Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 11A

Пра аблокі

Па меры нашага сталеньня мы з брацікамі рабіліся ўсё больш летуценныя і захопленыя. Перад страшнымі казкамі мы ўсё часьцей аддавалі перавагу сутонным мроям на нераскладзеных ложках. Мы ляжалі на коўдрах у вятроўках і даверху зашнураваных ботах – каб у любы момант магчы ўскочыць і ўзьняцца насустрач дабру, адкрыцьцям і прыгажосьці. Больш за ўсё на сьвеце ў тую пару мы любілі аблокі, і нават мроілі звычайна не на сьпіне, а на баку, гледзячы скрозь вокны на высокія вячэрнія нябёсы.

– Братцы! – падхапіўся аднойчы Колік. – Давайце зьнясем столь!

Мы адразу ўявілі, як гэта будзе выдатна – ляжаць дагары, тварам да твару з аблокамі, маючы перапонай адзінае толькі празрыстае паветра – і ўзрадаваліся, і ўславілі Коліка. Пасьля нядоўгіх спрэчак мы пастанавілі не ламаць столь, але акуратна й прыгожа зрэзаць. Валік расставіў драбінкі й пачаў вызначаць лінію рэзу, нахільную да захаду, а мы пабеглі ўніз, у склеп па інструмэнт. Мне дасталася тоўстая нямецкая балгарка, сіне-чорная, у кляксах цэмэнту, і пацёртыя такарныя акуляры. Працягнуўшы падаўжальнікі ва ўсе куты, мы дружна завылі электрапіламі, уразаючыся ў белую цэглу. За адзін раз мы, вядома, не пасьпелі, хутка стаміліся, але на наступны дзень працягнулі адразу пасьля абуджэньня. Мы пілавалі цьвёрда і ўпарта, пакуль Валік ня сьвіснуў – і тады мы саскочылі з зэдлікаў і назіралі, як плыўна сасьлізгвае дах з нашага пакою, амаль бяз скрыгату, хутчэй з гучным шоргатам, і падае ў сад, у зарасьнікі падтыньніку і ландышаў. Мы былі ўзрушаныя раптам разнасьцежанай прасторай і воляй, і доўга стаялі, задраўшы галовы. Надвор’е выдалася сама ўдалае – яснае, ветранае – і аблокі плылі й ляцелі над намі, ад сьнежных да дымчаста-сініх. Мы прапыласосілі падлогу, зьмянілі коўдры, і ўлягліся на сьпіны. Мама, завітаўшы да нас з запрашэньнем на абед, заўважыла, што цяпер мы не абароненыя ад дажджу, а тата нагадаў пра птушак, якія апаражняюцца на ляту. Яны мелі рацыю, але мы ані не расчараваліся: гэта была справядлівая цана за аблокі. Мы сьпехам паабедалі, вярнуліся ляжаць і глядзелі неадрыўна – як яны губляюць насычанасьць, ружавеюць, чырванеюць, шарэюць і рашчыняюцца ў чарноцьці.