Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 123

Пра агуркі

Падобна таму як у Індыі, калі верыць падарожнікам, каровы шануюцца як сьвятыя жывёлы, так у нашым горадзе сьвятымі расьлінамі, а дакладней сьвятымі пладамі, здаўна лічыліся агуркі. Але, у адрозьненьне з усходняй традыцыяй, зьмяшчаць сакральнае ўнутар сябе ў нас было не блюзьнерствам, а вялікай набожнасьцю, і кожны намагаўся ўжываць агуркі ў ежу як мага часьцей. А калі хтосьці выкарыстоўваў іх іншымі спосабамі, як прыстойнымі, так і ня вельмі, дык гэта ніколькі не асуджалася й нават моўчкі віталася. У нашай сям’і агуркі любілі па-рознаму: тата – сьвежыя са сьмятанкай, мама – марынаваныя зь перчыкам, Толік – салёныя з лісьцікамі парэчкі, Колік – тушаныя з морквачкай, Валік – вэнджаныя зь бярозавым дымком, а мы з Хуліё – дробна пакрышаныя, зь ёгуртам і часныком. Хуліё сьцьвярджаў, што так ядуць у Грэцыі, і я верыў яму, і хацеў быць падобным да Тэсэя, пераможцы кентаўраў. Агуркамі нас традыцыйна забясьпечваў Толік – пасьля службы ён па звычаю заяжджаў на каапэратыўны рынак і купляў поўны багажнік разнастайных агуркоў, а мы да таго часу ўжо чакалі яго ў двары, выставіўшы стол-кнігу і выпрастаўшы ягоныя паліраваныя крылы. З голаду ўсе нэрваваліся: тата заточваў нажы да вастрыні скальпэлю й часта сам жа імі рэзаўся, мама кожныя дзесяць хвіляў нецярпліва разагравала суп, мы з брацікамі задзіралі адзін аднаго і крыўдна абзываліся. Нарэшце расчынялася брама, і закочваўся Толік на сваім вялікім сінім пікапе. З крыкамі мы імчаліся да яго й дапамагалі згружаць з кузава скрыні, банкі, кадкі.

А на выходных, калі службы ў Толіка не было, мы хадзілі па агуркі ў дзікія гароды за кальцавой дарогай, пакінутыя лютэранскімі аграрыямі яшчэ да нашага нараджэньня, але дагэтуль багата ўраджайныя. Агуркі ў дзікіх агародах патроху драбнелі, з кожным годам вырастаючы на няўлоўныя мілімэтры менш, затое толькі там можна было адшукаць унікальныя паасобнікі – чырвоныя, альбо закручаныя сьпіральлю, альбо са шматлікімі фігурнымі адтулінамі й выпукласьцямі. Прасьцейшыя мы елі на месцы, а рарытэты, нікім раней не апісаныя, несьлі паказаць маме з татам. Аднойчы ў жніўні, збочыўшы з аграрнай сьцяжынкі й прадзіраючыся праз сухія колкія зарасьнікі, Хуліё раптам зьдзіўлена войкнуў. Мы спыніліся. Ён нахіліўся, рассунуў скручанае лісьце, з высілкам сарваў і падняў на далоні чароўны капрыз прыроды – сапраўдны залаты агурок! Мы стоўпіліся вакол. Ён быў маленькі, зусім яшчэ карнішон, але на рэдкасьць дасканалы – роўны, зьлёгку выгнуты, са спраўнымі пупырышкамі ды засохлай кветкай зь белага золата. Любуючыся мяккімі жоўтымі водбліскамі на нашых тварах і торсах, мы ўрачыста панесьлі яго дадому, і ўсе сустрэчнікі ў голас казалі нам, што наша знаходка – на шчасьце. Мама з татам зьдзівіліся, захапіліся й таксама пацьвердзілі будучае шчасьце. Мы радаваліся, паціскалі адзін аднаму рукі й асьцярожна прадчувалі – якое яно будзе, нашае шчасьце? Мы паклалі залаты агурочак на захаваньне ў мамчын куфэрак з каштоўнасьцямі дый зажылі з новай сілай, ужо бяз боязі, ужо ведаючы, што чакае наперадзе.