Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 0E0

Пра анёла

Калі сьцямнела, мы сышлі з дарогі і спыніліся на схіле сухога пагорка, пад шатамі старадаўняга дуба. Жалуды. Хуліё зладзіў вогнішча, а я падзяліў пароўну фінікі ды ролтан. «Гэта называецца разьбіць бівак», – дасьведчана сказаў Хуліё. Мы сагналі смагу, спатолілі прагу, улягліся паўтульней ды глядзелі, як іскры ломанымі траекторыямі ляцяць у цёмнае паветра – і згасаюць. Хуліё прыкурыў жытан ад галінкі, адкашляўся і ўзяўся за вячэрнюю казку.

«Думаеш, Ролю, анёлам так ужо хораша жывецца? З аднаго боку безумоўна так, але зь іншага! Яны такія маленькія, Ролю, што ня могуць сядзець – правальваюцца скрозь малекулярную структуру табурэтаў і наогул прадметаў. І таму яны вымушаныя ўвесь час трымацца на ляту. Само сабой, пакрысе ў іх за крылцамі адрастаюць магутныя цягліцы, але пачаткоўцам ох як несалодка спачатку. Большасьць вядома вытрымліваюць... Ну дык вось, Ролю, быў у іх там адзін маладзенькі анёл, слабенькі, які паміраў проста – да таго цяжка яму было. Пакуль астатнія гімнасьпевамі займаліся ў этэрах прамяністых і шанаваньні Творцу ўзносілі, гэты маладзенькі ўсё ўніз глядзеў. Зайздросьціў ён зямным стварэньням са страшнай сілай! Устойлівасьць, глеба пад нагамі, упэўненасьць. Зразумела, чалавекам жадаць зрабіцца яму і ў галаву не прыходзіла – бо завельмі ўжо подлая ды брыдкая пачвара, ну і жывёлы ненашмат лепей – кроў, косткі, кішкі, брррр. Але вось да прыкладу каменем быць – сумнавата здавалася. Больш за ўсё яму кветкі падабаліся! Ты якія кветкі любіш, Ролю? Гербэры? Ну-ну. А вось яму абсалютна ўсё роўна было, якія кветкі – абы толькі крылцамі не махаць больш ніколі, ніколі. Думаў ён думаў, і вось што прыдумаў: трэба яму брудам абляпіцца, каб на семечка кветкавае зрабіцца падобным, у зямлю ўпасьці, дый вырасьці! Счакаў ён момант, калі Стваральнік адвярнуўся, склаў крылцы – і на сьметнік сьпікіраваў, у самую памыйніцу. Плюх у лужыну! Але ня ліпне бруд да эманацыі чыстага духу. Сьцяў тады зубы маладзенькі, запоўз нейкаму бамжу за пазуху – і напаўняўся там з тыдзень выпарэньнямі смуроднымі. Пацяжэў трохі, акруглявіўся. Потым на тыдзень у мех з тухлявымі цыбулямі. Потым у гнілыя рыбіныя вантробы, потым... Карацей кажучы, Ролю, пааблез з анёльчыка патроху ягоны глянец нябесны, і аброс ён такі тленам і брудам. Даляцеў з апошніх сілаў да лугу і ў матку сыру-зямлю ўпаў. Але вось крыўда: восень ужо настала. Прыйшлося яму яшчэ пад сьнегам цэлую зіму дрыжаць».

Пазяхаючы, Хуліё адвярнуўся і нацягнуў на галаву швэдар. Я крануў яго і спытаў, каб зрабіць прыемна: «Гэй... дык чым жа казка скончылася?» «Ну... вырас ён кветачкай увясну». «А якой кветачкай?» «Ну... рамонкам. Давай ужо спаць».