Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 113

Пра чараўніцтва

У канцы вясны і пачатку лета ў нас зьяўлялася шмат новых людзей – коміваяжоры, рамесьнікі, артысты, прапаведнікі, музыкі, тэрапэўты – яны ішлі сэзонным шляхам праз наша месца на поўнач, кожны па сваёй асабістай патрэбе. Стомленыя й галодныя, яны зазіралі загарэлымі тварамі да нас цераз плот, і мы часта пускалі то аднаго, то іншага адпачыць і падсілкавацца, у абмен на апавяданьні пра далёкія краіны і незвычайныя прыгоды. Аднойчы мы прывячалі ў сябе чалавека, які назваўся чараўніком. «Ты штукар?» – удакладнілі мы. «Не, я менавіта чараўнік». Насаты, чорнавалосы, у кашулі са стаячым каўняром і шырокіх джынсах, ён зь вялікім задавальненьнем піў квас і паглынаў мамчыны кексы, адкусваючы адразу па палове. Мы папрасілі яго прадэманстраваць сваё мастацтва, і ён не адмовіўся, але папярэдзіў, што чараўніцтва патрабуе вялікіх выдаткаў энэргіі, і яму трэба будзе зьесьці шмат тлустага. Сама тлусты ў нас на кухні аказаўся гарчычны алей, і чараўнік, уздыхнуўшы, спытаў хлеба – бо проста алей не палезе. Ён адпіваў глыток алею, закусваў чорным хлебам і зноў стаічна глытаў. Ён адолеў два кубкі і сказаў, што больш ня здолее – і зараз ужо як атрымаецца, так атрымаецца. Чараўнік доўга выціраў рот сурвэткай, быццам мяркуючы, а потым паклаў перад сабой алюмініевую лыжку й пачаў рабіць над ёй складаныя магічныя пасы. Было бачна, што яму няпроста: на скронях успучыліся вены, на лобе выступіў пот. Праз хвіліну ці дзьве лыжка здрыганулася, і ейны пярэдні край стаў скрыўляцца, хвалявацца, зазубрывацца. Мы зразумелі, што лыжка хутка ператворыцца ў відэлец, і радасна запляскалі ў ладкі. Але чараўнік болей ня мог, ягоныя рукі ўпалі, і ён зьнясілена адкінуўся на сьпінку крэсла.

– А што ты яшчэ ўмееш? – мы тузалі яго за рукаў, не даючы аддыхацца.

Ён стомлена паціснуў плячом.

– Нічога.

– Толькі відэлец?

– Так.

– І ўсё?

– Усё.

– Але які ў гэтым толк?

– Ніякага. У сапраўдным чараўніцтве ніколі няма толку. А калі толк раптам зьяўляецца, дык чараўніцтва зьнікае. Вось як, дзеткі.

Мы запытальна паглядзелі на тату, і яны паважна кіўнуў, пацьвярджаючы словы чараўніка.