Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 102

Трывожны сон. Пра позьнюю восень

Позьняй восеньню, калі робіцца зусім холадна й пачынае рана цямнець, можна здабыць сабе сабаку. Вуліцы вакол мэтро пустэльныя, дзьме вецер, гойдаюцца дрэвы, сеецца сухі сьняжок. Выхад з мэтро абнесены бэтонным бортам вышынёй па пояс, за ім можна зручна схавацца й чакаць. Калі сесьці на кукішкі, дык зь лесьвіцы цябе заўважыць немагчыма. Пад нагамі халодны асфальт, высахлыя лісьцікі, недакуркі, каменьчыкі. Кожны дробны прадмет акуратна заносіцца сьнегам. Чакаць каля паўгадзіны. Сьнег у складках высахлага лісьціка. Раз на паўгадзіны зьнізу чуецца шоргат, шум, і па лесьвіцы ўверх бягуць сабакі. Буйныя касматыя дварнякі, рудыя, шэрыя, палавые, яны накіроўваюцца кудысьці наперад па вуліцы. Калі плынь вычэрпваецца, трэба вызірнуць праз борт, хутка схапіць аднаго з апошніх, зацягнуць да сябе. Правай рукой заціснуць яму пысу, каб ня гаўкнуў, наваліцца ўсім целам. Шалёныя, спалоханыя вочы. Як ён ірвецца! Наваліцца. Скрабе кіпцюрамі, выгінаецца, рыкае. Добра, што куртка з тоўстага брызэнту. Паказаць яму нож. Рык зьмяняецца на ціхі енк. Біць зьнізу каленам небясьпечна, можна штосьці паламаць. Ціха. Сабачая зграя ўжо расьсеялася. Зьвязаць яго. У мех.

Дома цябе ўжо чакаюць: дзьверы адчыненыя, водар печаных яблыкаў. Жонка не глядзіць, але ганарыцца мужам-храбрацом. Дзеці паважліва тоўпяцца. Браты паціскаюць руку, пляскаюць па плячы, цокаюць языкамі. Сёстры вышываюць узоры. Дзядуля сьпіць.