Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 12A

Пра самага мудрага чалавека

– Татухна, раскажы нам пра сама мудрага чалавека!

– Хіба я вам не расказваў?

– Так, але мы ўжо забыліся!

Тады тата клікаў маму, і яны раіліся, якія вітаміны даваць нам для разьвіцьця памяці. Рыбін тлушч? Чарніцу? Шалфей? На кожную прапанову мы радасна падтаквалі, і кожны хацеў быць першы: мне! мне! Масаж паднябеньня ды паласканьні? Балючыя пакараньня? Прымусовыя мэдытацыі? Але як бы далёка не заводзіла тату з мамай фантазія, яны нязьменна аддавалі перавагу перад іншымі сродкамі ёду. Значна гледзячы адно на аднаго, яны казалі:

– Ёд. Ёд.

Мы садзіліся на зэдлікі ў шэраг і выпроствалі сьпіны. Тата строга сачыў, каб мы не гігікалі, а мама ішла па ёд і тампоны. Ёдам належала мазаць віскі, каб ён усмоктваўся праз поры прама ў мозг і стымуляваў памяць. У Хуліё валасы расьлі занадта нізка, і тата мусіў падбрываць яму вакол скроняў. Пасьля працэдуры мы сядзелі нерухома дзесяць хвілінаў, а тата расказваў пра самага мудрага чалавека.

– Жыў-быў адзін чалавек, які ўсё жыцьцё праводзіў у напружаных разважаньнях, разьмеркаваньнях і роздумах. І вось аднаго разу ў канцы жыцьця ён раптам адчуў, што ўсё, пра што б ён ні падумаў, зрабілася нарэшце простае і яснае, быццам асьвяцілася сонцам. Ён дасягнуў незвычайнае мудрасьці і зразумеў безвыключна ўсё. І яму захацелася ўжыць сваю мудрасьць на справе, каб стала шчасьце. Але за якую праблему ўзяцца, якое пытаньне разьвязаць? У хваляваньні чалавек выйшаў з хаты і пайшоў па вуліцы. На вуліцы шпацыравалі людзі, пагойдваліся дрэвы, плылі аблокі. Ён бачыў, як ляніва вылізваюцца коткі, як усьміхаюцца адзін аднаму дворнікі, як дзеці скачуць на драўляных коніках. А мудрасьць усё ўзрастала, усё набрыняла ў ім, і патрабавала выйсьця. Ён чамусьці зайшоў у гастраном і пайшоў між радоў, і пачуў, як вагаецца хлопец ля лядоўні, абіраючы: малако альбо кефір? І павярнуўся чалавек да хлопца, і бліснуў вачыма, і вымавіў гучна, уклаўшы ў слова ўсю сваю неверагодную мудрасьць:

– Кефір.

І ўспыхнула асьляпляльна, і зазьзяла, і хіснуўся сусьвет, і ўсе, хто быў у той момант у гастраноме, зьведалі прасьвятленьне. І стала шчасьце. Вось такі, дзеткі, быў ён, сама мудры чалавек.