Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 106

Пра свабоду

– У старасьці, дзеткі, ёсьць адна запэўная перавага, – тата казаў павольна і так ціха, што мы мусілі напружана ўслухоўвацца. – У старасьці больш ня трэба нікому саступаць месца.

Голас-шолах, як паперка на ветры. Сівая галава на белай пухоўцы.

Мы асьцярожна паднялі яго з ложка і маленькімі крокамі павялі да трамваю. Кандуктар цярпліва чакаў. Пасадзілі на лаву. Тата дыхаў глыбока, няроўна і трымаў мяне за руку нягнуткай пэргамэнтнай далоньню. Пот слабасьці выступіў на ягоным жаўтлявым ілбе. Рушылі са званочкам. Падыходзілі бабулькі, інваліды, цяжарныя дзяўчыны, і тата бессаромна разглядаў іхныя мыліцы, пратэзы, жываты, ясным позіркам свабоднага чалавека.