Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 0E1

Пра рамонак

Лясамі Мэсапатаміі, стэпамі Ўсурыі – за наступны дзень мы да таго стаміліся, што занядбалі магчымасьць дажджу і спыніліся нанач ля краю рамонкавага поля. «Рамонкавая гарбата павышае тонус і патэнцыйную энэргію. Заварым гарбаты, Ролю?» – ён ужо забыўся пра сваю ўчорашнюю казку. «Стой! Не чапай іх! Рамонкі – гэта небясьпечныя, сьмяротныя кветкі». Хуліё прысеў са страху. Рамонкі нядобра калыхаліся, барвовыя ў сьвятле вогнішча. «Так-так, Хулі! Вось паслухай, што я табе раскажу, раз ужо мая чарга: жыў-быў рамонак. Вырас ён на лужку ля сьметніка, на сонейку, прыгожы, высокі. Яму б жыцьцю радавацца, ды толькі ня мог ён – бо дрэнныя пахі заміналі. То тухлым гарбузом павее, то гнілымі яблыкамі, то скіслай капустай. А сысьці нельга нікуды. І наракаў рамонак – за што яму, харошаму, пакараньне гэткае крыўднае? Пачаў жывёлінам зайздросьціць, якія на лапах бегаць могуць і спаць, дзе ўздумаецца. Асабліва яму кацяня падабалася, што ў тутэйшага бамжа жыло – чорненькае, зь белымі вусамі ды блакітнымі вачыма. Гуляла з сухімі сьцяблінкамі, высочвала жукоў, вылізвала лапкі. І ўзмаліўся аднойчы рамонак з усіх сілаў: хачу, хачу кацянём быць! А расьліны – яны дваістую існасьць маюць: кветкі ў неба глядзяць, а карані падземным агнём сілкуюцца. Паляцела малітва і ўверх, і ўніз. Творца пачуў і толькі плячыма паціснуў – дурань. Затое д’ябла падступны – тут як тут! Кажа рамонку: хочаш з кацянём памяняцца? Хачу, хачу! Бліснуў вокам, пстрыкнуў пальцам – хоп! Трымай асалоду! І зьнік. Памяняў. Ды толькі падмануў трошкі – стаў рамонак не кацянём, а адразу дарослай пацёганай коткай. І зьведала яна, Хулі, ох зьведала... І ботамі была бітая, і з голаду памірала, і дзетак ейных два разы на год бомж тапіў, і хвост дзеці падпалілі, і... ня буду працягваць», – я змоўк, зглынаючы сьлязу. «Кепская гісторыя, Ролю. Ну а што рамонкавая гарбата? Чаму яе піць нельга?» «А таму што ў адным з рамонкаў – тое кацяня, Хулі, гвалтоўна зачараванае ды зьнерухомленае. Яно ўжо даўно там у тыгру лютую ператварылася. Кранеш – і адразу руку адгрызе».