Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 0EC

Аповед Коліка. Пра Буду

Мой брат Колік апавядаў, што аднойчы зь ім у камэры сядзеў прафэсар-усходазнаўца, спэцыялісты па будызму. І аднаго разу, за цыгаркай, прафэсар расказаў Коліку, што на самой справе гісторыя Буды Гаўтамы трохі розьніцца з той, якую мы прызвычаіліся чуць у школе.

Што на самой справе ён нарадзіўся зусім ня ў царскай сям’і, а ў шавецкай майстэрні, пад варштатам. Што быў ён не прыгожы, а выродлівы, і не разумны, а дурны, як палена. Усе, хто бачыў Гаўтаму, адчувалі агіду й пагардліва клікалі яго Лярвёнак. Адзіны, хто цаніў яго, быў гаспадар майстэрні – бо Лярвёнак з самага маленства ўмеў хутка спорваць падэшвы са старых чаравікаў. Таму, калі да гаспадара прыйшлі браміны і прадказалі, што Лярвёнка нельга выпускаць з майстэрні, інакш ён не застанецца шаўцом, гаспадар загадаў яму ня сьмець падыходзіць да дзьвярэй. І прыгразіў малатком. Так прайшло гадоў пяць ці дзесяць, але аднойчы ў пятніцу гаспадар выпіў на шклянку болей за норму і цалкам страціў прытомнасьць – і Лярвёнак адважыўся ўзяць у яго ключы. І выйшаў агледзецца. Тое, што ён убачыў звонку, узрушыла яго! Спачатку яму сустрэлася дзяўчына, невыказна прыгожая, сапраўдная багіня. Яна размаўляла па тэлефоне і працокала міма, нават не заўважыўшы Лярвёнка. «Хто гэта?» – спытаў ён мінака. «Гэта дзяўчына, ідыёт! Але нават і ня мар, гэта ня для брудных голых прышчавых тупых лярвёнкаў, як ты», – засьмяяўся мінак. Лярвёнак сумна пайшоў па вуліцы далей і неўзабаве ўбачыў аўтамабіль, невыказна прыгожы, як калясьніца Феба. «Што гэта?» – спытаў ён другога мінака. «Гэта кабрыялет, дурань! Але нават і ня мар, табе трэба дзесяць жыцьцяў працаваць шаўцом, каб на яго назапасіць», – сплюнуў мінак. Лярвёнак сумна пайшоў па вуліцы далей і неўзабаве ўбачыў, як зь невыказна прыгожага аўтамабіля выходзіць хлопец, і невыказна прыгожыя дзяўчыны абступаюць яго, зазіраюць у вочы, цягнуць аркушыкі й імкнуцца пакратаць за рукаў. «Чаму?» – спытаў ён трэцяга мінака. «Гэта кінаактор, крэтын! Але нават і ня мар, гэта ня для бязродных выродлівых неданоскаў», – адрэзаў мінак. Будзь Лярвёнак разумнейшы, ён бы не паверыў шкодным мінакам. Але ён быў дурны і паверыў. І адвярнуўся. І сказаў: «Жыцьцё – гэта пакуты. Жаданьні – крыніца пакутаў. Каб пазбавіцца жаданьняў, трэба ачысьціць розум». І пайшоў прэч з горада, у лясы, практыкаваць васьмярковы шлях.