Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 101

Пра соннага дзядулю

Калі мы з брацікамі былі маленькія, мы былі вельмі тактоўныя. Мы ніколі не пыталіся ані ў таты, ані ў мамы пра складаныя рэчы, а калі й пыталіся, дык адразу ж адчувалі, што зрабілі бестактоўнасьць. У нас пачыналі гарэць сьпярша вушы, потым твар, а потым па ўсім целе разьліваўся жар – вельмі прыемна! Галоўнае было не пусьціць струменьчык, і дзеля гэтага мы перад пытаньнямі абавязкова наведвалі прыбіральню. Нашай улюбёнай бестактоўнасьцю было пытаньне пра дзядулю – празь яго мама кожны раз уздрыгвала і прыгожа бялела, нібы сапраўдная герцагіня.

– Ваш дзядуля, – мама хутка брала сябе ў рукі, і як нічога ніякага расказвала, – ваш дзядуля быў выдатны чалавек. У маладосьці ён працаваў брыгадзірам на гармалзаводзе – надзвычай сумленным, працавітым і змыслым – а калі мы зь сястрычкамі нарадзіліся і трохі падрасьлі, ён кінуў гармалзавод, кінуў брыгадзірства і аддаўся сну.

– Аддаўся сну? Як гэта? – мы абдымалі маму мацней, каб не прапусьціць ані слова.

– Гэта значыць, палюбіў сны й пачаў увесь час спаць. Нам гэта так падабалася! Прыходзіш дадому, а ён чысты, задаволены, у прыбранай піжаме – у ложку ляжыць, сьпіць і ўсьміхаецца. Зрэдку прачнецца ненадоўга, перакусіць бульбачкі са сьмятанкай, расцалуе нас – і зноў спаць сьпяшаецца. А ўжо бабуля ваша – а наша, значыцца, матуля – тая й зусім на яго нарадавацца не магла! Вышывала яму без канца прасьціны, навалачкі ды падкоўдранікі, каб саладзейшы быў сон. І чубчык яму падраўняе, і вусы шчотачкай распушыць, і валасінкі ў ноздрах зрэжа. А дзядуля, бывала, нібы адчувае ў сьне ейную ласку: сапе ўдзячна, уздыхае і прыцмоквае, быццам цалуе мілую жоначку сваю.

– Што ж яму сьнілася, матухна?

– Гэтага ён не казаў, сыночкі. Аднымі намёкамі абыходзіўся – маўляў, нешта і чароўна прыемнае, і казачна пяшчотнае адначасова. І ўважлівы вельмі быў: калі дзень нараджэньня набліжаецца ці яшчэ якая ўрачыстасьць – абавязкова прачнецца ды павіншуе сардэчна, і мудрае пажаданьне скажа. Як зараз памятаю, стаім зь сястрычкамі каля яго на каленках і гладзім па руцэ, а ён такі моцны й прыгожы, уздымаецца магутна пад шаўковай коўдрай, і пахне пралескавым адэкалёнам, сапраўдны сонны рыцар зь Нібелунгаў.

Нам вельмі падабаўся аповед пра дзядулю, і мы ніяк не маглі зразумець – чаму мама ўздрыгвае і бялее? Што такое страшнае зьдзейсьніў дзядуля на гармалзаводзе? Мы былі ўпэўненыя: ён зьдзейсьніў нешта жудаснае. Уяўляючы сябе таямнічымі і злавеснымі брыгадзірамі, мы апраналіся ў піжамы, затыкалі вушы тугімі ваткамі і засыпалі, не дачакаўшыся вячэры.