнуў плітку ў разэтку і адразу ж вымкнуў, успомніўшы, што вада ўчора скончылася.

Ісьці ў краму па пітную ваду было лянота, і Рыгор, узяўшы пустую пяцілітровую бутлю, рушыў да водакалёнкі, што ўпэўнена і незалежна сінела побач са шлягбаўмам. Рыгор падставіў пад кран бутлю і націснуў на рычаг. Пачулася падземнае сіпеньне, руцэ перадалася лёгкая дрыготка, і неўзабаве палілася вада, тоўстым празрыстым струмянём. Пакуль бутля гула і булькала, Рыгор наблізіў твар да вакна і зазірнуў праз шкло ў хатку ахоўніка. Хатка зараз пуставала, дзядзька Геня зьяўляўся на месцы не раней абеду. На запыленым стале ляжала газэта і аловак, пэўна, ён учора адгадваў крыжаванку. Тым часам бутля поўнілася і гук у ёй рабіўся ўсё цішэйшы і танчэйшы. Рыгор паспрабаваў адпусьціць рычаг менавіта ў той момант, калі бутля напоўніцца роўна даверху, але на імгненьне спазьніўся і вада плюхнула праз рыльца. Зноў запанавала цішыня. Сонца прасьвечвала лістоту клёнаў, цьвіркалі вераб'і. Удалечыні зьявіўся і зьнік мінак.

Вярнуўшыся ў гараж, Рыгор паставіў ваду кіпяціцца. Хацелася піць. Ён дастаў зь лядоўні піва, зрабіў колькі глыткоў і прайшоў у другі гараж, названы ім пакоем. Гэты гараж быў асабістай тэрыторыяй Рыгора, куды кліенты не дапускаліся. Там было аскетоўна пуста: цьвёрдая кушэтка са сьпінкай, высокі круглы столік, а насупраць – тумба з прайгральнікамі і ўзмацняльнікамі. Побач з тумбай стаялі вялізныя акустычныя калёнкі. Рыгор, акрамя любові да музыцы, быў аўдыёфілам, знаўцам чыстага і празрыстага гуку. Каб палепшыць акустыку ў гаражы, ён абцягнуў сьцены і столь старымі дыванамі, а на падлогу паклаў кавалак тоўстага лямцу. У кутку за правай калёнкай зьмяшчаўся стэляж з кружэлкамі і кампакт-дыскамі. Паставіўшы бутэльку на калёнку, Рыгор пачаў вадзіць пальцам па тарцох дыскаў, выбіраючы, што б такога паслухаць. Усё было пераслухана ўжо трыста раз, фонатэка даўно мела патрэбу ў папаўненьні.

З кухні пачуўся шып, гэта закіпела вада. Рыгор хутка выцягнуў адзін са сваіх улюбёных дыскаў, Італьянскую сымфонію Мэндэльсона з Караянам, зрабіў грамчэй і пабег да рондалю. Вада булькала і выплюхвалася на плітку. Ён сунуў у рондаль пук спагеці і пачаў ціснуць на іх, каб сагнуць і цалкам пагрузіць пад ваду. Мэндэльсон уваходзіў у сілу. Нарэшце спагеці паддаліся, і Рыгор уладкаваўся на кушэтцы, адпіваючы піва і ўважаючы імклівае моцы аркестру. Калі першая частка канцэрту скончылася, ён спыніў прайгральнік і заняўся нарэшце абедам. Гэта было да прыемнасьці нескладана: зьліць ваду са спагеці, адкрыць адмысловым нажом бляшанку, выгрузіць тушонку ў рондаль ды ўсё перамяшаць. Атрыманую страву Рыгор наклаў у плястыкавую талерку, колькі ўлезла, зачыніў што засталося ў рондалі накрыўкай, узяў відэлец і пагасіў сьвятло. Рыгору падабалася слухаць музыку ў прыцемку. З уздыхам задавальненьня ён сеў на кушэтку і націснуў гузік на пульце. Пачалася другая частка канцэрту.

Да канца сымфоніі Рыгор ужо даеў спагеці, пасядзеў на канапе, цешачыся пачуцьцём сытасьці і спакою, а потым прыняўся за справу, якой займаўся ўжо не першы тыдзень. Гэта была глябальная каталягізацыя ўсіх дэталяў і запчастак, якія захоўваліся ў ягоных гаражох. Некаторы час таму яму прыйшла ў галаву ідэя, што можна значна паскорыць пошук усякіх дробных дэталькаў, калі ведаць дакладна, дзе кожная зь іх ляжыць. Ён завёў сабе два вялікіх тоўстых сшыткі ў клетачку, у першым зь якіх зрабіў альфабэтавыя выразы на правым краю кожнае старонкі, як бывае ў тэлефонавых кніжках. У гэты сшытак Рыгор запісваў назвы дэталяў па альфабэту, з пазнакай памераў, матэрыялаў, асаблівасьцяў канструкцыі, а таксама нумар палічкі на стэляжы і нумар скрынкі. Прыкладам, «вінт дыямэтрам 5 мм, даўжынёй 20 мм, сталь, шасьцігранная галоўка, 3 адзінкі, палічка №1, скрыня №1». У другі сшытак занасіліся тыя ж дэталі, але прынцып сартаваньня быў іншы: спачатку ішлі нумар паліцы і нумар скрынкі, а потым пэдантоўна пералічвалася зьмесьціва.

Рыгор выйшаў у першы гараж і спыніўся перад бліжэйшым да выйсьця стэляжом. Верхняя частка ягоных палічак была занятая пранумараванымі і ўжо каталягізаванымі бляшанкамі і скрынкамі, а ўнізе стаялі некранутыя пакуль што рэсурсы. Ён выцягнуў зьнізу наўзгад бляшанку – трапілася з-пад кавы – сеў за варштат і са звонам і шолахам высыпаў дэталькі. Некаторыя пакаціліся ды ўпалі на падлогу. Абодва сшыткі ляжалі разгорнутыя яшчэ з учора. Рыгор узяў аловак і паглыбіўся ў працу.

Ён доўга і з густам працаваў, рашчыніўшыся ў дэтальках, паказаньнях штангэнцыркуля і запісах у сшытках. Папіваў піва, зьядаў паміж справай каўбаску-другую і пачуваўся цалкам шчасьліва. За колькі гадзін яму ўдалося ўпарадкаваць дзьве вялікія бляшанкі з-пад кавы. Ад справы яго адарваў званок будзільніка на мабілцы: пяць гадзін. Працоўны дзень скончыўся. Рыгор адсунуў сшыткі ўбок, устаў і пацягнуўся. Падняў бутэльку, падыйшоў да брамы і дапіў пару цёплых глыткоў, што засталіся на дне. Сьвятло сонца ўжо рабілася залаціста-вечаровае.