Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 10C

Пра паступленьне ў інстытут

Каб трымацца далей ад сьмерцяў, мы зь юным Хуліё набылі квіткі й паехалі паступаць у інстытут, уяўляючы сябе юнакамі Баккачча, якія бягуць з зачумленага горада. Мы забаўлялі адзін аднаго флярэнтыйскімі плёткамі й песенькамі пра каханьне, елі вафлі й пілі салодкую каву зь вяршкамі. Хуліё хацеў паступіць на энэргетычны факультэт, а я – на гістарычны. Мы ўяўлялі, як будзем хадзіць адзін да аднаго ў госьці праз шмат гадоў: барадатыя, мажныя, у акулярах і тоўстых белых швэдрах, мы будзем дарыць адзін аднаму рэдкія мінэралы ды калекцыйныя тытуні. З вакзала мы ўзялі таксі да заапарка, каб паглядзець, як гарыла корміць дзіцяня – Хуліё даўно пра гэта марыў. Аднак ніякага заапарку мы не знайшлі, хоць таксісты спраўджваў па мапе й прысягаў, што бачыў яго тутака не раней чым у сераду. Затое мы выявілі непадалёк прыстойны гатэль: са швэйцарам, глыбокімі мяккімі канапамі й пальмамі ў каменных кадках. Мы зьнялі прасторны двухпакаёвы нумар, змылі пад душам чыгуначны пыл і адкаркавалі бутэльку кьяньці. Зь віна ў нас разыграўся апэтыт, але мы зьмеркавалі не губляць часу на абед і ехаць на іспыты. Інстытут знаходзіўся паблізу, у вялікім старадаўнім будынку з калёнамі і бальконамі. Швэйцар быў той самы, што і ў гатэлі: згледзеўшы, куды мы накіраваліся, ён абагнаў нас зухаватым трушком і ветліва ўсьміхаўся каля параднага. Паводле ягоных слоў, многія прафэсары ўжо памерлі, але турбавацца ня трэба, бо гэта адбываецца натуральна, адпаведна паставам жыцьця, спадзяюся, вы разумееце. Але ня бойцеся, студэнты паміраюць радзей за пэдагогаў, сьмялей, прашу вас. Мы прайшлі ў высокія дзьверы, абмінулі шэраг карычневых трунаў з кутасікамі і павярнулі направа, да экзамэнацыйнай залі. За катэдрай, убранай белымі й ружовымі глядыёлюсамі, шушукаліся прафэсары, худзенькія, дабратлівыя, са сьветлымі ад старасьці вачыма. Мы цягнулі білеты й адказвалі, а яны пастуквалі алоўкамі па графінам і заахвочвальна пакашлівалі. Пасьля іспытаў, сунуўшы гальштукі ў кішэні, мы з Хуліё сядзелі ў рэстаране і ў задуменьні глядзелі ў вакно, на агні вячэрняга горада. Адпусьціць вёслы і плыць па цячэньню, да ціхага цёмнага мора, ці змагацца?