Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 10B

Пра канец жыцьця

Тым летам ўсё памірала. Людзі, прадметы, паняцьці. Нават не памірала, а дакладней губляла сувязь з жыцьцём, высыхала й рассыпалася. Даходзіла да сьмешнага: аднойчы я прачнуўся, паставіў ногі на падлогу, але замест тапкаў намацаў толькі два пыльныя пагорачкі. З таго дня я хадзіў па хаце басанож, балазе восень выдарылася цёплая й сонечная. Спускаючыся ранкам у апусьцелую гасьцёўню, я падоўгу ўспамінаў, што цяпер належыць зрабіць – бо меюцца ж розныя ранішнія справы, цэлыя пасьлядоўнасьці непарушных рытуалаў – але мая галава была лёгкая й пустая, як кветка фізалісу. Накінуўшы прасторны татаў плашч, я зьбягаў у двор і марудзіў ля ўваходу ў сямейную крыпту, ужо зацягнутую да сярэдзіны вінаграднымі парасткамі. Мне падабалася трымаць далонь на шурпатым шэрым камні, з імшыстай прозеленьню ў расколінах. Я ведаў, што зусім хутка таксама лягу пад гэты камень, да дзядоў, таты й брацікаў, і ў чаканьні апошняга дня з разьвітальнай урачыстасьцю прагульваўся па горадзе. Мая труна была заказаная на пятніцу, і я, баючыся прапусьціць яе, перш за ўсё накіроўваўся да газэтнага латка, каб зьверыць дату. Калі ж латочнік памёр, я мусіў хадзіць далей, да ратушы. Па вуліцах чародамі плылі пахавальныя падводы, каціліся клубкі сухіх водарасьцяў і бярозавых коцікаў, у вышыні ляцелі гракі й чорныя крэчаты. Прамінуўшы тры кварталы, я збочваў направа, зноў праходзіў тры кварталы і зноў збочваў, спраўляючы замкнёны шпацыр.  Многага ўжо не было: ні запалкавае фабрыкі, ні возера, ні трамвайных рэйкаў; на іхным месцы застаўся шэры пясок і кароткая жорсткая траўка. Я намагаўся зазнаць засмучэньне, спусташэньне, роспач, але ня мог. Каб зрабіць хоць штосьці, я чмыхаў альбо пырхаў, разганяючы цішыню вакол галавы, а вярнуўшыся дадому, дапамагаў сьвету паміраць – раскладваў у двары вогнішча са старых часопісаў, выцьвілых джэмпэраў, зламаных аконных рамаў.

У пятніцу, як і было дамоўлена, я выправіўся ў атэлье насупраць ДК Прафсаюзаў. Шлях быў няблізкі, і я выйшаў загадзя, зацемна. На бульвары было ажыўлена: цягнуліся сяляне, беглі сабакі, па лагчынкам віліся вужы. У шэрай вадзе канала адбіваліся запозьненыя ліхтары, здалёку даносіліся гукі струннага квартэта. Велізарны шпіль ДК Прафсаюзаў, які нагадваў ці то Астанкінскую, ці то Эйфэлеву вежу, мерна выяўляўся і раставаў між таполяў, а я лічыў крокі й загадваў жаданьні. Сто крокаў – хачу юнага Хуліё, сто крокаў – хачу маладую маму, калі зьбіўся – трэба лічыць нанова. Атэлье аказалася зачыненае, і мінакі патлумачылі мне, што мой трунар памёр. Некаторыя мінакі, яшчэ не дайшоўшы да рогу, садзіліся на лавачкі ды паміралі са старасьці, некаторыя рашчыняліся ў паветры, кіўнуўшы галавой на разьвітаньне. «Не, – думаў я, – гэтак таксама нельга, без труны. Не».