Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 11C

Аповед Коліка. Пра жука

Колік апавядаў, што аднойчы зь ім у камэры сядзеў жук. Чорны, пажылы, з маленькімі вочкамі.

– За што цябе сюды пасадзілі, жук?

– Ды ні за што, я сам прыляцеў.

Жук лічыў, што яму тут самае месца – ніхто не трывожыць, ёсьць ляжанка, кавалачак хлеба, неба ў акенцы й нават кніжкі. Жук сказаў, што дзеткі ягоныя даўно ўжо вырасьлі, матуля ў вырай адляцела, а жонку скляваў верабей.

Жук вучыў гішпанскую мову па падручніку.

– Навошта табе гішпанская мова, жук?

– Ды вось мару Лорку пачытаць у арыгінале.

– Думаеш, у нас тутака Лорка ёсьць?

– Ну, дзеля такой справы я б і вылецець мог, у цэнтральную бібліятэку.

Калі Колік даседзеў, жук расказаў яму на разьвітаньне, як знайсьці скарб.

Колік паехаў на электрычцы да далёкай станцыі, сышоў у лугох і знайшоў дрэва-дуб. Пачаў пад ім капаць і выкапаў старадаўнюю манэту. Паехаў зь ёй на рынак. Нумізматы давалі за яе толькі сто рублёў, але Колік шугануў іх, і яны далі дзьвесьце. Так, для жука гэта было значным багацьцем. Колік купіў на дзьвесьце рублёў кацяня, каб яно вырасла і лавіла дрэнных вераб’ёў.