Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 0EB

Зь ліста Толіка. Пра пяшчоту

<...> і вымушаны быў узяць купэ, хоць я купэ не выношу – гэтую адвечную курыцу з пакета, гэтыя размовы, гэтае радыё, а пасьля бярушаў у мяне галава баліць. Так і аказалася: п’яненькі пабрыценькі ў кашулі ды інтэлігентная пара. Яны пачалі спачатку пра надвор’е, потым пра палітыку, і ўсё касіліся на мяне. Акасееце, думаў я ў адказ, гледзячы ў чорнае вакно. Пара расказала, што яны настаўнікі й едуць да сясьцёр, а п’яненькі быў пасьпяховым ***стым і ехаў па бізнэсовым справам. Ён трываў з усіх сілаў, але калі прынесьлі чай не стрываў і спытаў мяне: а вы хто? Але больш за ўсё на сьвеце я ненавіджу п’яненькіх пабрыценькіх ***стых, асабліва з карымі вочкамі, асабліва з пасьмешачкай, а больш за ўсё – у сьветлых кашулях у тонкую палоску. І я ўзяў ды ляпнуў не падумаўшы: я дару мужчынам ласку й пяшчоту... бо пяшчоты так нямнога ў нашых велізарных гарадах... а яны дораць мне падарункі. І нясьмела панурыўся, папунсавеў. І зноў імпэтна ўзьняў твар: але гэта ня тое, што вы падумалі, не-не, зусім ня тое! І зноў апусьціў. Павісла паўза. Настаўнікі, зрабіўшы выгляд і нібыта абыякава падняўшы бровы, зашамацелі цэляфанам, рассыпалі на сурвэтку соль і пачалі катаць вараныя яйкі. Пабрыценькая кашуля разьмешвала цукар. Мне здавалася, што я дапёк і параніў яго: увасабленьне заганы едзе зь ім у адным купэ й нават заняло ніжняе месца! Але дзе там. Калі я выйшаў у прыбіральню, ён дагнаў мяне ў калідоры і, нясьмела пракашляўшыся, стаў удакладняць наконт пяшчоты. Напусьціўшы на сябе пыхлівасьць, я сказаў, што прымаю толькі жэмчугі й амэтысты. У замяшаньні ён замоўк, і я праціснуўся бокам назад, пад абарону настаўнікаў. А потым, ужо ў цемры, калі настаўнікі заснулі, ён зьвесіўся са сваёй паліцы і правёў рукой па маім плячы. Ён напалохаў мяне! На шчасьце, у кішэні пінжака ў мяне быў дарожны швейны наборчык, я навобмацак дастаў іголку й лёгенька кальнуў ***стага ў далонь. Ён напужаўся: падскочыў і заскуголіў у сябе на палацях – пэўна, падумаў, што гэта шпрыц, і я заразіў яго сьнідам. А настаўняткі, аказваецца, усё бачылі, ня спалі – панічна блішчалі вачыма, як зацкаваныя грызуны <...>