Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 0F9

Гэта чэсны бой

Чарада жорсткіх няўдач і паражэньняў пакінула глыбокі шнар на маёй далікатнай самасьвядомасьці, і без таго пакурчанай, і быццам прыціснула цяжкім матрацам, і быццам высмактала ўвесь мой сок. Ня маючы болей сілаў супрацьстаяць фатуму, я не падымаўся з ложку і бяздумна глядзеў тэлефільмы. Асабліва мне падабаліся гісторыі на тэму каратэ і самба: як зграбныя героі сам-адзін ці зь верным сябрам ішлі насустрач несправядлівасьцям, дужаліся, змагаліся, балянсавалі на мяжы гібелі й нязьменна перамагалі. У той жа вечар я перамог роспач і немач і прыступіўся да трэніровак. Я падцягваўся на пальцах, адціскаўся на костачках, па паўгадзіны запар стаяў на галаве, трымаў пудовую гіру на ўзроўні плячэй і рабіў расьцяжку на двух табурэтах. Адмысловую ўвагу я надаваў брушному прэсу: у паставе лежачы напружваў квадрацікі і ўціраў у іх эўкаліпт – дзеля адценьня і асьвяжэньня. Я набыў сабе прасторныя баксёрскія трусы, сінія, атлясна-пералівістыя, з двума ліловымі лямпасамі, і скрутак элястычнага бінта, каб эфэктна закруціць кулакі. Гэта будзе адкрыты, чэсны бой! Роўна апоўдні я папрасіў вартаўніка Трафіма ўдарыць у гонг. Ён, нязьменна ласкавы і прыязны, пагладзіў мяне па сьпіне і прапанаваў некалькі гонгаў на выбар: сычуаньскі, ганконскі і тайляндзкі, і я на імгненьне зьбянтэжыўся, але потым адважна абраў самы буйны, з выпуклым сьветлым саском пасярэдзіне. ДОНН – задрыжала і згусьцілася паветра, завібравалі таўшчэзныя муры Вучылішча. Я ішоў, амаль плыў у гуле гонгу да фізкультурнае залі, дзе ўладарыў Галоўны Праграмар, дзе панаваў жывёльны культ мускулаў. Было брудна, душна, наплёвана, патыхала сырым мясам і мускусам, і сьвежы міртавы струменьчык, які цягнуўся за мною, амаль адчуваўся, амаль сьвяціўся. Бамбізы-праграмары прагульваліся ўкруг рысталішча, палёпваючы сябе па літым дэльтам, перасмыкваючы цягліцамі грудзей, падражніваючы адзін аднаго рыкам і хрыплай лаянкай. Убачыўшы мяне, яны люта ашчэрыліся: адны пачалі круціць мажнымі лапамі, быццам скручваючы мяне ў бараноў рог, а іншыя высоўвалі сінюшныя языкі і закачвалі вочы, малюючы мой хуткі лёс. Высока падняўшы галаву, я ўскочыў на рынг і абвёў вачыма натоўп. Бурболіла піва, узьляталі банкноты і блянкі ставак, разяўленыя раты гарлапанілі й рагаталі, і адна толькі Лена глядзела шэрымі вачыма і заўзела за мяне, але я ведаў: зусім ня праз сымпатыю, а каб выказаць абыякавасьць. Тым часам журы, пагардзіўшы жэрабем, выставіла супраць мяне сама зачахлага, сама бездапаможнага кодэра, але нават гэтая бледная нікчэмнасьць, што з гігіканьнем падымалася на дашчаны памост, выглядала ў параўнаньні са мною Мядзьведзь-гарой. Толькі раунд, паўтараў я сабе, адзін раунд, пратрымацца раунд – нават гэта будзе тытанічнай перамогай для мяне і катастрофай для іх. Каб раззлавацца, разьюшыцца і набыць лютасьць бэрсэрка, я балюча ўкусіў сябе за мезенец і пагрозьліва закрычаў: сьцеражыся! У адказ ён паўторна гігікнуў і наблізіў да мяне велізарны палец з абкусаным пазногцем, складзены для пстрычкі. Я падскочыў, гнутка выварочваючыся на ляту і рыхтуючыся да кідку кобры, але позна: шырокі пазногаць ужо нагнаў мяне і пругка нападдаў, ды так моцна, што я паляцеў спачатку кулём, а потым наўпрост дагары нагамі – і даволі далёка – і прызямліўся на гурбу рознакаляровага рызьзя дзесьці ў куце буфэту. І бамбізы, і публіка адразу ж забыліся на мяне і заняліся сваімі справамі – хто ваксаваў пантофлі, хто распальваў люльку, хто абналічваў чэкі; Лена глядзелася ў люстэрка й фарбавала вусны, то выпінаючы іх, то падгінаючы й расьціраючы адно аб адно, каб разраўнаваць памаду.

Заставалася зьмірыцца?