Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 11D

Пра валявыя падбародкі

Калі мы з брацікамі былі маленькія, мы прачыталі ў адной кніжцы выраз «валявы падбародак». І нам адразу захацелася валявыя падбародкі! Некалькі дзён запар мы разьміналі, расьціралі і расьцягвалі адзін аднаму падбародкі і, несумненна, дамагліся б значных посьпехаў, калі б нам не перашкодзіла мама. Застаўшы нас за працэдурамі, яна паківала галавой і расказала пра двух бакалейнікаў з суседняй вуліцы, якія таксама захапляліся падбародкамі й нават спаборнічалі паміж сабой, у каго валявейшы. І быццам бы закінулі яны бакалею, сядзелі дома і дні напралёт трэніравалі падбародкі, а ўвечары выходзілі мерацца. Яны станавіліся адзін насупраць аднаго, выпіналі падбародкі – вялізныя, як шафы – і напружвалі волю. І празь іхную волю на цэлую мілю вакол паветра электрызавалася і зьвінела, а мінакоў прыхінала хваляй пакоры – яны валіліся на калені і паўзьлі да бакалейнікаў, выгінаючыся ўсім целам у рабскім пакланеньні. І вось аднаго разу, калі падбародкі бакалейнікаў ужо зрабіліся гіганцкімі, як дзевяціпавярховыя дамы, яны пасварыліся – з-за бутэрброда з тварагом – і схапіліся. Яны ўздымалі й абрыналі падбародкі, крышачы вакол цэлыя кварталы, а зямля скаланалася й трэскалася, агаляючы старажытныя геалягічныя пласты. А бакалейнікі ўсё не сунімаліся, усё мацней абрыналі, усё магутней напружвалі волю. І ў адзін момант супалі іхныя ўдары, і пачуўся страшэнны грукат. Раскалолася зямля да самае магмы, лінула зь яе вогненная лава й змыла-спаліла начыста і бакалейнікаў, і ўвесь горад.

А цяпер кладзіцеся спаць, дзеткі.

З таго дня мы адмовіліся ад валявых падбародкаў. Нас напалохалі не тэктанічныя катастрофы, а бутэрброды з тварагом – мы іх цярпець не маглі!