Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 0E6

У пошуках

«Людзі, што вечна пакутуюць, не такія ўжо й дурні, якімі здаюцца на павярхоўны погляд. Хіба боль – ня лепшы спосаб адчуваць пульс і жар жыцьця?» Так разважаў я, спускаючыся па лесьвіцы.

На кожнай лесьвічнай пляцоўцы я зварочваў у калідорчык з кватэрамі і ў пошуках незамкнёных дзьвярэй націскаў усе ручкі адна за адной. Ня тое каб мяне пацягнула красьці, не, зусім не; я шукаў толькі шчырасьці й адкрытасьці. Мне здавалася, што вось, я зараз увайду, і мяне абнімуць, і назавуць братам, і будуць глядзець сур’ёзнымі сінімі поглядамі. І будзе ўрачыстая прысяга, кшталту клятвы на вернасьць айчыне, урачыстая да сьлёз на вачох.

Адкрытыя дзьверы трапіліся мне ці то на дзевятым, ці то на восьмым паверсе, але за імі мяне чакала нешта іншае: зэдлік з падушачкай на сядзеньні ды рэпрадукцыя Пэруджына з пакланеньнем вешчуноў. На рыпеньне завесаў з глыбіні кватэры адгукнуўся старэчы голас: «Унучак? Унучак?» Я ўявіў, як зараз будзе – зьдзіўленьне, тлумачэньне, бясконца доўгае знаёмства – і ціхенька прычыніў дзьверы. Не, гэта было ня тое, што я шукаў.

Чым ніжэй я спускаўся, тым больш траплялася мне незамкнёных дзьвярэй. За аднымі стаяў густы капусны пар, за другімі школьнікі вучыліся катацца на роліках, за трэцімі аголеная мокрая жанчына шлёпала з ваннай па забыты ручнік. Некаторыя дзьверы застылі прыадчыненыя, пахла смажанай рыбай, крэпкім адэкалёнам, коткі церліся бакамі аб вушакі, студэнты перапісвалі канспэкты. Я не разумеў, што шукаю, але мэтадычна марудзіў ля кожнага парога, дакранаючыся да карычневых і чорных абівак, да залацістых цьвічкоў, зьлічваючы нумары і шрыфты, параўноўваючы гузікі званкоў.

На першым паверсе ўсе дзьверы вагаліся ў разнасьцежанасьці, варушымыя парывістымі скразьнякамі. Я ішоў як у сьне, зазіраючы ў цёплыя праёмы, паглядаючы на пышныя футры на вешалках, на ваўняныя шалікі, на ўзорыстыя рукавіцы. Апошнія дзьверы, за рогам ля лесьвіцы, разьмяшчаліся бокам да мяне, і я ня мог бачыць, што ўнутры. Як у сьне, я набліжаўся, крок, другі, трэці, і вось мне адкрылася: нізкае крываногае крэсла, сьпіной да ўваходу, а ў ім – плечы ў белым гарнітуры, стрыжаная патыліца, валасы па сьпіралі вакол цэнтра. Белы Паляўнік! Я зьнямеў. Дзявочыя ногі былі відаць па-за крэслам, нафарбаваныя пальцы й калені ўпіраліся ў падлогу, рытмічна ўздрыгвала пасма. «Хто ж ставіць крэслы ў вітальні сьпіной?» – стукнула пустая думка. Узмаліўшыся, я адступіў на дыбачках, прадрабязіў па шэрай кафлі, рынуўся праз чатыры прыступкі ўверх, ратаваць пажытак.