Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 125

Пра асыгнацыі

У нашым месцы, як і ў многіх іншых маленькіх гарадках, было зусім няма куды падзець грошы. Кватэры й машыны не куплялі: у жыльлі ніхто ня меў патрэбы, дамоў хапала зь лішкам, і некаторыя нават пуставалі, а на аўто не было куды ехаць – сьмешна ж катацца да хлебнае крамы й назад. Падарожнічаць у іншыя краіны ленаваліся – да аэрапорту давялося б паўдня трэсьціся ў аўтобусе. Па тэлефонах не размаўлялі – усе жылі ў двух кроках адно ад аднаго, які сэнс. Ну а кампутары з інтэрнэтам нам замянялі казкі ды павучальныя гісторыі, якіх кожны ведаў незьлічонае мноства. Апраналіся ў нас непераборліва, школа была бясплатная, бібліятэка – бясплатная, бардэль – бясплатны, кіно каштавала нейкую драбніцу. Ну што яшчэ? Рэстарацыі? Ды ніхто ў іх не хадзіў, каму яны патрэбныя. Карацей кажучы, грошы запасіліся імкліва. Бывала сьпіш-сьпіш, а прачнесься – і ў цябе пад падушкай ужо некалькі асыгнацыяў. Зразумела, працаваць аніхто зроду не працаваў, што за глупства, усе дарослыя бавілі дні ў прахалодзе і прыемнай бязьдзейнасьці. Мы з брацікамі таксама не занадта абцяжарвалі сябе школай – заняткі-другія дый хопіць. Мы любілі есьці «белы наліў» і сьлівы, гуляць у біту й выплаўляць волава з трактарных акумулятараў. А ўвосень нам падабалася раскладаць са зьляжалых асыгнацыяў вогнішча – яны падоўгу тлелі, гаркаваты дым падымаўся ў высокія нябёсы, а мы сядзелі вакол, курылі ды марылі. Але тата, калі бачыў наша вогнішча, заўсёды моршчыўся – ён казаў, што нельга так рабіць, бо дзесьці ў гэтую самую хвіліну іншыя людзі пакутуюць праз недахоп грашовых знакаў. Каб паказаць нам добры прыклад, ён зьбіраў асыгнацыі ў драўляную скрыню з-пад яблыкаў, забіваў яе, трапляючы малатком па пальцах, і адвозіў каляскай на пошту – адпраўляў у які-небудзь буйны горад, дзе, на ягоную думку, людзі асабліва пакутавалі. Наставіўшы нас на шлях гуманізму, ён у стоме залазіў у гамак з кубкам кампоту, чвэртачкай пірага і кніжкай, звычайна пра прыгоды, Жуля Вэрна ці Бяляева. Ці пайшлі нам на карысьць ягоныя ўрокі? Хто б ведаў.