Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 0F0

У дарогу

Не пасьпеў я пакласьці ў баул швэдры, як Белы Паляўнік ужо стаяў у дзьвярох. Цяпер я як сьлед разгледзеў ягоны твар: лоб марадзёра, нос мучыцеля, рот юрліўца. Ён нічога не казаў, і я ня ведаў, што рабіць. Адвага пакінула мяне. Не хапала нават сілаў працягнуць руку па шырокі шавецкі нож, які я заўсёды трымаў на стале. Нарэшце ён прамовіў:

– Зьбірайся.

– Куды? – недарэчна мэкнуў я.

– Назад.

Палёгка, адтэрміноўка. Я думаў, ён зганьбіць і заб’е мяне адразу. Дрыготкімі рукамі я сабраў швэдры, перамяжоўваючы іх клуначкамі сашэ, прыладзіў зьверху прас. На дно другога баула я апусьціў коўдру, на яе – гантэлі, на іх – прасьціны, навалачкі й шторку для ванны. У трэці баул ляглі кілімок, шкарпэткі, майткі, талеркі, шапачка для плаваньня. У чацьвёрты – лялечная хатка, пара крышталёвых келіхаў, пажухлы Пэтрарка, патэльня, зімовыя вусьцілкі, кашулі, запанкі, каўнерыкі. Гэта была яшчэ наўрад ці палова, але ледзь я дакрануўся да пятага баула, Белы Паляўнік спыніў мяне кароткім гартанным вокрыкам.

Толькі цяпер я ўсьвядоміў, як асеў, як прывязаўся. Каб пацягнуць час, я прапанаваў яму кавы ці какавы, але ён непрыступна матнуў галавой. Аднак дазволіў мне даесьці маленькія бэжавыя пернічкі са смачнай фруктовай начынкай – не хацеў надломваць мяне раней часу. Я жаваў пернічкі і гладзіў абрус: бывай, бывай. Я аглядаў усё – патрэсканыя трубы, выцьвілыя шпалеры, лятуневыя шпінгалеты. Маю сальніцу, маю перачніцу, мае зубачысткі. Ня ў сілах саўладаць, я парасьпіхаў іх па кішэнях. Яму было ўсё роўна.

Мы выправіліся. Белы Паляўнік падхапіў першыя два баула і панёс іх зусім лёгка, нават памахваючы. Я валачыўся сьледам, хістаючыся пад цяжарам і закусваючы губу. Мы спусьціліся ў ліфце і выйшлі на дарогу. Таксоўка спынілася імгненна: мясісты гвардыі лейтэнант у адстаўцы, зь пярсьцёнкам-пячаткай. На чыгуначным вакзале я сядзеў на баулах, Белы Паляўнік стаяў па квіткі, шукаў касірцы бяз рэшты. Мы чакалі цягнік у піўной, пілі таматавы сок. Насільшчык у фуражцы каціў мой пажытак, правадніца ўсьміхалася, начальнік цягніка казыраў і ляскаў абцасамі. Калі мы засталіся ў купэ адны, Белы Паляўнік загадаў мне разгортваць ложак, апранаць піжаму і класьціся.