Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 119

Гэта разьвітаньне

Я сарамліва стаяў перад Ленай, у сваім вуглаватым ледзяным целе, у недарэчнай доўгай цяльняшцы, у вузкіх пахавальных макасынах. Патыліца садзела, у валасах засела сухая хваёвая ігліца, з кішэняў сеялася асінавае пілавіньне. Я падняў рукі, і суставы рыпнулі. Цягліцы былі напоўненыя глейкім воскам, халодным плястылінам. Яна з жахам глядзела, абхапіўшы сябе за плечы. Як шкада, што толькі цяпер я здолеў зачапіць яе, растапіць лёд, усхваляваць. Ступіла да мяне:

– Усё роўна не разумею! Чаму ты бяжыш? На што зьмяняеш Вучылішча? У нас жа ёсьць усё? Чаго табе бракуе?

Я маўчаў, а потым бліснуў вачыма:

– Пагарджаю подласьцю! Ненавіджу нікчэмнасьць!

– Пра што ты? – не паверыла яна. – Няўжо ты ўсур’ёз так думаеш?

Я маўчаў, а потым выдыхнуў іншае:

– У мяне няма цябе!

– Зноў сьмяесься? – яна матнула галавой, адкідаючы гэтае глупства. – І ты не баісься Белага Паляўніка?

Я маўчаў, а потым нарэшце паспрабаваў сказаць як ёсьць, сумна і шэра:

– Няма ніякіх паляўнікоў, гэта ўсё няпраўда. Тым больш, я даўно нікому не патрэбны тут, і мая локшына ўсім сьмешная. Я сыходжу. Цябе ня клічу. Вучыся. Вазьмі маю другую курсавую. У тумбачцы. Ім спадабаецца. Пра кансэрвы... кансэрваваньне.

Вусны дрэнна слухаліся мяне, і я памяў іх пальцамі. Лена зразумела гэта па-свойму, ступіла яшчэ раз і абняла за шыю. «У цябе няма ў роце мурашкаў?» Я праверыў языком. «Не». Яна стала цалаваць мяне, а я гладзіў яе па тоўстай касе і сумаваў, бо яна цалавала разьвітальна і не прапаноўвала застацца. Мае пальцы, памёршы, ня страцілі чуласьці, і я адчуваў кожны ейны валасок. Вярнуцца было немагчыма, сыходзіць было страшна. Хоць прайшло ўсяго некалькі дзён, я ведаў, што дома ўсё зьмянілася, і туды доўга будзе нельга. Дзесьці трэснула галінка, і Лена трывожна адарвалася ад маіх вуснаў, зірнула чорнымі ў цемры вачыма, блізка-блізка, падштурхнула. Я пайшоў, шчоўкаючы каленкамі і правальваючыся ў сьнег, падносячы да твару далоні і намагаючыся разгледзець, ці ёсьць трупныя плямы. Ззаду хруснула, яшчэ хруснула, і я пабег.