Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 0F8

Пра пасланьні

Пасьля сьмерці сэньёра Рунаса нам у спадчыну засталося мноства найцікавешых прадметаў. Вярнуўшыся ў школу, мы расьселіся на дыване ў настаўніцкай і высыпалі зьмесьціва шуфлядаў ягонай камоды і пісьмовага стала ў вялікую агульную гурбу. Спачатку мы ня рухаліся і проста разглядалі тое, што апынулася на паверхні: вадзяны компас, чорны паяльнік з загнутым джалам, набор радыёаматарскіх адвёртак, балён з газам для запальніцаў, калода эратычных ігральных картаў, велізарнае павелічальнае шкло, бляшаная скрынка з-пад ледзянцоў з выпуклымі аленямі, аптычны кабель са мноствам дзіўных вузельчыкаў, рознакаляровы веер з узорамі акрылу, добры кавалак гаспадарчага мыла, шпрыц з тэрмапастай і разрозьненыя касэты з польскім джазам. Потым мы пачалі шукаць канцы ды куты, што тырчалі з гурбы, і цягнуць наўздагад: будаўнічая грунтвага з бурбалкамі ў шкляных капсулях, кардонную тубу з доўгай люлькай, зьвязак ключоў зь бірулькай у выглядзе рэвальвэра, пакунак сандалавых араматычных палачак, тонкую жоўтую тэчку на матузках. У тэчцы хавалася нечаканае: аказваецца, сэньёр Рунас на працягу многіх гадоў пісаў пасланьні самому сабе, з тагачаснасьці ў будучыню. Адчуваючы козыт цікаўнасьці ў жываце, мы сталі гартаць і чытаць.

***

Мне ў 15ць гадоў. Раней не адчыняць.

Ну што? Ты ўжо... гэта? Не, сапраўды? Як яно??...

Мы ўзраўнавалі: чаму ён пытаўся пра патаемнае нейкага мітычнага будучага сябе, а ня нас, сваіх верных вучняў? Зрэшты, нягледзячы на інтрыгу першага запісу, далей пайшлі такія маркотныя банальнасьці, што мы хутка кінулі і раўнаваць, і смуткаваць, і гарталі ўжо па дзесяць старонак за раз.

***

Калі ты ўжо забыўся, як гэта пакутліва, дык прачытай і павер: трэба трымацца з усіх сілаў, каб не закахацца.

***

Калі табе яшчэ не 25ць, дык не чытай!

Дык што? Ты ўжо ажаніўся? Не магу ўявіць цябе ў вясельным гарнітуры!

***

Ну, дык што?

***

Такім чынам, ты ўжо абзавёўся джыпам і жыватом, самаздаволены запанелы ханжа? Хацеў бы я паглядзець на цябе, як ты пацееш у фраку ды пэнснэ на сходзе якіх-небудзь заснавальнікаў. Ад душы жадаю, каб у час прамовы твой кляпан ня вытрымаў напору газаў!

***

Добры дзень. Не ўчыняй зь дзецьмі тое, што мой бацька ўчыняў са мной. Ты ж ужо ажаніўся? Не сячы іх, не адбірай юнацкія пяшчоты, не палі вершы, ня бі па вуснах, не прымушай бясконца клянчыць і кланяцца, не высмоктвай сокі, не выплюхвай быдляцтва. Будзь здаровы.

***

Не зазірайся на выпускніцаў, май годнасьць. Май павагу да жонкі. Яна ў цябе ўжо ёсьць? Гэта ганебна, калі станісты пэнсіянэр вядзе пад руку вяртлявую студэнтку. Гэта жудасна! Яна ж на абцасах ледзь трымаецца. Ты пра гэта пашкадуеш! Яна будзе цябе падманваць з інструктарамі ў балёньневых куртках. Посьпехаў.

***

Калі будзеш паміраць, пляшывы старэча, успомні пра мяне. Я – гэта ня ты. Я жывы, а ты выгарэў. Мне цябе зусім не шкада. Бывай.

***

Калі будзеш паміраць, не забудзься падгаліць бровы, каб не выглядаць па-дурному. Бывай.