Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 126

Пра пыл

Мы з брацікамі былі вельмі ахайныя дзеткі і любілі прыбірацца ў сваім пакоі. Асабліва нам падабалася падмятаць: дні напралёт мы мялі падлогу мяцёлкамі, венікамі ды шчоткамі, і нам ані не надакучвала. Але выносіць намецены пыл ленаваліся, і згарналі яго пад канапу. Калі пыл пачаў вывальвацца з-пад канапы пластамі, мама заўважыла гэта і, не сыходзячы зь месца, пасадзіла нас на калені і распавяла казку. Пра тое, што пыл – зусім ня бруд і ня сьмецьце, а маленькі нябачны народ, драбнюсенькія істоты, якія штодня нараджаюцца ў невядомай для сябе краіне й імкнуцца на радзіму. Для іх сьметнік – гэта радзіма, як для нас радзіма – неба, тлумачыла мама. Таму пакідаць пыл назаўжды пад канапай – вялікая жорсткасьць. Яго трэба беражліва зьбіраць і адпраўляць у сьмецьцевае вядро, потым адносіць у сьмецьцевыя бакі, свайго роду перавалачны лягер, а адтуль ужо яны патрапяць у сваю сапраўдную краіну, да татаў і мамаў, за імі прыедзе адмысловая вялікая машына. Пасьля гэтае казкі нашу ляноту як вада змыла! Мы старанна зьбіралі кожную парушынку і, абмінаючы вядро, несьлі іх на руках да сьмецьцевых бакаў, а адзін з нас заўсёды пільнаваў ля бакаў, чакаючы машыну. Калі машына прыяжджала, мы беглі да яе, упрыгожвалі стужкамі, кветкамі, ёлачнымі цацкамі, палілі бэнгальскія агні, бабухалі ўсьлед хлапушкамі й шпурлялі сэрпантынкі. Бывай, пыл! Будзь шчасьлівы! А вярнуўшыся дадому, мы елі торт і пілі сідар, і кожны дзень быў паўнаважкім сьвятам.