Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 129

Другая курсавая работа

Спэцыяльнасьць: Рэклямны бот

Прадмет: Трэндынг і ўцягваньне

Навучэнец: Ролянд

Тэма: Пра хатняе кансэрваваньне

Паважаныя праграмары, сёньня мы хочам сказаць пра кансэрваваньне жыцьця.

Не пра крыягенныя агрэгаты, якія захоўваюць целы багацеяў, а пра просты хатні спосаб, не складанейшы за засол агуркоў ці закваску капусты.

Давайце ўспомнім: у нашых таямнічых мазгах некаторыя гукі, пахі, адчуваньні незвычайна трывала зьвязаныя з падзеямі зь мінулага. Самае знакамітае апісаньне гэтай сувязі вы ня раз сустракалі ў пачатку рамана Пруста, калі смак пірожнага зь ліпавай гарбатай вяртае героя ў далёкае дзяцінства, поўнае ўцехаў і асалодаў. Пірожнае дзейнічае на манер Уэлсавай машыны часу, але без усялякіх прыземленых недарэчнасьцей: толькі мадэрнісцкая лёгкасьць, толькі цякучыя летуценьні. Аднак карысьць апісанага эфэкту аўтар не вывучае, пірожнае для яго – толькі зручная выпадковасьць, прыступка, дзьверы ў апавяданьне. Так і мы з вамі, шаноўныя праграмары, натрапляючы час ад часу на закансэрваваныя кавалачкі нашага доўгага і шчасьлівага жыцьця, радуемся ім, але ня бачым вялікіх магчымасьцяў. Радасьць першабытнага чалавека, які нечакана атрымаў агонь: ён грэецца ля вогнішча й ня думае ні пра прычыны, ні пра мэтады.

Давайце памяркуем: само сабою напрошваецца наўмыснае зьвязваньне, сьвядомае кансэрваваньне, строга рэгулярнае, якое робіць магчымым кіраванае паглыбленьне ў любы пэрыяд нашага мінулага. Мэтодыка простая, вясёлая й заключаецца ў строгай дыскрэтызацыі слыхавых, смакавых і нюхальных адчуваньняў.

Давайце пачынаць ужо зараз.

Вось што важна:

1. Аптымальны пэрыяд дыскрэтызацыі, на наш погляд, паўгода. На працягу паўгода вам трэба слухаць аднастайную музыку, піць аднолькавыя напоі, закусваць падобнай ежай, выкарыстоўваць толькі адзін парфум.

2. Па сканчэньні азначанага пэрыяду неабходна крута (!) зьмяніць набор кансэрвантаў. Да праслуханага / выпітага ў мінулым пэрыядзе ні ў якім разе не вяртацца.

3. Эфэкт будзе тым мацнейшы, чым шырэйшыя вашыя густы, мілыя праграмары.

4. Кансэрвы павінныя як сьлед настаяцца. Выкрываць пакунак можна толькі па сканчэньні некалькіх гадоў.

Каб падштурхнуць вас да канкрэтных думак і дзеяў, прапануем распрацаваны намі варыянт кансэрвацыі трох гадоў жыцьця:

Год першы, студзень – чэрвень

Музыка: арганныя творы раньняга барока (Букстэхудэ, Пахэльбэль, Пёрсэл) / Напой, закусь: кефір, салодкае печыва / Пах: Eternity (Calvin Klein)

Год першы, ліпень – сьнежань

Музыка: рускі рок (Аукцыён, Акварыюм, Аліса) / Напой, закусь: чырвонае сухое віно, шакаляд / Пах: Drakkar Noir (Guy Laroche)

Год другі, студзень – чэрвень

Музыка: рутс-рэгі (Burning Spear, Culture, Боб Марлі) / Напой, закусь: зялёны чай, садавіна / Пах: Fahrenheit (Christian Dior)

Год другі, ліпень – сьнежань

Музыка: кул джаз (Чыт Бэйкер, Дэйв Брубек, Пол Дэзманд) / Напой, закусь: гарэлка, саленьні / Пах: Opium pour homme (Yves Saint Laurent)

Год трэці, студзень – чэрвень

Музыка: эмбіэнт (36, Biosphere, Boards of Canada) / Напой, закусь: шампанскае, баўгарскі перац / Пах: Egoist (Chanel)

Год трэці, ліпень – сьнежань

Музыка: гpайндкоp (Cannibal Corpse, Carcass, Cephalic Carnage) / Напой, закусь: кампот, цьвёрдыя гатункі сыроў / Пах: Zen Men (Shiseido)

Ці выразна мы раскрылі ідэю кансэрваваньня? Калі ласка, вашыя пытаньні.