Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 0EF

Пра тату

Адзін з сама яркіх дзён майго дзяцінства – калі тата прынёс дадому мікрахвалёвую печку. Колькі было весялосьці, узрушэньня й радасьці! Толік і Колік тупацелі па хаце, абіраючы ёй прыгожае месца – на люстраным трумо, на падаконьніку, пад лісьцем фікуса, побач з політэхнічнымі слоўнікамі, на лядоўні, на раялі – а Валік цягнуў сьледам падаўжальнік. Папіскваючы зь нецярпеньня, мы спрабавалі нашыя першыя рэцэпты: разагравалі ролтан, плавілі плястылін, пяклі на дубчыках абрыкосы й райскія яблычкі. Гэта быў наш маленькі камін!

Але тата ня браў удзел. Уткнуўшыся ілбом у шыбу, ён сумна глядзеў у цемру, марнаваўся – чакаў маму. Ён дужа кахаў маму, дужа безадказна! Тата казаў, што каханьне падобнае да арэляў – яно рэдка застаецца ў раўнавазе. Тата быў занадта цяжкім і засеў унізе, а мама ўзьляцела высока-высока ў халоднае паветра. Яна звычайна зьяўлялася дома ўдосьвітку, раскошная, напудраная, пагардна стомленая. Тата, які дагэтуль чакаў у куце вітальні, ускокваў з крэсла, падбягаў, цягнуўся вуснамі. Мама ніколі не прымала пацалунак, але ён тым ня менш штовечар апырскваў вусы й бараду духамі, з флякона з гумовай грушай-пульвэрызатарам. Але хопіць пра сумнае! Вось як мы паджартавалі аднойчы над татам: Толік і Колік вылілі ягоны «Comme de garçons» у фікус, а Валік насікаў у апусьцелы флякон. Увечары тата як заўсёды багата апшыкаў твар, і вакол яго павісла воблака даўкага паху мачы. Жоўтыя кропелькі на лінзах пэнснэ. Вядома, ён усё заўважыў. Але туга ўжо даўно зьела яго знутры – ён ня здолеў ані засмуціцца, ані раззлавацца. Вочы ягоныя як былі, так і засталіся – сумныя й вільготныя, як лістападаўскі вечар. Апусьціўшы рукі, мы стаялі й глядзелі, як ён атупела абцірае бараду рукавом. Толік заплакаў, а Колік абняў тату за нагу. «Татухна, татухна, матуля вось-вось прыйдзе, вось пабачыш!»