Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 0F4

Зь ліста Толіка. Пра тэатар

<...> і я паляцеў. Цалкам самадастатковая краіна, але часам ім патрэбныя тэхнічныя спэцыялісты кшталту мяне. Людзі тамака – усе творчыя, ну дашчэнту ўсё, уявіце. Вам бы спадабалася. Хто пісьменьнік, хто музыкант, хто скульптар, хто дызайнэр, а хто й філёзаф нават. Прычым ня вытычкі нейкія, а спадчынныя, дынастычныя, у доўгіх пакаленьнях. Вось толькі невясёлыя ўсё, панурыя. Я спачатку не разумеў, чаму, а потым перакладніца мне патлумачыла: ім няма каму паказаць свае працы. Па-першае, кожны заняты сваімі, а па-другое, у іх назьбіралася столькі заведама выдатнае клясыкі, што марнаваць час на сумніўных сучасьнікаў – проста глупства. Я быў дужа зьдзіўлены і зь цяжкасьцю паверыў, але ў той жа вечар пераканаўся, што яна ані не забольшыла. Гуляючы па набярэжнай, я натрапіў на невялікі тэатар, было якраз сем, і я наважыўся зайсьці. Квіткоў не спыталі, заля была пустая. Калі празь некалькі хвілін заслона рассунулася, дык акторы, убачыўшы мяне, расчынілі раты са зьдзіўленьня. Яны закрычалі, заклікаючы кагосьці, і з глыбіняў выскачыў напалоханы пастаноўца – ён падбег да мяне і стаў паціскаць руку, выбачацца за штосьці й жаласна зазіраць ў вочы. Нарэшце ён махнуў хустачкай і спэктакаль пачаўся. Я не разумеў ані слова, але глядзеў уважліва, усьведамляючы ўласную адказнасьць, і нават баяўся паварушыцца. Здаецца, гэта была гістарычная п’еса. Акторы сьпявалі, скакалі й рухалі дэкарацыі. Калі ўсё скончылася, я падняўся і стаў пляскаць, а яны кланяліся. Пастаноўца ўсхліпнуў, закрыў твар далонямі, і я, паддаўшыся імпэту, абняў яго за плечы і прыцягнуў да сябе. Ён плакаў у мяне на грудзях, мармытаў расчуленыя падзякі, а акторы спусьціліся і таксама плакалі. Я гладзіў іх па валасах, суцяшаў, цалаваў у мокрыя твары, і яны цалавалі мяне ў адказ, а потым <...>