Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 122

На пэроне

Люблю кацянятак!

Калі вяртаесься з вакацыяў на цягніку ці на электрычцы, кацяняты чакаюць цябе на пэроне, нецярпліва мяўкаючы і працягваючы гульлівыя лапкі з выпушчанымі кіпцікамі.

У кацянятак кіпцікі вострыя, як іголкі.

Правадніцы прымаюць у цябе сакваяжы, а кацяняты скачуць, караскаюцца па крысах паліто, залазяць на плечы, на шапку, ліжуць у шчокі. У кацянятак шурпатыя языкі, яны ліжуць бязгучна, жмурачы з задавальненьня вочы.

«Ведаеце, кацяняткі – бо толькі вы й ведаеце! – гэтае салодкае пачуцьцё падзеньня на чатыры лапы! Калі, здаецца, вы ў ледзяной безвыходнасьці – але раптоўны скок, выгіб, пераварот! – і вы як нічога ніякага шпацыруеце па чэрвеньскай траўцы, непадуладныя небясьпекам. Ведаеце, калі хтосьці – хто ўявілі немаведама што! – аканчальна забыліся й наважыліся – нейкія там, прыкладам, мышкі – і страшаць вас санаторыямі, лязарэтамі... а вы іх гэтак спрытна хоп! І вось яны ўжо цёплым падатлівым мяшочкам пад лапай. Разумееце? Вы – непахісныя, вы – узвышаецеся, а яны – нават ня мышкі, яны – парушынкі, варсінкі. Кожны ваш рух абрынае на іх сусьвет. Зрынайце бяз роздумаў! Бо вы маеце права, а ім па заслугам. Разумееце?»

Кацяняты разумеюць: бягуць па сьнезе, грэбліва й зябка пацепваючы лапкамі. Кацяняты пухнатыя і сьнег пухнаты: сьняжынкі датыкаюцца да шэрстцы, завісаюць.

І дарэчы, калі вам нехта скажа, што кацяняты пераборлівыя ў ежы – ня верце!