Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 114

Пра фатаграфію

Аднойчы, калі мы пілі кампот, мой брат Валік падняўся з-за стала і голасна заявіў: я глыбока пагарджаю фатаграфіяй як мастацтвам. Гэта было крыху нечакана, і мы асьцярожна спыталі – чаму?

– Таму што гэта мастацтва пасыўных назіральнікаў, ня здольных на стварэньне. Мастацтва выбраць прастакутны кавалачак быцьця і націснуць кнопку! Мастацтва рассунуць рукі й ногі! Мастацтва пражэктараў і ліхтарыкаў! Мастацтва рабіць мноствы копіяў у надзеі, што на адной зь іх складзецца ўдалая кампазыцыя! Вартая жалю маладушнасьць, якая імкнецца да бяспройгрышнасьці. Мастацтва вытрымкі й дыяфрагмы! Мастацтва крадзяжу ў прыроды. Чуеце? Усе фатографы – дробныя зладзюжкі! Нават дызайнэры і архітэктары, нізкія рамесьнікі, і тыя ствараюць. А гэтыя?

– Але Валік, пачакай, а як жа...

Мы сталі зьбірацца з думкамі, каб годна запярэчыць яму. Мы ўсе любілі фатаграфію. Колік захапляўся Янам Саудэкам, Толіку падабаўся Ансэль Адамс, я заглядваўся МакКарры, а Хуліё быў закаханы ў Мону Кун. Але пакуль мы адчынялі раты, Валік выйшаў прэч, на вуліцу.

А фатографы ўсё чулі. Яны ня былі схільныя трываць зьнявагі, і бязь лішніх слоў пачалі дубасіць Валіка. Яны павалілі яго на зямлю й лупілі штатывамі. На дапамогу, на дапамогу! – клікаў Валік. Фатографы нішчылі ягоныя мальбэрты і ўтоптвалі ў бруд фарбы. Што рабіць? Трэ было ратаваць брата! Мы выскачылі й накінуліся на фатографаў. Яны пахіснуліся. Мы пагналі іх да лесу. Пад абцасамі трушчалі аб’ектывы і ўспышкі. Яны расьсеяліся ў гушчары. Нікчэмнасьці! – крыкнуў Валік і запусьціў ім усьлед экспаномэтрам.

З тых часоў мы варагавалі з фатографамі.