Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 0EA

Пра самага лепшага пакупніка

Зрэдку, зь вялікай асьцярогай, мы прасілі расказаць казку Толікаву жонку, у мінулым філёляга, а цяпер бухгальтара. Яна працавала ў краме на рагу, ведала шмат чаго й ахвотна адгукалася на нашыя просьбы. І хоць яна засмучалася, што замест казак у яе кожны раз атрымоўваюцца жыцьцёвыя апавяданьні, нам было патрэбнае метавіта гэта – каб крыху прызямліцца.

– Жыў-быў на сьвеце адзін чалавек, ня добры й ня дрэнны, не таўсты й не худы, імуноляг па прафэсіі, і ўздумаў ён аднойчы зрабіцца самым лепшым пакупніком ў нашай краме. Па-мойму дык самы лепшы той, хто шмат грошай гаціць, але ён разважаў інакш: пастанавіў купіць і пакаштаваць усе прадукты без выключэньня. Ён пачаў ад уваходу і рухаўся ўглыб, купляючы ў дзень па два-тры прадукты – прыкладам, малако, лук і арахіс – і мэтадычна запісваў усё ў нататнік. На наступны дзень правяраў уважліва, ці не зьявіліся на пройдзеным шляху якія навінкі, і калі так, дык браў іх таксама. Даведаўшыся выпадкова пра гэтага чалавека, наш гаспадар усхваляваўся страшэнна – чалавек ён нэрвовы, містычны, і ўсякія гэткія штукі адчувае тонка. Ён сказаў, што як толькі перакаштуе імуноляг усе прадукты, здарыцца жудасная катастрофа, і нельга гэтага дапусьціць. Стаў гаспадар хітрыць: то новы плаўлены сырок у глыбіню малочных паліцаў падкіне, то шакалядны батончык пад зэфірам схавае, то гарэлачныя цэньнікі месцамі памяняе. Але імуноляг той быў біты воўк, ён усе гэтыя заначкі выяўляў улёт – і ўжо да канца гандлёвае залы, да самой касы ў татальным сваім каштаваньні набліжаўся. Выдумаў тады гаспадар новы выкрут, кажа касірцы: як папросіць ён кавы рашчыннай – не давай яму, скажы дзей шкодна. Так яна й зрабіла. Але імуноляг не прасьцяк быў: я, кажа, лепей за вас ведаю, што шкодна, а што не! Калі ласка кавы мне, а інакш я скардзіцца буду, ня маеце права! Прыйшлося прадаць, а куды дзявацца. Палічылі мы тады прадукты і запанікавалі: заўтра самы апошні дзень надыходзіць! Усё перакаштаваў нягоднік-імуноляг, акрамя мятных ледзянцоў! Заплакаў тады гаспадар, заплакала касірка, заплакаў грузчык, дый я таксама заплакала. І адважыліся мы на апошні сродак: павесілі на мятныя лядзяшы цэньнік 1.000.000 даляраў. І чакаем, і са страху трасемся, усю ноч напралёт дрыжым. Назаўтра, ледзь расквітнела, зьяўляецца імуноляг. Абышоў усю краму, з нататнікам зьлічыў, і да лядзяшоў накіраваўся, з ухмылкай злавеснай. Але як убачыў цэньнік – тварам зьмяніўся, ды як зараве! Ірвануў на сабе кашулю са злосьці, гузікі так і пырснулі. Вые, шыпіць, нагамі тупае, плюецца, ды толькі зрабіць нічога ня можа. Няма ў яго такіх грошай. Так і сышоў ні з чым. Кажуць, на нейкі гіпэрмаркет пераключыўся, дзе за ім ужо ніхто ня ўсочыць...

– Ваш гаспадар, значыцца, дурылка? – сьмяяліся мы. – Баламут?

– Ужо калі хто й дурылка, дык дакладна ня ён, – адказвала Толіткава жонка. – Бо катастрофа і сапраўды набліжалася: калі імуноляг пачаў папяросы ды жуйкі з касы купляць, зямля стала ўздрыгваць пад падлогай у глыбіні, ня вельмі, але пагрозьліва. І нейкі дзіўны шум, быццам далёкі-далёкі сьвіст!