Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 109

Гэта магілы

Часам, каб ня страціць звычку да жывое гаворкі, я сядаў да Лены на сяньнік і пачынаў гаварыць. Але, нажаль, усе мае аповеды, і пра мараходку, і пра кругасьветныя плаваньні, і пра далёкія краіны, поўныя асалодамі і збытныя сьпелымі фруктамі, Лена слухала з абыякавасьцю. «Усё роўна гэта ўсё несапраўднае. Ці варта марнаваць запал на ўяўнае? На пустое, бессэнсоўнае паветра?» Мяне абражала гэтая горкая, няветлівая праўда, і я гарачыўся: «Нічога, вось пабачыш, хутка я ўцяку па-сапраўднаму! У рэальны сьвет! Там мяне шукаюць браты, вось толькі падаць бы вестку!» Яна глядзела адхілена, а аднойчы сказала: «Ты спазьніўся, ты ўжо не ўцячэш». Я пахаладзеў, прадчуваючы непапраўнае: «Скуль ты ведаеш?» «Нашыя целы ўжо забілі й закапалі. Я бачыла труны, іх несьлі наверх». «Даўно?» «Учора ноччу». Я войкнуў: «Пабеглі, Лена, пабеглі хутчэй!» Яна хмурылася й не хацела, але я цягнуў яе за вязаны рукаў, і яна паддалася, баючыся расьцяжак. Мы беглі па каменных лесьвіцах, уздоўж узрушаных факельных агнёў; па кедравых галерэях, уздоўж занавешаных вокнаў, падпаленых золатам знутры; па хваёвых тэрасах, уздоўж накрытых да вячэры сталоў са стройнымі кандэлябрамі; па росных ходніках, уздоўж паркавых ліхтароў з шарамі туманнага сьвету; па імшыстых могілкавых сьцежках у поўнай цемры. «Чуеш? Гэта магілы», – шаптала Лена. Я чуў: пахла прэлым лісьцем, зямлёй, елі гойдаліся й ледзь чутна шумелі, удалечыні ўскрыквалі драчы, шчоўкалі й шыпелі глушцы. Зь дзесятка сьвежых магілаў сваю я пазнаў адразу: сама маленькая, сама крывенькая, яна нясьмела тулілася да зарасьнікаў бружмелі. Адпусьціўшы вязаны рукаў, я схапіў рыдлёўку і пачаў капаць. Вядома, праграмары паленаваліся капаць глыбока, і зусім хутка лязо грукнула аб дошку. Без аніякага жалю да пазалоты я выдраў абцугамі цьвікі й выцягнуў накрыўку наверх. Маё крохкае цела пяшчотна бялела ўнізе, у простай падлеткавай матросцы і сьціплых шальварах. Як мне вярнуцца ў яго, як злучыць выгнаную манаду з плоцьцю? Я лёг на край магілы і працягнуў руку, крануў чало: безнадзейны холад, лёд. Што было рабіць? Я схапіў сябе за каўнер і, напружыўшы мускулы, ірвануў. Каўнер гучна трэснуў, распужаўшы цецерукоў, але вытрымаў. Цела аказалася па-птушынаму лёгкае, быццам анучнае, і я адным рухам падняў сябе зь ямы, паставіў на ногі й прываліў да сасны. Здранцьвелая галава глядзела па-над маім плячом на чорны гарызонт. Лена безуважна назірала. «Пойдзем шукаць тваё?» «Не». Як хочаш. Я абняў сябе, прыціснуўся шчакою да шчакі і ўціскаўся з усіх сілаў да таго часу, пакуль не адчуў спачатку цьмяную, а потым выразна нарастальную дрыготу пранікненьня.