Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 0F2

Пра самага пошлага чалавека

Мы з брацікамі вельмі доўга былі маленькія, але пакрысе ўсё ж уздужалі й сталі зусім дарослыя; аднак наш тата нічога й ведаць не хацеў і па-ранейшаму імкнуўся распавядаць нам казкі. Хоць спалі мы цяпер у розных пакоях, адгароджваліся ад яго жонкамі, немаўлятамі, крэдытамі, зімовай рыбалкай, замыкаліся на замкі, але ён час ад часу ўсё ж прымудраўся засьпець нас разам і расказаць казку. І чым болей ён старэў, тым бессэнсоўнейшыя рабіліся ягоныя гісторыі.

– Паслухайце, дзеткі. Жыў на сьвеце калісьці падаўней адзін добры чалавек, па прафэсіі аналітык. Усім ён быў добры, і галянтны, і далікатны, і тварам прыгожы, але была ў яго маленькая слабасьць, кшталту нэўрозу – панічна баяўся здацца пошлым. Праз гэтую боязь правёў ён паўжыцьця ў ненатуральнасьці і натужнасьці, намагаючыся ўсё рабіць вытанчана і дасканала – і за зьнешнім выглядам сачыў, і гаворку шліфаваў, і густ разьвіваў – і затаміўся страшна. І вось аднойчы ў суботу, за ранішняй яечняй, яго быццам электрычным токам ударыла: чаго гэта я, га? Што за глупства? Што за дзяцінства? І пастанавіў ён тут жа, не сыходзячы зь месца, зацьвердзіцца і стаць самым пошлым чалавекам на сьвеце. Сказана – зроблена. Купіў ён у той жа дзень чорны гарнітур з бляскам, вастраносыя туфлі, лакавую скураную сумачку, адгадаваў вусы і пазногаць на мезенцы, і пайшоў па вуліцах. Аналітыку ён хутка кінуў і падаўся ў адстаўныя вайскоўцы, а па вечарох завучваў Ільфа, Пятрова ды Гайдая, каб цытаваць. Хаду ж адмыслова рэпетаваў перад люстэркам – стараўся выгнуць ногі колам, як у жакея. Неўзабаве аднак усяго гэтага яму падалося мала, і ён надумаўся завесьці адпаведную кабету. Доўга шукаў ці не, але ж такі знайшоў, і якую! Гадоў пад пяцьдзесят, таксама з былых, мажная, загадчыца, фарбаваная-перафарбаваная, з залатым крыжыкам, завітая і на абцасах. Яна адчувала такую ж хваравітую цягу да пошласьці, і яны адразу пакахаліся. Ён прыходзіў да яе зь лікёрам і тортам, а яна чакала ў капелюшы з вэлюмам і панчохах ў сетачку; потым вячэра пры сьвечках, ток-шоу, караоке, гарэлачка, таксоўка, рэстарацыя, ікорка, танга і камасутра. А па раніцах яны ляжалі ў ложку, елі эклеры, выціралі пальцы аб прасьціны і раіліся: што болей пошлае – Кент шасьцёрка ці Ява Плятынум? Брус Лі ці Брус Лябрус? Баярскі ці Бродзкі? Куінз ці Дорз? Шышкін ці Босх? Але доўга так, вядома, цягнуцца не магло, паціху пачаў аналітык сумаваць і задумвацца: што болей пошла – жыцьцё ці сьмерць? Быцьцё ці нябыт? Іманэнтнае ці трансцэндэнтнае?..

У такіх месцах нават мне рабілася млосна – я перарываў тату, хлусіў, што пара на працу і ўцякаў, пакідаючы яго аднаго. Мне нашмат болей падабалася цішыня: абыходзіць хату вакол, асьцярожна рассоўваючы травы, непрыкметна заглядваць у вакно і назіраць, як ён жуе цукерку, нячутна сёрбае гарбату, складае й разгладжвае фанцік.