Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 0F6

Пра ляжаньне

Самы цяжкі час для нас з брацікамі надышоў, калі мы ўдосталь насамарэалізоўваліся. Сьпярша здавалася, што гэта вельмі патрэбна і вельмі няпроста – самарэалізавацца – але потым... Можа, камусьці гэта і сьмешна, хто ўжо ўсё ведае, але нам тады было зусім не да сьмеху. Мы ляжалі на канапах і марудліва пілі віно, літры віна, то кіслага, то салодкага, усё адно якога – а што яшчэ было рабіць? Толік спарадзіў дзьвюх дачок, купіў ім кватэры, машыны, выдаў замуж, Валік атрымаў чын тройчы заслужанага мастака, Хуліё пакахаў усіх дзяўчын у межах кальцавое дарогі, Колік прымусіў выдыгаць перад сабой самых закаранелых злачынцаў. І нават я навучыўся дакранацца пальцамі да падлогі, не згінаючыся ў каленках. Што далей? З нуды мы разжыліся шэрым лямцом і шылі тапкі, нейкія бязглуздыя, нікому не цікавыя тапкі. Калі шыеш тапку, добра ўкалоць шылам палец: выступае шарык крыві, забаўна надзімаецца і сасьлізгвае кропляй на споднікі. Размазваеш кроплю і разглядаеш – на што падобна? Шкада, гэты чырвоны хутка жухне і ператвараецца ў карычневы, чорны. Адварочваесься, шукаеш хоць макулінку новага, хоць бы ў прытхлых складках прасьцінаў. Быццам доўгая хвароба, без акрыяньня, бяз гуку, бяз звону ў вушох – але ж рана паміраць? І ляжыш у піжаме, у нейкім бессэнсоўным швэдры, у вязаным пуловэры, глытаеш гарачы кампот. Хіба так павінна быць? Адзінай нашай надзеяй заставалася будучыня – раптам у будучыні штосьці здарыцца, звонку альбо ўнутры, і нам ізноў захочацца ўстаць?