Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 0FA

У купэ

У суботу Белы Паляўнік нанава абмацаў мяне і знайшоў нататнік. Ён чытаў, закінуўшы нагу на нагу, і рытмічна торгаў пальцамі, праз што заднік тапкі адсоўваўся ад пяткі і зноў змыкаўся зь ёй, нібы рот. Ён чытаў і хрумсьцеў салёнай саломкай, сёрбаў гарбату, а я бездапаможна выгінаўся й выцягваўся пад прасьцінай. Захапіўшыся чытаньнем, ён зьлёгку рухаў вуснамі, шырока расстаўляў ногі і паціраў пахвіну рубам далоні. Ён мачаў саломку ў гарбату:

– Вось бачыш! Усе твае гісторыі супярэчаць адна адной. Сам памяркуй, – ён аблізваў саломку і кусаў.

– Хлусьня.

– Ды кінь, кожны можа прыхварэць. Галоўнае, што зараз ты ў добрых руках. Бачыш, ты прапусьціў коску, – ён нахіляў да мяне нататнік.

– Хлусьня!

– А з больніцы навошта зьбег?

– Гэта ня больніца!

– Ляжаў-ляжаў, узяў і зьбег. Бягунок! Ну дый што казаць, што было тое было. Але годзе – зараз спакой і харчаваньне. Ніякіх турботаў. Павер мне, бо я – твой лекар. Дай-ка руку.

– Ты ня лекар, а забойца.

– Цю! Сэрцайка так і калоціцца. Прыдумаў нейкіх брацікаў, а сам ізжаўцеў увесь. Табе трэба больш тлустага есьці. Гэй, сьцюард!

Зьявіўся правадыр у фуражцы, стаў у дзьвярох, выразьліва не зважаючы на мяне.

– Нясіце супчык і катлеты, ды борзда. І падліўку!

Правадыр кінуўся, закамандаваў адрывіста і неразборліва. Унесьлі паднос.

– Бяры лыжку, еш.

– Пусьціце!

– Ах ты гад, расплюхаў! – і яны наваліліся ўсе разам. – А ну рот расчыняй. Зачэрпвай гусьцейшае яму, з фрыкадэлечкай. Бач, прывыкнуў, значыцца, локшыну сваю сухама. Жары катлету. Кусай, сказаў. Давай, мужык, круці яму руку, хай глытае. Масла ў пюрэ не забыліся? Брацікі ў яго, цаца якая. Еш давай. А цяперака кампот. Асьцярожна, зубы. І яблыкі таксама, а што ж ты думаў. Ну, паварочвай яго. Трымай яму нагу, ня бойся, вось тут. Няхай сьпярша на жываце паляжыць, а пасьля на сьпіне, каб страўнік з усіх бакоў ежу патравіў.