Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 0F3

Аповед Коліка. Пра задуменнага чалавека

Мой брат Колік апавядаў, што аднойчы патрапіў у камэру да надзвычай задуменнага чалавека. Калі звычайныя задумлівыя людзі ніколі не адмовяцца ад гутаркі і будуць старанна слухаць вас хоць тры гадзіны запар, дык той сукамэрнік быў не такі: не зьвяртаючы ні на што ніякай увагі й нават не пазнаёміўшыся з Колікам, ён дні напралёт ляжаў з заплюшчанымі вачыма, але ня спаў, а пра штосьці ўзмоцнена разважаў – гэта было відаць па зрушэньням ягоных броваў і маршчынаў на лобе. Уначы ён, здаецца, ненадоўга заснуў, але пад раніцу чхнуў, пачухаўся і неяк дзівосна засоп. Ня вытрымаўшы, Колік устаў і патрос яго за плячо, і трос, пакуль чалавек не расплюшчыў вочы. «Чаго табе?» «Ты мне спаць замінаеш. Пагаворым?» Чалавеку відавочна не хацелася размаўляць, але ён зь ветлівасьці сеў, праціраючы вочы. «Больш за ўсё на сьвеце я люблю думаць. Толькі гэтым і займаюся, ага. Няма лепшага задавальненьня! Часам зусім выпадаю – дык ты мяне штурхай, калі перашкаджаю, гэта нармальна». Чалавек расказаў, што яго пасадзілі ўжо даўно, пасьля таго, як ён распавёў усім пра свае думкі. «Быццам мне ёсьць нейкая розьніца, дзе думаць! Ідыёты». Ня ў сілах утрымацца, ён ізноў лёг і закрыў вочы. Часам ён усьміхаўся, варочаўся, крактаў, прыцмокваў, а апоўдні да таго задумаўся, што пачаў гігікаць і нават лёгенька падскокваць ўсім целам. Колік ізноў стаў трэсьці яго і запатрабаваў падзяліцца думкамі. Але чалавек зірнуў на яго і засьмяяўся: «Не ўжо! Досыць мне і тога разу. Столькі крыкаў і мітусьні. Больш я нікому не даверуся». Колік спачатку абурыўся, але потым ачахнуў – не забіваць жа чалавека праз такую драбязу. Затое за ім было пацешна назіраць: як ён, паглыбляючыся ў роздумы, грымасьнічае, то кусаючы вусны, то аблізваючыся, а то й стогнучы з асалоды.