Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 0E8

Пра баязьлівасьць

Аднойчы ў суботу, калі тата сядзеў у сонечным квадраце каля вакна, піў каву, курыў цыгару і быў відавочна задаволены жыцьцём, мы з брацікамі прыбеглі да яго і сказалі:

– Татухна, як ты можаш мець такі шчасьлівы выгляд, калі на сьвеце столькі зла й пакутаў? Гэта злачынны эгаізм! Гэта подласьць!

Тата пачырванеў, спахмурнеў, пагасіў цыгару наўпрост у каву й рашуча падняўся:

– Праўду кажаце, дзеці мае! Праўду кажаце! Пра кідаць падлець, надышоў час дзейнічаць!

– Так, татухна, дзейнічаць!

– Ну дык вось. Ты, Толік, ідзі знайдзі жабракоў, бяздомных і галодных, ды пабольш, і прывядзі іх сюды, няхай жывуць у нашай хаце. Падорыш ім сваю вопратку й цацкі, а сам ідзі ў дзіцячы дом. Вы, Валік і Колік, бяжыце ў паліклініку ды аддайце сябе на ворганы, выратуйце жыцьцё цяжка хворым. Ды глядзіце ня скнарнічайце! Ты, Хуліё, бяры матулю, вадзі па вуліцах ды прапаноўвай яе гаротнікам, што прагнуць жаночае пяшчоты, гарбунам, старэчам, вычварэнцам. І сябе прапаноўвай, не лянуйся. А мы з табой, Ролю, пойдзем на вайну, будзем змагацца за справядлівасьць! Вось табе вінтоўка ды кулі. Ты будзеш страляць за чырвоных, а я за белых, ці наадварот.

– А чаму ня разам, татухна?

– Бо па-свойму маюць рацыю і тыя, і другія, і ўсім патрэбная наша дапамога! Ну, што глядзіце? Людзі пакутуюць, гінуць, а мы вылежваемся! Наперад, сыны!

Але нам раптам зрабілася шкада ўсяго нашага, і мы заплакалі, і ўцяклі. Збаяліся. Слабакі. І з таго часу мы ніколі не перашкаджалі таце піць каву ды курыць цыгару.