Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 0F7

Пра вытанчэньне

Калі мы з брацікамі былі маленькія й хадзілі ў школу, быў у нас адзін цьвердалобы настаўнік, сэньёр Рунас, у мінулым ці тое абат, ці тое ксёндз. Ён займаўся з намі фізкультурай і працай, і твар ягоны быў безпачуцьцёвы, як у тыбэцкага аскета. Мы ўсё чакалі – калі ж ён заплача? Але ён ня плакаў і ня плакаў, ён быў зусім бяздушны і ўчарсьцьвелы. Аднойчы Колік знарок ушчаміў сабе палец вечкам парты, да крыві, і паказаў яму, але той нават брывом не паварухнуў, паглыблены ў сваё. Аднак цярплівы заўсёды застаецца ў выйгрышы, і мы з брацікамі выйгралі: калі надышла пара сэньёру Рунасу паміраць – заплакаў ён, як дзіця. Пажаліўся ён нам, што шкада яму расставацца з кветачкамі лугавымі, зь сінім небам, з сонейкам, шкада невыразна. Што ж ты ня плакаў, дзядзька, калі да месцу было, калі да часу? – злараднічалі мы. Хоць зрэшты злараднасьць наша была напалову са спачуваньнем – быццам мы самі паміралі разам з сэньёрам Рунасам – з такім незвычайным для нашых гадоў спачуваньнем. Мы сабралі яму палявых кветачак, галінак папараці, травяных мяцёлачак і ўсякіх дароў агарода: агрэсту, яблыкаў, рознай радыскі. Ён быў расчулены і не засмуціўся, што нясьпелае й нямытае, якая яму ўжо была розьніца, недарэчна мерцьвяку турбавацца пра страўнасьць. Мы сядзелі ля магілы й раіліся, як жа мы цяпер будзем вывучаць фізкультуру ды працу? Мы дамовіліся нічога не казаць дырэктару пра сьмерць сэньёра Рунаса, інакш бы ён знайшоў нам новага настаўніка, зноў якога таўстаскурага мужыка, і чакай потым чакай, пакуль ён вытанчыцца. Мы самі бегалі, скакалі, пілавалі лобзікам і ставілі сабе адзнакі ў клясны журнал – і дырэктар так нічога і не заўважыў. Мы былі такія тонкія, што ледзьве не ўзьляталі, лягчэйшыя за паветра, сьветлыя, прыгожыя, кучаравыя. Мы марылі, што калі вырасьцем, станем настаўнікамі.