Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 105

Пра надмагільлі

Калі мы былі маленькія, мы аднойчы паспрачаліся – ці ахоўвае могілкі патруль? Колік сьцьвярджаў, што без патруля шукальнікі скарбаў распатрашылі б усе магілы; Толік сьмяяўся і заяўляў, што ніякага могілкавага патруля не існуе; Валік даводзіў, што патруль існуе, але ахоўвае ня могілкі, а горад, на выпадак паўстаньня мерцьвякоў; мы ж з Хуліё спрачаліся пра іншае – ці на самой справе на могілках растуць суніцы, ці паэткі выдумляюць?

Пасьля абеду мы пачалі зьбірацца, але адцягваліся то на зэфір, то на кацянятак, то на мультфільмы і ў выніку выправіліся а палове на сёмую, а дабраліся да могілак у пачатку дзевятай, ужо ў лёгкім прыцемку. Ні хвацкіх марпехаў, ні спэцназаўцаў, як спадзяваўся Валік, мы ня ўбачылі, але вакол паласатай каравульнай будкі сапраўды шпацыраваў патруль – састарэлы вусаты грэнадзёр, у фуражцы й доўгім шэрым дажджавіку з шырокім каўняром, са штыкавой стрэльбай за сьпіной. Мы запыталіся ў яго, ці не было здарэньняў, і ён лагодна запэўніў, што сёньня ўсё спакойна. На пытаньне пра суніцы ён разьвёў рукамі – ня ведаю дзей, не цікавіўся. Мы падзякавалі яму за службу й рушылі ўглыб кладоў, узіраючыся ў траву вакол магілаў.  Нам трапляліся кветкі, завялыя і штучныя, вянкі, лямпадкі, сьвечкі, цукеркі, чарачкі, але ніякіх суніцаў не было, ні буйных, ні дробных. Хутка нават Хуліё кінуў шукаць, выказаўшы здагадку, што ў змроку яна хаваецца, а ўраніцу на сьвятле зноў выглядае. Гэта называецца геліятрапізм. А яшчэ бывае геліямарфізм, дадаў Толік. Мы папляліся назад, разглядаючы надмагільлі, і ўжо амаль дайшлі да брамы, як раптам на адным з помнікаў я заўважыў знаёмыя твары. У адну сэкунду я кінуўся туды, схіліўся і ў жаху закрычаў. Брацікі падбеглі да мяне і таксама закрычалі: на надмагільлях былі высечаныя партрэты нашых таты й мамы! Конікі змоўклі, з капліцы ўзьляцела зграя крумкачоў, а грэнадзёр засьвістаў і затупаў да нас, набіваючы на хаду стрэльбу. Пераканаўшыся, што нам ніхто не пагражае, ён з палёгкай крэкнуў, высьветліў адрас і бязь лішніх размоў адправіў нас дадому на таксі.

Даведаўшыся, што мы пабывалі на могілках і ўсё бачылі, мама з татам абдымалі нас, гладзілі, суцяшалі, казалі, што жывыя й здаровыя й пражывуць яшчэ сто гадоў, і што надмагільлі стаяць на будучыню, каб нам потым ня трэба было займацца й заказваць. Як фараоны будавалі сабе піраміды, ведаеце? Але мы ім не паверылі – мы адчувалі, што гэта зусім нездарма, і цяпер усё будзе дрэнна, вельмі хутка.