Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 11B

Пра хандру

Калі на майго брата Толіка насоўвалася восеньская хандра, дык не было ад яе лепшага сродку, чым яечня. Ягоная жонка загадзя прыкмячала сымптомы хуткай тугі і бегла ў краму, загадаўшы дочкам мыць патэльні, расьпякаць іх і змазваць маргарынам. Першая порцыя прысьпявала, і жонка лісьліва клікала: Тоолю?.. Толік павольна, нібы сумняваючыся, уваходзіў, грузна сядаў за стол, аглядаў відэлец і прыступаў. Жаваў нетаропка, але спорна: першая патэльня, другая, трэцяя. Моўчкі рухаў сківіцамі, глядзеў у талерку і заядаў белай булкай. Дзяўчынкі падносілі кісель і салодкі чай. Чацьвёртая, пятая. Мы таксама падцягваліся на кухню, падміргвалі гаспадыні, і нам перападала па яечку. Шостая, сёмая. Нарэшце Толік уздымаў прасьветлены твар, сонечна ўсьміхаўся і казаў: як жа я вас усіх люблю, родныя вы мае! Ён цалаваў жонку, абдымаў дачок, а нам крэпка паціскаў рукі.