Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 0ED

Пра часткі цела

У юнацтве Хуліё больш за ўсё на сьвеце любіў жаночыя каленкі. Ён ахвотна й падоўгу расказваў нам, якія яны бываюць, якія асалоды ў сабе ўтойваюць і як дужа розьняцца з мужчынскімі. А як жа душа? – дражнілі мы яго, але ён адказваў, што душа само сабой вядома, і тым ня менш каленкі. Ішоў час, і з узростам ягоная цікавасьць усё ж крыху ўзвысілася: ён прызнаў, што жаночыя сьцёгны вышэйшыя за каленкі, і толькі яны вартыя палу. Гэтай любові яму хапіла на шмат гадоў, а потым ён нечакана для ўсіх падняўся яшчэ вышэй: да радасьцяў тазу й заду. Замацаваўшыся на гэтай вышыні, ён прабавіў там доўгія гады, у пяшчоце і заслужана-салодкай нячыннасьці. Але вышыня па-ранейшаму вабіла яго, і аднойчы Хуліё даказаў, што ён яшчэ ў форме: зьдзейсьніў дзёрзкі рывок да таліі. І потым, ледзь аддыхаўшыся – да грудзей! Мы назіралі, абмяркоўвалі, рабілі прагнозы і стаўкі – куды далей? Толік лічыў прамалінейна – шыя, а потым твар, валасы; я выступаў за бясьпечнае ссоўваньне ў бок – плечы й рукі; Колік пэўніў, што здарыцца нечуванае – Хуліё зрушыць пэрпэндыкулярна, зацьвердзіць трохвымернасьць прасторы й пакахае паветра. «Паветра?» «Паветра!»

Але Хуліё спыніўся на дасягнутым і больш аніколі не зьмяняў сваю любоў.